ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Сэйры сказала:

– Навошта вы так гаворыце. Мы памагаем вам ад шчырага сэрца. У мяне ўжо даўно не было... так спакойна на душы. У людзей ёсць такая патрэба - памагаць адзiн аднаму.

Мацi кiўнула галавой.

– Ёсць, - адказала яна i доўга глядзела на зарослы шчэццю стары твар з падвязанай скiвiцай i сярэбранымi вачнiцамi, якiя паблiсквалi пры святле свечкi.
– Так ён сам на сябе не падобны, - сказала яна.
– Трэба закруцiць яго з галавой.

– Ваша старая добра трымалася.

– Яна зусiм старэнькая. Магчыма, i не разумее толкам, што здарылася. I, можа, не хутка зразумее. Акрамя таго, гонар нам не дазваляе адчайвацца. Бывала, мой бацька казаў: "Зламацца кожны можа. А каб саўладаць з сабой, трэба быць чалавекам". У любых выпадках мы не паддаёмся адчаю.
– Мацi акуратна захутала ногi i плечы нябожчыка, закiнула адзiн ражок коўдры яму на галаву, як капюшон, i насунула на твар. Сэйры падала ёй некалькi вялiкiх ангельскiх шпiлек, i яна старанна i акуратна зашпiлiла з усiх бакоў гэты доўгi пакунак. Нарэшце паднялася з кален.
– Пахаванне будзе прыстойнае, - сказала яна.
– З намi едзе прапаведнiк, ён адпяе яго, i сям'я ўся ў зборы.
– Яна пахiснулася. Сэйры падскочыла да яе, не дала ёй упасцi.
– На хаду засынаю...
– сумелася мацi.
– Не, нiчога, пройдзе. Перад ад'ездам нам шмат давялося пакруцiцца.

– Выйдзем на паветра, - сказала Сэйры.

– Ага, я ўсё, што трэба, зрабiла.

Сэйры задзьмула свечку, i жанчыны выйшлi з палаткi.

На дне неглыбокага яра ярка гарэла вогнiшча. Том убiў у зямлю калкi, падвесiў на дроце два кацялкi, i вада цяпер у iх бурна кiпела, з-пад накрывак выбiвалася пара. Ружа Сарона стаяла на каленях крыху ўбаку ад гарачага полымя з доўгай лыжкай у руцэ. Убачыўшы, што мацi выйшла з палаткi, яна паднялася i падышла да яе.

– Ма, - сказала яна, - хачу ў цябе пра нешта спытацца.

– Зноў спалохалася?
– запыталася мацi.
– Дзевяць месяцаў без гора не пражывеш, даражэнькая.

– А дзiцяцi не пашкодзiць?

Мацi адказала:

– Ёсць такая прымаўка: "Дзiця, што ў смутку родзiцца, у жыццi са шчасцем водзiцца". Здаецца, так, мiсiс Уiлсан?

– Чула такую, - адказала Сэйры.
– А яшчэ я ведаю i другую: "У залiшняй радасцi радзiцца, увесь свой век смуцiцца".

– У мяне ўсё ўсярэдзiне падскочыла ад страху, - сказала Ружа Сарона.

– Ад весялосцi ў нас нiчога не скача, - прамовiла мацi.
– Ты лепш глядзi кацялкi.

Мужчыны сабралiся на краi светлага круга ад вогнiшча. З прылад у iх была рыдлёўка i матыка. Бацька адмераў месца для магiлы - восем футаў у даўжыню i тры футы ў шырыню. Працавалi па чарзе. Бацька ўскопваў зямлю матыкай, а дзядзька Джон адкiдаў яе ўбок рыдлёўкай. Потым крышыў зямлю Эл, а выграбаў Том. Тады крышыў Ной, выграбаў Конi. Работа iшла без перапынку, i магiла рабiлася ўсё глыбейшай. Рыдлёўка за рыдлёўкай вылятала адтуль зямля. Стоячы па плечы ў прамавугольнай яме, Том запытаўся:

– На якую глыбiню капаць, та?

– Глыбей. Яшчэ футы на два. Ты вылазь, Том, пайдзi напiшы тую запiску.

Том вылез, i яго месца заняў Ной. Том падышоў да мацi, якая падтрымлiвала агонь.

– У нас, ма, ёсць папера i пяро?

Мацi пакруцiла галавой:

– Н-не. Што iншае, а гэтага з сабой не ўзялi.
– Яна глянула на Сэйры, i маленькая жанчына паспешлiва пайшла ў палатку. Вярнулася яна з Бiблiяй у руках i напалову спiсаным алоўкам.

– Вось, - сказала яна.
– Тут, у пачатку, ёсць чыстая старонка. Напiшы на ёй i вырвi.
– Сэйры падала Бiблiю i аловак Тому.

Том сеў каля вогнiшча. Ён засяроджана прыплюшчыў вочы i нарэшце няспешна вывеў буйнымi выразнымi лiтарамi на чыстай частцы старонкi: "Тут спачывае Ўiльям Джэймс Джоўд, памёр ад удару зусiм старым. Радня закапала яго тут, бо не было грошай на пахаванне. Яго нiхто не забiваў. З iм здарыўся ўдар, i ён памёр".
– Том адняў аловак ад паперы.
– Паслухай, ма, - сказаў Том i паволi прачытаў услых напiсанае.

– Што ж, гучыць нядрэнна, - ухвалiла мацi.
– А ты яшчэ што-небудзь i набожнае падабраў бы з Пiсання. Пагартай Бiблiю, пашукай якое выслоўе.

– Трэба, каб карацей, - сказаў Том.
– А то месца амаль не засталося.

Сэйры сказала:

А што, калi напiсаць: "Супакой, госпадзi, душу яго"?

– Не, - запярэчыў Том.
– Атрымлiваецца, быццам ён вiсельнiк. Я спiшу што-небудзь адсюль.
– Ён гартаў старонкi Бiблii i чытаў сам сабе, бязгучна варушачы губамi.
– Ну вось, i добра, i коратка, - сказаў ён уголас.
– "I Лот сказаў iм: не, Уладыка".

– Нiякага сэнсу, - сказала мацi.
– Калi ўжо пiсаць, дык каб хоць сэнс якi быў.

Сэйры параiла:

– Пагартай далей, там, дзе псалмы. З iх заўсёды ёсць што выбраць.

Том хутка перагортваў старонкi i прабягаў вачамi вершы.

– Ёсць!
– нарэшце сказаў ён.
– I прыгожа, i так i дыхае набожнасцю: "Шчаслiвы той, каму адпушчаны беззаконнi i чые грахi выкупленыя". Ну як?

– Сама раз, - сказала мацi.
– Спiшы.

Том старанна перапiсаў радок на паперу. Мацi спаласнула i выцерла фруктовы слоiк. Том шчыльна закруцiў крышку.

– Можа, лепш было прапаведнiку пiсаць, - сказаў ён.

– Не, прапаведнiк нам не сваяк, - сказала мацi, узяла ў яго слоiк i пайшла ў цёмную палатку. Там яна выцягнула некалькi шпiлек з шарсцяной коўдры, усунула слоiк пад халодныя тонкiя рукi i зноў зашпiлiла. Тады вярнулася да вогнiшча.

Мужчыны адышлi ад ямы, твары ў iх блiшчалi ад поту.

– Гатова, - сказаў бацька i разам з дзядзькам Джонам, Ноем i Элам зайшоў у палатку. Яны вынеслi адтуль доўгi, зашпiлены з усiх бакоў скрутак i панеслi да магiлы. Бацька скочыў унiз, пераняў цела i асцярожна апусцiў на зямлю. Дзядзька Джон памог яму вылезцi.

– А як быць з бабкай?
– запытаўся бацька.

– Я зараз прывяду яе, - адказала мацi, пайшла да матраца i нейкi час глядзела на старую. Потым вярнулася да магiлы.

– Спiць, - сказала яна.
– Можа, бабка i закрыўдуе на мяне, але я не буду яе будзiць. Ёй спакой патрэбен.

Бацька запытаўся:

– А прапаведнiк дзе?

Том адказаў:

– Я бачыў, ён пайшоў па дарозе. Не хоча больш малiцца.

– Не хоча малiцца?

– Не. Ён больш не прапаведуе. Кажа, навошта ашукваць людзей i выдаваць сябе за прапаведнiка, калi на самай справе я не прапаведнiк. Б'юся аб заклад, што ён уцёк, каб мы не прасiлi яго малiцца.

Поделиться с друзьями: