Гары Потэр і Філасофскі Камень
Шрифт:
– Першыя дзве пары - зелле, разам са Слізэрынцамі.
– адказаў Рон.
– Снэйп дэкан у "Слізэрыне". Кажуць, ён ва ўсім ім дапамагае і заўжды заступаецца за іх - убачым, ці праўда гэта.
– Добра б МакГонагал так адносілася да нас.
– сказаў Гары. Прафесар МакГонагал была дэканам каледжа "Грыфіндор", але гэта зусім не замінула ёй на ўчорашнім занятку загрузіць "сваіх" гіганцкай дамашняй работай.
У гэты час прыбыла пошта. Зараз Гары ўжо звыкся, але ў першую раніцу было не па сабе, калі ў Вялікую Залу падчас сняданку ўляцела не меней сотні соў і закруціла над сталамі ў пошуках гаспадароў, а потым стала скідаць лісты і пасылкі ім на калені.
Дагэтуль Хэдвіг нічога не прыносіла Гары. Яна часам падлятала паскубці яго за вушы або падзюбаць дробак, перш чым адправіцца адпачываць у савятню разам з астатнімі птушкамі. Гэтай раніцай, аднак, яна прызямлілася паміж вазачкай з джэмам і цукарніцай і кінула занатоўку Гары на талерку. Гары неадкладна адкрыў пасланне. Вельмі неакуратным почыркам там было напісана:
Дарагі Гары,
У пятніцу ў другой палове дня ты вольны, ці жадаеш папіць са мной гарбаты, гадзіны ў тры?
Жадаю пачуць ад цябе пра першы тыдзень у школе. Дашлі адказ з Хэдвіг.
Хагрыд.
Гары пазычыў у Рона пяро, надрапаў "Вядома, жадаю, убачымся" на зваротным баку лістка і прычапіў яго да лапкі Хэдвіг.
Гарбата з Хагрыдам прыйшлася вельмі дарэчы, інакш урок зеллеварэння апынуўся б для яго яшчэ больш цяжкім выпрабаваннем. Дагэтуль за ўвесь час вучобы з Гары не здаралася нічога больш прыкрага.
На банкеце з нагоды пачатку навучальнага года Гары здалося, што прафесару Снэйпу ён не спадабаўся. Напрыканцы першага ўроку зеллеварэння ён зразумеў, што ён не проста не спадабаўся прафесару - той люта ўзненавідзеў яго.
Заняткі па зеллеварэнню праводзіліся ў адным з падзямелляў замка. Там было значна халадней, чым наверсе, і мурашкі бегалі б па целе ў любым выпадку, нават калі б па паліцах не былі расстаўленыя шматлікія слоікі з заспіртаванымі жывёлінамі.
Снэйп, як і Флітвік, пачаў урок з пераклічкі і, падобна Флітвіку, зрабіў паўзу на прозвішчы Гары.
– О, - сказаў ён ціха, - Гары Потэр. Наша новая… знакамітасць.
Драко Малфой і яго сябрукі Крэб і Гойл хіхікнулі. Снэйп скончыў пераклічку і агледзеў клас. У вачах, такіх жа чорных, як і ў Хагрыда, не было і следа дабрыні, уласцівай ключніку. Гэта былі пустыя і халодныя вочы, якія наводзілі на думку аб цёмных тунэлях.
– Вы прыйшлі сюды, каб вывучаць дакладную навуку і тонкае мастацтва падрыхтоўкі чароўных зелляў, - пачаў ён. Ён гаварыў амаль шэптам, але вучні лавілі кожнае яго слова - як і прафесар МакГонагал, Снэйп валодаў мастацтвам без найменшых высілкаў утрымліваць увагу класа.
– Паколькі тут няма нічога ад дурнога размахвання палачкамі, хтосьці з вас можа засумнявацца, ці можна гэта назваць магіяй. Я і не чакаю, што вы здолееце годна ацаніць чароўную прыгажосць ціха закіпаючага катла і мігатлівых над ім выпарэнняў, далікатную моц вадкасцяў, якія праходзяць па чалавечых венах, якія зачароўваюць розум. Я магу навучыць вас разліваць па бутэльках славу, настойваць адвагу, рыхтаваць жывую ваду… калі толькі вы не такія ж непраходныя тупені, як тыя, каго мне звычайна даводзіцца вучыць.
Пасля гэтай непрацяглай прамовы наступіла доўгае маўчанне. Гары з Ронам абмяняліся здзіўленымі поглядамі. Герміёна Грэйнджэр круцілася на стуле, гатовая ў любую секунду пачаць даказваць, што яна не тупень.
- Потэр!
– раптам выклікаў Снэйп.
– Што атрымаецца, калі насыпаць тоўчаны корань златакветкі ў настойку палыну?
Тоўчаны корань чаго ў настойку чаго? Гары азірнуўся на Рона. У таго на твары застыў не менш ашаломлены выраз, чым у самога Гары, затое рука Герміёны так і стрэліла ў паветра.
– Я не ведаю, сэр, - адказаў Гары.
Вусны Снэйпа скрывіліся ва ўсмешцы.
– Тц-тц… так, адной славы відавочна недастаткова.
На паднятую руку Герміёны ён не звярнуў ніякай увагі.
– Паспрабуем яшчэ. Потэр, дзе б вы сталі шукаць, калі б я папрасіў вас прынесці мне безааравы камень?
Герміёна выцягнула руку наколькі было магчыма без таго, каб устаць са стула. А Гары не меў ні найменшага ўяўлення аб безааравым камені. Ён імкнуўся не глядзець у бок Малфоя, Крэба і Гойла, якія рагаталі.
– Не ведаю, сэр.
– Мяркую, да школы вы не зазіралі ў кнігі, так, Потэр?
Гары прымусіў сябе не адводзіць погляд ад гэтых халодных вачэй. Ён зазіраў у кнігі да школы, але няўжо Снэйп лічыць, што ён абавязаны памятаць усё, што напісана ў "Тысячы чароўных траваў і грыбоў"?
Снэйп па-ранейшаму не звяртаў увагі на руку Герміёны.
– У чым розніца, Потэр, паміж воўчай атрутай і клабуком манаха?
Герміёна ўстала, выцягваючы руку так, быццам спрабавала дастаць да столі.
– Я не ведаю, - імкнучыся захоўваць спакой, адказаў Гары, - Але, па-мойму, Герміёна ведае, чаму б вам не спытаць яе?
Раздаліся смешкі; Гары сустрэўся вачыма з Шэймасам, і той падміргнуў. Снэйп, аднак, быў незадаволены.
– Сядзьце, - крынуў ён на Герміёну.
– Да вашай звесткі, Потэр, златакветка з палыном утвораць снатворнае зелле такой сілы, што яно атрымала назоў "глыток жывой смерці". Безааравы камень здабываецца са страўніка казла і можа выратаваць ад большасці атручэнняў. Што ж датычыцца воўчай атруты і клабука манаха, то гэта адная і тая ж расліна, вядомая таксама пад назовам аканіт. Ну, у чым справа? Чаму ніхто не запісвае?
Раздаўся ліхаманкавы шолах пергамента і рыпанне пёраў. У гэтым шуме Снэйп вымавіў ціхім голасам:
– А за ваш нахабны адказ з Грыфіндора здымаецца адзін бал, Потэр.
Па меры таго, як урок працягваўся, становішча Грыфіндора не палепшылася. Снэйп разбіў клас на пары і загадаў усім змешваць нескладанае зелле для лячэння апёкаў. Ён імкліва расхаджваў па класе ў сваёй доўгай чорнай мантыі, назіраючы, як дзеці ўзважваюць сушаную крапіву і парашок змяіных зубоў, і крытыкаваў усіх і кожнага за выключэннем Малфоя, які, па ўсім, спадабаўся яму з першага погляду. Снэйп як раз заклікаў усіх паглядзець, як ідэальна Малфой выварыў рагатага слімака, калі раптам аднекуль павалілі клубы зялёнага з'едлівага дыму, і па ўсім падзямеллі разнеслася гучнае шыпенне. Нэвіл незразумелым чынам здолеў расплавіць кацёл Шэймаса, і зараз зелле, якое яны ўдвух гатавалі, лілося на каменную падлогу, прапальваючы дзіркі ў чаравіках вучняў, што стаялі побач. У лічаныя секунды ўсе паўскоквалі на стуллі. Нэвіл, якога абліло зеллем, стагнаў ад болю, а па ягоных руках і нагах хутка распаўсюджваліся страшныя чырвоныя апёкі.
– Чортаў ідыёт!
– загарлапаніў Снэйп, прыбіраючы разлітую вадкасць узмахам чароўнай палачкі.
– Мабыць, вы паклалі іголкі дзікабраза да таго, як зняць кацёл з вагню?
Нэвіл усхліпваў - апёкі ўжо дабраліся да яго носу.
– Адвядзіце яго ў медпункт, - рэзка загадаў Снэйп Шэймасу. І тут жа абрынуў гнеў на Гары і Рона, якія працавалі побач з Нэвілам.
– Вы, Потэр - чаму вы не спынілі яго? Думалі, як добра будзеце выглядаць самі на яго фоне? Грыфіндор наўрад ці скажа вам дзякуй - вы страцілі яшчэ адзін бал.