Увечарэлы змрок плыве, плыве,Лагчыны засцілае белым дымам.Сумёт не чуе,Як на галавеАд сцюжы быльняжынкі сталі дыбам…
На змярканні
Міколу Плавінскаму
Збіваючы босыя ногіАб каменьчыкі, аб валуны,Падаткнуць не паспеўшыПадол гарачы,Віцьба бяжыцьПрасіць ратунку ў ДзвіныВысахлай, спрацаванай прачкай.Гадзіннік глынае гадзінуЯшчэ адну.І ратуша слухае,Як гук у каменных грудзях сціхае.Успенская горкаТрымае будыніну, як труну,І ёй спачувае восеньЯшчэ не глухая.Дзвіна хоча ў Рыгу з’явіццаУ тумановых шаўках.У бурштыновых каралях БалтыкаЗ крывічанкай мусіць лічыцца.І сучка віцебскаяЗ жыватом у жывых сучкахВачыма шукае костку.Пастава рымскай ваўчыцы.
Выкні!
Хмарыцца цёмнааблока.Выкні, мой настрою.Песні маміны далёка —За гарою сырою.Затрымацца не хацелі,Як на рэчцы хвалі,Леты маміны зляцелі —Вырай даганялі.Песні спеты,Зжаты леты —Не вернуцца з прочак.Усе цветы пустацветы,Адзін васілёчак…
Урэшце
Стаміцца ў варажбе,З самім сабой застацца,Прывыкнуць да сябе —Капрызнае мастацтва,Каб чуць,Як час звініць,Як моц бярэ знямога.Ва ўсім вініцьСябе самога.
* * * Адчуваю, сочыць за мною…
Адчуваю, сочыць за мною…Адчуваю, пагляд гарыць…Адчуваю, дыхае за спіною…Аж часам загаварыцьХочацца з Ёю…Ды трымаюся, хоць чакаю…Бо яшчэ не знікаю…
* * * Гэтулькі часу на гэтай зямлі…
Гэтулькі часу на гэтай зямліНас і трывае Адзіны,Колькі спатрэбіцца нам,Каб магліНашы грахі й правіныПерад матулямі выкупіць,ДыІ неўміручасці мала,Каб пакаяння нямыя пудыШаля спагады ўтрымала.Шчодра нам плоціцца:Злосцю за злосцьІ за пакуту — пакутай,Покуль ліхвярна душуЯгамосцьВозьме даўжніцай разутай.І даганяе матулю душа,Грэх несучы за сабою.Там жа, напэўна,Такая шаша —Што ні слядоў, ні выбояў…
* * * Хай слёзы ці бобам, ці градам…
Хай слёзы ці бобам, ці градам —Каза твае долі някозная.Ужо ты за тым даляглядам,Адкуль азірнуцца позна.І як ні круціся, нябога,Назад не павернеш нічога.Уперад глядзі,Дзе блізкаюДуша твая ўздрыгвае пліскаю.
* * * Мы сваёю здаволімся пашаю
Мы сваёю здаволімся пашаю,Лепшай так за свой векІ не ўбачылі.Дзеці — роспач дарослая нашая,Унукі — спадзяванні дзіцячыя.
* * * Куртаты ўнуччын…
Куртаты ўнуччынІ мой цыбатыБез слоў два ценіВядуць дэбаты.Два цені моўчкіВядуць размовы,Унуччын ранішні,Мой вечаровы.Трава прыціхлаЎ хатраспляценні.Лятуць два цені,Як летуценні.Бяжыць ДамініччынЗа матылькамі,А мой ніцее,А мой знікае.
* * * Душа глядзіць, як цела адмірае…
Душа глядзіць, як цела адмірае,Надзённая, відушчая янаГлядзіць з таго нябачнага акна,Адкуль відаць ёйХата з краю раю.А ведае, паспеецца яшчэУ хату новую перасяліцца.Цячэ жывіца,Сыплецца ігліца,Пакуль на подруб сосныЧас сячэ.
Каляды
Цераз пушчы, цераз гаці,Цераз лядыАбагрэцца куццёю ў хацеІшлі Каляды.Сена грэлася пад абрусамі.Свечкі грамнічныя не гаслі.Коні загадвалі гаспадару саміМурагом не абносіць яслі.Не елі й не піліСтарыя дзяды,Пільнавалі, каліНародзіцца зорка КаляднаяІ маладзік маладыНа адлігу ці на халадыЗасвеціць каля яе,Каля аднае.І мароз хоць раз у жыцціЗапрашалі паспытаць куцці:— Будзь, мароз, пры сіле,Толькі нас не ўшчыкні,Не ўкалупні.І ты, васілёк, не бойся,Нябёсся ў жыце! —Жадалі.І яшчэ прасілі:— А вы, вераб’і,Нашых не малаціце,ЛяціцеНа Дзямідавы калапні!А каля рэчкіКаля ДоўжыцыАд спрэчкі прэчкіІшлі калядоўшчыкі,Калядавалі,Дзякавалі,Калі давалі.ІшліЗ торбамі й мяхамі.КашаліЗдорам ім махаліЧасам,Не ўпікаліКалядоўшчыкаўКавалкам ласым.Запрашаюцца КалядыЗа сталыКрывічанкамі й крывічамі.З ласкаюІ малы й сталыПрывячаеСвята наскае,Крывіцкае.А над яслямі кароваЗ ціхімі вачаміДыхае сабеЦёплымі пыцкамі,А ў каровы зорачка ў ілбе.
Сухары надзеі
Па летах пазнаеш палетак,Па восені посіні подых.Вятры па загонах палеглых,Тугу па струхнелых калодах.Трымаючы боханаў поўні,Не грэбуй, багач, сухарамі.Вясною заўважаны,Помні —Зіма твая не за гарамі.Зіму сустракай праснакамі,Вясну сухарамі надзеі.Каб цёпла з зайцамі завеіАпошнія дні прыскакалі.
* * * Ці ўчула свой закот чало…
Ці ўчула свой закот чало,Ці ўжо сябе стаміла праца,Мяне цікавіць пачало,Якія сны ў магілах сняцца.Перанасельнікі магілаўПа колькі бачаць небасхілаў?
* * * Сам ад сябе з дакукі лямантую…
Сам ад сябе з дакукі лямантую.Я знелюбеў табе,Мая душа.Цябе я абганяў, як бульбу тую,Сахой тугіІ клаў на дно каша,Каша, што сплеценыЗ лазы намераўІсці ў няволю, волю даць табе.Я гэтулькі дарог сабе намераў,А ты цяляткамі з зоркаю ў ілбеІрвешся з вытаптанай тлумам пашыНа іншыя, густыя мурагі,Дзе ўжо цябе чакаюць берагі,Да цёмных водаўШчокамі прыпаўшы.
Высока
Ные высока самалёт,Як зуб сцямнелага неба.Ноч захварэлаЗабытай хваробай —Паветранай трывогаю.Небу да шчакі прыкласціГрэнландыю трэба.А як чалавекБаліць Богу?
Там і тут
Жыццё маўкліва загоніць у вугалПерад тым,Як пакласці на кут.Жывое дрэва счэрніць на вугальХалодны агонь пакут.І як ні старайся ўкусіцьСвой локаць,Ты мусіш палохаццаТут,Што мала надзеіТамСесці на покуць,Тут болей гарантыіЛегчы на кут.
* * * Бальшыня сваякоў і сяброў…
Бальшыня сваякоў і сяброўПерасялілася ў царства ценяў,І з кожным годам часцейСустракацца даводзіцца з імі,Гутарыць, смуткаваць, радавацца,Як і ў гэтым жыцці калісьці,У снах,Што маюць трывалую памяць.Гэта прыходзяць нагадаць пра сябеСамота,СтарасцьІ настойлівы напамін адтуль.
Не дужа!
Не дужа, манашка-каплічка,Чарнейся ў вячэрняй траве.Па-ранішняму крынічкаЗвініць —Ёй імя Дамінічка.У хаце крынічка жыве.Не рупся, няпоўная брычка,Каціцца па мулкай жарстве.Майго развітання крынічкаЗвініць —Ёй імя Дамінічка.У сэрцы крынічка жыве!
* * * Як лугавіну каса ні жане…
Як лугавіну каса ні жане,Хоча адскочыць атавіца.Ціхну, старэю —І да мянеМаміны словы вяртаюцца.То вытыркаюцца з-за каптура,То датыкаюцца пысамі,То да цыбулінага пяраЦягнуцца —Земскія пісары.Быццам адчулі,Што без мянеІм заставацца сіротамі,Стыць і гарэцьУ сваёй старанеРазам з чужымі чародамі.Дзелімся мы й навіной і віной,Тужым з вушацкімі доламі.Я не знікаю,Бо нада мнойМаміны словы — анёламі.