Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
Ружа Сарона адвяла вочы ад шашы.
– Мне пiць не дужа хочацца, - сказала яна манерна.
– Але, магчыма, мне трэба пiць.
Конi сцвярджальна кiўнуў галавой, бо зразумеў, што яна мела на ўвазе. Яна ўзяла ў яго з рук конаўку, прапаласкала рот, сплюнула i выпiла цеплаватую ваду да дна.
– Яшчэ адну?
– запытаўся Конi.
– Палову.
– I ён налiў паўконаўкi i падаў ёй. Па шашы прашугаў "лiнкольн" мадэлi "зефiр" - серабрысты, нiзкай пасадкi. Ружа Сарона азiрнулася, цi далёка астатнiя члены сям'i, i, убачыўшы, што яны стаяць усе каля грузавiка, цiха сказала: - Ты хацеў бы раз'язджаць на такой машыне?
Конi ўздыхнуў:
– Чаму не... але гэта потым.
– I яны абое зразумелi, што мелася на ўвазе.
– Калi будзем добра зарабляць у Калiфорнii, займеем машыну. Але вось такiя, ён паказаў рукой на "зефiр", якi знiкаў удалечынi, - такiя каштуюць не менш за вялiкi дом.
– А мне хацелася б мець i дом, i такую машыну, - сказала Ружа Сарона. Толькi, вядома, спярша дом, бо...
– I абое зразумелi, што яна хацела сказаць. Iх увесь час хвалявала яе цяжарнасць.
– Як ты сябе адчуваеш - добра?
– запытаўся Конi.
– Стамiлася. Цяжка ехаць пад такiм сонцам.
– Нiчога не зробiш. Iначай мы нiколi не дабяромся да Калiфорнii.
– Ведаю, - сказала Ружа Сарона.
Сабака, прынюхваючыся, абмiнуў грузавiк, падбег да лужыны пад вадзяным шлангам i пачаў хлябтаць мутную ваду. Потым адышоў убок, апусцiў нос да зямлi i звесiў вушы. Абнюхваючы пыльную траву, ён дайшоў да самага краю дарогi, падняў галаву, паглядзеў на шашу i пайшоў упоперак яе. Раптам Ружа Сарона пранiзлiва закрычала. Мiма, вiскочучы шынамi, iмклiва iмчалася вялiкая машына. Сабака бездапаможна шарахнуўся назад i, ледзь паспеўшы скавытнуць, апынуўся пад коламi. У акенцах з'явiлiся твары, павярнулiся назад, машына на iмгненне сцiшыла ход, потым зноў набрала хуткасць i знiкла з вачэй. А сабака з вываленымi вантробамi ляжаў акрываўленым камяком на зямлi, слаба падрыгваючы нагамi.
Ружа Сарона ўтаропiлася на яго шырока расплюшчанымi вачамi.
– Мне гэта не пашкодзiць?
– жаласна запыталася яна.
– Як ты думаеш, не пашкодзiць?
Конi абняў яе.
– Iдзi пасядзi, -сказаў ён.
– Гэта нiчога.
– Але я адчула боль. Калi я закрычала, нешта ў мяне ўсярэдзiне нiбы абарвалася.
– Iдзi пасядзi. Гэта нiчога. З табой нiчога не будзе.
– Ён падвёў яе да грузавiка, далей ад сабакi, i пасадзiў на падножку.
Том i дзядзька Джон падышлi да акрываўленага камяка. Пакалечанае цела сабакi апошнi раз сутаргава страпянулася i замерла. Том узяў яго за заднiя лапы i адцягнуў на абочыну. Дзядзька Джон стаяў збянтэжаны, быццам на iм ляжала вiна за тое, што здарылася.
– Няхай бы я прывязаў яго, - сказаў ён.
Бацька глянуў на сабаку i адвярнуўся.
– Паехалi далей, - сказаў ён.
– Мы ўсё роўна не пракармiлi б яго. Так, можа, i лепш.
З-за грузавiка вынырнуў гаспадар заправачнай.
– Вось шкада, людзi, - сказаў ён.
– Каля вялiкай шашы сабачае жыццё кароткае. За год у мяне тут трох раздушыла. Больш iх не трымаю.
– I дадаў: Вы не трывожцеся. Я ўсё зраблю. Адцягну ў кукурузу i там закапаю.
Мацi падышла да Ружы Сарона, якая сядзела на падножцы, усё яшчэ калоцячыся з перапуду.
– Ну што з табой, Разашарна?
– запыталася яна.
– Табе нядобра?
– Усё было на маiх вачах. Я вельмi перапужалася.
– Я чула твой крык. Але цяпер пара ўжо супакоiцца.
– Думаеш, мне гэта не пашкодзiць?
– Не, - адказала мацi.
– Калi будзеш глядзець насупай, ад усяго нюнi распускаць i цацкацца сама з сабой, вось тады добрага не чакай. А зараз падымайся, памажы бабку ўсадзiць. I хоць на хвiлiну кiнь думаць пра сваё дзiця. Яно само пра сябе паклапоцiцца.
– А дзе яна, бабка?
– Не ведаю. Недзе тут. Можа, у прыбiральнi.
Ружа Сарона пайшла да будкi i неўзабаве вярнулася, ведучы за руку бабку.
– Яна там заснула, - сказала Ружа Сарона.
Бабка шырока ўсмiхнулася:
– А як там добра! Такое ўсё фiрменнае, i вада яшчэ лiецца згары.
– I радасна дадала: - Мне вельмi спадабалася. Я б там добра выспалася, ды вось жа пабудзiлi...
– Не самае гожае месца для спання, - сказала Ружа Сарона i падсадзiла бабку ў кабiну. Тая задаволена апусцiлася на сядзенне i сказала:
– Гожае цi нягожае, а што добра, дык добра.
– Ну, паехалi, - сказаў Том.
– Яшчэ шмат мiль наперадзе.
Бацька паклаў два пальцы ў рот i пранiзлiва свiснуў.
– Во, цяпер малыя недзе зашылiся, - сказаў ён i яшчэ раз свiснуў.
Праз момант дзецi выскачылi з кукурузы - Руцi наперадзе, Уiнфiлд за ёю.
– Яйкi!
– крыкнула Руцi.
– Я мяккiя яйкi знайшла!
– Яна падбегла да грузавiка, Уiнфiлд не адставаў.
– Гляньце!
– На мурзатай далонi ляжаў з дзесятак маленькiх светла-шэрых яек. I калi яна працягнула руку, каб паказаць знаходку, позiрк яе ўпаў на здохлага сабаку, якi ляжаў з краю дарогi.
– Ой! крыкнула яна i разам з Уiнфiлдам асцярожна падышла да сабакi. Абое пачалi разглядаць яго.
Бацька паклiкаў малых:
– Ну, хутчэй, а то без вас паедзем.
Дзецi моўчкi павярнулiся i пайшлi да грузавiка. Яшчэ раз глянуўшы на маленькiя яйкi нейкай рэптылii, Руцi скiнула iх з далонi i разам з Уiнфiлдам ускараскалася па борце на машыну.
– У яго яшчэ вочы адплюшчаныя, - здушаным голасам прагаварыла яна.
Але Ўiнфiлд вырашыў трымацца малайцом i храбра сказаў:
– У яго кiшкi ўсе так i вывалiлiся, так i вывалiлiся...
– I, крыху памаўчаўшы, зноў: - Вывалiлiся... усе кiшкi.
– Раптам ён упаў на жывот над самым краем борта i званiтаваў. Калi зноў сеў, вочы яго слязiлiся, з носа цякло.
– Калi свiней рэжуць, тады зусiм iншае, - апраўдваўся ён.
Эл падняў капот "гудзона" i змераў узровень масла ў маторы. Потым дастаў з-пад сядзення ў кабiне бляшанку ёмiстасцю адзiн галон, падлiў у картэр таннага чорнага масла i зноў праверыў яго ўзровень.
Падышоў Том.
– Хочаш, цяпер трохi я павяду?
– запытаўся ён у Эла.
– Я не стамiўся, - адказаў той.
– Але ж ты ноччу зусiм не спаў. Я хоць крышачку прыкархнуў ранiцай. Залазь наверх. Я пакiрую.
– Ну давай, - неахвотна згадзiўся Эл.
– Толькi за маслам сачы. Не ганi. Я ўсё баюся кароткага замыкання. Паглядай на стрэлку амперметра. Калi яна скокне на нуль, значыць, замыканне. I, Том, не ганi. Машына вельмi перагружаная.
Том засмяяўся:
– Я буду сама ўвага. Можаш спаць спакойна.
Верхнiя пасажыры занялi свае месцы. Мацi зноў уселася каля бабкi, Том сеў за руль, нацiснуў стартэр.
– Ледзь лiпее, - прамармытаў ён, адпусцiў счапленне i выехаў на шашу.
Матор гуў роўна, сонца свяцiла ў ветравое шкло, хiлячыся на захад. Бабка моцна спала, i нават мацi задрамала, апусцiўшы галаву. Том насунуў кепку на вочы, каб не сляпiла сонца.
Ад Падэна да Мiкера - трынаццаць мiль; ад Мiкера да Хары - чатырнаццаць, а потым Аклахома-Сiцi - вялiкi горад. Том павёў машыну напрасткi праз горад. Мацi прачнулася i стала глядзець на вулiцы, па якiх яны праязджалi. I тыя, што сядзелi наверсе, таксама глядзелi на ўсе вочы на крамы, на высокiя жылыя дамы, на будынкi розных кантор i ўстаноў. А потым дамы i службовыя будынкi пачалi сустракацца радзей, рабiлася ўсё менш крамаў. Пацягнулiся аўтамабiльныя звалкi, сасiсачныя, загарадныя дансiнгi.