Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– А чакаць доўга давядзецца?

– Чаго чакаць?

– Калi ты пачнеш зарабляць вялiкiя грошы i ў нас будзе лёд.

– Гэта цяжка сказаць, - важна прамовiў Конi.
– Загадзя сказаць не магу. Да Каляд, а то i раней, думаю, вывучуся.

– Ты вывучышся, i мы купiм сабе лёд i ўсё астатняе, так?

Конi хмыкнуў:

– Гэта ў цябе ад спёкi. Нашто табе лёд на Каляды?

Ружа Сарона ўсмiхнулася:

– I праўда. Але так хочацца, каб ён у нас заўсёды быў. Ну, перастань. А то я завядуся!

Сутонне перайшло ў цемру, i лагоднае неба над пустыняй усыпалi зоркi калючыя, вострыя, з рэдкiмi кароткiмi i доўгiмi промнямi. I гарачыня стала iншая. Пакуль сонца стаяла ў небе, гарачыня хвастала, працiнала наскрозь, а цяпер яна падымалася знiзу, ад зямлi, i шчыльна ахiнала людзей. Загарэлiся фары, i цьмяна завiднеўся наперадзе кавалак шашы i паласа пустынi абапал яе. Час ад часу ўдалечынi паблiсквалi вочы якой-небудзь жывёлiны, але самой яе не было вiдаць. Пад брызентам цяпер зрабiлася зусiм цёмна. Дзядзька Джон i прапаведнiк ляжалi, скурчыўшыся i апiраючыся на локцi, пасярэдзiне грузавiка i глядзелi на дарогу праз заднi трохкутны праём навеса. Блiжэй да задняга борта яны бачылi два няясныя выступы - гэта былi бабка i мацi; мацi раз-пораз варушылася, i ў праёме мiльгалi абрысы яе рукi.

Дзядзька Джон загаварыў з прапаведнiкам.

– Кейсi, - сказаў ён, - ты павiнен ведаць, што з гэтым рабiць.

– З чым?

– Не ведаю, - адказаў дзядзька Джон.

Кейсi сказаў:

– Нялёгкую ты мне задачу задаў!

– Ты ж быў прапаведнiкам.

– Паслухай, Джон, усе мне тыцкаюць - прапаведнiк, прапаведнiк... А прапаведнiк такi самы чалавек, як i ўсе iншыя.

– То так, але... ён... чалавек асаблiвы, iнакш якi ж ён прапаведнiк. Я вось што хацеў спытацца... як па-твойму, можа так быць, што прыносiш людзям няшчасце?

– Не ведаю. Не ведаю.

– Ну, разумееш... была ў мяне жонка... прыгожая, добрая. Неяк ноччу забалеў у яе жывот. I папрасiла яна: "Прывядзi доктара". А я кажу: "Яшчэ чаго. Ты проста аб'елася".
– Дзядзька Джон паклаў руку на калена прапаведнiку i пачаў узiрацца ў цемры ў яго твар.
– Як яна на мяне паглядзела! Усю ноч стагнала i назаўтра днём памерла.
– Прапаведнiк нешта прамармытаў.
– Разумееш?
– гаварыў далей Джон.
– Я забiў яе. I з таго дня ўсё стараўся выкупiць сваю вiну, рабiць дабро... усё больш дзецям. I жыць захацеў дабром, а не магу. Напiваюся, распуснiчаю.

– Усе распуснiчаюць, - сказаў Кейсi.
– Я таксама.

– То так, але ў цябе няма грэху на душы.

Кейсi мякка сказаў:

– Як няма - ёсць. Усе не без грэху. Грэх - гэта тое, у чым ты не адчуваеш упэўненасцi. А тых, хто ва ўсiм упэўнены i не ведае за сабой грахоў, тых сукiных сыноў я, на месцы бога, гнаў бы выспяткам у зад з царства нябеснага. Цярпець iх не магу!

Дзядзька Джон сказаў:

– У мяне такое адчуванне, быццам я сваiм родным няшчасце прыношу. Думаю, цi не пайсцi ад iх. Гэтак жыць больш не магу.

Кейсi адказаў адразу:

– Мне гэта вядома... Што чалавеку трэба рабiць, няхай тое i робiць. Параiць табе нiчога не магу. Не ведаю, цi можа чалавек прыносiць другому шчасце або няшчасце. Адно толькi добра ведаю: нiхто не мае права лезцi ў чужое жыццё. Няхай чалавек вырашае сам за сябе. Памагчы яму можна, а ўказваць - не.

Дзядзька Джон расчаравана сказаў:

– Дык ты не ведаеш, што мне рабiць?

– Не, не ведаю.

– Па-твойму, гэта грэх, што я даў жонцы вось гэтак памерцi?

– Разумееш, - сказаў Кейсi, - у каго iншага гэта была б проста памылка, але раз ты лiчыш, што гэта грэх... значыць, грэх. Чалавек сам стварае сабе грахi.

– Мне трэба добра падумаць, - сказаў дзядзька Джон, павярнуўся на спiну i лёг, падняўшы каленi.

Грузавiк iшоў па гарачай пустынi гадзiна за гадзiнай. Руцi i Ўiнфiлд спалi. Конi выцягнуў аднекуль з паклажы коўдру, накрыў сябе i Ружу Сарона, i, стрымлiваючы дыханне, яны пачалi валтузiцца ў духаце. Потым Конi адкiнуў коўдру, i гарачы скразняк абвеяў прахалодай iх змакрэлыя целы.

Каля задняга борта мацi ляжала на матрацы побач з бабкай, i, хоць нiчога ў цемры не бачыла, яна адчувала сутаргавае паторгванне цела, няроўнае сэрцабiццё i перарывiстае дыханне бабкi. I ўсё паўтарала:

– Супакойся. Усё будзе добра.
– I потым дадала зрывiстым голасам: - Ты ж ведаеш, нам трэба пераехаць гэту пустыню. Ты ж гэта ведаеш.

Дзядзька Джон аклiкнуў яе:

– Што там у вас?

Толькi праз якую хвiлiну мацi адказала:

– Ды гэта я так. Пэўна, у сне.

Потым бабка зацiхла, i мацi знерухомела побач з ёю.

Ноч цягнулася, мiналi гадзiны, цемра ляцела насустрач грузавiку. Часам iх абганялi легкавыя аўтамашыны, што беглi на захад, у ноч; часам насустрач iм iмчалiся вялiзныя грузавiкi i з грукатам праляталi мiма, на ўсход. Зоркi марудным каскадам струменiлiся ў бок заходняга гарызонту. Каля паўночы Джоўды пад'ехалi да iнспектарскай станцыi на ўскраiне Дэгета. Шаша ў гэтым месцы была залiтая электрычнасцю, а каля канторы стаяў ярка асветлены шчыт з надпiсам: "Бяры ўправа. Стоп". Том спынiў машыну, i iнспектары, што сланялiся без справы па канторы, зараз жа выйшлi i сталi пад доўгай драўлянай паветкай. Адзiн з iх запiсаў нумар машыны i падняў века капота.

Том запытаўся:

– Гэта навошта?

– Агранамiчная iнспекцыя. Зараз агледзiм вашу машыну. Раслiны, насенне ёсць?

– Няма, - адказаў Том.

– Усё роўна агледзiм. Разгружайцеся.

Мацi з цяжкасцю злезла з грузавiка. Твар у яе быў апухлы, вочы глядзелi сурова.

– Паслухайце, мiстэр, у нас старая хворая жанчына. Вязём яе да доктара. Нам марудзiць нельга.
– Яна, вiдаць, ледзь стрымлiвалася, каб не закацiць iстэрыку.
– Вы не маеце права нас затрымлiваць.

– Не маю права? Без агляду нельга.

– Богам прысягаю, у нас нiчога гэтага няма!
– закрычала мацi.
– Прысягаю. Бабцы зусiм дрэнна.

– У вас у самой выгляд нездаровы, - сказаў iнспектар.

Мацi ўзялася за край борта i з усяе сiлы падцягнулася да бабкi.

– Вось, зiрнiце, - сказала яна.

Iнспектар накiраваў прамень электрычнага лiхтарыка на стары зморшчаны твар.

– Далiбог, праўда, - сказаў ён.
– Дык вы прысягаеце, што нiчога няма - нi насення, нi фруктаў, нi гароднiны, нi кукурузы, нi апельсiнаў?

Поделиться с друзьями: