ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Цi не прадасце нам буханку хлеба, мэм?

Мэй адказала:

– Тут не бакалейная крама. Хлеб у нас iдзе на сандвiчы.

– Ведаю, мэм.
– У яго прынiжанасцi адчувалася ўпартасць.
– Нам трэба хлеб, а да крамаў, кажуць, ехаць яшчэ i ехаць.

– Прадасi, i сама без нiчога застанешся.
– У голасе Мэй прагучала нотка нерашучасцi.

– Мы галодныя, - сказаў чалавек.

– Дык чаму ж не купiце сандвiчаў з катлетамi?

– Мы б радыя купiць гамбургеры, мэм. Ды не можам. Нам трэба абысцiся дзесяццю цэнтамi на ўсiх.
– I, сумеўшыся, чалавек дадаў: - Грошы зусiм канчаюцца.

Мэй сказала:

– За дзесяць цэнтаў буханкi хлеба не купiш. У нас толькi па пятнаццаць.

Ззаду буркнуў Эл:

– Госпадзi, Мэй, дай iм хлеба.

– Да прывозу самiм можа не хапiць.

– I няхай не хопiць, чорт з iм, - сказаў Эл i пахмурна глянуў на бульбяную салату, якую ён перамешваў.

Мэй пацiснула круглявымi плячамi i азiрнулася на шафёраў, нiбы кажучы: бачыце, як бывае.

Яна адчынiла дзверы, i чалавек увайшоў, уносячы з сабой пах поту. Следам за iм у бар шмыгнулi хлапчукi i адразу пайшлi да прылаўка з цукеркамi утаропiлiся на iх, але ў вачах у iх не загарэлася нi прага, нi надзея, нi нават жаданне iх пакаштаваць, а было толькi здзiўленне, што ёсць такiя рэчы на свеце. Хлопчыкi былi аднаго росту i на адзiн твар. Адзiн з iх стаяў, паскрэбваючы пальцамi нагi брудную шчыкалатку. Другi раптам нешта шапнуў яму на вуха, i абое ўсунулi рукi ў кiшэнi, i тонкую сiнюю тканiну iх камбiнезонаў адтапырылi сцiснутыя ў кулакi далонi.

Мэй высунула шуфляду i выняла адтуль буханку хлеба ў васкаванай паперы.

– Вось за пятнаццаць цэнтаў.

Чалавек зноў надзеў капялюш i сказаў усё гэтак жа прынiжана:

– А цi нельга... Можа, вы адрэжаце на дзесяць цэнтаў?

Эл сярдзiта рыкнуў:

– Госпадзi, Мэй! Аддай iм усю.

Чалавек павярнуўся да Эла:

– Не, нам трэба толькi на дзесяць цэнтаў. Даводзiцца ўсё дакладна разлiчваць, мiстэр, iнакш не дабяромся да Калiфорнii.

Мэй пакорлiва прамовiла:

– Бярыце ўсю за дзесяць цэнтаў.

– Гэта ж як рабаваць вас, мэм.

– Бярыце. Раз Эл сказаў, бярыце.
– Яна пусцiла па стойцы загорнуты ў васкаваную паперу хлеб. Чалавек дастаў з задняй кiшэнi скураны капшук, развязаў шнуркi i раскрыў яго. Капшук быў туга набiты сярэбранымi манетамi i залапанымi грашовымi паперкамi.

– Вам, вiдаць, дзiўна, што я так скуплюся, - выбачлiвым тонам сказаў ён. Але наперадзе ў нас яшчэ тысяча мiль дарогi, i невядома, цi дабяромся яшчэ. Ён пакорпаўся ўказальным пальцам у капшуку, намацаў дзесяцiцэнтавую манету i выцягнуў яе. Калi паклаў на стойку, убачыў, што выпадкова прыхапiў яшчэ адзiн цэнт. Ён хацеў ужо схаваць яго назад у капшук, але раптам позiрк яго ўпаў на хлопчыкаў, што застылi перад прылаўкам з цукеркамi. Ён паволi падышоў да iх, паказаў пальцам на доўгiя палачкi ледзянцоў пад шклом у паласатых абгортках. Гэтыя - цэнт за штуку, мэм?

Мэй нахiлiлася i глянула пад шкло.

– Якiя?

– Вось гэтыя, паласатыя.

Малыя паднялi на яе вочы i перасталi дыхаць - замерлi, крыху раскрыўшы раты i напружыўшы паўголыя цельцы.

– Гэтыя? Не. Яны на цэнт пара.

– Дык дайце дзве штучкi, мэм.
– Чалавек беражлiва паклаў медную манетку на прылавак. Хлопчыкi ледзь чутна перавялi дух. Мэй дастала два мятныя ледзянцы.

– Бярыце, - сказаў бацька дзецям.

Хлопчыкi нясмела працягнулi рукi, узялi па адной ледзянцовай палачцы i апусцiлi ўнiз, не кiнуўшы на iх позiрку. Але зiрнулi адзiн на аднаго, куточкi iх губ ледзь варухнулiся ад бянтэжлiвай усмешкi.

– Дзякуй вам, мэм.
– Чалавек узяў бохан i выйшаў за дзверы; хлопчыкi неяк ненатуральна чынна пайшлi следам, i кожны прыцiскаў да нагi доўгую цукерку ў абгортцы з чырвонымi палоскамi. А ў машыне яны, як бурундукi, скокнулi з пярэдняга сядзення на самы верх паклажы i зашылiся, як у норку, сярод клункаў.

Чалавек сеў у машыну, завёў матор, i лядашчы "нэш", равучы i выпусцiўшы клуб маслянiстага дыму, уз'ехаў на шашу i пакiраваў на захад.

З бара глядзелi яму ўслед абодва шафёры, Мэй i Эл.

Вялiкi Бiл павярнуўся да Мэй.

– Такiя ледзянцы каштуюць не цэнт за пару, - сказаў ён.

– А табе што?
– агрызнулася Мэй.

– Iм цана кожнаму пяць цэнтаў.

– Ну паехалi, - сказаў другi вадзiцель.
– А то час трацiм.

Абодва палезлi ў кiшэню. Бiл кiнуў на стойку манету, другi шафёр, глянуўшы на яе, зноў палез у кiшэню i паклаў сваю манету побач. Потым яны павярнулiся i пайшлi да дзвярэй.

– Бывай, - сказаў Бiл.

Мэй аклiкнула iх:

– Гэй! Пачакайце! Рэшту вазьмiце.

– Iдзi ты к чорту, - сказаў Бiл, i сеткаватыя дзверы бразнулi за iм.

Мэй глядзела, як вадзiцелi садзiлiся ў вялiкую грузавую машыну, як яна з грукатам цяжка кранулася з месца, потым, заскрыгатаўшы перадачамi i набраўшы газ, пайшла сваёй звычайнай рэйсавай хуткасцю.

– Эл...
цiха паклiкала Мэй.

Повар адвёў вочы ад катлеты, якую ён спляскваў лапаткай, збiраючыся абкласцi яе васкаванымi паперкамi.

– Што там у цябе?

– Зiрнi сюды, - яна паказала на грошы, што ляжалi каля кубкаў, - дзве манеты па паўдаляра.

Эл падышоў да стойкi, глянуў на iх i вярнуўся да сваiх гамбургераў.

– Вадзiцелi грузавiкоў, - паважлiва прамовiла Мэй, - гэта вам не задрыпы.

Мухi раз-пораз натыкалiся на драцяныя сеткi i з гудзеннем адляталi прэч. Кампрэсар халадзiльнiка павуркатаў i сцiх. Па шашы No 66 мiма бара са зласлiвым вiскам праляталi машыны - i грузавыя, i зграбныя абцякальныя легкавыя, i нехлямяжыя драндулеты; i ўсе пранiзлiва вiшчалi. Мэй сабрала талеркi i счысцiла з iх у вядро крошкi ад торта. Потым узяла мокрую анучу i пачала кругамi выцiраць стойку. А вочы яе былi прыкаваныя да шашы, па якой вiхрам праносiлася мiма жыццё.

Эл выцер рукi аб фартух i паглядзеў на паперку, прышпiленую да сцяны над плiтой. На ёй былi нейкiя кропкi - радкамi ў тры слупкi. Эл падлiчыў самы доўгi радок. Тады пайшоў уздоўж стойкi да касы, нацiснуў на кнопку "Выкл." i ўзяў з высунутай шуфлядкi жменю манет па пяць цэнтаў.

– Што ты там робiш?
– запыталася Мэй.

– Трэцi павiнен ужо хутка выплацiць, - сказаў Эл. Ён падышоў да трэцяга гульнёвага аўтамата i пачаў апускаць у яго проразь манеты; пасля таго як у машыне пяты раз закруцiлiся нейкiя колцы, у акенцы паявiлiся тры палоскi, i ў коўшык высыпаўся галоўны выйгрыш. Эл згроб манеты жменяй i вярнуўся да стойкi, кiнуў грошы ў шуфлядку касы i замкнуў яе. Потым вярнуўся да плiты i закрэслiў на паперцы самы доўгi радок.
– Да трэцяга часцей за ўсё падыходзяць, - сказаў ён.
– Можа, iх месцамi памяняць?
– Ён падняў накрыўку i пачаў памешваць у рондалi, дзе тушылася мяса.

– I што яны будуць рабiць у Калiфорнii?
– сказала Мэй.

– Хто?

– Ды гэтыя, ну што толькi што да нас заязджалi.

– Аднаму богу вядома, - адказаў Эл.

– Думаеш, знойдуць там працу?

– Я адкуль ведаю?

Мэй паглядзела на шашу.

– Едзе грузавiк з прычэпам. Цi спынiцца тут? Няхай бы спынiўся.

I калi грузавiк цяжка з'ехаў з шашы i стаў каля бара, Мэй зноў схапiлася за сваю анучку i працерла з канца ў канец усю стойку. Хуценька правяла ёю разы два па блiскучай кававарцы i крыху больш адкруцiла вентыль газавага балона. Эл паклаў перад сабой некалькi невялiкiх рэпак i пачаў iх абiраць. Мэй адразу павесялела, калi адчынiлiся дзверы i ў бар увайшлi два шафёры ў аднолькавым форменным адзеннi.

Поделиться с друзьями: