ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Бацька перабiў:

– А калi месца няма?
– Выкруцiўшы шыю, ён глянуў на яе, i яму зрабiлася сорамна. Яму стала сорамна ад яе слоў.
– Ну праўда ж, а калi месца не хопiць у грузавiку, што тады?

– Месца i так не хапае, - адрэзала мацi.
– Месца ёсць толькi шасцярым, а нас дванаццаць. Адным больш цi менш - невялiкая рознiца. Моцны, здаровы мужчына нiколi не будзе абузай. I другi раз, калi так здарыцца, што ў нас будуць дзве свiннi i больш за сто даляраў грошай i мы задумаемся, цi зможам пракармiць чалавека...
– Яна не дагаварыла, i бацька адвярнуўся ад яе, пакрыўджаны такой праборкай.

Умяшалася бабка:

– З прапаведнiкам нам будзе лепш. Сёння ранiцай ён добрую малiтву прачытаў.

Бацька пераводзiў позiрк з аднаго твару на другi, шукаючы прыкмет расколу, i нарэшце сказаў:

– Можа, пойдзеш, Томi, паклiчаш яго. Калi ўжо ён едзе з намi, яго месца тут.

Том падняўся з кукiшак i пайшоў да дома, на хаду клiчучы:

– Кейсi! Гэй, Кейсi!

З-за дома пачуўся прыглушаны голас. Том завярнуў за вугал i ўбачыў прапаведнiка, якi сядзеў на зямлi, прыхiнуўшыся спiнай да сцяны, i глядзеў на вячэрнюю зорку, што мiгцела на бязважкiм небе.

– Ты клiкаў мяне?
– запытаўся Кейсi.

– Цябе. Мы вырашылi: раз ты едзеш з намi, дык мусiш з намi i быць паможаш усё абдумаць.

Кейсi падняўся на ногi. Ён ведаў, што такое сямейная рада, i зразумеў, што яго прынялi ў сям'ю. Становiшча, якое ён цяпер заняў, было высокае, бо, калi ён падышоў, дзядзька Джон адсунуўся ўбок, аслабанiўшы яму месца памiж сабой i братам. Кейсi па прыкладу астатнiх мужчын таксама сеў на кукiшкi тварам да дзеда, якi засядаў, як на троне, на падножцы грузавiка.

Мацi зноў пайшла ў дом. Пачуўся ляск металiчнай крышкi лiхтара, i ў цёмнай кухнi ўспыхнула жаўтаватае святло. Калi яна падняла накрыўку вялiкага рондаля, з дзвярэй патыхнула вараным мясам i бацвiннем. Усе чакалi, калi мацi выйдзе на цёмны двор, бо сярод гэтай купкi людзей яе голас многа што значыў.

– Трэба абдумаць, калi нам ехаць, - сказаў бацька.
– Чым хутчэй, тым лепш. Засталося забiць свiней, засалiць мяса i ўпакавацца. Чым хутчэй усё зробiм, тым лепш.

Калi энергiчна ўзяцца за справу, дык заўтра ўсё будзе гатова i паслязаўтра, як развiднее, можна выпраўляцца, - падтрымаў бацьку Ной.

Дзядзька Джон запярэчыў:

– Днём, у гарачыню, мяса не астыне. Што з цёплай свежанiнай рабiць будзем?

– Тады зоймемся гэтым сёння. За ноч астыне. Крышачку ж астыне. Павячэраем i зарэжам. Соль у нас ёсць?

Мацi адказала:

– Ёсць. Солi многа. Дзве добрыя бочачкi.

– Тады так i зробiм, - сказаў Том.

Дзед заёрзаў на падножцы, намагаючыся падняцца.

– Зусiм сцямнела, - сказаў ён.
– Есцi хочацца. Вось прыеду ў Калiфорнiю, увесь час буду хадзiць з вялiзнай гронкай вiнаграду ў руцэ i - у рот, i - у рот, далiбог!
– Нарэшце ён падняўся; паўставалi i ўсе астатнiя мужчыны.

Руцi i Ўiнфiлд, як апантаныя, скакалi ў пыле. Руцi сiпла прашаптала брату:

– Заб'ём свiней i ў Калiфорнiю! Заб'ём i паедзем - усе адразу.

А Ўiнфiлд зусiм ашалеў - прыставiў палец да горла, страшна скрывiў твар i завiхляўся, цiха ўскрыкваючы:

– Я старая свiння. Глянь! Я свiння. Бачыш, колькi крывi, Руцi!
– Ён пахiснуўся, грымнуўся на зямлю i слаба задрыгаў рукамi i нагамi. Але Руцi была крыху старэйшая за яго i адчувала незвычайнасць таго, што адбываецца.

– I ў Калiфорнiю!
– паўтарыла яна. Яна ведала: такiх вялiкiх падзей у яе жыццi яшчэ не было.

Дарослыя пайшлi ў густым прыцемку да асветленай кухнi, i мацi падала iм на алавяных талерках мяса з бацвiннем. Але перш чым самой сесцi за ежу, яна паставiла на плiту вялiкi круглы чан i распалiла яркi агонь у топцы. Потым прынесла некалькi вёдраў вады, налiла чан даверху i паставiла вакол яго яшчэ некалькi поўных вёдраў. Усе спехам паелi i выйшлi з кухнi, каб пасядзець на прыступцы каля дзвярэй, пакуль не закiпiць вада. Яны сядзелi, пазiраючы ў цемру i на светлы квадрат, што падаў ад лiхтара на зямлю праз праём дзвярэй; пасярэдзiне гэтага квадрата чарнеўся згорблены цень дзеда. Ной старанна калупаў саломiнкай у зубах. Мацi i Ружа Сарона мылi талеркi i ставiлi iх горкай на стол.

I раптам усе як адзiн узялiся за справу. Бацька падняўся i запалiў другi лiхтар. Ной дастаў са скрынкi на кухнi крывы мяснiковы нож i падвастрыў яго на крэмнiевым бруску. Тады паклаў нож i скрэбла на калоду, што стаяла каля дзвярэй на двары. Бацька прынёс дзве тоўстыя палкi тры футы даўжынёй, завастрыў iх з абодвух канцоў сякерай i абвязаў пасярэдзiне моцнай вяроўкай косым крыжам.

Ён прабурчаў:

– Дарэмна прадалi ворчыкi, нiводнага не засталося.

Вада на плiце клекатала, над ёю клубiлася пара.

Ной запытаўся:

– Ваду туды панясём цi свiней сюды пацягнем?

– Свiней сюды, - адказаў бацька.
– Свiння не кiпецень, яе не расплюхаеш i не апарышся. Вада ўся закiпела?

– Амаль уся, - адказала мацi.

– Добра. Ной, i вы, Том з Элам, пойдзем са мной у хлеў. Я лiхтар панясу. Там зарэжам i прыцягнем сюды.

Ной узяў з калоды нож, Эл - сякеру, i ўсе чацвёра пакiравалi да хлява; ногi iх то вынiкалi з цемры ў святле лiхтара, то знiкалi ў ёй. Руцi i Ўiнфiлд панеслiся подскакам за iмi. Падышоўшы да свiнушнiка, бацька нахiлiўся над загарадкай i падняў лiхтар. Сонныя маладыя свiннi, насцярожана рохкаючы, паднялiся на ногi. Дзядзька Джон i прапаведнiк падышлi памагчы.

– Добра, - сказаў бацька.
– Бiце iх. Потым пацягнем да дома, там спусцiм кроў i апарым.

Ной з Томам пераступiлi цераз загарадку i зрабiлi сваю справу спрытна i хутка. Том ударыў два разы абухом, а Ной нахiлiўся над паваленымi свiннямi, намацаў артэрыю, успароў яе сваiм крывым нажом i пусцiў кроў. Потым свiней, якiя яшчэ пранiзлiва вiшчалi, перавалiлi цераз загарадку. Адну свiнню пацягнулi за заднiя ногi прапаведнiк i дзядзька Джон. Другую - Том з Ноем. Бацька iшоў за iмi з лiхтаром, i ў пыле працягнулiся дзве дарожкi чорнай крывi.

Каля дома Ной аддзялiў нажом сухажылле на заднiх нагах, ногi развялi ў бакi распоркамi i павесiлi тушы на бэлькi, што выступалi з-пад навеса даху. Тады мужчыны прынеслi вар i апарылi чорныя свiныя тушы. Ной успароў iх удоўжкi i выпатрашыў вантробы на зямлю. Бацька завастрыў яшчэ дзве распоркi, каб лепш правялiлася мяса, а Том скрэблам i мацi тупым канцом нажа счысцiлi шчацiнне. Эл прынёс пустое вядро, укiнуў туды рыдлёўкай вантробы i пайшоў выкiнуць iх далей ад дома; за iм, гучна мяўкаючы, пабеглi дзве кошкi, сабакi таксама кiнулiся за iм, цiха пагыркваючы на кошак.

Поделиться с друзьями: