ЖАНРЫ

Гары Потэр і Філасофскі Камень

Дж. К. Роўлінг

Шрифт:

Герміёна адкрыла было рот, магчыма, каб паведаміць Рону ўсё, што ёй вядома аб Праклёне Дамавіка, але Гары шэптам загадаў ёй паводзіць сябе ціха і паманіў усіх за сабою.

Яны паціху рухаліся па калідорах, асветленыя месяцовым святлом, якое падала на іх праз высокія вокны. На кожным павароце Гары маральна рыхтаваўся да раптоўнага сутыкнення з Філчам або з місіс Норыс, але покуль дзецям шанцавала. Вельмі хутка ўзабраўшыся па лесвіцы на трэці паверх, яны прабраліся ў трафейную.

Малфой і Крэб яшчэ не прыйшлі. Крыштальныя трафейныя шафы зіхацелі ў месяцовым святле. Кубкі, шчыты, даспехі і статуі пераліваліся ў цемры залатымі і срэбнымі агнямі. Хлопцы ціснуліся бліжэй да сценаў, не адрываючы вачэй ад дзвярэй з ўсіх бакоў пакоя. Гары выцягнуў чароўную палачку на той выпадак, калі Малфой выскачыць з цемры і пачне дуэль нечакана. Хвіліны паўзлі вельмі павольна.

– Спазняецца, можа, спалохаўся, - шэптам выказаў здагадку Рон.

Іх успудзіў раптоўны шум у суседнім пакоі. Толькі Гары падняў чароўную палачку, як раздаўся нечы голас - і гэта не быў голас Малфоя.

– Прынюхайцеся, мая дарагая, яны напэўна забіліся ў кут.

Гэта Філч гаварыў з місіс Норыс. Ахоплены жахам, Гары шалёна замахаў рукамі, жэстамі паказваючы, каб усе ішлі за ім да дзвярэй, прочкі ад Філча. Нэвіл толькі-толькі знік за кутом калідора, як стала чуваць, што Філч уваходзіць у трафейную.

– Яны дзесьці тут, - пачулі дзеці заклапочанае мармытанне, - Пэўна, хаваюцца.

– Сюды!
– аднымі вуснамі вымавіў Гары і, перапуджаныя, студэнты сталі прабірацца па доўгай галерэі, абстаўленай зброяй і даспехамі. Мяркуючы па гуку крокаў, Філч набліжаўся. Нечакана Нэвіл выдаў адчайны лямант і кінуўся бегчы - паслізнуўся, ухапіўся за Рона, і ўдзвюх яны ўляцелі наўпрост у зіготкія даспехі нейкага рыцара.

Клацанне і грукат абудзілі, пэўна, увесь замак.

– БЯЖЫМ!
– крыкнуў Гары, і ўсе чацвёра рынуліся прэч з галерэі, нават не аглядаючыся, ці гоніцца за імі Філч - яны дабеглі да дзвярэй і панесліся па калідоры, Гары наперадзе, не маючы ні найменшага ўяўлення аб тым, дзе яны знаходзяцца і куды бягуць - прадзёршыся скрозь габеленавую заслону, яны апынуліся ў таемным пераходзе, прабеглі па ім і вышлі да кабінета заклёнаў, які, як ім было вядома, знаходзіўся ўбаку ад трафейнай, на адлегласці некалькіх міль.

– Здаецца, адарваліся, - цяжка дыхаючы вымавіў Гары, прыхіляючыся да халоднай сцяны і выціраючы пот з ілба. Нэвіл сядзеў на падлозе, і нешта ўсярэдзіне яго свістала і булькала пры дыханні.

– Я - вам - казала, - перарывістым голасам паўтарала Герміёна, прыклаўшы рабро далоні да сярэдзіны грудзей, - казала - я - вам.

– Трэба вяртацца назад у Грыфіндорскую вежу, - сказаў Рон, - як мага хутчэй.

– Малфой правёў цябе, - звярнулася да Гары Герміёна.
– Ты гэта разумееш, я спадзяюся? Ён і не збіраўся прыходзіць - затое Філч ведаў, што хтосьці будзе ў трафейнай, мабыць, сам Малфой яму і данёс.

Пра сябе Гары пагадзіўся, што яна, верагодна, мае рацыю, але не збіраўся прызнаваць гэтага ўслых.

– Пайшлі.

Аднак гэта аказалася не так проста. Кампаніі не атрымалася зрабіць і дзесятка крокаў, як дзвярная ручка задрыжэла, і з найблізкага класнага пакоя штосьці выляцела прама ім пад ногі.

Гэта быў Піўз. Ён убачыў дзяцей і выдаў лямант захаплення.

– Цішэй, Піўз - калі ласка - а то нас выганяць.

Піўз захіхікаў.

– Начныя шпацыры ладзім? Ай-яй-яй. Каму на месцы не сядзіцца, той быць спайманым не баіцца.

– Нас не спаймаюць, калі ты нас не выдасі. Калі ласка, Піўз.

– Але я павінен сказаць Філчу, проста абавязаны, - вымавіў Півз голасам непараўнальнай святасці, але вочы яго пры гэтым зларадна зіхацелі.
– Для вашай жа выгоды, разумееце.

– Сыйдзі з дарогі, - раззлаваўся Рон, замахваючыся на Піўза - і гэта была вялікая памылка.

– НАВУЧЭНЦЫ ШВЭНДАЮЦЦА ПА ШКОЛЕ!
– разгаласіўся Півз.
– НАВУЧЭНЦЫ ШВЭНДАЮЦЦА ПА ШКОЛЕ, ЯНЫ Ў ЗАВАРОЖАНЫМ КАЛІДОРЫ!

Паднырнуўшы пад Піўза, дзеці з усіх ног панесліся ў іншы канец калідора, дзе ўрэзаліся ў дзверы - і тыя аказаліся зачыненымі.

– Усё!
– праенчыў Рон.
– Усё, нам канец.

Яны пачулі тупат, гэта Філч спяшаўся на крыкі Піўза.

– Ой, ды варушыся ж ты, - прыспешвала Герміёна. Яна выхапіла ў Гары чароўную палачку, пастукала па замку і прашаптала: "Алахамора!"

Замок пстрыкнуў, дзверы адчыніліся - яны праціснуліся ў праём і, хутка зачыніўшы дзверы за сабою, прыціснуліся да яе вушамі.

– Куды яны пабеглі, Піўз?
– дапытваў Філч.
– Гавары, хутчэй!

– Скажы "калі ласка".

– Не дуры, Піўз, кажы, куды яны пайшлі?

– Не скажу нічога, пакуль не скажаш "калі ласка", - нудзіў Піўз сваім непрыемным цягучым голасам.

– Добра - калі ласка.

– НІЧОГА! Ха-хааа! Я ж сказаў, не скажу "нічога", пакуль не скажаце "калі ласка"! Ха-ха-ха! Хааааа!
– І яны пачулі, як Піўз са свістам нясецца прочкі, а Філч шле наўздагон яму праклёны.

– Ён думае, гэтыя дзверы зачыненыя, - шэптам сказаў Гары.
– Значыць, у нас ёсць шанец ўратавацца, прынамсі, я так думаю - адстань, Нэвіл!
– Увесь гэты час Нэвіл церабіў Гары за рукаў халата.
– Ну што?

Гары павярнуўся - і адразу ж зразумеў, што. На секунду яму здалося, што ўсё што адбываецца - благі сон; тое, што ён убачыў, было ўжо залішне, калі ўлічыць усё, што адбылося за сённяшні вечар.

Яны знаходзіліся зусім не ў класным пакоі, як ён меркаваў. Яны знаходзіліся ў калідоры. Забароненым калідоры на трэцім паверсе. І зараз стала зразумела, чаму ён забаронены.

Прама ў вочы ім глядзеў сабака-монстар. Сабака такіх памераў, што ён запаўняў сабою ўсю прастору ад падлогі да столі. У яго было тры галавы. Тры пары шалёных вачэй; тры насы, з ноздрамі, якія раздуліся пры выглядзе няпрошаных гасцей; тры разяўленыя пашчы, з якіх тоўстымі вяроўкамі звісала сліна.

Сабака стаяў даволі спакойна, нерухома ўтаропіўшы шэсць вачэй на дзяцей. Тым не менш, Гары было абсалютна ясна, што ўсе яны дагэтуль жывыя толькі таму, што сваім нечаканым з'яўленнем заспелі пачвару знянацку. Аднак ён хутка прыходзіў у сябе - не было ніякіх сумненняў адносна таго, што азначала вуркатанне, якое даносілася з самых нетраў гіганцкага тулава.

Гары схапіўся за дзвярную ручку - паміж Філчам і смерцю ён абраў першае.

Дзеці высыпалі ў дзвярны праём, Гары з сілай зачыніў дзверы, і яны пабеглі, амаль паляцелі, па калідоры ў зваротны бок. Філч, мусіць, вырашыў шукаць іх у іншым месцы, яго нідзе не было відаць, ды хлопцы аб ім і не думалі; яны жадалі толькі аднаго - апынуцца ад страшнага сабакі як мага далей. Яны беглі не спыняючыся, пакуль не апынуліся ля партрэта Тоўстай Цёткі на сёмым паверсе.

– Дзе гэта вас насіла?
– спытала тая, падазрона аглядаючы ўзбуджаныя, потныя фізіяноміі.

– Усё роўна, няважна, парасячы пятачок, парасячы пятачок, - цяжка дыхаючы, прагаварыў Гары, і партрэт ад’ехаў ў бок. Хлопцы ўскараскаліся ў агульную гасціную і зваліліся, дрыжачы, у крэслы.

Прайшло даволі шмат часу, перш чым яны змаглі размаўляць. Нэвіл дык наогул выглядаў так, нібы назаўжды страціў магчымасць казаць.

– Што яны сабе думаюць, трымаюць такую пачвару ў школе? – урэшце рэшт сказаў Рон.
– На месцы гэтага сабакі я б сеў на дыету.

Поделиться с друзьями: