ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Яна так распаўнела, - сказала мацi.
– Купiць ёй новае - дарэмна грошы трацiць.

Джоўдам пашчасцiла. Яны прыехалi сюды ў час i паспелi заняць месца ў вагоне. Уся паляна была цяпер застаўлена палаткамi тых, хто прыехаў пазней, а тыя, хто жыў у вагонах, лiчылiся старажыламi i ў нейкай ступенi мясцовай арыстакратыяй.

Мiма паляны цякла вузкая рэчка, то вынiкаючы з вербняку, то зноў хаваючыся ў iм. Ад кожнага вагона да яе збягала добра ўтаптаная дарожка. Мiж вагонаў былi працягнуты вяроўкi, i кожны дзень на iх сушылася бялiзна.

Аднойчы вечарам Джоўды вярталiся з поля, несучы пад пахай складзеныя баваўняныя мяшкi. Па дарозе зайшлi ў краму каля скрыжавання дарог. У краме было шмат пакупнiкоў.

– Ну, колькi сёння?

– Зарабiлi някепска. Тры даляры з паловай. Даўжэй бы тут затрымацца. З малых добрыя зборшчыкi выйдуць. Мацi сшыла iм кожнаму па мяшэчку. Вялiкiя iм цягаць не пад сiлу. Набяруць у свае i высыпаюць у нашы. Са старых кашуль сшыла. Добра працуюць - стараюцца.

Мацi падышла да мяснога прылаўка, паднесла палец да губ, падзьмула на яго, засяроджана разважаючы.

– Я ўзяла б свiных адбiўных, - сказала яна.
– Па чым яны?

– Трыццаць цэнтаў фунт, мэм.

– Дайце тры фунты. I яшчэ супавага мяса якi-небудзь добры кавалак. Заўтра дачка мая зварыць. I бутэльку малака ёй. Яна страшэнна яго любiць. Чакае дзiцяцi. Медсястра сказала ёй больш малака пiць. Так, што яшчэ?.. Не, бульба ў нас ёсць.

З бляшанкай сiропу ў руцэ да яе падышоў бацька.

– Возьмем гэта, - сказаў ён.
– Да аладак.

Мацi нахмурылася:

– Ага, так, што ж... бяры. Вось яшчэ гэта палiчыце. Так... лярду ў нас хопiць.

Падышла Руцi з двума вялiкiмi пачкамi сухога таннага печыва - у запытальным позiрку туга, i ад таго, цi кiўне мацi галавой, цi адмоўна пакруцiць ёю, туга гэтая магла перарасцi ў роспач цi змянiцца радасным узрушэннем.

– Ма?
– Руцi падняла абодва пачкi, паказваючы iх i зверху i знiзу, каб яны i мацi спадабалiся.

– Пакладзi на месца...

У вачах у Руцi затрымцела роспач. Бацька сказаў:

– Яны ўсяго па пяць цэнтаў. Малыя сёння добра папрацавалi.

– Што ж, - сказала мацi, i ў вачах у Руцi засвяцiлася радасць, - добра.

Руцi павярнулася i кiнулася да выхаду. Па дарозе яна схапiла Ўiнфiлда i пацягнула яго на двор, у вячэрняе сутонне.

Дзядзька Джон памацаў пальцамi парусiнавыя пальчаткi з нашыўкамi з жоўтай скуры на далонях, прымерыў iх, зняў i паклаў на месца. Потым спакваля наблiзiўся да палiц са спiртным i паглыбiўся ў вывучэнне этыкетак на бутэльках. Мацi заўважыла гэта.

– Бацька, - сказала яна i крутнула галавой у бок дзядзькi Джона.

Бацька няспешна падышоў да яго.

– Што, Джон, у горле перасохла?

– Ды не.

– Пацярпi да канца збору. Тады хоць бочкамi пi.

– А мне не к спеху, - сказаў дзядзька Джон.
– Працую старанна, сплю добра. Сны мяне не мучаюць.

– Я бачу, ты вачэй не можаш адвесцi ад бутэлек.

– Я iх амаль не заўважаю. Дзiўная рэч - хочацца ўсё ўсялякае купiць. Нават такое, што мне i не трэба. Вось, напрыклад, бяспечную брытву. Цi вунь тыя пальчаткi. Усё вельмi таннае.

– Бавоўну ж у пальчатках не збiраюць.

Ведаю. Бяспечная брытва мне таксама без патрэбы. Але тут усё так выстаўлена, што, трэба табе цi не трэба, а так i падмывае купiць.

Мацi крыкнула iм:

– Пайшлi. Цяпер у нас усё ёсць.
– У руках у яе была сумка. Дзядзька Джон i бацька ўзялi кожны па пакунку. За дзвярамi iх чакалi Руцi i Ўiнфiлд - вочы выпучаныя, твары ўспухлi ад набiтага за абедзве шчакi печыва.

– Ну вось, цяпер вячэраць не будуць, - сказала мацi.

Да лагера сыходзiўся народ. У палатках загарэлiся лiхтары. З пячных труб валiў дым. Джоўды паднялiся па сходках у вагон i прайшлi ў сваю палову. Каля печкi, у якой ужо гарэў агонь, сядзела на скрынцы Ружа Сарона. Жалезныя сценкi печкi распалiлiся дачырвана.

– Малака купiлi?
– патрабавальна запыталася Ружа Сарона.

– Купiлi. Вось.

– Дай мне. З самага поўдня не пiла.

Яна думае, што гэта як лекi.

– Мне нянечка так гаварыла.

– Бульбы нарыхтавала?

– Ага, аблупiла.

– Дык падсмаж яе, - сказала мацi.
– Я свiных адбiўных купiла. Нарэж скрылiкамi на новую патэльню. I цыбулi туды. А вы, мужчыны, iдзiце памыйцеся i вядро вады прынясiце. Дзе Руцi з Уiнфiлдам? Няхай i яны памыюцца. Мы iм купiлi печыва, - сказала мацi Ружы Сарона.
– Кожнаму цэлы пачак.

Мужчыны пайшлi да рэчкi мыцца. Ружа Сарона нарэзала на новую патэльню бульбы i перамяшала яе канцом нажа.

Раптам канец брызентавай занавескi задраўся, i ў палову Джоўдаў зазiрнуў тоўсты спацелы твар.

– Ну, як сёння ў вас, мiсiс Джоўд?

Мацi абярнулася.

– А, гэта вы! Добры вечар, мiсiс Уэйнрайт. Зарабiлi добра. Тры даляры з паловай. Дакладней - тры пяцьдзесят сем.

– А мы - чатыры даляры.

– Правiльна. У вас народу больш.

– Ага. Джанас на вачах падрастае. У вас, я бачу, сёння свiныя адбiўныя.

Уiнфiлд прашмыгнуў у дзверы.

Ма!

– Памаўчы хвiлiнку. Так, мае мужчыны любяць адбiўныя.

– А я бекон падсмажваю, - сказала мiсiс Уэйнрайт.
– Чуеце пах?

– Не. У мяне цыбуля ў бульбе - усё перабiвае.

– Ой, падгарэла!
– крыкнула мiсiс Уэйнрайт, i галава яе знiкла.

– Ма, - зноў сказаў Уiнфiлд.

– Ну, што табе? Аб'еўся печыва?

– Ма, Руцi расказала.

– Што расказала?

– Пра Тома.

Вочы ў мацi зрабiлiся вялiкiя.

– Расказала?
– Мацi апусцiлася перад Уiнфiлдам на каленi.
– Уiнфiлд, каму?

Хлопчык сумеўся i адступiў назад.

– Яна толькi крышачку расказала.

– Уiнфiлд! Скажы, што яна гаварыла?

– Яна... Яна печыва сваё не адразу ўсё з'ела. У пачку яшчэ трохi засталося. Адкусвае кавалачак за кавалачкам i паволi жуе i кажа мне: "А ты ўжо шкадуеш, што з'еў усё дарэшты".

– Уiнфiлд!
– павысiла голас мацi.
– Гавары адразу.
– Яна трывожна азiрнулася на занавеску.
– Разашарна, iдзi, дачушка, пагавары пра што-небудзь з мiсiс Уэйнрайт, каб яна не падслухала.

Поделиться с друзьями: