ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Не ведаю. Тыднi два, а калi пашчасцiць, дзён дзесяць. Паслухай, ма, кiнь непакоiцца. Вось я раскажу табе, як людзi жывуць у турме. Пра тое, калi цябе выпусцяць на волю, думаць нельга. З розуму кранешся. Думаць трэба пра сённяшнi дзень, пра заўтрашнi, пра бейсбол якi-небудзь у суботу. Так i трэба жыць. Так жывуць турэмныя старажылы. А навiчкi - тыя лбом аб дзверы б'юцца. Усё лiчаць, колькi iм яшчэ сядзець засталося. Навошта табе гэта? Жывi з дня на дзень.

– I праўда так лепш, - сказала мацi, зняла з плiты i налiла ў начоўкi гарачай вады, кiнула туды брудную бялiзну i пачала мясiць яе ў мыльнай вадзе.
– I праўда так лепш. А ўсё ж прыемна думаць, як добра, напэўна, будзе ў Калiфорнii. Халадоў там не бывае. Скрозь - фрукты, людзi жывуць у прыгожых мясцiнах, у маленькiх беленькiх домiках сярод апельсiнавых дрэў. Вось каб i нам так... я хачу сказаць: калi ўсiм нам знойдзецца праца... можа, i мы зажывём у адным з гэтых беленькiх домiкаў. Малыя выйдуць за парог i будуць рваць апельсiны проста з галiн. Паспрабуй стрымай iх - зойдуцца ад плачу.

Том глядзеў, як яна важдаецца з бялiзнай, i вочы яго смяялiся.

– Табе, я бачу, ад адных такiх думак лягчэй робiцца. Я ведаў аднаго з Калiфорнii. Ён гаварыў неяк iнакш, чым мы. Па гаворцы адразу пазнаеш, што ён здалёку, не з нашых мясцiн. Дык ён расказваў, што там дужа шмат народу набралася, усе працы шукаюць. I яшчэ казаў, што зборшчыкi фруктаў туляцца там у брудных старых халупах, жывуць надгаладзь. Плата малая, работу знайсцi цяжка.

Па твары мацi прабег цень.

– Не, гэта не так, - сказала яна.
– У бацькi ёсць лiсток з такой жоўтай паперы - i там надрукавана, што патрэбны работнiкi. Нiхто ж не браў бы на сябе такi клопат, калi б работы не было. Лiсткi гэтыя немалыя грошы каштуюць. Навошта ж манiць ды яшчэ плацiць за сваю ману?

Том пакруцiў галавой:

– Што я магу сказаць, ма? Зразумець цяжка, чаму гэтак робяць. Можа...
– ён глянуў на двор, на залiтую гарачымi сонечнымi промнямi зямлю.

– Што - "можа"?

– Можа, усё добра будзе, як ты кажаш. А куды дзед знiк? Дзе прапаведнiк?

Мацi пайшла з кухнi, несучы ў абярэмку памытую бялiзну. Том адсунуўся, даючы ёй прайсцi.

– Прапаведнiк сказаў, пахадзiць хоча. А дзед спiць у пакоi. Ён iншы раз сярод дня заходзiць у дом крышачку паляжаць.
– Мацi выйшла на двор i стала накiдваць на дрот выцвiлыя сiнiя камбiнезоны i доўгiя шэрыя споднiкi i кашулi.

Том пачуў у сябе за спiнай шаркатлiвыя крокi i азiрнуўся. Са спальнi выходзiў дзед i, як i ранiцай, вазiўся з гузiкамi на штанах.

– Чую, тут гамоняць, - сказаў ён.
– Сукiны дзецi, паспаць не дадуць. Калi ў вас, шчанюкоў, шэрсць абсохне, тады, можа, зразумееце, што старому чалавеку трэба даць паспаць.
– Яго нецярплiвыя пальцы ўхiтрылiся расшпiлiць два ўжо зашпiленыя гузiкi, i ён забыўся, што хацеў зрабiць. Рука забралася ў прарэх i з задавальненнем паскрэбла пад пахвiнай.

Мацi вярнулася на кухню з мокрымi рукамi, далонi ў яе былi набрынялыя i зморшчаныя ад гарачай вады i мыла.

– Думала, ты спiш, - сказала яна.
– Дай зашпiлю.
– I хоць дзед i адбiваўся, яна ўсё ж утрымала яго i зашпiлiла яму нiжнюю сарочку, кашулю i штаны.
– А то ходзiш - адна любата!
– сказала яна i адпусцiла старога.

Ён злосна замармытаў:

– Дажыў-ткi, дажыў чалавек - ужо зашпiльваюць яго. Дайце мне самому зашпiльваць свае штаны.

Мацi жартаўлiва сказала:

– У Калiфорнii не дадуць табе расхрыстанаму шпацыраваць.

– Не дадуць? Ха! Дык я iм пакажу! Вучыць яшчэ мяне там будуць, як жыць. Захачу - з голым перадам расхаджваць буду, калi ўжо на тое пайшло.

Мацi сказала:

– Такi вольны стаў на язык! Год ад году ўсё горш i горш. Перад табой, вiдаць, казырыцца, Том.

Стары выпнуў шчацiнiсты падбародак i ўставiў на дачку хiтрыя, калючыя, гарэзлiвыя вочкi.

– Так, сэр, - сказаў ён, - хутка ўжо ў дарогу рушым. I, далiбог, праўда, вiнаград там проста гронкамi вiсiць пры дарозе. Ведаеце, што я зраблю? Нарву яго поўны таз i сяду на яго прама ў штанах ды яшчэ патаўкуся, i няхай сок пацячэ па калашынах.

Том засмяяўся:

– Слова гонару, хоць дзвесце гадоў дзеду будзе, яго ўсё роўна не ўтаймаваць. Значыць, дзед, у дарогу пускаемся?

Стары падцягнуў да сябе скрынку i цяжка апусцiўся на яе.

– Так, сэр, - сказаў ён.
– Даўно пара. Брат мой сорак гадоў таму назад туды паехаў. З таго часу ад яго нi гуку. Прайдзiсвет быў, сукiн кот. Нiхто яго не любiў. Уцёк з маiм адназарадным кольтам. Вось сустрэнуся з iм або з яго дзецьмi, калi ён iмi абзавёўся ў Калiфорнii, i запатрабую назад свой кольт. Я яго ведаю, гэтую кукушку: калi дзецi ў яго i былi, дык жывуць яны ў чужых гнёздах, куды ён iх падкiнуў, так у чужых i жывуць. Канешне, я з радасцю паеду ў Калiфорнiю. Там, адчуваю, памаладзею. Як прыеду - адразу на збор фруктаў.

Мацi кiўнула галавой:

– Дзед гэтак i зробiць. Ён толькi апошнiя тры месяцы не працуе - з таго дня, як бядро сабе скруцiў.

– Святая праўда, - пацвердзiў дзед.

Седзячы на прыступцы, Том паглядзеў праз двор.

– Вунь i прапаведнiк iдзе, аднекуль з-за свiрна.

Мацi сказала:

– Нiколi не чула такой незвычайнай малiтвы, як сёння ранiцай. Гэта ж не малiтва была. Проста гаварыў, але гучала, як малiтва.

– Нейкi ён дзiвакаваты. I гаворыць дзiўна. Быццам размаўляе сам з сабой. Але не дзеля таго, каб заваражыць i набiць сабе цану.

– А ты глянь на яго вочы, - сказала мацi.
– Быццам ласка боская на яго сышла. Словы яго проста ў душу даходзяць. Ён як богам блаславёны. Ходзiць, апусцiўшы галаву, i ўсё пад ногi сабе пазiрае. На iм нябеснае бласлаўленне. Яна змоўкла, бо Кейсi падыходзiў ужо да дзвярэй.

– Сонечны ўдар схопiш - расхаджваеш па такой спёцы, - сказаў яму Том.

Кейсi адказаў:

– Ага... усё можа быць...
– I раптам загаварыў, звяртаючыся да ўсiх разам, - да мацi, да дзеда, да Тома.
– Мне таксама трэба на Захад. Абавязкова трэба. Можа, вы возьмеце мяне з сабой?
– Ён сам здзiвiўся з сваiх слоў i застыў на месцы перад iмi.

Мацi пытальна паглядзела на Тома, бо адказваць павiнен быў ён - мужчына, але Том маўчаў. Даўшы яму час скарыстаць сваё права, мацi нарэшце сказала:

– Нам гэта вялiкi гонар. Але цяпер, разумееце, я вам нiчога абяцаць не магу. Бацька сказаў, сёння ўвечары мужчыны ўсё абгавораць i вырашаць, калi ехаць. Давайце лепш пачакаем, пакуль усе не збяруцца - i Джон, i бацька, i Ной, i Том, i дзед, i Эл з Конi. Усё i вырашаць, як толькi ўсе вернуцца. Калi месца будзе, нам гэта, вядома ж, вялiкi гонар.

Прапаведнiк уздыхнуў.

– Усё роўна я пакiрую туды, - сказаў ён.
– Што тут робiцца! Я пахадзiў дамы пустыя, зямля пустая, усё наваколле апусцела. Тут я не застануся. Пайду туды, куды ўсе iдуць. Буду ў полi працаваць i, можа, зарадуюся.

– А прапаведаваць будзеш?
– запытаўся Том.

– Прапаведаваць не буду.

– I хрысцiць не будзеш?

– I хрысцiць не буду. Я ў полi працаваць буду, на зялёных палях, увесь час з людзьмi буду. Вучыць iх болей не стану. Сам лепш павучуся. Дазнаюся, чаму людзi ходзяць у густую траву, прыслухаюся, як яны гавораць, паслухаю iхнiя песнi. Пачую, як дзецi ядуць маiсавую кашу. Як муж з жонкай таўкуць матрацы па начах. Буду есцi з людзьмi, вучыцца ў iх.
– Вочы яго былi вiльготныя i блiшчалi.
– I сам паваляюся ў траве з той, што пажадае легчы са мной, адкрыта, без хiтрыкаў. I клясцiся буду, i бажыцца, i ўслухоўвацца ў паэзiю людской мовы. Усё гэта святое - раней я не разумеў. Гэта ўсё - даброты жыцця.

Поделиться с друзьями: