ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Вялiкi грузавiк, шафёр i зменны.

– Можа, спынiмся тут, кавы вып'ем. Забягалаўку гэту я ведаю.

– А як у нас з графiкам?

– Iдзём з апярэджаннем.

– Тады пад'язджай. Тут ёсць баявая кабылка з перчыкам. I кава добрая.

Машына спыняецца. Двое шафёраў у брыджах колеру хакi, у высокiх шнураваных чаравiках, кароткiх куртках i вайсковых фуражках з блiскучымi брылямi. Дзверы з сеткай - бразь!

– Здарова, Мэй!

– Няўжо гэта ты, Вялiкi Бiл Пацук? Даўно перавялi зноў на гэты маршрут?

– Тыдзень таму.

Яго напарнiк кiдае пяцiцэнтавiк у адтулiну прайгравальнiка, глядзiць, як выслiзгвае пласцiнка i кладзецца на дыск. Голас Бiнга Кросбi - чыстае золата. "Зноў залацiцца пляж, i хвалi плешчуць глуха... Ты - у скронях боль, але не скруха..." А Вялiкi Бiл напявае на вушка Мэй: "Ты ў скрынях соль, але не шлюха..."

Мэй смяецца.

– А хто гэта з табой, Бiл? Ён першы раз на гэтым маршруце?

Напарнiк Бiла апускае пяць цэнтаў у аўтамат, выйграе чатыры жэтоны i зноў кiдае iх у шчылiну. Падыходзiць да стойкi.

– Што ж вам падаць?
– пытаецца Мэй.

– Ну, па кубку кавы. А тарты якiя?

– З бананавым крэмам, з ананасным крэмам, шакаладны, ну i яблычны.

– Давай яблычны... Чакай... а вунь той, вялiкi i пышны, з чым?

Мэй падымае торт, нюхае.

– Бананавы.

– Адрэж кавалак, ды не шкадуй.

Шафёр, што каля аўтамата, кажа:

– Рэж два.

– Наце вам два. Што-небудзь такое новенькае чуў, Бiл?

– Ага, вось паслухай.

– Ты пры даме не вельмi...

– Ды тут нiчога такога. Вучань спазнiўся ў школу. Настаўнiца пытаецца: "Чаму спазнiўся?" Хлопчык адказвае: "Я вадзiў цялушку да быка". Настаўнiца кажа: "Няўжо твой бацька сам не мог справiцца?" А малы ёй: "Вядома ж, мог, толькi дзе яму цягацца з быком".

Мэй вiшчыць ад смеху, ледзь не хрыпне. Эл акуратна рэжа цыбулю, узнiмае на iх позiрк, усмiхаецца i зноў апускае вочы. Вадзiцелi грузавiкоў - гэта людзi! Кожны з iх пакiне Мэй па чвэрцi даляра. Пятнаццаць цэнтаў за торт i каву i дзесяць - "чаявыя". I не чапляюцца да яе.

Сядзяць на высокiх табурэтах, п'юць каву, з кубкаў вытыркаюцца лыжачкi. Гутараць пра свае справы. Эл скрабе патэльню, слухае, але заўваг не робiць нiякiх. Бiнг Кросбi раптам змаўкае. Дыск апускаецца, i пласцiнка зноў займае сваё месца сярод iншых пласцiнак. Лiловае святло гасне. Пяцiцэнтавiк, што прывёў увесь гэты механiзм у дзеянне, прымусiў Кросбi спяваць, а аркестр яму акампанаваць, саслiзгвае з кантактаў i падае ў манетнiк. Манета гэтая, у адрозненне ад мноства iншых, сапраўды папрацавала, вымусiла аўтамат падпарадкавацца сабе.

З клапана кававаркi выбiваецца пара. Кампрэсар халадзiльнiка пачынае цiха гусцi, потым сцiхае. Электрычны вентылятар у куце паволi паварочваецца з боку ў бок, абвяваючы пакой цёплым ветрыкам. Па шашы No 66 з шумам праносяцца аўтамашыны.

– У нас незадоўга перад вамi машына з Масачусетса спынялася, - сказала Мэй.

Вялiкi Бiл абхапiў кубак зверху далонню так, што лыжачка тырчыць у яго памiж вялiкiм i ўказальным пальцамi. Ён шумна ўцягнуў у рот каву разам з паветрам, каб астудзiць яе.

– Паездзiла б ты цяпер па шэсцьдзесят шостай. Машыны з усёй краiны. Усе на Захад iдуць. Раней нiколi гэтулькi машын не бачыў. Сярод iх такiя трапляюцца прыгажунi!

– Сёння ранiцай мы бачылi аварыю, - сказаў яго зменны.
– Вялiкая машына "кадзiлак", зроблены, вiдаць, па спецыяльным заказе, прыгожы такi. Нiзкая пасадка, крэмавы колер. На грузавiк наляцеў. Радыятар умяла проста ў вадзiцеля. Гнаў пад дзевяноста мiль. Рулявой калонкай наскрозь прапарола, курчыўся, як жаба на круку. Была шык, а не машына, адна любата. А цяпер што хоць задарма бяры. Адзiн ехаў, без нiкога.

Эл падымае вочы ад плiты:

– А з грузавiком што?

– Божа мой, якi там грузавiк! Проста машына з адрэзаным верхам, набiтая ўсялякiм кухонным начыннем - плiта, рондалi, а яшчэ матрацы, дзецi, куры. Ну ведаеце ж - на Захад едуць. "Кадзiлак" прамчаўся паўз нас з хуткасцю мо дзевяноста мiль, - абагнуў на двух колах, а насустрач машына. Ён - убок, а тут грузавiчок гэты. Урэзаўся ў яго на ўсiм хаду. Вадзiцель п'яны быў, цi што. Коўдры, куры, дзецi - усё ўзляцела ў паветра. Аднаго малога забiла, проста раздушыла. Жудаснае вiдовiшча. Мы пад'ехалi. Чалавек, што вёў грузавiк, стаiць як укапаны, пазiрае на сынка мёртвага. Нi слова з яго не выцягнулi. Маўчыць, як знямеў. Мноства людзей на шашы - цэлымi сем'ямi на Захад едуць. I з кожным днём iх усё больш i больш. Адкуль яны толькi бяруцца?

– Лепш спытайцеся - куды едуць?
– сказала Мэй.
– Бывае, заязджаюць да нас па бензiн i, акрамя яго, нiчога не купляюць. Кажуць, яны на руку не чыстыя. Але ў нас нiдзе нiчога лiшняга не валяецца. Нас не абкрадалi.

Жуючы на поўны рот торт, Вялiкi Бiл глянуў праз зацягнутае сеткай акно на шашу.

– Ну вось, прывязвай сваё дабро мацней. Здаецца, едуць сюды.

З шашы стомлена збочыў "нэш" выпуску 1926 года. Задняе сядзенне ў яго было высока завалена мяхамi, рондалямi i патэльнямi, а на самым версе, амаль упiраючыся макаўкамi ў дах, сядзелi два хлопчыкi. На даху ляжалi прывязаныя да яго матрац i палатка, слупкi ад яе былi прымацаваны да падножкi. Машына пад'ехала да бензiнавых помпаў i спынiлася. З кабiны вылез цёмнавалосы чалавек з вострым скуластым i насатым тварам. Абодва малыя ссунулiся з паклажы на зямлю.

Мэй абагнула стойку i стала ў дзвярах. На чалавеку былi шэрыя шарсцяныя штаны i сiняя кашуля, пацямнелая ад поту на спiне i пад пахамi. На хлопчыках камбiнезоны на голае цела, патрапаныя, залатаныя. Валасы ў малых былi светлыя, стрыжаныя "пад вожык" i тырчалi, як шчацiна. Твары ў брудных плямах. Дзецi адразу пабеглi да лужыны пад водаправодным шлангам i засунулi пальцы босых ног у гразь.

Чалавек запытаўся:

– У вас можна вады ўзяць, мэм?

Цень нездавальнення мiльгануў на твары Мэй.

– Пэўна ж, налiвайце, - адказала яна i цiха кiнула цераз плячо: - Я пасачу за шлангам.
– Яна глядзела, як чалавек няспешна адкручваў каўпачок радыятара i ўсунуў у адтулiну наканечнiк шланга.

Бялявая жанчына, што сядзела ў кабiне, сказала:

– Спытайся, можа, тут дадуць.

Чалавек выняў шланг з радыятара i прыкруцiў каўпачок. Хлопчыкi ўзялi з рук бацькi шланг, павярнулi яго наканечнiкам угору i пачалi прагна пiць. Чалавек зняў з галавы цёмны запэцканы капялюш, падышоў да драцяных дзвярэй бара i стаў перад iмi з нейкiм дзiўным, прынiжаным выглядам.

Поделиться с друзьями: