ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Том крыху падняў край матраца. У цемры грузавiка брынкнуў металiчны посуд.

– Закрыцца паспею, - сказаў Том.
– Толькi не хачу, каб мяне схапiлi ў гэтай пастцы.
– Ён прылёг, абапёршыся на локаць.
– Чорт, i халаднавата ж стала, га?

– Хмары збiраюцца, - сказаў бацька.
– Зiма, кажуць, ранняя будзе.

– А што, вавёркi высока на дрэвы забралiся цi насенне з травы асыпаецца? хмыкнуў Том.
– Якiх толькi прыкмет не навыдумляюць! Знойдзецца i спецыялiст па споднiках надвор'е прадкажа.

– Ну, не ведаю, - сказаў бацька.
Я, здаецца, зiму ўжо чую. А каб цвёрда сказаць, трэба тут доўга пажыць.

– Куды мы едзем?
– запытаўся Том.

– Хто яго ведае. Эл налева павярнуў. Здаецца, едзем той самай дарогай, па якой прыехалi.

Том сказаў:

– Нiяк не вырашу, што лепей. Калi ехаць па галоўнай шашы, больш палiсменаў нам стрэнецца. Як убачаць мяне з такiм тварам, адразу сцапаюць. Можа, па прасёлках ехаць?

Мацi сказала:

– Стукнi там Элу ў сценку. Няхай спынiцца.

Том пастукаў кулаком па кабiне, грузавiк стаў на краi шашы. Эл вылез з кабiны i падышоў да задняга борта.

Руцi i Ўiнфiлд вызiрнулi з-пад коўдры.

– Ну, што там у вас?
– запытаўся Эл.

Мацi сказала:

– Трэба параiцца, як далей быць. Можа, лепш прасёлкамi ехаць. Так Том кажа.

– Гэта праз мой твар, - паяснiў Том.
– Могуць пазнаць. Першы ж фараон затрымае.

– Дык куды ж тады? Я думаў, на поўнач. Мы былi на поўднi.

– Так i трымай, - сказаў Том.
– Толькi прасёлкамi.

Эл запытаўся:

– Можа, спынiмся дзе-небудзь тут, пераначуем, а ранкам паедзем?

Мацi паспешлiва прагаварыла:

– Не, рана яшчэ. Трэба далей ад'ехаць.

– Добра.
– Эл сеў за руль, i машына паехала далей.

Руцi i Ўiнфiлд зноў накрылiся з галавой коўдрай. Мацi крыкнула:

– Як там Уiнфiлд, нiчога?

– Ага, нiчога, - адказала Руцi.
– Ён спiць.

Мацi зноў прытулiлася да борта.

– Нейкае дзiўнае пачуццё - быццам на цябе палююць. Я злая стала.

– Усе азлобiлiся, - сказаў бацька.
– Усе. Ты бачыла, якая бойка сёння была ў садзе? Мяняюцца людзi. Ва ўрадавым лагеры злых не было.

Эл збочыў на гравiйную дарогу, i жоўтыя агнi фар загайдалiся над яе палатном. Фруктовыя дрэвы нарэшце скончылiся, пайшлi баваўняныя палi. Яшчэ дваццаць мiль праехалi мiж бавоўнiку, круцячы i пятляючы палявымi дарогамi. Далей дарога пацягнулася ўздоўж зарослай хмызам рэчкi, потым павярнула на бетонны мосцiк i на другiм баку зноў пайшла берагам. Нарэшце фары асвятлiлi доўгi рад чырвоных таварных вагонаў без колаў i каля дарогi - вялiкi шчыт з надпiсам: "ПАТРАБУЮЦЦА ЗБОРШЧЫКI БАВОЎНЫ". Эл запаволiў ход. Том глядзеў праз шчылiну мiж бакавымi планкамi. Праз чвэрць мiлi пасля апошняга вагона Том пастукаў у сценку кабiны. Эл затармазiў машыну на абочыне i выйшаў.

– Ну, што яшчэ?

– Выключы матор i лезь сюды, - сказаў Том.

Эл сеў за руль, з'ехаў у кювет, выключыў фары i заглушыў матор. Потым залез на грузавiк цераз заднi борт.

– Так спакайней, - сказаў ён.

Том перабраўся цераз кацялкi i патэльнi да мацi i стаў на каленi.

– Слухайце, - сказаў ён.
– Iм патрэбны зборшчыкi бавоўны. Я плакат бачыў. Я ўсё думаў, як так зрабiць, каб i з вамi мне застацца, i бяды на вас не наклiкаць. Калi твар зажыве, тады, можа, усё добра будзе, а цяпер небяспечна. Бачылi вагоны? У iх зборшчыкi жывуць. Магчыма, i вам праца знойдзецца. Можа б, вы нанялiся тут, а жылi б у вагонах?

– А з табой як?
– строга запыталася мацi.

– Ты бачыла каля рэчкi густое кустоўе? Там можна схавацца, нiхто мяне не ўбачыць. А пад ноч будзеце прыносiць мне есцi. Непадалёк ёсць маставая труба. Я мог бы там спаць.

Бацька сказаў:

– Госпадзi, як мне ўжо хочацца хутчэй узяцца за гэту бавоўну! Праца знаёмая.

– У вагонах, напэўна, добра, - сказала мацi.
– Чыста, суха. А ты думаеш, Том, у кустах у тых можна схавацца?

– Канешне. Па дарозе сюды я да iх прыглядаўся. Выберу добрае месца i адседжуся там. А як толькi зажыве твар, выйду.

– Шрам застанецца, - сказала мацi.

– Чорт з iм, у каго iх няма?

– Аднаго разу я сабраў чатырыста фунтаў, - сказаў бацька.
– Тады, праўда, ураджай быў добры. Калi мы ўсе пойдзем на збор, можна крыху грошай зарабiць.

– I тады мяса купiм, - сказаў Эл.
– А цяпер што рабiць будзем?

– Вернемся крыху назад i пераспiм ноч у грузавiку, - сказаў бацька.
– А ранiцай пойдзем на працу. Я каробачкi нават у цемры бачу.

– А з Томам як?
– запыталася мацi.

– Ты пра мяне не думай, ма. Я вазьму з сабой коўдру. Калi паедзеце назад, уважлiва глядзiце. Там ёсць маставая труба. Будзеце мне туды прыносiць хлеба цi бульбы або кашы - прынесяце i пакiнеце, а я буду прыходзiць i браць.

– Ай!

– Па-мойму, ён разумна гаворыць, - сказаў бацька.

– Вядома, разумна, - настойваў Том.
– А калi твар крыху зажыве, я выйду i таксама збiраць бавоўну буду.

– Што ж, добра, - згадзiлася мацi.
– Толькi будзь асцярожны. Не пападзiся каму-небудзь на вочы.

Том прабраўся ў заднi канец грузавiка.

– Я вазьму вось гэтую коўдру. Як назад паедзеце, ма, шукайце тую трубу.

– Толькi глядзi, не рызыкуй, - сказала мацi ўмольна.
– Будзь асцярожны.

– Буду, - сказаў Том.
– Абавязкова.
– Ён пералез цераз заднi борт i пайшоў берагам.
– Добрай ночы!
– гукнуў ён.

Мацi бачыла, як яго постаць злiлася з цемрай i знiкла ў хмызняку каля рэчкi.

– Дай бог каб усё добра скончылася, - прамовiла мацi.

Эл запытаўся:

– Цяпер назад паедзем?

– Давай, - сказаў бацька.

– Ты толькi едзь паволi, - папрасiла мацi.
– Хачу ўбачыць тую трубу, пра якую ён гаварыў. Абавязкова трэба ўбачыць.

Дарога была вузкая, i Элу давялося добра паманеўраваць, перш чым ён развярнуў машыну. Ён паволi павёў яе назад да таварных вагонаў. Святло фар выхапiла з цемры сходкi каля шырокiх дзвярэй. У вагонах было цёмна. Навокал нiдзе нi душы. Эл выключыў фары.

– Вы з дзядзькам Джонам лезьце наверх, - сказаў ён Ружы Сарона.
– А я буду спаць у кабiне.

Поделиться с друзьями: