Гандлярка і паэт
Шрифт:
Гітлеравец глянуў дакумент, трохі як бы здзівіўся:
— Хандаль?
— О так, пан афіцэр! Гандаль! Гандаль! Я іст гандаль!
Але дакументы іх мала цікавілі. Яны шукалі іншае. Паказваючы дакументы, Вольга забылася на сваю напратку, паліто расхінулася, і адкрылася сарочка, праўда, не празрыстая, паркалёвая, але аздобленая зверху, на грудным разрэзе, і знізу, на падоле, карункамі, праз карункі прасвечваліся поўныя грудзі, якія яшчэ нядаўна кармілі дзіця. Адзін з тых, што перабіраў адзенне, спыніў свой занятак і прагнымі вачамі ўтаропіўся на яе грудзі.
Алесь так пільна сачыў за фашыстамі, што адразу ўбачыў гэты позірк, вочы, якія ўміг зрабіліся масляністымі, драпежнымі. Немец кінуў перабіраць і, ступаючы на кучы адзення, пайшоў да Вольгі. За кароткую хвіліну Алесь перажыў, магчыма, найбольшы страх у сваім жыцці і найбольшую рашучасць, адчайнасць, высокі парыў — засланіць сабой, жыццём сваім жанчыну, абараніць яе гонар. Калі дакрануцца да яе, ён кінецца тыграм, ён учэпіцца зубамі! Не, лепш вырваць пісталет у таго, што разглядае дакументы і не звяртае ўвагі на Вользіны грудзі. Але ўратаваць яе можна, захапіўшы пісталет, не інакш! I Алесь таксама ступіў да стала разам з гітлераўцам, крок у крок, разлічваючы кожны свой рух. Але той праз стол паказаў пальцам на грудзі і выгукнуў:
— Золёто!
Чаму, убачыўшы жаночыя грудзі, немец прыгадаў, як па-руску называецца тое, дзеля чаго яны зрабілі налёт?
Тады і той, што стаяў з пісталетам, таксама як бы ўзрадаваўся:
— О, о, золёто! Во іст золёто?
— Ах, золата! Вам патрэбна золата? — узрадавалася Вольга, што нарэшце зразумела немцаў, ажно шырэй расхінула крысо паліто, але, успомніўшы, што пад паліто адна сарочка, хуценька закрылася, зашпілілася на гузікі і каўнер падняла. — То так бы адразу і сказалі. А то хто вас ведае, што вам трэба!
Яна нахілілася, адчыніла ніжнюю шуфлядку камода, выхапіла адтуль кардонную каробку, паставіла на стол і пачала выкладваць з яе сярэбраныя лыжкі, відэльцы, пазалочаныя лыжачкі, пярсцёнкі, брошкі, іншую дробязь. Усе трое немцаў схіліліся над сталом, узважвалі кожную рэч у руках, глядзелі на святло, прыкідвалі яе каштоўнасць і аб нечым горача спрачаліся.
Алесь знясілена апусціў рукі: пагроза ад самое Вольгі, здаецца, адступіла. З гаворкі іх, са сваімі школьнымі ведамі мовы, лавіў толькі асобныя словы, ды і не вельмі ўжо напружваўся, каб зразумець. Усё і так вельмі зразумела! Урэшце, гэта будзе рэдкі і, бадай, шчаслівы выпадак — для яго і Вольгі шчаслівы! — калі гітлераўцы абмяжуюцца звычайным рабаўніцтвам.
Не, ненажэрнасці іх, сквапнасці няма мяжы. Вользе яны, безумоўна, не паверылі, што выкладзена ўсё. Зноў патрабавалі, паўтараючы па-руску ўжо, у два галасы, трэці маўчаў, ён больш дзейнічаў:
— Золёто. Во іст золёто?
— Ніц нема, пан. Вшыстка, — чамусьці па-польску тлумачыла Вольга, паказваючы рукі, маўляў, калі на пальцах няма нават пярсцёнка, значыцца, няма больш нічога.
Яны шукалі. Вывернулі ўсё з шафы, з камода, распаролі канапу. Палезлі ў спальню. Вольга паспрабавала раней за іх кінуцца, каб узяць сонную Свету, — ёй загарадзілі дарогу.
— Дзіця! Дзіця там! — у трывозе тлумачыла яна.
— Кіндэр! — сказаў Алесь.
Яны паглядзелі на яго з неўразуменнем ці, бадай, здзівіўшыся, што ён сказаў слова па-нямецку. Але зразумелі. Нешта чалавечае яшчэ засталося: дазволілі ўзяць з калыскі дзіця. Малая прачнулася і заплакала. Вольга прытуліла яе галоўку да пляча, старалася, каб яна не бачыла гэтых страшных людзей, што пераварочваюць пасцель і рэчы. Выйшла са Светай у залу, хацела ісці далей ад гармідару — на кухню, але яе не пусцілі, закамандавалі знаёмае: «Хальт!»
На шчасце, малая зноў заснула. Адчуваючы дзіцячае цяпло, чуючы роднае дыханне, Вольга заспакоілася: зноў набыла ўпэўненасць, што неяк абыдзецца. Пры ўсёй гандлярскай сквапнасці здараліся ў яе і раней моманты, калі яна нічога не шкадавала, ніякага дабра. Але ў такія хвіліны і сябе не шкадавала. А тут было інакш: на бязлітасны, горшы за пажар, разгром у доме глядзела зусім спакойна, але малілася Богу, каб яны не зачапілі ні яго, Алеся, ні яе, ні дачкі. Упершыню, не розумам яшчэ — сэрцам, яна аб’яднала ўсіх траіх у адно, непадзельнае, з родным бацькам дзіцяці свайго яна ніколі так душэўна не аб’ядноўвалася; праўда, тады, у мірным жыцці, ніколі не пагражала ім такая небяспека.
Калі абшуквалі кухню, ужо спяшаліся, той, што трымаў пісталет, пазіраў на гадзіннік, спяшаліся, пэўна, таму, што прасігналіла машына — іх клікаў нехта старэйшы. Але калі знайшлі лаз у пограб, што выкапаны пад кухняй, зацахлявалі, што ганчакі, пачуўшы блізкую здабычу, загергеталі, відаць, вырашаючы, каму лезці ў падзямелле. Фашыст з драпежнымі вачамі паглядзеў на Вольгу, яўна намерваючыся загадаць, каб яна лезла, а ён, магчыма, палез бы следам за ёй. У іх былі кішанёвыя ліхтарыкі, асвятляючы імі, шукалі ў спальні, але, ідучы на кухню, успомнілі пра лямпу і загадалі Алесю захапіць яе з залы. Пакуль яны шнырылі па шафках, заглядвалі ў пліту, Алесь трымаў лямпу і, між іншым, адчуваў сябе ад гэтага ямчэй — усё-такі нейкая зброя ў руцэ.
Ён паставіў лямпу на пліту і, не чакаючы загаду, палез у пограб. Калі зверху асвятлілі ліхтарыкам, здзівіўся прасторы падзямелля і колькасці дубовых бочак — іх стаяла штук восем, шматвядзёрных, смачна пахла квашанай капустай, кропам, дубовым лісцем, але пахла і склепам, прэласцю і яшчэ нечым едкім, як аміяк, ад чаго слязіліся вочы.
Маўклівы гітлеравец, што спусціўся спедам, загадаў яму нахіліць бочку. Ды Алесь не здужаў зрушыць яе з месца. Немец зняважліва паглядзеў, як ён натужваецца, і гэтак жа зняважліва груба аддіхнуў хлопца, так што той балюча выцяўся галавой аб бетонную сцяну пограба. Лёгка, адной рукой, немец перакуліў бочку з гуркамі, расол абліў Алесю ногі, гуркі рассыпаліся па бетоннай падлозе, захрусталі пад ботамі ў фашыста, ён давіў іх знарок, з асалодай.
Алесь стаяў, прытуліўшыся да сцяны, спацелы ад болю і слабасці, і ў бяссільным гневе сціскаў кулакі.
Другую бочку немец нахіліў, але не перакуліў, відаць, таму, што яму нешта сказалі з кухні, магчыма, паспяшалі, ці таму, што ліхтар яго раптам асвятліў у кутку за бочкамі пляшкі з гарэлкай, тры пляшкі «Маскоўскай» і кансервы. Магчыма, упершыню за вобыск ён задаволена выгукнуў:
— О-о! — і засунуў пляшкі ў кішэні штаноў і паліто. Узяў банак пяць кансерваў, Алесю загадаў забраць рэшту.
Акрамя гарэлкі і кансерваў, фашысты забралі відэльцы, нажы, падстаканнікі, вышываныя ручнікі, сталовую бялізну — абрусы і сурвэткі — Вользін набытак першых дзён вайны — і ўсе футры, нават старыя: паліто старой Ляновічыхі з рыжага ліса, Вользіну чарнабурку, дзіцячае футра, вымененае нядаўна за прадукты ў нейкай галоднай бежанкі. Усё самае каштоўнае. Вольга паспрабавала прасіць дзіцячае футра, найбольш яго пашкадавала, бо часта любавалася набыткам, прымервала Свеце, яно было яшчэ вялікае, але Вольга ўяўляла, як дачка будзе выглядаць, калі падрасце і надзене такое футра — чорненькае, што вугаль, аздобленае знізу белым па ўзору адзення паўночных людзей, такія футры Вольга бачыла ў кніжках ды ў кіно. Але на яе просьбу старэйшы, што нарэшце схаваў пісталет, пераканаўшыся ў бяспецы, сказаў сярдзітую прамову. Можна было зразумець, пра што ён гаворыць, бо колькі разоў паўтараў «золёто», відаць, пагражаў: за тое, што не аддала золата, яна і муж яе заслугоўваюць кары большай, чым канфіскацыя рэчаў для вялікай арміі фюрэра.