Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
– У дождж, - сказаў ён, - падвяжам яго да верхнiх планак, няхай лезуць пад нiз, там не прамокнуць. А нам у кабiне дождж не страшны.
Бацька пляснуў у далонi:
– Во галава!
– Гэта яшчэ не ўсё, - сказаў Эл.
– Вось знайду доўгую жэрдку, падапру ёю брызент. Будзе як палатка, не пячыся ж на сонцы.
Бацька зноў ухвалiў:
– Во галава! Чаму раней не прыдумаў?
– Не было калi, - адказаў Эл.
– Не было калi? А валачыцца па ўсiм наваколлi было калi? Адзiн бог ведае, дзе ты прападаў апошнiя два тыднi.
– Трэба ж было перад ад'ездам усё закруглiць - без гэтага не бывае, прамовiў Эл ганарыста. Потым неяк звяў i запытаўся: - А ты рады, та, што мы едзем?
– Га? Ну... рады, канешне. Ва ўсякiм разе... так. Тут нам цяжка даводзiлася. А там усё будзе iнакш - работы хоць завалiся, усё такое прыгожае, зялёнае, i домiкi беленькiя, навокал - апельсiнавыя дрэвы.
– Там што, усюды апельсiны растуць?
– Ну, можа, i не ўсюды, але ж шмат дзе.
Неба пашарэла ў перадсвiтальным святле. Зборы скончылiся - бачуркi з саланiнай стаялi напагатове, клетку з курамi заставалася толькi паставiць на самы верх грузавiка. Мацi адкрыла духоўку i выняла адтуль засмажаныя косткi, на якiх было яшчэ даволi мяса, падрумяненага, хрусткага. У паўсне Руцi спаўзла са скрынкi i зноў моцна заснула. Але старэйшыя стаялi каля дзвярэй, зябка пакурчвалiся i грызлi хрусткiя косткi.
– Бадай, час ужо бабку з дзедам будзiць, - сказаў Том.
– Бярэцца на дзень.
Мацi сказала:
– Не хочацца iх падымаць, пабудзiм перад самым ад'ездам. Няхай яшчэ паспяць. Руцi з Уiнфiлдам таксама як след не выспалiся.
– Адаспяцца ў дарозе, - сказаў бацька.
– Там, наверсе, добра i ўтульна.
Сабакi раптам ускочылi з пыльнай зямлi i навастрылi вушы. Потым шалёна забрахалi i кiнулiся ў цемру.
– Каго чорт нясе?
– здзiвiўся бацька. Праз момант пачуўся нечы голас, якi заспакойваў сабак, i тыя, хоць яшчэ i брахалi, але ўжо не так злосна. Нехта iшоў, падыходзiў. Гэта быў М'юлi Грэйуз з насунутым на самыя вочы капелюшом.
Ён нясмела падышоў блiжэй i павiтаўся:
– Добрага ранку, людзi.
– А, М'юлi!
– Памахаў бацька бядровай косткай.
– Заходзь, М'юлi, частуйся свежанiнкай.
– Не, - сказаў М'юлi, - я не галодны.
– Давай, М'юлi, частуйся. Пагрызi.
– Бацька ўвайшоў у кухню, вярнуўся i падаў яму цэлую жменю свiных рабрынак.
– Я не есцi вашы косткi сюды завiтаў, - сказаў М'юлi.
– Iшоў мiма, прыгадаў, што вы едзеце, дай, думаю, зайду, развiтаюся.
– Хутка рушым, - сказаў бацька.
– Праз гадзiну ты ўжо нас тут не знайшоў бы. Усё ўпакавана - бачыш?
– Усё ўпакавана, - М'юлi паглядзеў на нагружаную машыну.
– Часам i мне хочацца паехаць, сваiх пашукаць.
Мацi сказала:
– А яны пiсалi табе з Калiфорнii?
– Не, - адказаў М'юлi.
– Нiчога не пiсалi. Праўда, на пошце я не пытаўся. Калi-небудзь схаджу.
Бацька сказаў:
– Эл, пайдзi пабудзi бабку з дзедам. Скажы, каб прыйшлi паелi. Неўзабаве едзем.
– I калi Эл пакрочыў да свiрна, сказаў: - А не хацеў бы ты, М'юлi, залезцi з намi на грузавiк i паехаць? Мы як-небудзь пацяснiмся.
М'юлi адкусiў мяса ад краю рабрыны i пачаў жаваць.
– Часам i мне самому здаецца, паехаў бы, - сказаў ён.
– Але знаю, не паеду. Я сябе ведаю: у апошнюю хвiлiну ўцяку i затаюся, як здань на могiлках.
Умяшаўся Ной:
– Калi-небудзь памрэш проста ў полi, М'юлi.
– Сам ведаю. Ужо думаў пра гэта. Бывае вельмi тужлiва аднаму, нiштавата бывае, а бывае i зусiм добра. Ды што гаварыць! Калi вам стрэнуцца мае - я гэта прыйшоў сказаць, - калi вам хто з iх стрэнецца ў Калiфорнii, скажыце, што мне добра. Скажыце, у мяне ўсё добра. Не выдавайце iм, як я жыву. Скажыце: вось заробiць грошай i прыедзе.
– I праўда прыедзеш?
– запыталася мацi.
– Не, - цiха адказаў М'юлi.
– Не, не прыеду. Мушу тут заставацца. Раней, можа, i паехаў бы. А цяпер не. Я шмат што перадумаў, шмат што зразумеў. Цяпер ужо нiкуды не паеду.
Пачало крыху вiднець. Агонь лiхтароў пабляк. Вярнуўся Эл з дзедам, якi ледзь цягнуўся, накульгваючы, за iм.
– Ён не спаў, - сказаў Эл.
– Сядзеў адзiн за свiрнам. З iм нешта не ў парадку.
Вочы ў дзеда былi нейкiя цьмяныя, зласлiва задзiрлiвы агеньчык у iх патух.
– Са мной нiчога, - сказаў ён.
– Проста ехаць не хачу.
– Ты не паедзеш?
– здзiвiўся бацька.
– Як гэта так, не паедзеш? У нас усё ўжо сабрана, усё гатова. Трэба ехаць. Тут нам нельга заставацца.
– Хто кажа, каб вы заставалiся? Садзiцеся i едзьце сабе. А я... я застаюся. Я ледзь не ўсю ноч прадумаў. Гэта мой край. Маё месца тут. I начхаць мне на вiнаград i на апельсiны, хоць там iмi завалiся. Я не еду. Гэта мой край, хоць шчасця тут мала. Вы давайце едзьце. А я дзе жыў, там i буду жыць.
Усе стоўпiлiся вакол старога. Бацька сказаў:
– Так нельга, дзед. Усю гэтую зямлю хутка зааруць трактарамi. А хто гатаваць табе будзе? Як ты жыць будзеш? Не, заставацца табе тут нiяк нельга. Не будзе каму клапацiцца пра цябе, ты з голаду памрэш.
Дзед усклiкнуў:
– Во, сказаў! Я хоць i стары, але змагу сам пра сябе паклапацiцца. А як тут М'юлi жыве? I я гэтаксама буду. Я сказаў - не паеду, i ўсё. Бярыце бабку з сабой, калi хочаце, а мяне пакiньце - i справе канец.
Бацька разгублена сказаў:
– Паслухай, дзед. Ну паслухай хвiлiнку!
– I слухаць не хачу. Я ўжо сказаў табе, як будзе.
Том крануў бацьку за плячо:
– Та, зойдзем у дом. Хачу табе нешта сказаць.
– I калi яны пайшлi да дома, Том на хаду крыкнуў: - Ма, iдзi сюды на хвiлiнку!
На кухнi гарэў адзiн лiхтар, на стале стаяла талерка, яшчэ поўная свiных костак. Том сказаў:
– Паслухайце. Дзед, вядома, мае права вырашаць - ехаць цi не ехаць, але яму нельга тут заставацца. Гэта ж ясна.
– Ясна, - сказаў бацька.
– Дык вось што. Калi яго ўзяць сiлай i звязаць, можна яго пакалечыць альбо ён так ашалее, што сам сябе знявечыць. Добра было б напаiць яго, тады ўсё ўладзiцца. У вас ёсць хоць крышачку вiскi?
– Няма, - адказаў бацька.
– Нi кроплi. У Джона таксама няма. Калi ён не ў запоi, спiртнога дома не трымае.
Мацi сказала:
– У мяне, Том, засталася бутэлька снатворнага, яшчэ з тае пары, як Уiнфiлду вушы балелi. Думаеш, падзейнiчае? Я давала яму глынуць, i ён адразу засынаў.