Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гары Потэр і Філасофскі Камень

Дж. К. Роўлінг

Шрифт:

Гэта было так несправядліва! Гары адкрыў рот, вырашыўшы адстойваць свае правы, але Рон штурхнуў яго нагой.

– Не спрачайся з ім, - прашаптаў ён, - Кажуць, Снэйп бывае проста жудасны, Грыфіндор можа страціць яшчэ пару дзесяткаў балаў.

Калі праз гадзіну яны караскаліся з падзямелля ўверх па прыступках, Гары быў страшэнна злосны і ўвесь час ліхаманкава абдумваў тое, што здарылася на занятку. З-за яго ў першы ж тыдзень Грыфіндор страціў два балы – за што Снэйп так моцна яго ненавідзіць?

– Не хвалюйся, - суцяшаў яго Рон.
– Фрэда і Джорджа Снэйп таксама заўсёды карае і здымае балы. А можна, я пайду з табой да Хагрыда?

Без пяці тры яны вышлі з замка і накіраваліся праз двор на ўзлесак Забароненага лесу, дзе стаяла хатка Хагрыда. Над дзвярыма віселі арбалет і гіганцкія боты.

Гары пастукаў. Знутры данеслася адчайнае драпанне і гулкае выццё. Потым раздаўся голас Хагрыда: "назад, Фанг, назад".

У прыадчыненым дзвярным праёме з'явіўся вялікі валасаты твар Хагрыда.

– Пачакайце, - сказаў ён.
– Назад, Фанг.

Ён упусціў хлопцаў, з вялізнымі высілкамі ўтрымліваючы за ашыйнік здаравеннага чорнага сабаку.

У хатцы быў усяго адзін пакой. Са столі звісалі шынкі і фазаны, на адчыненым агні кіпеў медны імбрык, а ў куце стаяў масіўны ложак, пакрыты коўдрай.

– Будзьце як дома, - запрасіў Хагрыд, адпускаючы Фанга. Сабака тут жа накінуўся на Рона і стаў аблізваць яму вушы. Як і сам Хагрыд, Фанг быў зусім не такім лютым, якім падаваўся.

– Гэта Рон, - сказаў Гары Хагрыду, які наліваў кіпень у вялікі заварачны імбрычак і выкладваў на талерку каменна-чэрствыя булачкі.

– Чарговы Уізлі, так?
– спытаў Хагрыд, зірнуўшы на вяснушкі Рона. – Паўжыцця правёў, вартуючы лес ад тваіх братоў.

Каменныя булачкі пры найблізкім аглядзе аказаліся бясформеннымі плюшкамі з разынкамі, аб якія можна было зламаць зубы, але Гары з Роном зрабілі выгляд, быццам яны ў захапленні ад пачастунка і распавялі Хагрыду аб сваіх першых уражаннях ад школы. Фанг паклаў галаву Гары на калені і абслініў яму мантыю.

Рон з Гары былі ў захапленні ад таго, што Хагрыд абазваў Філча "старым дурнем".

– А гэтая яго кошка, місіс Норыс, вось бы Фанга з ёй пазнаёміць. Ведаеце, калі я заходжу ў школу, яна паўсюль за мной цягаецца. Гэта ўсё Філч яе на мяне натаскаў.

Гары распавёў Хагрыду аб тым, што здарылася на ўроку ў Снэйпа. Хагрыд, гэтак жа як і Рон, сказаў, што Гары не павінны турбавацца, бо Снэйпу практычна ніхто з вучняў не падабаецца.

– Але мяне ён люта ненавідзіць!

– Глупства, - не паверыў Хагрыд.
– Чаму?

І усё ж Гары здалося, што Хагрыд пры гэтых словах адвёў вочы.

– А дзе зараз Чарлі?
– спытаў Хагрыд у Рона.
– Добры хлопец - жывёлін любіць.

Цікава, ці знарок ён змяніў тэму, падумаў Гары. Пакуль Рон распавядаў Хагрыду, як Чарлі працуе з драконамі, Гары ўзяў са стала газету. Гэта быў "Прарок":

СПРОБА РАБАВАННЯ БАНКА "ГРЫНГАТС"

 Працягваецца расследаванне спробы рабавання банка "Грынгатс", здзейсненай 31 ліпеня, як мяркуюць, невядомымі чорнымі ведзьмакамі.

 Гобліны - працаўнікі банка - сцвярджаюць, што нічога не было выкрадзена. Мэтай рабаўнікоў быў сейф, змесціва якога, аднак, было забранае ўладальнікам за некалькі гадзін да таго.

 "Мы не маем намеру даводзіць да звесткі шырокай грамадскасці, што менавіта ўтрымоўвалася ў дадзеным сейфе, таму раім усім трымацца далей ад гэтай справы, калі вы не жадаеце праблем", - заявіў сёння днём гоблін па сувязях з грамадскасцю.

Гары ўспомніў: у цягніку Рон ужо казаў, што хтосьці спрабаваў абрабаваць "Грынгатс", але не ўдакладняў, калі менавіта гэта здарылася.

– Хагрыд!
– выклікнуў Гары.
– Гэты ўзлом у "Грынгатсе" здарыўся ў мой дзень нараджэння! Можа быць, гэта адбывалася як раз тады, калі мы там былі!

Гэтым разам не заставалася сумненняў - Хагрыд схаваў вочы. Ён чартыхнуўся і прапанаваў Гары яшчэ булачку. Гары перачытаў артыкул. Змесціва сейфа ўладальнік забраў некалькімі гадзінамі раней. Хагрыд забраў з сейфа нумар семсот трынаццаць маленькі пакуначак. Ці было гэта тое, на што палявалі злодзеі?

Калі Гары з Ронам ішлі назад у замак на вячэру, з кішэнямі, поўнымі каменных плюшак, ад якіх яны не вырашыліся адмовіцца, Гары падумаў, што пакуль яшчэ аніводзін урок не выклікаў у яго столькі розных думак, як гэты візіт да Хагрыда. Значыць, Хагрыд забраў пакуначак якраз своечасова? Дзе ж зараз гэты пакуначак? І ці ведае Хагрыд нешта такое пра Снэйпа, аб чым не жадае казаць?

 — РАЗДЗЕЛ IX —

Паўночная дуэль

Раней Гары нізашто б не паверыў, калі б яму сказалі, што ён сустрэне каго-небудзь, каго ён будзе ненавідзець больш, чым ненавідзеў Дадлі - але гэта было да сустрэчы з Драко Малфоям. На шчасце, са Слізэрынцамі першакурснікі Грыфіндора сустракаліся толькі на зеллеварэнні, так што ім не так ужо часта даводзілася бачыць Малфоя. Так было датуль, пакуль у агульнай гасцінай "Грыфіндора" не павесілі аб'яву, прачытаўшы якую, усё дружна застагналі. Лётныя заняткі пачыналіся ў чацвер - і "Грыфіндор" павінен быў вучыцца разам са "Слізэрынам".

– Нармалёва, - са змрочнай іроніяй вымавіў Гары, - менавіта гэтага мне і бракавала. Выставіцца перад Малфоям прыдуркам на мятле.

А ён так чакаў, так жадаў пачаць вучыцца лётаць!

– Чаму абавязкова прыдуркам, - спакойна сказаў Рон.
– Вядома, Малфой вечна выхваляецца, як ён выдатна гуляе ў квідытч, але я гатовы паспрачацца, што гэта ўсё плявузганне.

Малфой і праўда ўвесь час гаварыў пра палёты. Ён гучна наракаў з нагоды таго, што першакурснікаў не прымаюць у каманды па квідытчу і распавядаў доўгія захапляльныя гісторыі, якія заўжды заканчваліся прыкладна аднолькава, тым, як ён ледзь не збіваў шрубалёт з магламі. Зрэшты, Малфой быў у гэтым не самотны: мяркуючы па аповедах Шэймаса Фінігана, той усё дзяцінства правёў у паветры, лётаючы на мятле над вёскай. Нават Рон быў заўсёды гатовы распавесці любому, хто згаджаўся слухаць, выпадак, як ён на старой мятле Чарлі цудам пазбег сутыкнення з дэльтапланам. Усе дзеці з чароўных сем'яў стала размаўлялі пра квідытч. Рон нават ледзь не пабіўся з Дынам Томасам, які жыў з імі ў адным пакоі, з-за футбола. Рон быў не ў стане зразумець, што гэта за гульня, з адным мячом, дзе нават нельга лётаць. Гары заспеў Рона за тым, што той тыкаў пальцам у плакат, што вісеў над ложкам Дына з выявай футбольнага клуба “Вэстхэм” і спрабаваў прымусіць гульцоў рухацца.

Нэвіл яшчэ ні разу не лётаў, бабуля яго і блізка не падпускала да метлаў. Пра сябе Гары лічыў, што ў яе былі для гэтага ўсе падставы, Нэвіл трапляў у гісторыі, нават стоячы абедзвюма нагамі на зямлі.

Герміёна Грэйнджэр хвалявалася з-за палётаў не менш Нэвіла, таму што лётаць нельга навучыцца па кнігах, хоць яна і спрабавала. У чацвер за сняданкам яна ледзь было ўсіх не замарыла рознымі лётнымі парадамі, запазычанымі ёю з бібліятэчнай кнігі "Квідытч скрозь стагоддзі". Нэвіл усмоктваў кожнае слова, у роспачы спадзеючыся, што гэта дапаможа яму ўтрымацца на мятле, але ўсе астатнія ўздыхнулі з палёгкай, калі лекцыя Герміёны перарвалася прыбыццём пошты.

Поделиться с друзьями: