ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Том падышоў блiжэй i пасвяцiў унiз лiхтаром.

– Усё ясна, - сказаў ён.
– Згаладаўся, аслабеў. Купi яму бляшанку малака, прымусь выпiць. Няхай кашы з малаком з'есць.

– Уiнфiлд, ну як сябе адчуваеш?
– запыталася мацi.

– Галава кружыцца, - адказаў хлопчык, - так i кружыцца.

– Такога паносу ты яшчэ нiколi не бачыла, - з важнасцю сказала Руцi.

У пакой увайшлi бацька, дзядзька Джон i Эл, несучы ахапак ламачча i сушняку. Свае ношы яны скiнулi каля печкi.

– Што тут у вас яшчэ?
– запытаўся бацька.

– Уiнфiлд. Яму малака трэба.

Божа лiтасцiвы! Кожнаму з нас што-небудзь трэба.

– Ну, колькi зарабiлi сёння?

– Даляр сорак два.

– Дык схадзi ў краму, купi малака Ўiнфiлду.

– Чаго гэта ён раптам захварэў?

– Чаго, я не ведаю, але захварэў. Ну iдзi!
– Нешта прабурчаўшы сабе пад нос, бацька выйшаў за дзверы.
– Ты там кашу мяшаеш?

– А як жа.
– У доказ сваiх слоў Ружа Сарона пачала хутчэй працаваць лыжкай.

Эл пакрыўдзiўся:

– Госпадзi, ма! Няўжо адна каша пасля таго, як мы аж да самага цямна працавалi?

– Ты ж ведаеш, Эл, нам трэба ехаць. Усё, што ў нас ёсць, пойдзе на бензiн. Ты i сам гэта ведаеш.

– Але ж, далiбог, ма, каб працаваць, чалавеку трэба есцi.

– Лепш пасядзi, памаўчы, - сказала мацi.
– Пра самае галоўнае трэба думаць. Ты ведаеш, пра што.

– Гэта пра мяне?
– ажывiўся Том.

– Вось павячэраем i пагаворым, - адказала мацi.
– На дарогу, Эл, бензiну хопiць?

– Яго ў нас каля чвэрцi бака, - адказаў Эл.

– Лепш скажы мне ўсё цяпер, - настойваў Том.

– Не, потым. Пацярпi трохi. А ты кашу памешвай, памешвай. Зараз я каву пастаўлю. Цукар пакладзяце цi ў кашу, цi ў каву. На тое i на другое не хопiць.

З высокай кансервавай бляшанкай вярнуўся бацька.

– Адзiнаццаць цэнтаў, - паведамiў ён з абурэннем.

– Давай сюды.
– Мацi ўзяла бляшанку i пракалола яе нажом, тады налiла малака ў кубак i перадала Тому.
– Дай Уiнфiлду.

Том апусцiўся каля хлопчыка на каленi:

На, выпi.

– Не магу. Мяне вырве. Не прыставайце.

Том устаў.

– Ён цяпер не можа, ма. Крыху пазней.

Мацi ўзяла кубак з малаком i паставiла на падаконнiк.

– Каб нiхто не чапаў, - папярэдзiла яна.
– Гэта Ўiнфiлду.

– Я малака зусiм не п'ю, - панура прамовiла Ружа Сарона.
– А яно мне вельмi патрэбнае.

– Ведаю. Але ж ты яшчэ на нагах, а брацiк твой звалiўся. Каша ўжо загусцела?

– Ага. Цяжка ўжо лыжку паварочваць.

– Тады давайце есцi. Вось цукар. Кожнаму амаль па лыжачцы. Хто як хоча - у кашу або ў каву.

Том сказаў:

– У кашу я б лепш солi i перцу ўсыпаў.

– Соль - вось, калi хочаш, - сказала мацi.
– А перац увесь выйшаў.

Скрынак ужо не было. Усе са сваiмi талеркамi селi на матрацы i падкладалi сабе з кацялка, пакуль у iм не паказалася дно.

– Крыху Ўiнфiлду пакiньце, - сказала мацi.

Уiнфiлд прысеў i выпiў малако, i адразу на яго напаў голад. Ён паставiў кацялок мiж каленяў, даеў рэшткi i саскроб лыжкай тое, што прыпяклося да сценак. Мацi вылiла астатняе малако з бляшанкi ў кубак i цiшком усунула Ружы Сарона, каб тая выпiла дзе ў кутку.

– Ну дык раскажаце вы нарэшце?
– запытаўся Том.
Я хачу паслухаць.

Бацька нерашуча сказаў:

– Руцi i Ўiнфiлду лепш гэтага не ведаць. Можа б, яны выйшлi?

Мацi сказала:

– Не. Яны хоць i малыя, але павiнны цяпер ва ўсiм быць як дарослыя. Нiчога не зробiш. Руцi i ты, Уiнфiлд, глядзiце не разбалбачыце тое, што пачуеце, а то ўсiх нас загубiце.

– Не разбалбочам, - запэўнiла Руцi.
– Мы ўжо дарослыя.

– Добра, толькi маўчыце.

Кубкi з кавай стаялi на падлозе. Куртаты шырокi агеньчык лiхтара, падобны да каляровага крыльца матылька, кiдаў цьмяны жоўты водсвет на сцены.

– Гаварыце ж, - сказаў Том.

Мацi сказала:

– Бацька, ты гавары.

Дзядзька Джон сербануў з кубка кавы. Бацька загаварыў:

– Ну, плату знiзiлi, як ты i прадбачыў. I цэлая плойма новых зборшчыкаў прыехала, такiя ўсе галодныя, што гатовыя за акраец хлеба працаваць. Толькi пацягнешся да персiка, а яго ўжо ў цябе з-пад рук выхоплiваюць. Цяпер увесь ураджай мiгам знiмуць. Убачаць дрэва, яшчэ не абабранае, i бягом да яго бягуць. Нават бойкi бываюць - адзiн кажа, гэта яго дрэва, а другi таксама лезе яго абiраць. Людзi здалёку прыехалi - з самага Эль Сентра. Як ваўкi, галодныя. За кавалак хлеба працуюць з рання да ночы. Я кажу прыёмшчыку: "Мы не можам працаваць за два цэнты з паловай за скрыню". А ён адказвае: "Дык звальняйцеся. Iншыя могуць". Я кажу: "Яны трохi падкормяцца i таксама кiнуць". А ён мне: "Ха! Пакуль яны падкормяцца, мы ўсе персiкi знiмем".
– Бацька змоўк.

– Чорт ведае што за людзi, - сказаў дзядзька Джон.
– А кажуць, яшчэ дзве сотнi iх сюды да ночы прыедзе.

Том сказаў:

– Так i будзе. Ну, а пра тое, што чуваць?

Бацька маўчаў.

– Том, - нарэшце сказаў ён, - здаецца, ты такi гэта зрабiў.

– Я так i думаў. Нiчога не вiдаць было. Але я адчуваў, што так яно i ёсць.

– Усе амаль толькi пра гэта i гавораць, - сказаў дзядзька Джон.
– Пасты ўсюды паставiлi, некаторыя патрабуюць лiнчавання... калi, вядома, схопяць таго чалавека.

Том глянуў на дзяцей. Яны пазiралi на яго вялiкiмi вачамi, амаль не маргаючы, быццам баялiся, што ў тое iмгненне, калi вочы заплюшчацца, нешта здарыцца, а яны яе ўбачаць. Том сказаў:

– Але ж... чалавек той зрабiў гэта пасля таго, як забiлi Кейсi.

Бацька перабiў яго:

– Цяпер расказваюць не так. Цяпер кажуць, ён першы зрабiў гэта.

– А-а!..
– глуха выдыхнуў Том.

– Яны ўсiх напускаюць на нас. Так людзi кажуць. Усiх лiнчавальнiкаў з камiтэта пiльнасцi i валанцёраў. Шукаюць таго чалавека.

– А ў твар яны яго ведаюць?
– запытаўся Том.

– У твар... наўрад цi... Але як я чуў, думаюць, што ён паранены. Думаюць, у яго...

Том паволi падняў руку i дакрануўся пальцамi да шчакi.

Мацi ўсклiкнула:

– Гэта ж усё было не так!

– Цiшэй, ма, - сказаў Том.
– Яны ўсе будуць гаварыць адно. Усё, што камiтэтчыкi нi нагавораць на нас, будзе правiльна.

Мацi глядзела скрозь паўзмрок, прыглядаючыся да твару Тома, асаблiва да яго губ.

– Ты абяцаў, - сказала яна.

Поделиться с друзьями: