Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гандлярка і паэт

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Не, я не засну.

— Пакалышаш Свету. А то вунь дзе заснула, — і пайшла да дачкі.

Рэшту таго дня, увесь доўгі асенні вечар і ўначы Вольга думала пра верш, нават сасніла нешта такое, што ніколі раней не з’яўлялася ў сне: светлыя харомы, палац ці храм, мносгва людзей, усе трымалі такія ж кнігі, як малітоўнікі, і ўсе шапталі прыгожыя словы, адна яна без кнігі, пакрыўджаная нейкім невядомым, хто раздаваў кнігі, не даў ёй, пакутавала ад крыўды, прагна лавіла знаёмыя словы, але — новая пакута! — не магла паўтарыць іх, бо не запамінала ніводнага, а ёй так хацелася паўтараць гэтыя словы. Хадзіла сярод людзей з кнігамі і шукала Яго, бо ведала: калі знойдзе, то адразу ўспомніць усе словы, без якіх ёй немагчыма далей жыць; на момант Ён з’яўляўся сярод людзей, але тут жа знікаў, не хаваўся, а як бы раставаў ці закрываўся белым туманам. А потым яе схапіў у абдымкі паліцэйскі Друцька і пачаў дамагацца саромнага, перад людзьмі пагражаў, што калі яна не ляжа з ім, то ён данясе немцам, каго яна хавае ў сябе, і іх абаіх павесяць на Камароўскім рынку.

Прачнулася, аблітая халодным потам. Моцна калацілася сэрца. Але ўспомніла, што сніла, і павесялела, паказала Друцьку дулю, раптам упэўніўшыся, што цяпер любыя дамаганні ўсіх друцькаў будуць марныя, не, не толькі таму, што ў доме жыве ён, але і таму, што ў самое яе з’явілася новая, невядомая дагэтуль сіла.

Раніцой, калі Алесь яшчэ спаў, Вольга ціхенька ўзяла кнігу, знайшла верш «Ангел-хранитель». Прачытала раз, другі, трэці… Загарнула кнігу і вельмі ўзрадавалася, што амаль усё запомніла, яшчэ разы два заглянула ў кнігу і вывучыла на памяць, так хутка і ў школе не вывучвала. Сапраўды, радавалася, як дзіця, што ў яе добрая памяць, што не спраўдзіўся страшны сон і што ніякай магіі няма — звычайная кніга.

На другі дзень, грэючыся на рынку каля жароўні, прапанавала сяброўкам-гандляркам: «Хочаце, бабы, раскажу верш? Са школы помню». — «Давай, Волька, павесялі, можа, душа адтане, а то прымерзла да рэбраў». Не зразумелі бабы сур’ёзнасці слоў, якія яна чытала з прыкметным хваляваннем, пасмяяліся, адна сказала, што такое можа прыдумаць толькі той, хто не мае мужчынскай сілы. Вольга стаіла крыўду, бо здалося: словы гандлярак зневажалі яго, Алеся, хворага чалавека. А пасля спалохалася, там жа, на рынку, калі старэйшая з гандлярак, полька Рэгіна, спытала ў яе таямніча, адзін на адзін:

— Гэта ён напісаў такое, твой?

— Не, гэта не ён. Гэта… Блок…

— Які блок? Што ты вярзеш? — і яшчэ больш спалохала, параіўшы: — Нікому, дурная, не расказвай свой верш. А то вылезла сярод рынку. Глядзі, як бы пад вяроўку не падвяла і яго, і сябе. Людзі цяпер горш за сабак. Брахне каторы, а вецер разнясе…

Прыйшла Лена Бароўская, яшчэ больш пахудзелая за тыдзень, як яны не бачыліся, і адзетая ўжо зусім не па-дзявочаму: салдацкія кірзавыя боты, на галаве не хустка, а коўдра нейкая, толькі паліто ўсё тое ж, ветрам падбітае. Сапраўды, не дзяўчына, а бабуля. Пэўна, белую пуховую хустку абмяняла на прадукты. Вядома, калі галадаеш, нічога не пашкадуеш, бо не да ўбораў тады. Але Вольга пераканалася, што пра адзенне і харч цяпер лепш не гаварыць, бо людзі крыўдуюць і злуюць. Лена таксама: была ў іх ужо такая размова. Таму Вольга зрабіла выгляд, што яе зусім не цікавіць, у што Лена абутая і апранутая, які мае выгляд. Але і радасці ад яе з’яўлення не паказала. Павіталіся стрымана. Спачатку ўзгоднена пабедавалі, што такая ранняя зіма. Але потым Лена як бы не пагадзілася, сказала:

— Але затое і фашысты адчуюць, што такое руская зіма. Па вуліцах не ходзяць — бегаюць з падскокам, як ганчакі. Увесь форс страцілі.

Вольга спытала, як адчуваюць сябе старыя Бароўскія. Лена пазмрачнела і адказала бадай з дакорам:

— Прыйшла б, праведала. Маці часта ўспамінае цябе.

Вольга падумала, што не, не пойдзе яна да Бароўскіх, даволі таго, што Лена да яе ходзіць. Увогуле, варта было б неяк адгарадзіцца ад такога сяброўства, дзеля бяспекі сваёй, дзіцяці свайго і яго бяспекі, таго хлапчыны, што цягаецца да гэтай камсамолкі. Пасварыцца з ёй, ці што? Але не тут, добра было б на людзях, на рынку, напрыклад. Хоць Лена павяла яе ў лагер, памагла з даведкай і яшчэ шмат чаго зрабіла, але Вользе не падабалася, што яна наведваецца да Алеся і той радуецца яе прыходу і яны як бы бліжэй адно да аднаго, чым Вольга і ён. За колькі дзён незвычайнае ўздзеянне вершаў, што размякчылі душу, аслабла, і зноў яна зрабілася ранейшай Ляновічыхай, любіла сябе такую, хоць ведала, што многія людзі яе за такі характар называюць вельмі жорстка — ваўчыцай. Але гэта не кранала асабліва. Яна верыла, што толькі такой, няхай сабе і ваўчыцай, можна пражыць, не вельмі бядуючы.

Алесевы словы пра свята і пра тое дарагое, за што не трэба шкадаваць жыцця, толькі на міг узвысілі яе над бруднай і суровай штодзённасцю. Але словы тыя і спалохалі. Страх чамусьці з’явіўся ў пограбе, куды палезла па прадукты, каб згатаваць абед, і дзе ў яе былі схаваны самыя дарагія рэчы. Вось чаму з’яўленне Лены ў такі дзень не спадабалася. А калі Лена, пагаварыўшы хвіліну для прыстойнасці, пайшла з кухні ў пакой, да яго, безумоўна, пайшла, Вольга проста абурылася, закіпела гневам. Скажы, калі ласка, як гаспадарыць у чужым доме! Які рэвізор з’явіўся! Хаця б дазволу папрасіла ці прыдумала б нешта: як, маўляў, там Светка? Хвіліну Вольга дала сабе астыць, каб і праўда не пасварыцца з Ленай пры ім. А пры ім ёй зусім не хацелася выяўляць горшае ў сваім характары. Пры ім хацелася быць добрай.

Але Лена была ў яго, сядзела там жа, на ложку, у нагах, дзе сядзела яна, Вольга, калі ён чытаў вершы. Такая яе блізкасць да яго адазвалася ў Вользе рэўнасцю: «Бач ты, дзе ўселася! Як свая!» Але ўбачыла, што ў хлопца мокрыя вочы, здзівілася. Мужчына плача? Ад чаго? Што Лена сказала такое? Якія ў іх могуць быць сакрэты?

Накінулася на Лену, нібыта жартам, але словы былі жорсткія і голас халодны, што асенні вецер:

— Прыходзіш — і расстройваеш мне хворага чалавека! Хопіць з нас сваіх бед, няма нам чаго плакаць над тваімі. Плач над імі сама, у падушку, калі хочаш, каб на сэрцы палягчэла. Цяпер слёзы на людзі не выносяць. Холадна. Замерзнуць…

Лена лепш, чым хто іншы, ведала маладую Ляновічыху, са школьных гадоў многа разоў з ёй сварылася, мірылася і прывыкла ўжо не надаваць асаблівага значэння яе словам, бо кідала іх Вольга ўсюды з базарнай лёгкасцю, усім «адважвала» і «давала рэшту». Але гэтыя словы, не такія ўжо і грубыя, збянтэжылі і пакрыўдзілі дзяўчыну, бледны твар яе загарэўся, яна не знаходзіла, што адказаць, які тон выбраць. Не сварыцца ж! Не прыніжацца перад гандляркай! Але ж і маўчаць не варта. Ды выручыў Алесь — з дзіцячай прастатой і шчырасцю прызнаўся:

— Сваіх бед Лена не прынесла. Радасць прынесла. Са святам павіншавала, перамогі пажадала. Таму і расчуліўся. Не звяртайце ўвагі на мае слёзы. Я — сентыментальны.

Пра самае галоўнае, што давяло яго да радасных слёз, не сказаў: Лена паведаміла, што ўчора ў Маскве адбылося ўрачыстае пасяджэнне і выступаў Сталін.

Словы яго прымірылі жанчын. Лена ўзрадавалася, што ён не сказаў пра тое, галоўнае, што яна паведаміла яму тайна, шэптам, і гэтым ён як бы пацвярджаў сваю згоду змагацца і выяўляў патрэбныя якасці падпольшчыка. А Вольгу ўзрадавалі яго сапраўды дзіцячая непасрэднасць і шчырасць. Помнячы, як ён гаварыў пра свята, яна паверыла, што само віншаванне магло хлопца так крануць, і такая яго чысціня, як вершы, як яго словы пра рэвалюцыю, пра Радзіму, зноў неяк хораша ачысцілі яе самую — пасвятлела ў душы, быццам загарэлася там урачыстая святочная свечка. Праўда, кусанула і рэўнасць: яна нават забылася на гэтае іх свята (так і падумала — іх, усё яшчэ адлучаючы сябе), а вось Ленка, гэтая змарнелая, у якой адна скура ды косці засталіся, здагадалася, не забылася, безумоўна, знарок прыйшла, каб павіншаваць; вось што, выходзіць, іх звязвае, прыцягвае. Але гэта і супакоіла — што іх прыцягвае адно да аднаго не што іншае. Дзіўныя. Дзеці. Небяспечна гэта цяпер. Але ж дзеці часта цягнуцца да небяспечнага. А хіба яна не рызыкавала, калі брала яго з лагера, пасяляла ў сябе? Яшчэ як рызыкавала! Ачышчаная ад нядобрых, гандлярскіх і бабскіх, пачуццяў і думак, Вольга неяк адразу павесялела, і ёй захацелася таксама зрабіць нешта незвычайнае, добрае. Яна прапанавала:

— А ведаеце што? Давайце адзначым яго, свята, як да вайны. Абед царскі згатуем. I вып’ем добра! Сказаць вам, што я маю?

— «Маскоўскую», — узрадаваны яе парывам, яе салідарнасцю, трохі нервова засмяяўся Алесь.

Вольга пагразіла яму пальцам.

— Ша! Балбатун! «Маскоўская» — само сабой, — і паведаміла таямнічым шэптам: — «Савецкае шампанскае».

— О Божа! Чаго ты не маеш! — пракаўтнула галодную спазму Лена.

— А я ўсё маю. Не была б я Ляновічыха, — гарэзліва, на адной назе крутнулася Вольга. Сказала Лене: — Хадзем, паможаш мне. А ты ляжы, не паднімайся, пакуль не паклічам, — загадала Алесю.

IV

Алеся здзіўлялі і Вользіна шчодрасць, заўсёды нечаканая, і яе ашчаднасць, больш пастаянная, але не менш незразумелая. Мела газу, запаслася ў пачатку вайны, усім запаслася, што ў вайну набыло асаблівую цану, але паліць лішне не давала, нават яму, госцю, якому так хацелася пачытаць увечары. Кнігі па яго просьбе знаходзіла і прыносіла, але газу не палі, камандавала, як строгі старшына: «Спаць!»

Электраэнергію акупанты давалі толькі ў цэнтры горада, ва ўстановы, на вакзал, у дамы, дзе размяшчаліся немцы. Ускраіны жылі ў цемры, з газнічкамі і лучынай. А вечары лістападаўскія доўгія. I сон не прыходзіць так рана. У гэты час мозг узбуджаны, як ніколі, галава напоўненая ўражаннямі дня, успамінамі і думкамі, бясконцай плынню думак. У цемры незвычайна абвастраецца слых, і Алесю здавалася, што ён чуе ўвесь горад — не толькі свіст далёкіх паравозаў, грукат начнога грузавіка ці танка, стрэлы, крыкі, тупат ног, але і тое, што чуюць нямногія, — крык болю, стогн, плач, рыданні, перадсмяротны ўздых, страшны смех, пракляцці і п’яны вэрхал забойцаў. Паэт чуў усё сэрцам. Аднак балела б яму не менш, каб ён бачыў усё і чуў.

Поделиться с друзьями: