Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Евангелле ад Мамы

Барадулін Рыгор

Шрифт:

Шкляр

Узрост, як шкляр, Стараецца хутчэй Прыцьмела-затуманенай слюдою Зашкліць усё прынадна маладое, Адгарадзіць ад рук і ад вачэй. Глядзіш на маладух, як на ваду Вандроўнік, Што прагнаць не хоча смагу. Жывеш, Як у празрыстым саргафагу, І хлусіш старасці: іду… іду…

Дыханне

Здаецца, Рака сабе вены ўскрые. Рыбацкае шчасце Давязвае сетку. Спакойна Зношаныя старыя Пра смерць гавораць, Як пра суседку…

Спрыяюць

Пашаны срэбра, няўвагі медзь І дамавіны адкрытасць Спрыяюць бядзе зразумець Няшчадную літасць.

* * * Гэты звон…

Гэты звон, Як дабравесце вязню, — Звон ключоў, Што адмыкаюць волю. І ланцуг бліскучы Долу бразне. І прамень сагрэе Змрок пад столлю. Звон ключоў На гэтым свеце дзённым І на тым, Дзе час цячэ начамі. Брама ў рай Сустрэне цёмным звонам — Зазвініць Святы Пятро ключамі…

* * * І раптам хлопец малады…

І раптам хлопец малады З абліччам Міхася Стральцова, Расчырванелы ад хады, Узнікне, Быццам выпадкова. І пацяплеюць халады. Замлеюць каташкі марцова. Дамы заселяць гарады, Як д'aмы Міхася Стральцова. Праступяць праз траву сляды. Ад снегу абтрасецца слова. Пайду да Міхася Стральцова На шклянку думкі. Як тады…

* * * Калі дайсці да рысы…

Калі дайсці да рысы, За якой Сябе самога ўжо не будзе шкода, Душу насмеліцца прыняць спакой, І незямной лагоды ахалода Астудзіць пал, Як на гасцінцы пыл, Дзе дні твае ішлі, Падняўшы крыссе. І прыцемна ўсміхнецца небасхіл, Аб стому баючыся апячыся…

* * * Прашчуры стараліся…

Прашчуры стараліся, Каб прашча Камень гневу кінула далей. Продкі ў попрадкі хадзілі Нашча, Пралі нітку лёсу Ды алей Ціснулі на пост Ды на лампадкі, Каб цяплела На душы ў багоў. Моцна Перавязваліся спадкі Ніткай лёсу, Доўгай ад даўгоў. А каму й за што З нас кожны вінны, Дню — за тлум Ці за спакой — начы? Не дадуць адказ, Хоць закрычы, Вусны сціснутыя дамавіны…

* * * Да суму трэба дарасці…

Да суму трэба дарасці, Каб зразумець і тых, Якія Аднойчы ўжо дайшлі ў жыцці Да радасці на помах кія. Ды быць любімцамі ў яе Ім не дазволіў сум раўніва. Ім толькі радасці стае Сніць неўгароджанае сніва. Вір задыхаецца гусці, У глыбакосці глухне яма. Да суму трэба дарасці, Як і да сораму, Таксама…

* * * Дзякуй Госпаду за дазвол…

Дзякуй Госпаду за дазвол Папрысутнічаць на бяседзе, Дзе на ўсіх засцілаўся стол, Дзе прыткнуўся я Збоку недзе. Дзякуй Госпаду за дазвол Слова мовіць на той бяседзе, Дзе стагнаў ад рогату стол, Сум яшчэ не прасіўся ў суседзі. Дзякуй Госпаду за дазвол Затрымацца на той бяседзе, Дзе трымаўся, Як плот за кол, Змрок за зорку ў капытным следзе. Час усё скапыціў наўкол. Свет цямнець навучыўся ў медзі. І прыходзіць канец бяседзе. Дзякуй Госпаду за дазвол!
Поделиться с друзьями: