ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Выраз прыйшоў ва ўсходнеславянскія мовы, на думку М. Міхельсона, або непасрэдна ад грэкаў, або праз французаў. Гэта не зусім дакладная калька (франц. coiffer de cornes — „надзяваць рогі“; тое самае і ў немцаў: H"orner aufsetzen). Ёсць некалькі меркаванняў адносна этымалагічнай асновы гэтага выразу. Немцы, напрыклад, лічаць, што ён звязаны з іх старажытным звычаем: калі муж ішоў ваяваць, жонка надзявала яму шлем са звярынай шкуры з рагамі, і гэта азначала, што жонка застаецца „на сваёй волі“.

Наступаць (наступіць) на горла (глотку) каму, чаму. Калька з ням. м. (J-m an die Kehle gehen; літаральна „на горла нахадзіць (наступаць)“). Прымушаць рабіць так, як хочацца, як выгадна каму-н. Калі нам удасца падвесці масы, як гаворыцца, да барыкад, тады мы зможам наступіць на горла фашызму, тады прадыктуем сваю волю… (П. Пестрак. Сустрэнемся на барыкадах).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. Параўн. падобныя выразы з такім самым дзеяслоўным кампанентам: наступаць на душу каму, наступаць на язык каму, наступаць сабе на язык, наступаць сабе на горла.

Наступаць (наступіць) на граблі. Запазыч. з руск. м. Рабіць непрадуманы крок з мажлівымі непрыемнымі наступствамі для таго, хто гэта робіць. Улады хутка зразумелі, што зноў наступілі на граблі, і праз 16 гадзін [арыштаванага] выпусцілі. Праўда, з умовай, што пасля з’езда ён усё ж адбудзе пакаранне (ЛіМ. 27.06.1997).

Крылаты выраз з байкі Л. Талстога „Вучоны сын“ (1872). Тут расказваецца, як бацька папрасіў сына, які прыехаў з горада ў вёску, узяць граблі і дапамагчы на сенажаці. „А сыну не хацелася працаваць, ён і кажа: „Я вучыўся навукам, a ўсе мужыцкія словы забыў, што такое граблі?““ Толькі ён пайшоў па падворку, наступіў на граблі, яны яго стукнулі ў лоб. Тады ён і ўспомніў, што такое граблі, хапіўся за лоб і кажа: „I што за дурань тут граблі кінуў!“

На схіле дзён (жыцця). Калька з франц. м. (sur le d'eclin de la vie). У глыбокай старасці. Вось i цяпер, ужо на схіле дзён, душу ўспамін кранае нечакана, калі раптоўна рве кароткі сон забыты голас мілай і каханай (А. Звонак. Праўдзе веку).

У аснове фразеалагізма — прыпадабненне чалавечага жыцця да пад’ёму і схілу, спуску.

На сцяну лезці. Агульны для ўсходнесл. м. Крайне ўзрушвацца, раздражняцца, злавацца. Іду гэта па Зарэччы, чую, у хаце адной аж на сцяну лезе народ, лямант, візг!.. Што гэта, пытаюся. Моляцца, кажа (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі).

Відаць, фразеалагізм узнік са свабоднага словазлучэння, якім характарызуюць дзеянні раз’юшаных, раздражнёных ці напалоханых жывёл. Напрыклад, y байцы К. Крапівы „Далікатныя Парасяты“: „Наставіўшы хібы і папусціўшы пену, на дзверы лезуць і на сцену“. Або ў апавяданні Ядвігіна Ш. „Чортава ласка“: „Раве скаціна, аж на сцяну лезе, a з хлява ані руш!“ Меркаванне (Э. Вартаньян і інш.), быццам прататып фразеалагізма — словазлучэнне, звязанае са штурмам крапасных сцен, наўрад ці пераканальнае, бо цяжка адчуць хоць якую-небудзь сувязь паміж значэннямі свабоднага і фразеалагічнага словазлучэнняў.

На ты быць. Агульны амаль для ўсіх славянскіх м. Ужыв. са значэннямі ‘у сяброўскіх, блізкіх адносінах’ і ‘з вельмі добрым разуменнем чаго-н.’. Мы з ім былі на ты, аднак ён быў на дваццаць гадоў з гакам старэйшы (Я. Брыль. Ніжнія Байдуны). Усё жыццё гэтага чалавека праходзіла сярод лічбаў, ён з імі быў як кажуць, на ты (М. Даніленка. Восеньскі букет).

Узнік як супрацьлеглае ўтварэнне на аснове фразеалагізма на вы — калькі з франц. м. (гл.).

На ўвесь мах. Агульны для бел. і руск. (во весь мах) м. Як мага, вельмі хутка. I Міхліны дні ўзварушаны былі жыццём ды разгушканы на ўвесь мах (С. Баранавых. Новая дарога).

Ёсць меркаванні, што выток фразеалагізма ідзе з падабенства з’яў: y ім „намёк на млынавое крыло — „мах“, на вятрак, пушчаны на ўвесь мах“ (М.І.Міхельсон), „слова мах — гэта адзін абарот млынавога кола“ (М. М. Шанскі).

На ўзвей (на ўзві) вецер. Уласна бел. Дарэмна, упустую, безвынікова (рабіць што-н.). Была і ў гміне, і ў павеце, y розных следчых і паноў і абхадзіла на ўзві вецер нямала панскіх устаноў (Я. Колас. Рыбакова хата).

Склаўся ў выніку аб’яднання двух фразеалагізмаў y адзін: на вецер гаварыць + узвейвецер. Кантамінаваны выраз захаваў значэнне фразеалагізма на вецер, але пашырыў свае спалучальныя магчымасці, стаў ужывацца не толькі з дзеясловам гаварыць, a і з іншымі (ісці, абяцаць і г. д.): „Пакуль нашы чаравікі не купілі, пакуль y іх не ходзяць на работу, y кіно, на танцы, значыць, мы працуем, як у народзе кажуць, на ўзвей вецер“ (Л. Левановіч).

На ўзводзе. Запазыч. з руск. м. (на взводе). Ужыв. са значэннямі: 1) y стане ап’янення, 2) y стане ўзбуджэння, раздражнення. Ты сёння, старшыня, на ўзводзе, падпіўшы (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся). Вярнуўся [муж] і ўбачыў што Ніна на ўзводзе, — моўча сядзела на канапе і вязала світэр (В.Гігевіч. Асенні вечар).

Лічаць, што сучасны варыянт фразеалагізма — вынік скарачэння ранейшых выразаў на першым (другім, трэцім) узводзе, якія адрозніваліся паміж сабой ступенню пэўнай ацэнкі чалавека. Склаўся па асацыяцыі з узвядзеннем ружэйнага курка для гатоўнасці выстраліць. Паводле М.І.Міхельсона, на трэцім узводзе значыла ‘вельмі п’яны’, „больш за магчымае, бо курок ружжа, на які тут намякаецца, мае толькі два ўзводы“. 2-е значэнне развілося на аснове 1-га, y якім актуалізацыю атрымала сема ўзбуджанасці. Параўн. ужыванне фразеалагізма з агаленнем яго зыходнай вобразнасці: „Неаднойчы пераконваўся, што лепш за ўсё мне працуецца на ўзводзе, калі палец увесь час на спускавым курку, націснеш — і стрэліць! Ты нават не ведаеш, куды: y сябе самога, y сябра ці ворага…“ (А. Кудласевіч).

На ўлонне прыроды. Гл. на лона (на ўлонне) прыроды.

На ўлонні прыроды. Гл. на лоне (на ўлонні) прыроды.

На ўсе застаўкі. Агульны для бел. і ўкр. (на всі заставки) м. Фразеалагізм у залежнасці ад таго, з якімі дзеясловамі ён спалучаецца, рэалізуе розныя значэнні: 1) спаўна, як толькі можна (рабіць што-н.): газаваць на ўсе застаўкі (А. Макарэвіч); 2) вельмі гучна, голасна (храпці, захрапці): храпуць на ўсе застаўкі (А. Савіцкі); 3) вельмі хутка, імкліва (бегчы і пад.): пёр на ўсе застаўкі (З. Бядуля); 4) вельмі моцна, празмерна (хваліць і пад.): на ўсе застаўкі расхвальваў (В. Дайліда); 5) шырока, прыветліва (смяяцца і пад.): на ўсе застаўкі ўсміхнуўся (Я. Брыль).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, дзе застаўкі — ‘шчыты для затрымання вады, якая падае на кола вадзянога млына’. Зыходнае значэнне — ‘спаўна, як толькі можна’.

На ўсе коркі. Запазыч. з руск. м. Mae значэнне ‘вельмі моцна’. Калі вам часамі закідаюць вуду (хто? глядзіце самі, я казаць не буду), хваляць на ўсе коркі, хоць жадаюць смерці, — гэта зноў жа толькі фіга на талерцы (К. Крапіва. Фіга на талерцы).

Поделиться с друзьями: