ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Кейсi, прыходу якога яны не заўважылi, чуў словы Тома.

– Нiкуды я не ўцёк, - сказаў ён.
– Я памагу вам, людзi, але ашукваць вас не буду.

Бацька сказаў:

– Можа, усё-ткi скажаш некалькi слоў? У нас у сям'i нiкога яшчэ не хавалi без малiтвы.

– Добра, скажу, - згадзiўся прапаведнiк.

Конi вёў да дзедавай магiлы Ружу Сарона, тая iшла неахвотна.

– Трэба, - угаворваў яе Конi.
– Iначай непрыстойна. Гэта ж нядоўга.

Святло ад вогнiшча падала на людзей, што акружылi магiлу, азарала iх твары i вочы i меркла на цёмным адзеннi. Мужчыны стаялi, зняўшы капелюшы. Языкi полымя ў вогнiшчы скакалi, кiдаючы трапятлiвыя блiкi на людзей.

Кейсi сказаў:

– Гаварыць буду коратка.
– Ён схiлiў галаву, i астатнiя таксама схiлiлi галовы. Кейсi ўрачыста сказаў: - Стары, якi тут ляжыць, пражыў жыццё i памёр. Я не ведаю, якi ён быў чалавек, - добры цi дрэнны, але гэта няважна. Важна тое, што ён быў жывы. А цяпер памёр, i цяпер гэта таксама няважна. Я раз чуў, як адзiн чытаў вершы, i там было сказана: "Усё жывое - святое". Я задумаўся i неўзабаве зразумеў, што ў словах у гэтых сэнсу больш, чым на першы погляд здаецца. I я не буду малiцца за гэтага старога, якога ўжо няма сярод жывых. З iм усё як мае быць. У яго ёсць адна мэта, i яна стаiць перад iм, да яе вядзе толькi адзiн шлях. У нас таксама ёсць свая мэта, але ў нас сотнi шляхоў да яе, i мы не ведаем, па якiм пайсцi. I калi б мне выпала памалiцца, я памалiўся б за тых, хто не ведае, на якi шлях ступiць. У дзеда дарога прамая. А цяпер укрыйце яго зямлёй, i няхай ён робiць сваю справу.
– Кейсi падняў галаву.

Бацька сказаў:

– Аман.

I астатнiя прамармыталi хорам:

– Аман.

Бацька ўзяў рыдлёўку, набраў паўштыха зямлi i асцярожна скiнуў у чорную яму. Тады перадаў рыдлёўку дзядзьку Джону, i той кiнуў зямлi поўны штых. Рыдлёўка пераходзiла з рук у рукi, пакуль не абышла ўсiх мужчын. Калi ўсе яны выканалi свой абавязак i зрабiлi тое, што iм належала зрабiць па праву, бацька накiнуўся на кучу зямлi, што ляжала з краю, i пачаў таропка засыпаць магiлу. Жанчыны адышлi да вогнiшча гатаваць вячэру. Руцi i Ўiнфiлд, як зачараваныя, стаялi каля магiлы. Руцi ўрачыста прамовiла:

– Цяпер дзед там, унiзе, ляжыць.

Уiнфiлд спалохана вытрашчыў на яе вочы i пабег да вогнiшча, там сеў на зямлю i заплакаў.

Бацька засыпаў магiлу да паловы i спынiўся, цяжка пераводзячы дух, а рэшту зямлi скiнуў дзядзька Джон. Калi Джон пачаў рабiць насып, Том затрымаў яго руку.

– Паслухай, - сказаў ён.
– Калi магiлка будзе з насыпам, яе як бачыш знойдуць. Трэба, каб не было прыкметна. Зраўняй з зямлёй, а зверху мы накiдаем травы. Што зробiш, iнакш нельга.

Бацька сказаў:

– Я пра гэта i не падумаў. Але без насыпу няможна.

– Нiчога не зробiш, - сказаў Том.
– Яго адразу адкапаюць, i нас абвiнавацяць у парушэннi закону. Ты ведаеш, што мне будзе, калi я пераступлю закон.

– Правiльна, - пагадзiўся бацька.
– Я зусiм забыўся.
– Ён узяў у Джона рыдлёўку i зраўняў магiлу.
– Ледзь зiма, i правалiцца, - сказаў ён.

– Нiчога не зробiш, - сказаў Том.
– Да зiмы мы будзем далёка. Утапчы добра, а зверху мы чаго-небудзь накiдаем.

Калi свiнiна i бульба зварылiся, абедзве сям'i селi вячэраць вакол вогнiшча. Усе елi моўчкi, пазiраючы на агонь. Уiлсан запусцiў зубы ў кавалак мяса i задаволена ўздыхнуў.

– Цудоўная свiнiна, - сказаў ён.

– У нас былi дзве свiнкi, - паяснiў бацька, - i мы вырашылi iх з'есцi. За iх нiчога не давалi. Вось крыху асвоiмся з дарогай, мацi спячэ хлеба, тады адно задавальненне - едзеш сабе, пазiраеш па баках, а ў грузавiку ў цябе яшчэ i дзве бачуркi свiнiны. Колькi часу вы ўжо ў дарозе?

Уiлсан прачысцiў языком зубы i глынуў.

– Нам не пашчасцiла, - адказаў ён.
– Трэцi ўжо тыдзень, як мы паехалi з дому.

– Божа лiтасцiвы! А мы мяркуем за дзесяць дзён дабрацца да Калiфорнii, а то i хутчэй.

У гутарку ўмяшаўся Эл:

– Не, та, наўрад цi. З такiм грузам мы, можа, i нiколi не дабяромся. Асаблiва калi давядзецца ехаць праз горы.

Вакол вогнiшча запанавала цiшыня. Галовы ва ўсiх апусцiлiся, i агонь асвятляў iм толькi валасы i лоб. Над невысокiм купалам святла скупа паблiсквалi летнiя зоркi, дзённая спёка памалу спадала. На сваiм матрацы, убаку ад вогнiшча, цiха захныкала бабка, нiбы шчанюк заскавытаў. Твары ўсiх павярнулiся ў той бок.

Мацi сказала:

– Разашарна, будзь разумненькай, iдзi паляжы з бабкай. Яе цяпер нельга пакiдаць адну. Яна ўжо ўсё зразумела.

Ружа Сарона паднялася на ногi, пайшла да матраца i лягла побач са старой, i да вогнiшча данеслiся няясныя гукi iх галасоў. Ружа Сарона i бабка перашэптвалiся, лежачы на матрацы.

Ной сказаў:

– Дзiўна неяк - дзеда няма, а быццам нiчога не здарылася. Смутку мне не прыбавiлася.

– Гэта ўсё адно, - сказаў Кейсi.
– Зямля ваша i дзед - адно непадзельнае.

Эл сказаў:

– Вельмi крыўдна за яго. Памятаеце, ён гаварыў, што там будзе рабiць, як ён вiнаградныя гронкi аб галаву будзе расцiскаць, каб усю бараду сокам залiло, i ўсякае такое.

Кейсi сказаў:

– Гэта ён так, дурыўся. Думаю, ён усё разумеў. Дзед ваш памёр не сёння. Ён памёр, як толькi вы яго з месца знялi.

– Ты гэта напэўна ведаеш?
– усклiкнуў бацька.

– Ну, не зусiм так. Дыхаць ён дыхаў, але жыцця ў iм ужо не было. Дзед i зямля ваша - адно цэлае, i ён гэта разумеў.

Дзядзька Джон запытаўся:

– А ты ведаў, што ён памiрае?

– Так, - адказаў Кейсi.
– Ведаў.

Джон утаропiўся на прапаведнiка, i ў вачах у яго рос жах.

– I нiкому не сказаў?

– А якая карысць?

– Мы... мы зрабiлi б што-небудзь.

– Што?

– Ну што-небудзь, але...

– Не, - сказаў Кейсi, - зрабiць вы не змаглi б нiчога. Ваш шлях быў вызначаны, а дзеду з вамi было не па дарозе. Ён i не мучыўся. Хiба, можа, толькi ранiцай, у першыя хвiлiны. Ён астаўся з зямлёй. Не мог яе кiнуць.

Дзядзька Джон глыбока ўздыхнуў.

Уiлсан сказаў:

– А нам прыйшлося майго брата кiнуць.
– Усе павярнулiся да яго.
– У нас з iм былi ўчасткi-саракоўкi побач. Ён старэйшы за мяне. Машыны нiхто з нас нiколi не вадзiў. I вось мы прадалi ўсё, што ў нас было. Уiл купiў сабе машыну, i да яго прыставiлi нейкага падлетка - вучыць кiраваць. За дзень перад ад'ездам Уiл з цёткай Мiнi паехалi папрактыкавацца. Раптам перад Уiлам калдобiна, ён як гаркне: "Тпру!" - i як дасць заднi ход. Урэзаўся ў агароджу. Зноў крыкнуў: "Тпру, каб на цябе!" - тупнуў нагой па педалi газу i перакулiўся ў канаву. I застаўся ён нi з чым: нi на продаж нiчога, нi машыны. Але ж, дзякуй богу, сам вiнаваты. I так узлаваўся, з сябе аж выходзiць, з намi ехаць не захацеў - сядзiць, лаецца апошнiмi словамi.

Поделиться с друзьями: