Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гары Потэр і Вязень Азкабана

Дж. К. Роўлінг

Шрифт:

Хагрыд пачаў лямантаваць яшчэ мацней. Гары з Герміёнаю зірнулі на Рона.

– Ммм... а ці не папіць нам гарбаты?- прамовіў той.

Гары здзіўлена ўтаропіўся на сябра.

– Мая маці,- паціснуў плячыма Рон,- робіць гэдак штораз, калі хтось засмучаны.

Нарэшце, пасля колькіх запэўніваннях аб дапамозе і трымаючы ў руках дымлівы кубак, Хагрыд супакоіўся і дастаўшы насоўку памерам з абрус, высмаркаўся і прамовіў:

– Вы правы. Я не ’вінен губляць кантроль. Трэб’ узяць сабе ў рукі...

Яго сабака Фанг нясмела рушыў пад сталом і паклаў сваю галаву Хагрыду на калені.

– ’пошнім часам я быў, як ня свой,- прамовіў Хагрыд, гладзячы адной рукой галаву Фанга, а другой выціраючы слёзы.- Непакоіў’ аб Бакбіку і аб тым што ніхто не’падабаў мае заняткі...

– Нам яны вельмі падабаюцца!- імгненна схлусіла Герміёна.

– Так, яны самыя файныя!- падтрымаў яе Рон, скрыжаваўшы пальцы пад сталом.- Між іншым.. як там маюцца чарвямлявы?

– Падохлі,- змрочна адказаў Хагрыд,- аб’еліся салаты.

– Вой, не!- усклікнуў Рон, ледзь стрымліваючы ўсмешку.

– І гэты дэментары прым’шаюць м’не чырванець ад жаху,- працягваў ён раптоўна ўздрыгнуўшы.- Штораз, як я рушу ў Тры Мятлы, каб выпіць сяг’таго і ’ходжу праз іх, а’чуваю бы зноўку ў Азкабане...

Ён замоўк, глытаючы гарбату. Гары, Рон і Герміёна не дыхаючы назіралі за ім. Яны ніколі ня чулі, каб Хагрыд раней узгадваў сваё кароткае перабыванне ў Азкабане.

– Там насамрэч настолькі жахліва?- пасля некаторай паўзы нясмела спыталася Герміёна.

– На’т не ’яўляеце,- спакойна прамовіў Хагрыд.- Гэт’ наўрат’ хто спадабае. Я думаў, што еду з глузду. Я прыпомніў самыя найвялікі’ жахі, што сталіся са мной. Той дзень, як мяне ’ключылі з Хогвартсу... як ’мёр мой татка... як пры’шлося развітацца з Норбертам...

Яго вочы зноўку напоўніліся слязьмі. Норберт быў дракончыкам, яйка з якім ён колісь выйграў у карты.

– Праз які’ час вы ўжо ня ’стане прыпомніць хто вы ё’. І наогул ня бачыць далей’ сэнс жыцця. Тольк’ спадзяёце’ ’мерці ў сне... Калі м’не выпусцілі гэт’ быў, ніб’ другі дзень народзінаў. Зноўк, нахлынулі ш’аслівы’ успаміны. Гэт’ было лепшым ’чуццём у жыцці. Але мяркую дэментары вельмі не хацелі мяне ’пускаць.

– Але ж ты быў ня вінны!- сказала Герміёна.

Хагрыд гмыкнуў.

– А ці гэт’ іх цікавіць? Яны маюць пару сотняў чалавек, што з’ходзяцца пад іх ’ховаю, з якіх ’ны бы тыя п’яўкі смокчуць ш’асце. Ім не цікава хто з іх ’вінен, а хто не.

Хагрыд зноў замаўчаў, гледзячы ў свой кубак.

– Я на’т думаў,- ціха працягваў ён,- ’пусціць Бакбіка... але ж, як па’тлумачыць гіпагрыфу, што яму трэб’ хавацца? І... і шчэ я баюся парушыць закон.- ён зноўку зірнуў на іх вачыма поўнымі слёз.- Я не хачу зноў ’авярнуцца ў Азкабан.

***

Хаця паход да Хагрыда атрымаўся ня надта вясёлым, ён цалкавіта зрабіў тое, на што і спадзяваліся Рон з Герміёнаю. Гары не забыўся аб Блэке, але перастаў увесь час разважаць аб помсце, бо моцна жадаў дапамагчы Хагрыду выйграць у Камітэта па знішчэнні небяспечных істотаў. У наступны дзень ён разам з Ронам і Герміёнаю ўжо сядзелі ў бібліятэцы, абклаўшыся кнігамі, якія маглі б дапамагчы ім падрыхтавацца для абароны Бакбіка. Тройца сядзела ў грыфіндорскай гасцёўне перад камінам, павольна гартаючы пыльныя тамы аб найвядомейшых выпадкаў нападу звяроў, паведамляючы астатнім, калі хтось знаходзіў нешта падобнае.

– Ага вось... выпадак адбыўся ў 1722 годзе... але гіпагрыф быў асуджаны... а мамка ж... глядзіце, што яны з ім зрабілі. Якая гідкасць...

– Вось, гэта можа дапамагчы... У 1296 годзе адбыўся напад мантыкоры і яны дазволілі ёй... ёечку... не... гэта адбылося таму, што ніхто не адважыўся падыйсці да яе...

А па ўсім замку тым часам развешвалі калядныя ўпрыгожванні, нават ня гледзячы на тое, што засталося замала навучэнцаў, каб насаладзіцца іх выглядам. Ува ўсіх калідорах сям-там вяселі калядныя вяночкі з падубу ці амелы, усярэдзіне кожнага даспеху свяціліся таямнічыя агенчыкі, а Вялікая Зала, як і заўжды месціла ажно дванаццаць елак упрыгожаных зіготкімі залатымі зорачкамі. Густы смачны пах прыгатаванай ежы, што лунаў па калідорах замку, на куццю настолькі ўзмацніўся, што нават Скаберс высунуўся з ронавай кішэні і пачаў радасна нюхаць паветра.

Калядным ранкам, Гары быў разбуджаны падушкай, якую кінуў у яго Рон.

– Прачынайся, час глядзець падарункі!

Гары надзеў акуляры і сеў на ложку жмурачыся праз паўзмрок і памацаў невялічкую купку падарункаў, што стаяла побач. А Рон ўжо шпарка разгортваў паперу на сваіх.

– Чарговы швэдар ад маці... зноў бардовы... пабачыш яшчэ адзін будзе ў цябе.

Гэдак і было. Гары атрымаў у падарунак ад місіс Візлі швэдар пунцовага колеру з грыфіндорскім ільвом на грудзях і тузін слодычаў хатняга вырабу, а таксама калядны пірог і скрыначку гарэхавых ляндрынак. Але калі ён адсунуў усё гэта ў бок ён пабачыў доўгі і тонкі пакунак, які ляжаў за імі.

– Што гэта?- спытаўся Рон трымаючы ў руках толькі што выцягнутыя з пакунку бардовыя шкарпэткі.

– А я ведаю...

Гары разарваў пакунак і на яго ложак павалілася найпрыгажэйшая і найбліскучая мятла ў свеце. Рон кінуў свае шкарпэткі і падбег да гарынага ложку, каб лепей разглядзець.

– Я не веру ў гэта?- хрыплым голасам вымавіў ён.

Гэта была Вогненная Страла, такая ж самая, як і тая мятла на якую Гары зачаравана глядзеў шпацыруючы па Дыягон Алее. Тронак мятлы зіхацеў, калі Гары падняў яе. Ён адчуў як мятла завібравала і адпусціў руку, Вогненная Страла завісла ў паветры без аніякай падтрымцы на належнай вышыні, каб на яе было зручней сесці. Вочы хлопцаў перамясціліся на залаты рэгістрацыйны нумар, а адтуль на абцякальны хвост, зроблены з падагнаных адзін да аднаго бярозавых пруткоў.

– А хто табе яе даслаў?- ціхім голасам спытаўся Рон.

– Паглядзі, ці есць картка,- прамовіў Гары.

Рон разарваў пакунак Вогненнай Стралы.

– Няма! Але ж хто мог змарнаваць гэткія грошы?

– Ну,- ашаломлена прамовіў Гары,- магу спрачацца, што гэта дакладна не Дурслі.

– Закладаюся, што гэта Дамблдор,- сказаў Рон, ходзячы вакол мятлы, усхалявана вывучаючы кожную яе цалю.- Ён жа даслаў табе Мантыю-Невядзімку ананымна...

– Але ж яна была маёмасцю майго бацькі,- адказаў Гары,- Дамблдор толькі перадаў яе мне. Аднак ён бы не стаў марнаваць дзеля мяне колькі сотняў галеёнаў. Дамблдор ня пойдзе на тое каб падараваць навучэнцу штось падобнае...

– Таму і не сказаў, што гэта ад яго!- прапанаваў Рон.- Брыдотнікі, накшталт Малфоя, называюць гэта фаварытызмам. А мамка ж мая, Гары...- ён пачаў шалёна смяяцца.- Малфой! Ён ашалее, як той дзік! Гэта ж мятла міжнароднага ўзроўню!

– Не магу ў гэта паверыць,- мармытаў Гары праводзячы рукою па Страле, пакуль Рона круціла ад смеха.- Але ж хто..?

– Я ведаю,- узяўшы сабе ў рукі сказаў Рон.- Мяркую, што гэта мог зрабіць Люпін!

– Хто?- спытаўся Гары, сам пачаўшы смяяцца.- Люпін? Слухай, калі б у яго было столькі золата, ён перш за ўсё набыў бы сабе новую вопрадку.

Поделиться с друзьями: