Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
Руцi i Ўiнфiлд пазiралi на ўсё гэта i дзiвiлiся, моцна ўражаныя, - якi вялiкi горад, як тут усё незвычайна, колькi на вулiцах прыгожа апранутых людзей! Стаiўшы дыханне, яны не перакiнулiся нiводным словам. Потым нагаворацца, а цяпер маўчалi. Нафтавыя вышкi i ў горадзе, i на ўскраiне чорныя нафтавыя вышкi, i пах нафты i бензiну. Дзецi нават нi разу не ўскрыкнулi ад здзiўлення: усё тут было такое вялiзнае i такое незвычайнае, што iх узяў страх.
На адной вулiцы Ружа Сарона ўбачыла чалавека ў светлым касцюме. На iм былi белыя чаравiкi i пляскаты саламяны капялюш. Яна тыкнула Конi ў бок i вачамi паказала на гэтага дзiўнага чалавека, i абое сталi перасмейвацца мiж сабой, спачатку цiха, а потым мацней. Яны зацiскалi сабе рот далонню. Iм так было забаўна, што яны пачалi шукаць вачамi, з каго б яшчэ пасмяяцца. Руцi з Уiнфiлдам убачылi, як яны душацца ад смеху, i таксама паспрабавалi пахiхiкаць, але нiчога не выйшла - проста не маглi. А Ружа Сарона i Конi сядзелi чырвоныя i ледзь пераводзiлi дух, стараючыся стрымацца. Пад канец варта было iм толькi глянуць адно на аднаго, як яны зноў пырскалi ў кулак.
Прыгарад раскiнуўся шырока. Том вёў грузавiк паволi, асцярожна праз густы вулiчны рух i нарэшце выехаў на вялiкi заходнi шлях - шашу No 66, да палатна якой апускалася сонца. Ветравое шкло зацерушылася пылам. Том насунуў кепку яшчэ нiжэй на вочы, i цяпер яму даводзiлася задзiраць галаву назад, каб бачыць дарогу. Бабка так i не прачыналася, хоць сонца бiла ёй проста ў заплюшчаныя павекi; жылы на скронях былi блакiтныя, а тонкiя прожылкi на шчоках чырвоныя, як вiно, застарэлыя карычневыя плямы на твары яшчэ больш пацямнелi.
Том сказаў:
– Па гэтай дарозе так да канца i паедзем.
Мацi доўга маўчала i нарэшце сказала:
– Можа, пашукаем зручнага месца для прыпынку, пакуль сонца яшчэ не зайшло. Трэба свiнiны зварыць i хлеба спячы. На гэта пойдзе час.
– Ата, - пагадзiўся Том.
– Адным махам такую адлегласць не адолееш. Разварушыцца таксама не шкодзiць.
Ад Аклахома-Сiцi да Бэтанi - чатырнаццаць мiль.
Том сказаў:
– I праўда, пакуль не зайшло сонца, трэба зрабiць прывал. Эл абяцаў паставiць тую штуку наверсе. А то яны там зусiм спякуцца.
Мацi зноў задрамала, але раптам ускiнула галаву, сказала:
– Трэба вячэру прыгатаваць.
– I дадала: - Том, бацька казаў, што табе нельга пераступаць мяжу штата.
Ён доўга не адказваў ёй.
– Праўда? Ну i што ж, ма?
– нарэшце сказаў ён.
– Я баюся за цябе. Выходзiць, ты ўцякаеш. Цябе могуць злавiць.
Том засланiў далонню вочы ад сонца, якое апускалася ўсё нiжэй.
– Ты не хвалюйся, - сказаў ён.
– Я ўсё абдумаў. Адпушчаных па падпiсцы шмат, а ў турму садзяцца яшчэ больш. Калi там, на Захадзе, я за што-небудзь пападуся, тады запатрабуюць з Вашынгтона мой здымак i адбiткi пальцаў. Зноў запратораць у турму. А калi за мной нiякiх правiнак не будзе, дык iм на мяне напляваць.
– I ўсё ж я баюся. Бывае, што-небудзь такое зробiш i нават не ведаеш, што гэта караецца законам. Можа, у Калiфорнii многае такое лiчыцца злачынствам, а мы нават не ведаем. Ну вось ты хочаш што-небудзь зрабiць, думаеш, усё законна, а ў Калiфорнii за гэта караюць.
– Тады ўсё роўна, што з падпiскай, што без, - сказаў Том.
– Праўда, такiм, як я, больш перападае, чым каму. Але кiнь непакоiцца. У нас i без таго клопату па вушы, навошта прыдумляць лiшнi.
– А як магу я быць спакойнай? Перайшоў мяжу - вось табе i злачынства.
– Усё ж лепш, чым бадзяцца вакол Салiса i з голаду здыхаць, - сказаў Том.
– Давай пашукаем месца для прывалу.
Праехалi Бэтанi з канца ў канец. За горадам, у тым месцы, дзе пад насыпам праходзiла маставая труба, стаяла старая легкавая машына, а каля яе была раскiнута палатка, над якой з комiна, прасунутага праз брызент, вiўся дымок. Том паказаў на палатку.
– Вунь нехта спынiўся. Бадай што, нядрэннае месца.
Ён збавiў газ i затармазiў на абочыне. Капот старэнькай легкавушкi быў падняты, чалавек сярэдняга веку разглядаў матор. На iм былi таннае саламянае самбрэра, сiняя кашуля, чорная, у крапiнку, камiзэлька i зашмальцаваныя, злубянелыя джынсы. Глыбокiя i доўгiя маршчыны на худых шчоках рабiлi больш кiдкiмi яго вострыя скулы i падбародак. Ён падняў галаву i паглядзеў на грузавiк Джоўдаў, i ў яго позiрку адлюстравалiся заклапочанасць i раздражненне.
Том высунуўся з акенца:
– Тут спыняцца нанач не забаронена?
Дагэтуль чалавек бачыў толькi грузавiк. Цяпер яго позiрк перабег на Тома.
– Не ведаю, - адказаў ён.
– Мы спынiлiся тут толькi таму, што далей ехаць не можам.
– А вада тут паблiзу ёсць?
Чалавек паказаў на хiбарку заправачнай, што вiднелася мо за чвэрць мiлi наперадзе.
– Вада вунь дзе - вядро налiць дадуць.
Том быў у нерашучасцi.
– А нiчога, калi мы таксама тут спынiмся?
Хударлявы чалавек крыху замяшаўся.
– Я тут не гаспадар, - адказаў ён.
– Мы толькi таму тут сталi, што вось гэтая старая скрыня далей ехаць не захацела.
Том не здаваўся:
– Усё ж такi вы ўжо тут, а мы толькi прыехалi. Ваша права вырашаць перашкодзяць вам суседзi цi не.
Заклiк да гасцiннасцi падзейнiчаў iмгненна.
– Ну як жа, вядома, з'язджайце з дарогi. Вельмi будзем радыя.
– I паклiкаў: - Сэйры, тут людзi спынiцца каля нас хочуць. Выйдзi паздароўкайся. Сэйры ў мяне хварэе, - паведамiў ён Тому.
Полкi палаткi расхiнулiся, i з яе выйшла худая, ссохлая жанчына. Твар у яе быў зморшчаны, як завялы лiст, i на iм гарэлi вочы - чорныя вочы, у глыбiнi якiх затаiўся страх. Маленькую жанчыну калацiла. Яна трымалася за адкiнутую полку палаткi, i рука яе нагадвала руку шкiлета, абцягнутую сухой скурай.
Яна загаварыла нiзкiм, прыгожым, мяккiм пявучым голасам, у якiм прабiвалiся звiнючыя ноткi.
– Скажы iм: з добрым прыбыццём, - прамовiла яна.
– Скажы: сардэчна запрашаем.
Том з'ехаў з шашы i паставiў машыну ў полi побач з легкавой. Пасажыры выплюхнулiся з грузавiка, як кiпень з гаршка. Руцi i Ўiнфiлд так паспешлiва саскочылi, што ў iх ледзь не падкасiлiся замлелыя ногi, i ўзнялi вiск, калi ў лытках пачало паколваць, як iголкамi. Мацi адразу ўзялася за справу. Адвязала вялiкае вядро, што было прывязана ззаду грузавiка, i падышла з iм да дзяцей, якiя ўсё яшчэ вiшчалi.
– Iдзiце па ваду - вунь туды. Папрасiце далiкатна. Скажыце: "Будзьце ласкавыя, цi нельга нам налiць вядро вады?" I не забудзьцеся, скажыце: "Вялiкi дзякуй". Назад панесяце ўдваiх, толькi не расплюхайце па дарозе. А трапiцца на вочы сухое голле, захапiце з сабой - касцёр распалiм.
Дзецi патупалi да хацiны.
А каля палаткi адбылася маленькая замiнка, гутарка завязалася не адразу. Першы пачаў бацька:
– Вы не з Аклахомы?
Эл, якi стаяў каля легкавушкi, паглядзеў на нумарны знак.
– Канзас, - сказаў ён.
Хударлявы чалавек растлумачыў:
– Мы з Галены, з яе наваколля. Уiлсан, Айвi Ўiлсан.
– А мы Джоўды. З-пад самага Салiса.
– Што ж, мы вельмi радыя пазнаёмiцца, - сказаў Айвi Ўiлсан.
– Сэйры, гэта Джоўды.
– Я адразу здагадаўся, што вы не аклахомцы. У вас гаворка нейкая дзiўная, я гэта не ў крыўду вам, разумееце.
– Гавораць усе па-рознаму, - сказаў Айвi.
– Арканзасцы па-свойму, аклахомцы па-свойму. А неяк раз нам стрэлася жанчына з Масачусетса, дык яна ўжо зусiм дзiўна гаварыла. Ледзь разумелi яе.