ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Няма чаго i гаварыць. Вiна мая.

– Трэба збiрацца, - сказаў Том.

Уiлсан, падыходзячы, пачуў апошнiя словы Тома.

– Мы ехаць не можам, - сказаў ён.
– Сэйры зусiм знемаглася. Ёй патрэбен спакой. Жывая яна з гэтай пустынi не выберацца.

Яго выслухалi моўчкi; потым Том сказаў:

– Палiсмен гразiўся ўсiх нас у турму загнаць, калi мы да заўтра застанемся.

Уiлсан пакруцiў галавой. Вочы яго заслалiся пялёнкай трывогi, праз загар на твары праступiла бледнасць.

– Тады едзьце адны. Сэйры не можа. У турму дык у турму. Сэйры трэба адпачыць, набрацца сiлы.

Бацька сказаў:

– Можа, мы пачакаем вас? А тады ўсе i паедзем.

– Не, - адказаў Уiлсан.
– Вы i так шмат нам зрабiлi. А тут заставацца вам нельга. Вам трэба ехаць, знайсцi работу, працаваць. Мы вас не хочам затрымлiваць.

Бацька ўсхвалявана сказаў:

– Але ж у вас нiчога няма.

Уiлсан усмiхнуўся:

– Калi мы з вамi стрэлiся, у вас таксама нiчога не было. Вас гэта не датычыць. Будзеце спрачацца са мной, я ўзлавацца магу. Вы едзьце, а то я сапраўды зазлую i пасваруся з вамi.

Кiўком галавы мацi паклiкала бацьку пад брызент i нешта шапнула яму.

Уiлсан павярнуўся да Кейсi:

– Сэйры прасiла вас зайсцi да яе.

– Добра, - адказаў прапаведнiк. Ён пайшоў да маленькай шэрай палаткi Ўiлсанаў, адхiнуў полкi i ўвайшоў. У палатцы было цёмна i душна. На зямлi ён убачыў матрац, астатнiя рэчы, як былi скiнуты з грузавiка, так i валялiся дзе папала. Сэйры ляжала на матрацы, шырока расплюшчыўшы блiскучыя вочы. Кейсi спынiўся, глянуў на яе, апусцiўшы сваю вялiкую галаву, i мускулы на яго жылiстай шыi напялiся. Ён зняў з галавы капялюш i стаяў, трымаючы яго ў руцэ.

Сэйры спыталася:

– Муж сказаў, што мы не едзем?

– Сказаў.

Зноў пачуўся нiзкi прыгожы голас Сэйры:

– Я хацела ехаць з вамi. Ведаю, мне з гэтай пустынi жывой не выбрацца, затое муж перабярэцца цераз яе. А ён не хоча. Ён не ведае. Думае, я папраўлюся. Ён не ведае.

– Ён сказаў: не паедзем.

– Ага. Ён упарты. А вас я паклiкала, каб малiтву прачыталi.

– Я не прапаведнiк ужо, - цiха прамовiў Кейсi.
Малiтвы мае не памогуць.

Сэйры правяла языком па сасмяглых губах.

– Калi памёр iх дзед, я была ў палатцы. Тады вы прачыталi малiтву.

– Гэта была не малiтва.

– Малiтва, - сказала Сэйры.

– Не такая, якiя чытаюць прапаведнiкi.

– Малiтва была добрая. Прачытайце i мне такую.

– Я не ведаю, што гаварыць.

Сэйры заплюшчыла вочы i праз хвiлiну зноў паглядзела на Кейсi.

– Тады памалiцеся моўчкi. Без слоў. Мне большага не трэба.

– Ува мне няма бога, - сказаў Кейсi.

– У вас ёсць бог. Вы не ведаеце, якi ён, але гэта няважна.
– Прапаведнiк схiлiў галаву. Сэйры баязлiва сачыла за iм. I калi ён падняў галаву, твар яе пасвятлеў.
– Гэтага я i хацела. Адчуць, што ёсць нехта побач... i молiцца.

Кейсi матнуў галавой, быццам адганяючы сон.

– Я гэтага не разумею, - сказаў ён.

А Сэйры сказала:

– Але вы... вы ведаеце, праўда?

– Ведаю, - адказаў Кейсi, - ведаю, але не разумею. Можа, мiне некалькi дзён, вы адпачняце i паедзеце далей.

Сэйры паволi пакруцiла галавой:

– Ува мне ўжо нiчога не засталося, акрамя болю. Я ведаю, што гэта, толькi яму гаварыць не хачу. Ён вельмi засмуцiцца. А зрабiць усё роўна нiчога не зможа. Магчыма, ноччу, калi ён засне... Прачнецца, усё ж лягчэй.

– Хочаце, я не паеду, застануся з вамi?

– Не, - сказала Сэйры.
– Не. Ведаеце, дзяўчынай я добра спявала. У нашых краях усе гаварылi, што я спяваю не горш за саму Джэнi Лiнд. Бывала, прыйдуць паслухаць мяне. I вось... пяеш, а людзi стаяць побач, i здаецца, быццам ты з iмi адно цэлае. Так мне рабiлася добра тады. Не кожнаму дадзена такое адчуць такую паўнату ў сэрцы i блiзкасць да людзей, што стаяць i слухаюць. Тады я ўсё думала, што некалi буду спяваць у тэатрах, ды не збылося. То i добра. Калi я спявала, нiкога памiж намi не было, нiчога. Вось чаму я папрасiла вас памалiцца. Захацелася яшчэ раз адчуць такую блiзкасць. Песня i малiтва - адно i тое. Шкада, што вы не чулi, як я спявала.

Кейсi заглянуў ёй у самыя вочы.

– Бывайце, - сказаў ён.

Яна кiўнула яму галавой i моцна сцяла губы. I прапаведнiк выйшаў з паўзмроку палаткi на сляпучае сонечнае святло.

Мужчыны рабiлi пагрузку. Дзядзька Джон стаяў на кузаве, а астатнiя падавалi яму рэчы. Ён акуратна расстаўляў iх, стараючыся, каб было як мага раўней. Мацi выняла салёную свiнiну з бочачкi i паклала ў рондаль, а Том з Элам схадзiлi да ракi i памылi абедзве бочачкi. Потым прывязалi iх да падножак грузавiка, налiлi вадой, якую прынеслi ў вёдрах. Зверху завязалi бачуркi парусiнай, каб вада не расплюхалася ў дарозе. Засталося яшчэ толькi ўкласцi брызент i матрац, на якiм спала бабка.

Том сказаў:

– З такiм грузам калымага наша моцна перагрэецца. Вялiкi запас вады трэба мець.

Мацi раздала ўсiм вараную бульбу, вынесла з-пад брызенту астатнiя паўмяха бульбы i паставiла яго ля рондаля са свiнiнай. Усе елi стоячы, пераступаючы з нагi на нагу i перакiдаючы з далонi на далонь гарачыя бульбiны, каб яны астылi.

Мацi пайшла ў палатку Ўiлсанаў, прабыла там хвiлiн дзесяць i цiхенька выйшла.

– Пара ехаць, - сказала яна, падышоўшы да мужчын.

Мужчыны зайшлi пад брызентавы навес. Бабка спала з шырока раскрытым ротам. Яны асцярожна паднялi матрац i паклалi яго на самы верх грузавiка. Бабка падабрала свае кашчавыя ногi, але не прачнулася.

Дзядзька Джон з бацькам перакiнулi брызент цераз верхнюю перакладзiну так, што атрымалася нешта накшталт стрэшкi, i прывязалi яго да бакавых планак бартоў. Цяпер усё было гатова. Бацька дастаў з кiшэнi кашалёк i выняў з яго дзве пакамечаныя паперкi. Ён падышоў да Ўiлсана i падаў яму грошы.

– Вось, прымiце ад нас i...
– ён паказаў на рондаль са свiнiнай i мяшок з бульбай, - i гэта.

Уiлсан панурыўся i рашуча пакруцiў галавой.

– Не, я гэтага не зраблю, - сказаў ён.
– У вас у самiх мала.

– На дарогу нам хопiць, - сказаў бацька.
– Не апошняе аддаём. А прыедзем на месца, у нас работа будзе.

– Не, я гэтага не зраблю, - паўтарыў Уiлсан.
– Лепш не ўгаворвайце, зазлую.

Мацi ўзяла з рук бацькi абедзве паперкi, акуратна перагнула iх напалам i паклала на зямлю, а зверху паставiла рондаль са свiнiнай.

– Вось дзе яно будзе, - сказала яна.
– Не возьмеце вы, возьмуць iншыя.

Уiлсан павярнуўся, не падымаючы галавы, i пайшоў да сваёй палаткi, i за iм захiнулiся полкi.

Поделиться с друзьями: