Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Евангелле ад Мамы

Барадулін Рыгор

Шрифт:

Жыві!

Смех давіцца журбою, Зайздросціць шчасцю гора. Жыві самім сабою, Ты сам сабе апора. З табой твае трывогі, Куды б цябе ні ўпекла. Адны і тыя ж ногі Вядуць у рай, і ў пекла. Бяжыць і пралятае І чарада, і зграя. Рука адна і тая І лашчыць, і карае. Здадуцца зоркі ўночы, Што ў цёмнай місе груца. Адны і тыя ж вочы І плачуць, і смяюцца…

* * * Я — пасівелы бацька дзён маіх…

Я — пасівелы бацька дзён маіх, Дзён маладых, Што ў свеце разбрыліся. Чакаю іх, Гукаю марна іх — Мне не сабраць усіх Пры поўнай місе. Ні весткі з невядомай стараны, Дзе будуць дні мае старэць паволі. На бацьку забываюцца сыны, Як быццам не было яго ніколі. З душы не вгнаць, Што сплыло з вачэй. Былая баравіна ные пнямі. Трасуся над сваімі, як кашчэй, Асатнімі распешчанымі днямі.

* * * І пакуль мы старэем, датуль і жывём…

І пакуль мы старэем, датуль і жывём. Харахорымся, пнёмся, А старасць чакае. П’ём маркоту нагбом, Б’ёмся ў радасць ілбом. Дарагое пітво, Чара ўкоптур цяжкая. Мы залежым усе, як агонь, ад красы, Ад надзеі, нагоды або ад нагодкі. Нас убачыўшы, Ціха старэць лясы. Не старэюць нябожчыкі, Як аднагодкі.

Шкада

І зробіцца сябе шкада, Ссівелага каня старога, Калі адчуеш, Як сторога Падступіць да цябе бяда. І кожны рог са ста рагоў Яшчэ цябе не працінае, А ўжо лагода незямная Дыхнула на тваіх багоў. І на цябе дыхнуў той пах, Якім наскрозь прапахнуць мусіш. Не скажаш праўду Дый не схлусіш, Зямлю адчуўшы на губах.

Паклон

Паклон кужэльнаму сувою — Бярог і ў сквар, і ў маразы. Іголцы з ніткай суравою Хвала. Я іх за абразы Паклаў бы, Бо на гэтым свеце Нас атулялі І на той Не выпускалі галатой Ад’ехаць у глухой карэце. Пазначыў рупны рух іголкі Хмурыну кужалю ў крыжы, Каб блаславілі шлях анёлкі Аж да апошняе мяжы.

Яно

Яно пачаткам маім было. І першым слова мяне сустрэла. Я рос і старэў, А яно не старэла, Было высокім яго чало. Я траціў і набываў сяброў, Былі са мною мае анёлы. Але зрабіўся як вецер голы, Знізеў з вадой забытлівай роў, Дзе я намацваў на броды дно. І зразумеў, Што адно магчыма — Са словамі ціха сустрэцца вачыма, Чакаць, Што на ростань мне скажа яно.

Тры цені

У лёгкім змроку, як у сне, Іду з гарачым цемем. Два цені ўперадзе мяне. І сам я трэцім ценем. Як ад забытых хутароў, Ад ліхтароў трымценне. Маё За трох павадыроў Трымаецца знікненне…

Думаецца

Думаецца, што й ваўку сярмяжка Знелюбела ў шэрым жыцці. Выйсці з сябе не цяжка, Цяжка ў сябе ўвайсці, Каб потым сярод лам’я Сваё распазнаць імя…

* * * З адной і той жа прыгнечанай гліны…

З адной і той жа прыгнечанай гліны Маўкліва сціснутыя цагліны Узносяць бажніцу, Трымаюць турму. І не цагліны таму віною, Што спеў і праклёны За іхняй спіною. Не ў іх пытацца трэба — Чаму?

Пазыка

Час пазыку вяртае Са скідкай на страх, А каму аддае, Сам пра гэта не ведае. Залатою манеткай Хадзіла жыццё па руках, І манетка рабілася Медная.

Багіня

А мама багіняй была. Куліна — Багіня кухні. Устаючы да святла, Багоўнічала ля катла, Каб з голаду мы не пухлі. Мы — гэта я, певень, кот, Карова, парсюк ды казкі. Вітаючы сонца ўсход, Мы дбалі пра свой жывот, Чакалі ад мамы папаскі. На кут дакульгваў услон, У сенцах мерзлі кадушкі. Булён быў слязьмі бялён. На жар клаў далоні клён. Грэў жарт ад пяра жар-птушкі. Працавітая, што вада, Не ведала мама ні ўседу, ні ўлогу. Хоць першы паспытак рабіла бяда, Да ўшацкай багіні кухні яда, Я веру, прыйшлася б да смаку Богу.

* * * І пасыплецца клопат…

І пасыплецца клопат, Нібыта з сяўні, І наважыцца лёс У айчымы йсці. І затужыш на старасць гадоў Па сям’і Патрыярхальнай да немагчымасці. …Каб, як прысвятак ладзіць, Садзіцца за стол, Мёд адкройваць Спякотнай лядзінаю. Каб галінаю кожнай Трымацца за ствол Радаводнага дрэва — радзінаю. …Каб пачуць, як павук Сабе лапці пляце, Як прабабка-ўніятка моліцца. Каб Гасподзь у душы, Абразы на куце. Хоць на момант Забыцца на могліцы…

* * * Вечаровыя пацеры…

Вечаровыя пацеры — Гэта з небам размова. Як на ранішнім шпацыры Пачуваецца слова. Шпацыр той за аблокамі, Дзе ні тлуму, ні пылу, Дзе сваё адгалёкалі Крыўды — Да небасхілу. Адхінуўшыся скрухаю, Сніць душа маладая: Зорнаю пацярухаю Марнасць дзён ападае…

* * * А я, пасівелы дзядоўнік…

А я, пасівелы дзядоўнік, Стаю пры апошняй вярсце. Яшчэ на зямлі я назоўнік, А мне ўжо займеннік расце…
Поделиться с друзьями: