ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Мацi сказала:

– А-мiн.

Прапаведнiк цiхмяна сеў на калоду каля дзвярэй.

– Не ведаю, што яшчэ рабiць адзiнокаму чалавеку.

Том далiкатна кашлянуў.

– Калi чалавек вырашыў больш не прапаведаваць...
– пачаў быў ён.

– Ат, я проста занадта гаваркi, - сказаў Кейсi.
– Нiяк ад гэтага не магу збавiцца. Але прапаведаваць не буду. Прапаведаваць - гэта значыць нешта тлумачыць людзям. А я задаю iм пытаннi. Хiба гэтак прапаведуюць?

– А я ведаю?
– адказаў Том.
– Пропаведзь - гэта i тон голасу, i пэўны погляд на рэчы. Пропаведзь - справа добрая, калi толькi пасля яе не хочацца забiць прапаведнiка. У мiнулыя Каляды прыйшлi да нас у Макалестар з Армii Выратавання. Тры гадзiны бiтыя iгралi на карнетах, а мы сядзiм i слухаем. Абыходзiлiся з намi ласкава, а паспрабуй хто з нас падняцца i пайсцi, адразу карцэр заробiш. Вось табе i пропаведзь! Улагоджвалi людзей нявольных, якiя не могуць даць iм па карку за такую пропаведзь. Не, якi ты прапаведнiк! Глядзi толькi не ўздумай тут на карнеце iграць.

Мацi падкiнула голля ў агонь.

– Зараз вы перакусiце, вось толькi малавата ў мяне.

Дзед выцягнуў на двор сваю скрыню, сеў на яе i прыхiнуўся да сцяны. Цень ад дзённага сонца падаў ужо на двор.

Грузавiк вярнуўся пад вечар, падскокваючы i грукочучы ў клубах пылу. Пыл пластом ляжаў на насцiле кузава, i капот быў увесь укрыты iм, а фары слаба свяцiлiся, нiбы зацярушаныя чырвонай мукой. Сонца садзiлася, i ў яго апошнiх промнях зямля была чырвоная, як кроў. Эл сядзеў, прынiкшы да руля, горды, сур'ёзны i дзелавiты, а бацька з дзядзькам Джонам займалi ганаровыя месцы побач з вадзiцелем. Стоячы ў кузаве i трымаючыся за планкi бартоў, ехалi астатнiя: дванаццацiгадовая Руцi i дзесяцiгадовы Ўiнфiлд - мурзатыя i дзiкiя, вочы стомленыя, але поўныя захаплення, пальцы i куткi рота чорныя i клейкiя ад лакрычных ледзянцоў, якiя яны выкленчылi ў бацькi ў горадзе. Руцi, у доўгай, за каленi, сукенцы з ружовага мiткалю, трымалася, як паненка. Але Ўiнфiлд быў яшчэ дзiця - з тых, што бегаюць смаркатыя, падоўгу бавяцца недзе за свiрнам, падбiраюць i кураць чужыя недакуркi. Тады як Руцi ўжо разумела, якую годнасць ёй надаюць, якую адказнасць на яе накладаюць пачаўшыя ўжо прыкметна выдавацца грудзi, Уiнфiлд быў яшчэ гарэзлiвы i дурненькi, як цялятка, хлапчук. Побач з iмi, лёгка абапiраючыся на дошкi борта, стаяла Ружа Сарона. Стараючыся захаваць раўнавагу, яна пагойдвалася на насках, прымаючы штуршкi грузавiка каленямi i бёдрамi. Ружа Сарона была цяжарная i таму вельмi асцерагалася. Яе валасы, заплеценыя ў косы, ляжалi светла-попельнай каронай вакол галавы. На круглявым твары, такiм пачуццёвым i прываблiвым яшчэ толькi некалькi месяцаў назад, цяпер паявiлася ўжо адчужанасць цяжарнасцi, самазадаволеная ўсмешка, упэўнены i горды выраз, i яе поўнае цела - налiтыя мяккiя грудзi i жывот, крутыя клубы i ягадзiцы, якiя раней так спакуслiва пагойдвалiся, нiбы запрашаючы пляснуць па iх далонню цi пагладзiць, - усё яе цела набыло адбiтак стрыманасцi i самавiтасцi. Усе яе думкi былi скiраваныя ў сябе ўнутр, на дзiця, ва ўсiх яе рухах выяўляўся клопат пра яго. Дзеля яго яна цяпер старалася захаваць раўнавагу, стоячы на насках. Ёй здавалася, што ўвесь свет носiць у сваiм лоне плод, i мыслiла яна толькi з пункту гледжання прадаўжэння роду i мацярынства. Яе дзевятнаццацiгадовы муж, Конi, якi ўзяў за жонку пухленькае i палкае дзяўчо-гарэзу, спалохана i недаўменна прыглядаўся да перамены, якая адбылася з ёю, бо цяпер не было ўжо нi кашэчай валтузнi ў пасцелi, нi кусання i драпання, нi прыглушаных смяшкоў i заключных слёз. Ён бачыў перад сабой стрыманую, абачлiвую i мудрую iстоту, якая сарамлiва ўсмiхалася яму, але не ўступала. Конi ганарыўся Ружай Сарона i баяўся яе. Як толькi выпадаў момант, ён дакранаўся да яе рукой, стаяў блiзка, зусiм блiзка, каб адчуць целам яе бядро цi плячо, i гэта жывiла пачуццё блiзкасцi, якое магло зусiм пакiнуць яго. Конi быў хударлявы, з рэзкiмi рысамi твару юнак тэхаскай пароды, i яго блакiтныя вочы то гарэлi пагрозаю, то свяцiлiся ласкаю, то цямнелi ад страху. Ён быў добры, старанны працаўнiк i мог бы стаць добрым мужам. Ён выпiваў, але ў меру, пускаў у ход кулакi, калi iнакш было нельга, нiколi не выхваляўся. На людзях паводзiў сябе цiха, i ўсё ж яго прысутнасць адчувалася, з iм лiчылiся.

Калi б дзядзьку Джону не было пяцiдзесяцi i не быў бы ён па праву роднасцi адным з важакоў сям'i, ён палiчыў бы за лепшае адмовiцца ад пачэснага месца побач з вадзiцелем i з радасцю ўступiў бы яго Ружы Сарона. Але гэта выключалася, бо яна была яшчэ маладая, i да таго ж жанчына. Дзядзька Джон адчуваў сябе нiякавата, засяроджаныя, неспакойныя вочы яго глядзелi тужлiва, i ў моцным хударлявым целе адчувалася напружанасць. Амаль усё жыццё адзiнота адгароджвала яго ад людзей, ад натуральных чалавечых пачуццяў. Але пачуццi спелi, збiралiся ўсярэдзiне i нарэшце вырывалiся вонкi. Тады ён прагна накiдваўся на ежу i аб'ядаўся да рвоты, або глушыў самагон цi вiскi, пакуль не ператвараўся ў бяссiльнага паралiтыка з чырвонымi слязiстымi вачамi, альбо пажадлiва распуснiчаў з якой-небудзь шлюхай у Салiсе. Пра яго расказвалi, што аднойчы ён дабраўся да самага Шоўнi i паклаў адразу трох прастытутак у адну пасцель i цэлую гадзiну шумна валтузiўся з трыма абыякавымi жаночымi целамi. Але, чым-небудзь насыцiўшыся, дзядзька Джон хадзiў сумны, прысаромлены i, як i раней, адзiнокi. Хаваўся ад людзей i стараўся загладзiць сваю вiну падарункамi. Крадком забiраўся ў дамы i засоўваў дзецям пад падушкi жавальныя гумкi, сек дровы i не браў за гэта грошай. Раздаваў другiм усё, што ў яго было, - сядло, каня, пару новых чаравiкаў. Тады нiкому не ўдавалася пагаварыць з iм, бо ён уцякаў, а калi сутыкаўся з людзьмi твар у твар, ён сцiнаўся i паглядаў на iх спалоханымi вачамi. Смерць жонкi i доўгiя месяцы самоты, што настала пасля таго, далi свой плён - згрызоты сумлення i сорам, i адзiноту яго нiшто не магло парушыць.

Але было i такое, чаго ён нiяк не мог пазбегнуць. I вось цяпер дзядзька Джон едзе побач з вадзiцелем, бо ён быў адным з галоў сям'i, а сям'ёй трэба кiраваць.

Тры чалавекi, што сядзелi ў кабiне, панура вярталiся дамоў па пыльнай дарозе. Эл, схiлiўшыся над рулём, паглядаў то на дарогу, то на прыборны шчыток - сачыў за стрэлкай амперметра, якая падазрона падрыгвала, за iндыкатарамi ўзроўню гаручага i нагрэву. I ён у думках адзначаў слабыя месцы ў паводзiнах машыны. Прыслухоўваўся да падвывання - можа, у заднiм мосце не хапае масла; чуйным вухам сачыў за работай клапанаў. Ён трымаў руку на рычагу пераключэння скорасцей, адчуваючы далонню работу механiзма счаплення. Нацiскаў на педаль правяраў тармазныя калодкi. Можа, Эл iншы раз i блудзiў, як казёл, але цяпер ён адчуваў сваю вялiкую адказнасць - за грузавiк, за яго ход, за яго стан. Калi што-небудзь разладзiцца, гэта будзе яго вiна, i хоць нiхто не скажа яму i слова папроку, усе, i найперш сам Эл, будуць ведаць, што вiнаваты ён. I Эл правяраў машыну, сачыў за ёю, прыслухоўваўся да яе. Твар яго быў сур'ёзны, поўны пачуцця адказнасцi. I ўсе паважалi яго i тую адказнасць, з якой ён ставiўся да свайго абавязку. Нават бацька - галава сям'i - з ахвотай узяў бы гаечны ключ i выканаў бы распараджэннi Эла.

Усе на грузавiку былi змораныя. Руцi i Ўiнфiлд стамiлiся ад вулiчнага тлуму, ад натоўпу, ад вымольвання ў бацькi лакрычных ледзянцоў; яны стамiлiся ад таго захаплення, якое выклiкаў у iх дзядзька Джон, калi ён употайкi соваў iм у кiшэнi жавальныя гумкi.

I людзi, што сядзелi побач з вадзiцелем, былi змораныя, узлаваныя i сумныя, бо iм удалося выручыць толькi васемнаццаць даляраў за ўсю рухомасць з фермы - за коней, за фургон, за iнвентар i за ўсю мэблю. Васемнаццаць даляраў. Яны навалiлiся на скупшчыка, спрачалiся з iм, але адступiлi, калi iнтарэс яго раптам звяў i ён заявiў, што яму нiчога не трэба нi за якую цану. Тады яны зразумелi, што прайгралi, здалiся i атрымалi на два даляры менш, чым скупшчык прапанаваў iм спачатку. I цяпер яны ехалi стомленыя i запалоханыя, бо iм давялося сутыкнуцца з рэчаiснасцю, якую яны не разумелi, i рэчаiснасць гэтая перамагла. Яны ведалi, што запрэжка з фургонам каштуюць куды даражэй. Яны ведалi, што скупшчык выручыць за iх значна больш, але як зрабiць гэта самiм, заставалася загадкай. Гандаль быў для iх таямнiцай.

Пераводзячы вочы з дарогi на прыборны шчыток, Эл сказаў:

– Малойчык гэты не тутэйшы. Гаворка ў яго не мясцовая. I адзежа таксама нейкая не такая.

I бацька паяснiў:

– Калi я заходзiў у скабяную краму, я гутарыў там са знаёмымi. I яны сказалi, што шмат такiх сюды наехала, скупляюць усё, што людзi вязуць на продаж перад ад'ездам. Заезджыя гэтыя парадкам нажываюцца на нас. А мы зрабiць не можам нiчога. Можа, трэба было Томi з намi паехаць. Ён, магчыма, даражэй прадаў бы.

Джон сказаў:

– Але ж скупшчык i браць нiчога не хацеў. Не назад жа цягнуць.

– Мае знаёмыя там, у краме, наконт гэтага мне гаварылi, - сказаў бацька. Скупшчыкi заўсёды гэтак робяць. Запужваюць людзей. Мы проста не ведаем, як з iмi справу весцi трэба. Мацi вельмi засмуцiцца. Зазлуе i засмуцiцца.

Эл сказаў:

– А калi ты, та, думаеш ехаць?

– Яшчэ не ведаю. Вечарам усё абмяркуем i вырашым. Я рады, што Том вярнуўся. З душы камень звалiўся. Том добры хлапец.

– Тут адзiн казаў, што Том даў падпiску. I быццам бы праз гэта яму нельга адлучацца з нашага штата, а калi паедзе i пападзецца, дык яго на тры гады пасадзяць.

Бацька здрыгануўся:

– Так i сказалi? Як табе здалося - яны ведаюць, што кажуць? Можа, проста трэплюцца?

– Хто iх ведае. Яны гаварылi мiж сабой, а я не выдаў iм, што ён мой брат. Стаяў побач i слухаў.

Бацька сказаў:

– Божа мой, не думаю, што гэта праўда! Нам без Тома нiяк. Я спытаюся ў яго. Непрыемнасцей i без таго досыць - не хапае яшчэ, каб за намi гналiся. Спадзяюся, гэта няпраўда. Трэба з iм пагаварыць начыстую.

Дзядзька Джон сказаў:

– Том сам ведае, як яму быць.

Усе змоўклi. Грузавiк грукатаў па дарозе. Матор барахлiў, стукацеў, тармазныя цягi бразгаталi. Колы парыпвалi, як драўляныя, са шчылiны ў каўпачку радыятара струменьчыкам вырывалася пара. За грузавiком вiўся чырвоны слуп пылу. Ён з грукатам адолеў апошнi пад'ём, калi палова сонечнага дыска яшчэ вiсела над рысай гарызонту, i, нырнуўшы ўнiз, пад'ехаў да дома, калi сонца зусiм схавалася. Тармазы завiшчалi, i гук гэты адцiснуўся ў Элавым мазгу словамi: "Усё - пракладка паехала".

Руцi i Ўiнфiлд з вiскам пералезлi цераз борт i саскочылi на зямлю. Яны крычалi:

– Дзе ён? Дзе Том?
– I раптам убачылi яго каля дзвярэй i збянтэжана спынiлiся, потым паволi падышлi i нясмела зiрнулi на брата.

I калi Том сказаў: - Вiтанне, малыя, як справы?
– яны адказалi:

– Вiтанне! У нас усё добра, - i, стаўшы ўбаку, пачалi разглядаць свайго вялiкага брата, якi забiў чалавека i сядзеў за гэта ў турме. Iм прыгадалася, як яны гулялi ў турму ў куратнiку i ваявалi мiж сабой за права быць арыштантам.

Конi Рыверс зняў з задняга борта высокую папярэчыну, саскочыў з грузавiка i памог Ружы Сарона злезцi; i яна з годнасцю прыняла яго дапамогу i ўсмiхнулася сваёй усёведнай, самазадаволенай усмешкай, неяк манерна скрывiўшы куткi губ.

Том сказаў:

– Ды гэта ж Разашарна! А я не ведаў, што ты разам з iмi прыедзеш.

– Мы iшлi пеша, - сказала яна.
– Машына нас дагнала i падвезла.
– I дадала: - Пазнаёмся з Конi, маiм мужам.
– Яна прамовiла гэта, як велiкасвецкая дама.

Поделиться с друзьями: