ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Бацька сядзеў на прыступцы, паглядваючы на свiныя тушы, на якiя падала святло лiхтара. Шчацiнне ўсё саскрэблi, i цяпер толькi рэдкiя кроплi крывi падалi ў чорную лужыну на зямлi. Бацька падняўся, падышоў да падвешаных туш i памацаў iх рукамi, тады зноў сеў каля дзвярэй. Дзед з бабкай пайшлi спаць у свiран, у руцэ ў дзеда быў лiхтар са свечкай. Астатнiя моўчкi сядзелi каля дзвярэй. Конi, Эл i Том - проста на зямлi, прыхiнуўшыся спiнамi да сцяны, дзядзька Джон на скрынi, бацька на прыступцы. Толькi мацi i Ружа Сарона яшчэ круцiлiся на кухнi. Руцi i Ўiнфiлд ледзь змагалiся са сном. Яны вяла спрачалiся ў цемры. Ной i прапаведнiк прыселi побач на кукiшкi тварам да дома. Бацька неспакойна пачухаўся, зняў капялюш i запусцiў пальцы ў валасы.

– Заўтра ўраннi засолiм свiнiну, потым пагрузiм усё на грузавiк, акрамя ложкаў, i паслязаўтра ранiцай пусцiмся ў дарогу. Работы i на дзень не хопiць, - сказаў ён няцвёрда.

Том перабiў яго:

– Вось i будзем цэлы дзень сланяцца, шукаючы, што б такое зрабiць. Астатнiя мужчыны неспакойна заварушылiся.
– Можна было б скончыць зборы да свiтання i ехаць, - выказаў думку Том. Бацька пацёр далонню калена. I раптам усiх ахапiла нецярплiвасць.

Ной сказаў:

– Можа, мясу нiчога не зробiцца, калi яго проста зараз i засалiць. Парэжам на кавалкi, гэтак яшчэ хутчэй астыне.

Дзядзька Джон першы загаварыў рашуча:

– Чаго тут сядзець, чаго чакаць? Хутчэй скончым з гэтым. Ехаць дык ехаць.

Перамена адбылася i ў настроi астатнiх.

– Чаму не паехаць як хутчэй? Адаспiмся ў дарозе.
– Iм ужо не сядзелася на месцы.

Бацька сказаў:

– Кажуць, туды - дзве тысячы мiль. Гэта ж чорт ведае як далёка! Трэба ехаць. Ной, давай мы з табой парэжам тушы, потым пагрузiм рэчы на машыну.

Мацi высунула галаву з дзвярэй:

– А раптам што-небудзь забудземся? У цемры не вiдаць.

– Заднее, праверым, - сказаў Ной. Усе крыху пасядзелi моўчкi - думалi. Раптам Ной падняўся i пачаў вастрыць свой крывы нож на сцёртым тачыльным бруску.
– Ма, - сказаў ён, - ачысцi стол, - i, падышоўшы да свiной тушы, правёў нажом уздоўж хрыбта i пачаў зразаць мяса з рэбраў.

Бацька рашуча падняўся з прыступкi.

– Трэба ўсё сабраць, - сказаў ён.
– Хадзем, хлопцы, са мной.

Цяпер, калi ўжо цвёрда было вырашана ехаць ранiцай, усе заспяшалiся. Ной занёс свiнiну на кухню i стаў наразаць яе невялiкiмi квадратамi, а мацi нацiрала кожны буйной соллю i складала iх у бачуркi, стараючыся, каб з бакоў кавалкi мяса не датыкалiся адзiн да аднаго без солi. Яна клала iх, як цаглiны, i засыпала ў прамежкi соль. Пакуль Ной адсякаў бакавiну i ножкi, мацi падтрымлiвала агонь у плiце, i, калi Ной зняў мяса з рэбраў, з хрыбта i з ног, яна засунула косткi ў духоўку, каб потым iх можна было аб'есцi.

Тым часам на двары i ў свiрне перамяшчалiся кругi святла ад лiхтароў мужчыны збiралi ўсё, што было вырашана ўзяць з сабой, i складалi каля грузавiка. Ружа Сарона вынесла з дома верхнюю вопратку i абутак - камбiнезоны, чаравiкi на тоўстых падэшвах, гумавыя боты, паношаныя святочныя касцюмы, швэдары i курткi, падбiтыя аўчынай. Усiм гэтым яна шчыльна напакавала вялiкую драўляную скрыню, ды яшчэ стала зверху i ўтаптала нагамi. Пасля прынесла паркалёвыя сукенкi, хусткi i шалi, чорныя баваўняныя панчохi i дзiцячую адзежу - маленькiя камбiнезоны, танныя паркалёвыя сукеначкi, паклала iх у скрыню i таксама прытаптала нагамi.

Том пайшоў у павець i прынёс адтуль iнструмент, якi наважылi ўзяць з сабой, - ручную пiлу, гаечныя ключы, малаток i скрынку з наборам цвiкоў, абцугi, рашпiль i камплект тонкiх напiлкаў.

А Ружа Сарона прыцягнула вялiкае палотнiшча брызенту i расклала на зямлi за грузавiком. Яна ледзь пралезла ў дзверы з матрацамi - трыма двухспальнымi i адным вузкiм, звалiла iх на брызент, тады прынесла яшчэ абярэмак складзеных iрваных коўдраў i кiнула на матрацы.

Мацi з Ноем усё яшчэ ўвiхалiся на кухнi, з духоўкi цягнула прыемным пахам смажаных свiных костак. Позняй ноччу дзяцей змарыў нарэшце сон. Уiнфiлд скруцiўся абаранкам проста ў пыле каля парога, а Руцi, якая пайшла на кухню паглядзець, як разбiраюць тушы, заснула, седзячы на скрынцы, прыткнуўшыся галавой да сцяны. Яна дыхала лёгка i роўна, крыху растулiўшы губы.

Сабраўшы ўсе прылады, Том з лiхтаром у руцэ ўвайшоў у кухню, следам зайшоў прапаведнiк.

– Ой, як здорава!
– усклiкнуў Том.
– Ты толькi панюхай, як пахне! А чуеш, костачкi патрэскваюць?

Мацi ўсё складала кавалкi свiнiны ў бачуркi, пасыпала iх соллю - i зверху, i з бакоў - i прымiнала кожны рад рукою. Яна глянула на Тома i слаба ўсмiхнулася яму вуснамi, але вочы яе былi сур'ёзныя i стомленыя.

– На снеданне добра пагрызцi свiных костачак, - сказала яна.

Прапаведнiк падышоў да яе.

– Дайце, я буду салiць, - прапанаваў ён.
– Я ўмею. У вас, акрамя гэтага, яшчэ спраў шмат.

Мацi адарвалася ад работы i неяк дзiўна паглядзела на яго, быццам ён прапанаваў ёй нешта недарэчнае. Рукi ў яе пакрылiся скарынкаю солi, ружовай ад свежага мяснога соку.

– Гэта жаночая работа, - сказала яна нарэшце.

– Работа ёсць работа, - адказаў прапаведнiк.
– Яе шмат - хопiць i мужчынам, i жанчынам. У вас ёсць чым заняцца. Дайце, я буду салiць.

Яна пiльна паглядзела на яго, потым налiла вады з вядра ў алавяны ўмывальны тазiк i памыла рукi. Прапаведнiк браў кавалкi свiнiны i нацiраў iх соллю, а мацi назiрала. Ён клаў мяса ў бачурку, акурат як рабiла гэта мацi, старанна пасыпаў соллю i расцiраў далонямi. Яна выцерла свае пабялелыя ад солi, апухлыя рукi.

Том запытаўся:

– Ма, а што адсюль ўзяць?

Мацi абвяла хуткiм позiркам кухню.

– Вядро, - сказала яна.
– Увесь посуд - талеркi, кубкi i нажы, лыжкi, вiдэльцы. Складзi ўсё ў шуфляду i нясi да грузавiка. Яшчэ вялiкую патэльню, кацёл, кафейнiк. Калi астыне духоўка, вымеш адтуль рашотку - на ёй зручна смажыць на вогнiшчы. Добра было б узяць з сабой ночвы, толькi наўрад цi месца хопiць. Давядзецца мыць бялiзну ў вядры. Драбязу браць не варта. У вялiкiм катле можна i менш згатаваць, а калi трэба многа, у малой пасудзiне не згатуеш. Бляхi з духоўкi бяры ўсе. Яны ўлазяць адна ў адну.
– Мацi яшчэ раз азiрнула кухню.
– Усё, што я сказала, збяры, Том. Пра астатняе я сама паклапачуся. Каб не забыць вялiкую бляшанку з перцам, соль, мускатны арэх i тарку на яго. Гэта я пад самы канец вазьму.
– Яна ўзяла лiхтар i стомлена пайшла ў спальню, яе босыя ногi бясшумна ступалi па падлозе.

Прапаведнiк сказаў Тому:

– Вiдаць, выбiлася з сiлы.

– Жанчыны заўсёды з сiлы выбiваюцца, - адказаў Том.
– Такая ўжо ў iх доля, толькi калi-нiкалi на маленнях расслабляюцца.

– Так, але ж яна зусiм з ног падае. Быццам занядужала.

Мацi яшчэ не пераступiла парога спальнi i чула яго словы. Мускулы на яе расслабленым твары напружылiся, маршчыны знiклi, позiрк зрабiўся цвярдзейшы, плечы расправiлiся. Яна абвяла вачамi голыя сцены. Пуста, нiчога не засталося, адзiн толькi хлам. Матрацы, што яшчэ днём ляжалi на падлозе, вынесены. Камода i столiк прададзены. На падлозе валяюцца зламаны грабянец i пушачка з-пад тальку, некалькi мёртвых мышэй. Яна паставiла лiхтар на падлогу. Прасунула руку за адну са скрынак, што служылi крэсламi, i дастала адтуль кардонную каробку, залапаную, з падранымi куткамi. Яна села на скрынку, адкрыла вечка кардонкi. Там ляжалi пiсьмы ў канвертах, газетныя выразкi, фотакарткi, пара завушнiц, залаты пярсцёнак з пячаткай i сплецены з валасоў ланцужок для гадзiннiка з залатымi зачэпкамi на канцах. Яна дакранулася пальцамi да пiсьмаў, ледзь дакранулася да iх, разгладзiла газетную выразку са справаздачай аб судзе над Томам. Доўга трымала кардонку на каленях, i пальцы яе перабiралi пiсьмы i зноў ставiлi на месца. Потым яна сядзела, закусiўшы нiжнюю губу, аддаўшыся роздуму i ўспамiнам. I нарэшце наважылася - выняла з кардонкi пярсцёнак, ланцужок, завушнiцы, засунула руку на самае дно i знайшла там залатую запiнку. Зняла канверт з аднаго пiсьма, ссыпала туды ўсе гэтыя дрындушкi, склала канверт удвая i паклала ў кiшэню сукенкi. Потым беражлiва, з любасцю закрыла каробку i пяшчотна правяла па ёй пальцамi. Губы ў яе крыху растулiлiся. Тады раптам устала са скрынкi, падняла з падлогi лiхтар i вярнулася на кухню. Зняла канфорку з плiты i асцярожна паклала кардонку на вуголле. Кардон адразу пацямнеў. Затрапятаўся язычок полымя i лiзнуў каробку. Мацi апусцiла канфорку на месца, i ў тое ж iмгненне агонь нiбы выдыхнуў i абдаў каробку жарам.

На цёмным двары бацька i Эл пры святле лiхтара грузiлi рэчы на машыну. Iнструмент на самы нiз, але так, каб лёгка можна было дастаць у выпадку паломкi. На яго - скрынi з адзежай i джутавы мяшок з кухонным начыннем; нажы, вiдэльцы i талеркi асобна ў скрынцы. Вядро прывязалi ззаду. Нiжнi рад пастаралiся ўкласцi як мага раўней i ў прамежкi памiж скрынямi засунулi скачаныя коўдры. Зверху паклалi матрацы, запоўнiўшы машыну да бартоў, i ўсю паклажу зацягнулi брызентам. Эл прарэзаў па яго краях дзiркi за два футы адна ад адной, прасунуў у iх вяроўкi i прывязаў брызент да сярэднiх планак борта.

Поделиться с друзьями: