ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Том сказаў:

– Хэло!

– Хэло!

– У хахулю гуляеш?

– Ага.
– Хлопчык пасоўваўся ўсё блiжэй да берага, быццам проста так, незнарок, i раптам выскачыў з вады, згроб у ахапак сваё адзенне i знiк у вербалоззi.

Том цiха засмяяўся i раптам пачуў рэзкi крык:

– Том! Гэй, Том!

Ён сеў на дно i свiснуў праз зубы, пранiзлiва, з хвацкiм прысвiстам у канцы. Кусты варухнулiся, i з iх выйшла Руцi. Спынiлася, пазiраючы на яго.

– Цябе мама клiча, - сказала яна.
– Iдзi хутчэй.

Зараз.
– Том падняўся i пайшоў па вадзе да берага, а Руцi глядзела на яго голае цела са здзiўленнем i цiкавасцю.

Заўважыўшы на сабе яе позiрк, Том сказаў:

– Ну бяжы. Давай адсюль!

I Руцi ўцякла. Том пачуў, як яна ўсхвалявана клiча Ўiнфiлда. Ён нацягнуў гарачае адзенне на сваё халаднаватае, мокрае цела i няспешнай хадою пайшоў праз лазняк да палаткi.

Мацi расклала агонь з сухога вярбовага голля i кiпяцiла на iм ваду ў рондалi. Убачыўшы Тома, адразу адчула палёгку.

– Што тут у вас, ма?
– запытаўся Том.

– Я баялася за цябе, - адказала яна.
– Тут палiсмен прыходзiў. Нам, кажа, нельга тут заставацца. Я баялася, каб ён з табой не загаварыў. Баялася, ты наб'еш яго, як толькi ён рот расчынiць.

Том сказаў:

– Чаго гэта я раптам палiсменаў бiць буду?

Мацi ўсмiхнулася:

– Ну... ён тут такога нагаварыў... я сама ледзь не набiла яго.

Том схапiў яе за плячо i размашыста i грубавата трасянуў яе i засмяяўся. I яшчэ смеючыся, апусцiўся на траву.

– Божа мой, ма. Я такой цябе не ведаў, раней ты была больш далiкатная. Што з табою стала?

Мацi спахмурнела.

– Не ведаю, Том.

– Спярша на нас дамкратнай ручкай замахвалася, цяпер палiсмена ледзь не збiла.
– Том цiха засмяяўся, выцягнуў руку i ласкава паляпаў мацi па голай ступнi.
– Сапраўдная ведзьма.

Том...

– Што?

Мацi доўга вагалася, перш чым загаварыць.

– Том, палiсмен гэты... ён абазваў нас... Окi. Кажа: "Мы не дазволiм усякiм Окi тут затрымлiвацца".

Том пiльна паглядзеў на мацi, рука яго ўсё яшчэ ласкава ляжала на яе ступнi.

– Адзiн чалавек нам ужо гаварыў. Сказаў, як яны вымаўляюць гэтае слова. Том задуменна памаўчаў.
– Ма, як па-твойму, я ўжо зусiм адпеты? Месца маё ў турме?

– Не, - адказала яна.
– Цябе давялi да забойства. Не. А чаму ты пытаешся?

– Проста так. Я палiсмену гэтаму ўляпiў бы як мае быць.

Мацi лагодна ўсмiхнулася:

– Магчыма, я цябе на гэта i падбiла б. Я сама яго ледзь патэльняй не агрэла.

– А што ён гаварыў, ма? Чаму нам нельга тут заставацца?

– Сказаў, не дазволiм усякiм Окi тут затрымлiвацца. Калi, кажа, я вас тут заўтра застану, у турму пасаджу.

– Мы не прывыклi, каб палiсмены нас у карак гналi.

– Я так i сказала яму. А ён кажа, вы тут не дома. Вы ў Калiфорнii, а тут мы гаспадары.

Том нерашуча прамовiў:

– Мне трэба табе нешта сказаць, ма. Ной... пайшоў унiз па рацэ. Далей ён з намi не паедзе.

Сэнс яго слоў дайшоў да мацi не адразу.

– Чаму?
– праз нейкi момант цiха запыталася яна.

– Не ведаю. Кажа, так трэба. Што яму лепш застацца каля гэтай ракi. Прасiў сказаць табе.

– А што ён есцi будзе?

– Не ведаю. Рыбу, кажа, лавiць буду.

Мацi доўга маўчала.

– Распадаецца наша сям'я, - нарэшце прамовiла яна.
– Проста не ведаю, не прыдумаю, што рабiць. У галаве ўсё перамяшалася. Гэтага мне ўжо занадта.

Том няўпэўнена сказаў:

– А нiчога з iм не зробiцца, ма. Наогул, ён у нас з дзiвацтвамi.

Мацi кiнула неўразумелы позiрк на раку.

– Проста ў галаве ўсё перамяшалася.

Том глянуў на рады палатак i каля адной з iх убачыў Руцi з Уiнфiлдам - яны стаялi каля ўвахода i з кiмсьцi далiкатна размаўлялi. Руцi мяла пальцамi сукенку, а Ўiнфiлд босай нагой калупаў пясок. Том крыкнуў:

– Гэй, Руцi!
– Дзяўчынка падняла галаву, убачыла брата i падбегла да яго, за ёю - Уiнфiлд. Том сказаў: - Збегай, Руцi, паклiч нашых. Яны спяць пад вербамi. Сюды вядзi. А ты, Уiнфiлд, скажы Ўiлсанам, што мы хутка едзем, няхай збiраюцца.

Дзецi мiгам разбеглiся. Том запытаўся ў мацi:

– А як бабка, ма?

– Заснула. Здаецца, ёй лепш. I цяпер яшчэ спiць.

– То добра. Колькi ў нас свiнiны засталося?

– Малавата. Адна маленькая бочачка.

– Тады ў другую вады набяром. Ваду трэба ўзяць у дарогу.

З вербняку пачулiся гучныя крыкi Руцi, якая склiкала мужчын.

Мацi падкiнула сухога вярбовага голля ў вогнiшча, i агонь з трэскам абхапiў рондаль. Сказала:

– Дай нам, божа, хутчэй адпачыць. Дай нам, госпадзi, знайсцi сабе добры прыстанак!

Сонца хiлiлася да ламанай рысы абпаленых iм узгоркаў. Вада ў рондалi шалёна бурлiла. Мацi пайшла пад брызентавы навес, выйшла адтуль з поўным фартухом бульбы i ўсыпала яе ў вар.

– Дай, божа, хутчэй памыць бялiзну. Нiколi мы яшчэ такiя брудныя не хадзiлi. Бульбу i то нямытую вару. А чаму - не разумею. Быццам сэрца з мяне вырвалi.

Мужчыны купкай выйшлi з кустоў. Вочы ў iх былi сонныя, твары расчырванелыя, азызлыя ад сну сярод дня. Бацька папытаўся:

– Што тут у вас?

– Трэба ехаць, - адказаў Том.
– Палiсмен прыходзiў, гонiць далей. Лепш хутчэй пераехаць пустыню. Выедзем чым раней i, можа, адолеем яе адразу. Нейкiх трыста мiль засталося.

Бацька сказаў:

– Эх, думаў, адпачнём тут добра.

– Нельга, трэба ехаць, та, - сказаў Том.
– Ной з намi не едзе. Пакiраваў унiз па рацэ.

– Не едзе? Што яму, чорту, у галаву ўзбрыло?
– сказаў бацька i запнуўся. Потым паныла прамовiў: - Мая вiна. Ной - гэта мая вiна.

– Ды кiнь ты, та.

Поделиться с друзьями: