Гандлярка і паэт
Шрифт:
Яна доўга і вельмі падрабязна расказвала, як паводзіла сябе Светка, пра ўсе яе хітрыкі і капрызы і асабліва пра тое, як дзіця сумавала па ім, як шукала па ўсіх кутках дома і настойліва дапытвалася на сваёй, зразумелай толькі ёй, маці, мове, дзе ён, калі вернецца. Пра тое, як сумавала, як хвалявалася сама — ні слова. Расказ пра дзіця крануў Алеся, але ён разумеў яго падтэкст і зноў здзіўляўся — не першы раз! — душэўнай чуласці і тонкасці гэтай жанчыны, у іншых абставінах грубай і крыклівай. Яна як бы закалыхвала яго, стомленага, пацяжэлага ад вячэры, расказамі пра дачку і пра свае справы, пра суседзяў, пра цётку Марылю, якая чамусьці пачала глухнуць і, недачуваючы, часта адказвае неўпапад, чым здзіўляе нават Светку.
Сказала, што была ў Бароўскіх, але не прызналася, што шукала яго, быццам бы так заглянула, між іншым. Тут Алесь зразумеў, як асцярожна яна падступае да таго, галоўнага, пра што ім належыць пагаварыць, і ўслухаўся больш уважліва.
— Ленка нервовая, злая. Слова ёй не скажы. Гэта ад галадухі.
— Ты памагла б ім.
— Каму? Бароўскім? Яны гордыя. Ды і ў мяне не база, не склад. Не трэба было ім варон лавіць. Такія хлопцы, як іх Косця, хіба столькі дабра панацягвалі, як я, адзінокая баба. Не ў кожны склеп я асмельвалася лезці. Яны сваім сумленнем даражылі, у мяне таксама было чым даражыць…
«Ну вось, цяпер яе зноў занесла ў камароўскае балота», — падумаў Алесь, расчараваны яе словамі, яе непрыязнасцю да Бароўскіх; вось так у яе часта, побач з душэўнасцю — грубасць, прагнасць, гандлярскі разлік. Але не запярэчыў на яе словы проціў Бароўскіх. Няхай бы яна пачала лаяць усіх іх, падпольшчыкаў, тады яму было б лягчэй сказаць пра сваё рашэнне і пайсці адгэтуль. Як гэта, аднак, цяжка — пайсці ад яе!
Даўшы поўную справаздачу аб тым, што адбылося ў доме, пакуль ён адсутнічаў, і не дачакаўшыся ад Алеся такой жа шчырай споведзі, Вольга спытала таямнічым шэптам:
— А ты… ты што рабіў?
— Не трэба гаварыць пра мае справы, Воля. Так будзе лепей. Для цябе. Навошта табе трэба? Так будзе спакайней… мне… усім нам…
— Я бегала паглядзець на павешаных у скверы…
Ён асекся. Дык во чым жыла яна гэтыя дні! Адным паведамленнем выдала ўсё. Дык хіба можна ўгаворваць яе, каб яна нічога не ведала, не хацела ведаць?
— Мы… адпомсцілі за нашых таварышаў.
— Ты забіваў?
— Не я адзін. Мы ўзарвалі эшалон… Але ты… ты нічога не чула!
— Я нічога не чула, — пакорліва згадзілася Вольга, скурчыўшыся, быццам ёй раптам зрабілася холадна, схавала рукі пад кофтачку.
Алесь зразумеў: сваё галоўнае яна сказала. Цяпер трэба сказаць яму. Але пасля таго, што пачуў, зрабілася яшчэ цяжэй абвясціць, што ён павінен пайсці ад яе зараз жа. Неадкладна.
Закапрызнічала малая, захацела спаць. Вольга пайшла ўкладваць яе.
Алесь застаўся адзін за сталом, з трывогай думаючы, што не можа выканаць зусім простае заданне. Пачаў пераконваць сябе, што гэта сапраўды-такі заданне, загад. I ён абавязаны выканаць яго!
Светка не засынала, клікала яго:
— Ты-та! Ты-та!
Дзіўна, чаму яна дала яму такое імя? Што яно значыць на яе дзіцячай мове? Тата ці дзядзя?
Ён не ішоў і не адгукваўся.
Тады паклікала Вольга:
— Яна не засынае без цябе. Так кожны вечар. Хадзі пакалышы.
Яны сядзелі на ложку ў паўзмроку, святло падала праз адчыненыя дзверы спаленькі, і абое трымаліся за калыску, рукі іх датыкаліся; у плеценай качалцы, здавалася, звінела кожная перасохлая лазінка, як далёкія жалейкі.
Супакоеная яго прысутнасцю, дзіця праспявала сабе «ката» і хутка заснула.
Тады Вольга імкліва абняла яго, горача зашаптала:
— Саша, міленькі, родненькі! Не пакідай мяне! Я баюся адна. Я не магу без цябе. Я не буду перашкаджаць табе. Я іх таксама ненавіджу! Хочаш, буду памагаць табе? Ва ўсім буду памагаць, я смелая, ты ведаеш, я нічога не баюся. Трэба будзе памерці — я памру за цябе… разам з табой… як хочаш. Не ідзі, Саша, нарачоны ты мой. Богам нарачоны…
Яна плакала.
Алесь ніколі не бачыў такіх яе слёз, не чуў такога плачу і не думаў, што яна можа быць такой разгубленай, бездапаможнай. Уражаны, расчулены, узрадаваны і спалоханы, што цяпер будзе яшчэ цяжэй пакінуць гэты дом, ён гладзіў яе па галаве, як маленькую, і цалаваў мокрыя салёныя вочы, гарачыя вусны.
Алесь прачнуўся ад трывожнага сну. Фашысты вешалі дзяцей. Ды самае жудаснае было не ў самім злачынстве, а ў тым, што дзеці не разумелі, што адбываецца, прымалі гэта як гульню і весела смяяліся, паказваючы пальчыкамі на тых, каго павесілі ўжо. А навокал стаялі дарослыя, цэлы натоўп, шчыльнай сцяной, нерухома, у маўклівасці: ён, Алесь, хацеў прабіцца праз натоўп і не мог, хацеў закрычаць, але ў яго прапаў голас. Усё навокал застыла, анямела, аглухла, толькі чутно было, як смяюцца дзеці.
Абліты халодным потам, ён не адразу сцяміў, што прачнуўся. Навокал была цемра. Шумела ў вушах — ад грукату сэрца.
Потым ён пачуў Вользіна дыханне, яна ляжала побач. Па тым, як стоена яна дыхае, зразумеў, што Вольга не спіць, можа, так і не заснула праз усю ноч. Лёгка дакрануўся да яе рукі. Яна прашаптала:
— Спі. Яшчэ рана.
Алесю зрабілася сорамна за сваю вячэрнюю слабасць, за тое, што, сказаўшы пра расстанне сваім выглядам, ён так і не адважыўся сказаць словамі, пагаварыць разважліва. Адны эмацыянальныя ўсплёскі. Не трэба было заставацца нанач, гэта слабасць, падман самога сябе і яе, Вольгі, яна, напэўна, думае, што ўгаварыла яго, пакарыла. Не, угаварыць яго нельга. Ён мае загад і цяпер ужо цвёрда перакананы, што гэта правільны загад, такі закон канспірацыі. Нельга больш адцягваць размовы. Дарэчы, цяпер, раніцой, усё выглядае значна прасцей. I ён проста сказаў:
— На світанні я пайду, Вольга. Зразумей. Так трэба. Для Свецінай бяспекі. I для справы. Але я буду ў Мінску. Побач. Мы будзем сустракацца.
Баяўся, што яна зноў заплача, зноў пачне прасіць; на жаночыя слёзы ён не ўмеў адказваць. Вольга маўчала. Доўга. Потым знайшла яго руку і сціснула пальцы. Алесь думаў, як развітацца так, каб не раскіснуць самому, не расчуліць яе. Каб без слёз. Ды Вольга зноў здзівіла яго. Сказала, як пра вельмі звычайнае:
— Перадай Камандзіру, што я згодна на яго прапанову.
IX
Першае даручэнне Вользе даў сам Камандзір: неяк міжволі яна пачала называць чалавека, у якога былі розныя імёны, пачціва і высока — Камандзір.
Яна чакала з нецярпеннем, калі хто да яе звернецца. Баялася, што ніхто не звернецца. Камандзір мог пакрыўдзіцца, ды і Алесь мог не перадаць яе згоду, сказаў жа, што пакідае дом дзеля яе і Свецінай бяспекі. А ёй з кожным днём усё мацней хацелася, каб яе паслуга спатрэбілася ім. I ўжо не толькі таму, што гэта дало б надзею страчацца з Алесем, але і па нейкай іншай прычыне, не такой асабістай, па закліку нейкага іншага пачуцця — не жаночага, — якое яна не зусім яшчэ асэнсавала.