ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

На думку А. М. Бабкіна, выраз паходзіць з мовы пекараў і ўжываўся спачатку ў поўнай форме распекать на обе (на все) корки (дзе корка адпавядае беларускаму скарынка), a пасля расшчапіўся на дзве часткі: дзеяслоў распякаць з тым жа значэннем, што і поўная фразеалагічная адзінка, — ‘вельмі моцна прабіраць, выгаворваць з дакорам’, і самастойны выраз на ўсе коркі — ‘вельмі моцна’. Апошняе найчасцей спалучаецца з дзеясловамі са значэннем ‘бічаваць словамі’.

На ўсе лапаткі. Гл. ва (на) усе лапаткі.

На ўсе сто. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) y поўнай меры, як і трэба (рабіць што-н.), 2) вельмі добра, цудоўна (жыць, рабіць што-н.), 3) вельмі добры, цудоўны. Юркаў гэтым перакананы на ўсе сто (І.Сяркоў. Мы — хлопцы жывучыя). Што і казаць, жылі на ўсе сто, на поўную маліну… (М. Лынькоў. На вялікай хвалі). Конь, як кажуць, на ўсе сто (В. Адамчык. Год нулявы).

Гэта скарочаны варыянт фразеалагізма на ўсе сто працэнтаў, які ўзнік са свабоднага словазлучэння ў выніку развіцця ў ім пераноснага значэння.

На ўсе чатыры <бакі, стараны> ісці (пайсці), адпускаць (адпусціць) і пад. Недакладная калька з франц. м. (aller par quatre chemins, літаральна „ісці па чатырох дарогах“). У любое месца, абы-куды, куды захочацца. Ці ты скажаш, ці не? Вырашай! Нашто цяганіна? Мы пусцім цябе на ўсе чатыры бакі (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца).

Паводле М.І.Міхельсона, выраз засноўваецца на даўнейшым звычаі франкаў пры вызваленні раба ставіць яго на скрыжаванні, што вядзе ў розныя чатыры бакі, і гаварыць: „Няхай будзе свабодны і ідзе куды хоча“.

На ўсіх парах ляцець, імчацца і пад. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. на всех парах, укр, на всіх парах). Вельмі хутка, з вялікай скорасцю. Пад вечар, пазычыўшы ў суседа веласіпед, Мікола Гаўрылавіч злётаў на ўсіх парах да свайго слупа (Г. Марчук. Аб’ява на слупе).

Утвораны па мадэлі з ужо існуючым, сэнсава тоесным выразам на ўсіх парусах (гл.). Калі парусныя судны былі выцеснены параходамі, назоўнікавы кампанент парусах быў заменены іншым, больш лагічным для пэўнага часу.

На ўсіх парусах ляцець, імчацца і пад. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі хутка, з вялікай скорасцю. [Чухрай: ] Таеарыш Міхайлаў! Тут дa вас дамачка на ўсіх парусахДапусціць? (П. Васілеўскі. Год дзевяцьсот семнаццаты).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжывалася ў маўленні маракоў. Калі на парусным судне падымалі ўсе парусы, то яно ішло з максімальнай для яго хуткасцю.

На ўсю жалезку. Агульны для ўсходнесл. м. Выкарыстоўваючы ўсе рэзервы магутнасці, скорасці і пад. (імчацца, газаваць і інш.). Данік [матацыкліст], як ён казаў, націскаў на ўсю жалезку, каб не бурчала старая ведзьма Агата, калі яны трохі прыпозняцца (М. Даніленка. Журлівіца).

Паходзіць з маўлення шафёраў, дзе жалезкай нярэдка называюць педаль акселератара, якой рэгулююць паступленне гаручай сумесі ў цыліндры рухавіка і тым самым колькасць яго абаротаў.

На ўсю іванаўскую. Паўкалька з руск. м. (во всю ивановскую). Ужыв. са значэннямі ‘вельмі гучна, голасна (крычаць, храпці і пад.)’ і ‘у поўную меру (рабіць што-н.)’. Аляксей Сафронавіч.. паклікаў Колю. Шапнуў яму: — Ідзі, зрабі так, каб матор роў на ўсю іванаўскую (І.Шамякін. Трывожнае шчасце). У хаце на ўсю іванаўскую круціўся вальс. Каманду падаваў кучаравы, геройскі з выгляду сяржант (Р. Няхай. Сарочы лес).

Узнікненне фразеалагізма традыцыйна звязваюць з назвай Іванаўскай плошчы ў Маскоўскім Крамлі, на якой y XVI ст. і пазней дзякі вельмі гучна, каб усе чулі, аб’яўлялі царскія ўказы. Паводле ж В. М. Макіенкі, фразеалагізм утварыўся на аснове выразу больш поўнай формы во всю ивановскую мощь шляхам субстантывацыі прыметніка і ўсячэння назоўніка. Кампанент іванаўскі першапачаткова адносіўся не да Іванаўскай плошчы, a да Івана — героя шматлікіх народных казак.

На ўсю катушку. Гл. на поўную (усю) катушку.

На хвост (на хвасце) станавіцца. Уласна бел. Пагрозліва, варожа ставіцца да каго-н. Ціток таксама як не закрычаў на Зазыбу: „Ды не трэба таго сходу!..“ Астатнія мужыкі… зарагаталі—тады навошта было дарэмна на хвост станавіцца! (І.Чыгрынаў. Плач перапёлкі).

Узнікненне фразеалагізма — вынік пераносу дзеянняў, стану гадзюкі на чалавека. Як піша Ф. Янкоўскі, „гадзюка мае здольнасць падымацца і кідацца на чалавека, на любую жывую істоту“. Перад тым як нанесці імгненны ўкол ядавітымі зубамі, гадзюка рэзкім і дужым рухам становіцца на хвост, г. зн. падымае пярэднюю частку мускулістага цела.

Ha цугундар браць (узяць) каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. брать на цугундер, укр. братн на цугундер). Караць, прыцягваць да адказнасці. У анкеце ўжо не напішаш, што ў палоне і акружэнні не быў. Цяпер чортаў знак. Ды яшчэ асобы аддзел на цугундар возьме (В. Быкаў. Здрада).

Слова цугундар, неўжывальнае па-за фразеалагізмам, узнікла, паводле М.І.Міхельсона, шляхам зрашчэння двух ням. слоў: zu + hundert (к + сотня), успрынятых ад немцаў як частка каманды-загаду даць камусьці сто ўдараў (палак, розгаў, шпіцрутэнаў). Этымалагічная невыразнасць, нематываванасць гэтага слова часам спараджае яго іншае напісанне: цугундры, цыгундзер, цыгундар.

На цырлах. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘дрыжаць перад кім-н., без адгаворак падпарадкоўваючыся ва ўсім’ і ‘усяляк дагаджаючы каму-н. (бегаць вакол каго-н.)’. Усе, нават афіцэры, перад ім, як кажа старая Пабетынчыха, на цырлах (В. Супрунчук. Калыханка ддя Ясіка). Бач, пан які знайшоўся, бегай вакол яго на цырлах! (С. Законнікаў. Ліёнскі тыдзень).

Паходзіць з турэмна-лагернага жаргону, дзе назоўнікавы кампанент застыў толькі ў адной форме (параўн.: на дыбачках, на кукішках, на цыпачках).

Поделиться с друзьями: