ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Цiшэй, цiшэй!
– крыкнуў яму Том.
– Не ганi, вядзi асцярожна, а то яшчэ i рысору зламаеш.

Эл пачырванеў ад злосцi i заглушыў матор.

– Iдзi ты к чорту!
– крыкнуў ён.
– Я падшыпнiка не расплаўляў. А ты яшчэ кажаш - "i рысору зламаеш"!

Том ашчэрыўся ўсмешкай:

– Во завёўся. Я нiчога такога сказаць не хацеў. Проста каб ты цераз кювет цiшэй ехаў.

Асцярожна ведучы машыну па схiлах кювета, Эл бурчаў:

– Яшчэ каму-небудзь у галаву ўваб'еш, што па маёй вiне падшыпнiк паляцеў.
– Стук у маторы перайшоў ужо ў грукат. Эл накiраваў машыну ў цень i выключыў запальванне.

Том падняў капот i замацаваў яго.

– Пакуль не астыне, пачынаць нельга, - сказаў ён.

Усе пасажыры павылазiлi з машын i збiлiся ў кучку каля легкавушкi.

Бацька запытаўся:

– Вельмi сур'ёзна?
– i прысеў на кукiшкi.

Том павярнуўся да Эла:

– Калi-небудзь шатунныя падшыпнiкi мяняў?

– Не, - адказаў Эл.
– Нiколi не даводзiлася. Але паддон знiмаў.

Том сказаў:

– Трэба зняць паддон, потым шатун, раздабыць новы падшыпнiк, падкласцi пракладкi i падагнаць. Працы на цэлы дзень. Па падшыпнiк давядзецца з'ездзiць назад у Санта-Росу. Да Альбукерка мiль семдзесят пяць, не меней... А чорт, заўтра ж нядзеля! Нiдзе нiчога заўтра не купiш.
– Усе маўчалi. Руцi працiснулася да самай машыны i пiльна ўзiралася пад адкiнуты капот, стараючыся ўбачыць зламаную дэталь. Том цiха гаварыў: - Заўтра нядзеля. У панядзелак купiм, а рамонт скончым, вiдаць, не раней як у аўторак. Без патрэбнага iнструменту цяжка давядзецца. Работка яшчэ тая.

Па зямлi праплыў цень сарыча, i ўсе задралi ўгору галовы, пазiраючы на чорную птушку, што лунала ў паветры.

Бацька сказаў:

– Чаго я больш за ўсё баюся, дык гэта застацца пасярод дарогi без грошай. I есцi ўсiм трэба, i бензiн, i масла купляць. Калi грошы кончацца, проста не ведаю, што рабiць будзем.

Уiлсан сказаў:

– Бадай, я тут вiнаваты. Няшчасная гэта развалiна ўсю дарогу мне жыць не давала. Вы i так шмат добрага нам зрабiлi. Перакладзiце свае рэчы на грузавiк i едзьце далей. Мы з Сэйры тут застанемся, што-небудзь прыдумаем. Не хочам, каб вы праз нас пацярпелi, хоць адзiн з вас.

Бацька няспешна прагаварыў:

– Не, гэтак рабiць не будзем. Мы амаль параднiлiся з вамi. Дзед у вашай палатцы памёр.

Сэйры стомлена прамовiла:

– Вам з намi адны турботы, адны турботы...

Том павольна скруцiў цыгарку, агледзеў яе з усiх бакоў i запалiў. Зняў з галавы памятую кепку i выцер ёю лоб.

– Вось што я надумаў, - сказаў ён.
– Можа, вам i не спадабаецца, але справа такая: чым хутчэй усе вы даберацеся да Калiфорнii, тым хутчэй грошы да вас пойдуць. Ход у легкавой машыны разы ў два хутчэйшы, чым у грузавiка. I вось я што прапаную: здымiце частку рэчаў з грузавiка, тады вы ўсе ў iм размесцiцеся без мяне i прапаведнiка, i - наперад. А мы з Кейсi застанемся тут, адрамантуем машыну i таксама паедзем. Ехаць будзем дзень i ноч i дагонiм вас, а калi не дагонiм, што ж, затое вы ўжо пры рабоце будзеце. Калi ж якая паломка ў дарозе ў вас здарыцца, не страшна, стаўце каля шашы палаткi i нас чакайце. Як добра ўсё абыдзецца, вы даедзеце да месца, працу знойдзеце, i грошы пойдуць. Кейсi мне з рамонтам дапаможа, мы ўсё зробiм i да вас прыкацiм.

Члены аб'яднанай сям'i задумалiся. Дзядзька Джон апусцiўся на кукiшкi побач з братам.

Эл запытаўся:

– А мая дапамога пры рамонце не патрэбна?

– Ты ж сам казаў, што нiколi шатунных падшыпнiкаў не мяняў.

– Правiльна, - пагадзiўся Эл.
– Тут трэба моцную спiну мець. А прапаведнiк, можа, i не захоча застацца з табою.

– Ну дык хто-небудзь iншы, мне ўсё адно, - сказаў Том.

Бацька паскроб указальным пальцам сухую зямлю.

– На маё разуменне, Том правiльна кажа, -сказаў ён.
– Усiм тут заставацца нiякай карысцi. А дацямна можна яшчэ мiль пяцьдзесят зрабiць, а то i сто.

Мацi з трывогай запыталася:

– А як вы знойдзеце нас?

– Шаша ж тут адна, - адказаў Том.
– Шэсцьдзесят шостая - да самага канца. А там Бейкерсфiлд. Я па карце глядзеў. Проста туды i прыедзеце.

– А калi ўжо ў Калiфорнii мы з яе дзе-небудзь збочым?

– Не хвалюйся, - супакоiў Том мацi.
– Мы вас знойдзем. Калiфорнiя ж не на ўвесь свет.

– На карце яна страшэнна вялiкая.

Бацька вырашыў параiцца з братам:

– Ну як, Джон, ёсць сэнс гэтак рабiць, га?

– Ёсць, - адказаў Джон.

– Мiстэр Уiлсан, машына ваша. Вы нiчога не маеце супраць таго, каб мой сын адрамантаваў тут яе, а потым прыгнаў вам?

– Не маю нiчога, - адказаў Уiлсан.
– Вы ўжо зрабiлi нам шмат добрага. Я вашаму сыну цалкам давяраю.

– Калi мы вас i не так хутка дагонiм, што ж, вы паспееце ўжо дзе-небудзь на працу прыстроiцца i грошай крыху ў кiшэню пакласцi, - сказаў Том.
– А што будзе, калi ўсе мы тут засядзем? Вады паблiзу няма, машыну гэту з месца не скранеш. А вось, дапусцiм, усе вы даедзеце i на работу ўладкуецеся. Грошы ў вас завядуцца, дамок нават, можа, якi сабе купiце. Кейсi, ты як? Застаешся са мной, паможаш?

– Як вам, людзi, лепш, так я i зраблю, - адказаў Кейсi.
– Вы мяне пасадзiлi ў машыну, везлi. Я што заўгодна зраблю.

– Глядзi, застанешся - будзеш валяцца на спiне пад машынай, твар увесь маслам перамажаш, - папярэдзiў Том.

– Не страшна.

Бацька сказаў:

– Ну, раз цяпер усё ясна, давайце ў дарогу. Да начлегу можна яшчэ сотню мiль выцiснуць.

Мацi ступiла крок i стала перад iм:

– Я не еду.

– Як гэта - не едзеш? Што гэта значыць? Якраз табе i трэба ехаць. Уся сям'я на табе.
– Бацька не чакаў такога бунту.

Мацi падышла да легкавой машыны, прасунула руку ў дзверцы, памацала пад заднiм сядзеннем, выцягнула адтуль рычаг ад дамкрата i лёгенька ўзважыла яго ў руцэ.

– Я не еду, - паўтарыла яна.

– Кажу ж табе, трэба ехаць. Так вырашана.

Губы ў мацi моцна сцялiся, i яна спакойна сказала:

– Мяне толькi сiлай адсюль павязеш.
– Яна зноў крыху павяла жалезным стрыжнем.
– Глядзi, бацька, сораму не абярэшся. Бiць сябе я не дазволю, плакаць i лiтасцi прасiць не буду. Я табе так засвячу! Цi ты справiшся са мной? А калi наб'еш, дык, бог сведка, я свайго часу дачакаюся - павернешся да мяне спiнай цi на кукiшкi дзе прысядзеш, я цябе ззаду вядром! Госпадам богам прысягаю, так будзе.

Бацька бездапаможна абвёў вачамi прысутных.

– Во расхрабрылася!
– сказаў ён.
– Нiколi яе такой яшчэ не бачыў.

Жалезны стрыжань злавесна пагойдваўся ў руцэ ў мацi.

– Давай падыходзь!
– сказала мацi.
– Ты ж ужо вырашыў. Падыходзь, бi. Ну, паспрабуй, што атрымаецца. Толькi я не паеду, а калi сiлай пацягнеш, дык ты нiколi ўжо ўначы вока не звядзеш, бо я буду цярплiва чакаць, доўга чакаць, i як толькi сон стулiць табе павекi, я паленам - трах!

– Гэта ж трэба, якая баявая, - прабурчаў бацька.
– Здаецца, i не маладая ўжо.

Астатнiя моўчкi сачылi за гэтым бунтам. Пазiралi на бацьку, чакаючы, што ён вось-вось увойдзе ў злосць. Яны сачылi за яго рукамi, якiя раптоўна маглi сцiснуцца ў кулакi. Але бацька не даў волi гневу, рукi яго спакойна вiселi па баках. I неўзабаве ўсе зразумелi, што мацi перамагла. I сама яна зразумела гэта.

Том сказаў:

– Якая цябе, ма, муха ўкусiла? Навошта ты ўсё гэта распачала? Што з табой такое? Табе боязна за нас стала?

Твар у мацi крыху палагаднеў, але ў вачах у яе яшчэ быў суровы бляск. Яна сказала:

Поделиться с друзьями: