ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Том i Конi павiталiся за руку, змерыўшы адзiн аднаго позiркам, уважлiва прыглядаючыся адзiн да аднаго, i засталiся задаволеныя гэтым аглядам. Тады Том сказаў:

– Я бачу, ты часу марна не трацiў.

Ружа Сарона апусцiла вочы на свой жывот:

– Нiчога ты не бачыш, рана яшчэ.

– Мне мама сказала. Калi ж гэта будзе?

– О, не хутка. Зiмой, не раней.

Том засмяяўся:

– Значыць, народзiш яго на апельсiнавым ранча, га? У беленькiм домiку сярод апельсiнавых дрэў?

Ружа Сарона памацала жывот абедзвюма рукамi.

– Нiчога ты не бачыш, - сказала яна, усмiхнуўшыся сваёй самазадаволенай усмешкай, i пайшла ў дом.

Вечар быў спякотны, з захаду ўсё яшчэ напорыста праменiлася святло. I, не чакаючы клiчу, уся сям'я сабралася каля грузавiка, i сямейны з'езд, сямейная рада пачала сваё паседжанне.

У вэлюме вячэрняга святла чырвоная зямля здавалася празрыстай, быццам яна раздалася ва ўсе бакi, i кожны камень, слуп i будынак набылi аб'ёмнасць i цэльнасць, не прыкметныя воку пры дзённым святле; i ўсе прадметы неяк больш, чым удзень, вылучалiся з астатнiх. Слуп быццам стаяў сам па сабе, аддзялiўшыся ад зямлi i ад кукурузных палёў, што рассцiлалiся за iм. А кожнае кукурузнае сцябло нiбы расло паасобку, не злiваючыся з астатнiмi; i касматая вярба стаяла сама па сабе, асобна ад другiх дрэў. Зямля нiбы падсвечвала вячэрняе сутонне. Заходняя сцяна шэрага, нефарбаванага дома серабрылася, як месяц. У гэтым святле шэры, зацярушаны пылам грузавiк, што стаяў на двары насупраць дзвярэй, прывiдна выступаў з прыцемак, быццам у таямнiчай далечы стэрэаскопа.

Вечарам з людзьмi таксама адбылася перамена. Яны злiлiся з бессвядомым жыццём прыроды. Яны падпарадкоўвалiся iмпульсам, што пакiдалi толькi лёгкi след у iх свядомасцi. Вочы iх глядзелi засяроджана i спакойна, i вочы гэтыя таксама здавалiся празрыстымi i яснымi ў вячэрнiм прыцемку - празрыстыя i ясныя вочы на запыленых тварах.

Сям'я сабралася на самым галоўным месцы - каля грузавiка. Дом быў мёртвы, палi былi мёртвыя, але грузавiк уяўляўся iм нечым жывым, асновай iх далейшага iснавання. Дапатопны "гудзон" з памятым, абабiтым кажухом радыятара, са зношанымi хадавымi часткамi, скрозь аблепленымi маслянiстымi згусткамi пылу, з нашлёпкамi чырвонага пылу на месцы каўпакоў на ўтулках колаў - гэтая паўлегкавая, паўгрузавая машына, няўклюдная, з высокiмi бартамi, цяпер была iх новым сямейным ачагом, асяродкам iхняга жыцця.

Бацька абышоў наўкол грузавiка, агледзеў яго з усiх бакоў, тады апусцiўся на кукiшкi i падняў з пыльнай зямлi пруток - прыладу пiсьма. Адна нага яго ўсёй ступнёй стаяла на зямлi, другая, адстаўленая крыху назад, апiралася на пальцы, так што адно калена было вышэй за другое. Левая рука ляжала на левым калене - на тым, што было нiжэй, локаць правай рукi ўпiраўся ў правае калена, а далонь падпiрала падбародак. Так седзячы, бацька пазiраў на грузавiк. Дзядзька Джон падышоў да яго i прысеў на кукiшкi побач з iм. Вочы ў iх былi задумлiвыя. Дзед выйшаў з дома, убачыў iх, зашкандыбаў да грузавiка i сеў на падножку тварам да iх. Гэта было ядро сям'i. Том, Конi i Ной паволi падышлi i таксама апусцiлiся на кукiшкi, i цяпер усе яны сядзелi паўколам насупраць дзеда. Потым з дома выйшлi мацi i бабка, за iмi, асцярожна ступаючы, паявiлася Ружа Сарона. Жанчыны занялi месца ззаду мужчын - стаялi, упершы рукi ў бокi. А дзецi - Руцi i Ўiнфiлд - скакалi з нагi на нагу за спiнамi ў жанчын, таўкучы пальцамi босых ног чырвоны пыл, але голасу не падавалi. Не было толькi прапаведнiка. З далiкатнасцi ён сядзеў на зямлi за домам. Ён быў добры прапаведнiк i ведаў сваю паству.

Вячэрнi прыцемак рабiўся ўсё мякчэйшым, i нейкi час члены сям'i - тыя, што сядзелi, i тыя, што стаялi, - маўчалi. Нарэшце бацька, звяртаючыся не да каго-небудзь аднаго, а да ўсiх разам, пачаў сваю справаздачу:

– Абадралi нас як лiпку. Шэльма той ведаў, што чакаць нам часу няма. Выручылi ўсяго васемнаццаць даляраў.

Мацi неспакойна калыхнулася, але змоўчала.

Старэйшы сын, Ной, сказаў:

– Колькi ж усяго ў нас грошай?

Бацька пачаў выводзiць лiчбы ў пыле, мармычучы сабе нешта пад нос. Потым сказаў:

– Сто пяцьдзесят чатыры. Але Эл вось кажа, што трэба пакрышкi змянiць. Гэтыя, кажа, доўга не паслужаць.

Эл першы раз у жыццi прымаў удзел у сямейнай радзе. Раней ён заўсёды стаяў за спiнамi жанчын. Даклад яго гучаў салiдна:

– Машына старая, барахляная. Я ўсю яе агледзеў, перш чым купiць. Гаспадар мне зубы загаворваў, усё хвалiў яе, але я яго не слухаў. Запусцiў палец у дыферэнцыял - пiлавiння няма. Адкрыў каробку перадач - таксама няма. Праверыў счапленне, пракруцiў колы - цi ёсць васьмёрка. Падлез пад кузаў - рама не скошаная. Вiдаць, нiколi не выгiналася. Заўважыў: адзiн акумулятар з трэшчынай, сказаў замянiць. Пакрышкi нi к чорту не вартыя, затое размер распаўсюджаны - такiя заўсёды дастанеш. Ход не вельмi рэзвы, затое масла не працякае. Чаму я сказаў купляць? Таму што мадэль самая хадавая. Гэтых "гудзонаў супершэсць" на аўтамабiльных звалках хоць гаць гацi, i запасныя часткi танна прадаюцца. Можна было б выбраць за тыя грошы i большую машыну, i прыгажэйшую, але часткi да iх цяжэй знайсцi, ды просяць за iх дорага. Вось як я тады разважаў.
– Апошняя фраза азначала, што ён аддае сябе на суд сям'i. Ён змоўк, чакаючы, што скажуць.

Дзед усё яшчэ быў намiнальным галавой сям'i, але ўлады ўжо не меў. Становiшча, якое ён займаў, было ганаровым, асвячоным звычаем. Аднак права на першае слова, незалежна ад таго, якое глупства ён можа сказаць, у яго засталося. I мужчыны, што сядзелi на кукiшках, i жанчыны, што стаялi ззаду, чакалi яго слова.

– Усё правiльна, - сказаў ён.
– Я быў такi ж шчанюк, як ты, бегаў, задраўшы хвост, але ад справы нiколi не адвiльваў. Ты робiшся дарослым. Заключныя словы прагучалi як блаславенне, i Эл паружавеў ад задавальнення.

Бацька сказаў:

– Гучыць пераканаўча. Каб гэта быў конь, мы б не звальвалi вiну на Эла. Але ж сярод нас толькi адзiн ён аўтамабiлiст.

Том сказаў:

– Я крыху разбiраюся. Вадзiў грузавiк у Макалестары. Эл правiльна зрабiў. Усё як трэба.
– Цяпер ужо Эл зусiм расчырванеўся ад пахвалы. Том гаварыў далей: - I вось што я хацеў яшчэ сказаць... ну, прапаведнiк... ён просiцца з намi.
– Том змоўк. Яго словы дайшлi да людзей, што сядзелi i стаялi, але яны сустрэлi iх маўчаннем.
– Ён чалавек добры, - дадаў Том.
– Мы даўно яго ведаем. Iншы раз загаворваецца, але словы яго разумныя.
– I ён пакiнуў гэтае пытанне на вырашэнне сям'i.

Святло паступова ўбывала. Мацi адышла ад групы i зайшла ў дом, з якога неўзабаве пачулася, як бразнулi дзверцы плiты. Праз момант яна вярнулася да рады, паглыбленай у роздум.

– Тут усяляк можна вырашыць, - сказаў дзед.
– Некаторыя думаюць, што прапаведнiкi могуць наклiкаць бяду.

Том сказаў:

– Ён кажа, што ўжо больш не прапаведуе.

Дзед памахаў рукой:

– Хто ўжо быў прапаведнiкам, той прапаведнiкам i застанецца. Ад гэтага нiчым не адгародзiшся. Некаторыя лiчаць за гонар трымаць сабе прапаведнiка. Калi хто памрэ, прапаведнiк пахавае. Вяселле, своечасовае цi запозненае, прапаведнiк тут як тут. Дзiця народзiцца - хрысцiцель у вас пад дахам. Я заўсёды казаў: прапаведнiкi ёсць розныя. Да iх з разборам падыходзiць трэба. Гэты мне даспадобы. Ён без гонару.

Бацька ўваткнуў пруток у пыл i, пакручваючы яго мiж пальцаў, вырыў у пыле ямку.

– Тут не ў тым справа, добры ён цi дрэнны, а прынясе ўдачу цi няшчасце, сказаў ён.
– Трэба ўсё добра разлiчыць. Радасцi мала. Зараз паглядзiм. Дзед з бабкай - двое. Я, Джон i мацi - пяцёра. Ной, Том i Эл - восем. Разашарна з Конi - дзесяць. Руцi з Уiнфiлдам - дванаццаць. А яшчэ сабак трэба ўзяць, як iх тут пакiнеш? Сабакi добрыя, прыстрэлiць рука не паднiмецца, а аддаць няма каму. Усяго чатырнаццаць.

– Гэта не лiчачы курэй, якiя яшчэ засталiся, i дзвюх свiней, - уставiў Ной.

– Свiней засолiм на дарогу, - сказаў бацька.
– Без мяса не паедзеш. Павязём саланiну ў бачурках. Вось i не ведаю, куды ж мы ўсiх пасадзiм, а тут яшчэ прапаведнiк. I цi зможам мы пракармiць лiшнi рот.
– Не павярнуўшы галавы, ён запытаўся: - Як ты думаеш, мацi?

Тая адкашлялася i цвёрда сказала:

– Хiба справа ў тым - цi зможам? Вось цi захочам? Змагчы мы нiчога не зможам - да Калiфорнii нават не даедзем цi куды. А калi добра захочам, дык так i зробiм. I калi ўжо на тое пайшло, дык нашы сем'i даўно ўжо жывуць у гэтых краях, але я не чула яшчэ, каб хто-небудзь з Джоўдаў або Хэзлiтаў адмаўляўся накармiць, прытулiць цi падвезцi чалавека, калi ён просiць. Сярод Джоўдаў пападалiся жмiнды, але такiх яшчэ нiколi не было.

Поделиться с друзьями: