ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Том запытаўся:

– Окi? А што гэта значыць?

– Раней азначала аклахомца. А цяпер - проста "сволач". Окi - гэта падонак. Само па сабе ў слове гэтым нiчога такога няма, уся соль у тым, як там яго вымаўляюць. Ды хiба ўсё раскажаш? Трэба самому там пабыць. Кажуць, такiх, як мы, туды трыста тысяч наехала... жывуць, як быдла, бо ў Калiфорнii ўсё скрозь ужо каму-небудзь належыць. I нiчога не засталося. А людзi, якiя ўсiм гэтым валодаюць, так учапiлiся за сваё дабро, што забiць за яго каго хочаш на свеце гатовыя. Страх iх разбiрае, таму i кiпяць злосцю. Гэта вам на свае вочы ўбачыць трэба. Самiм усё пачуць. Надзiва прыгожы край, а людзi нядобрыя, зласлiвыя. I так ужо iм страшна, што нават адзiн аднаго гатовыя з'есцi.

Том глядзеў у ваду i разграбаў пяткамi пясок.

– Ну, а калi знойдзеш працу i збярэш крыху грошай, можна ўсё-такi невялiкi ўчастак купiць?

Мужчына засмяяўся i глянуў на сына, i твар маўклiвага хлопчыка расплыўся ў амаль пераможнай усмешцы. Мужчына сказаў:

– Сталай работы вы не знойдзеце. Кожны дзень давядзецца думаць, як зарабiць сабе на абед. I працаваць будзеце з людзьмi, якiя на вас коса глядзяць. А бавоўну збiраць будзеце, вам здасца, што вагi няправiльныя. Вагi бываюць i правiльныя i няправiльныя. Вы ж будзеце думаць, што ўсе яны махлярскiя, а як праверыш? I нiчога з гэтым не зробiш.

Бацька нерашуча запытаўся:

– Там што... там зусiм нiчога добрага няма?

– Чаму ж, ёсць, паглядзiш - вочы разбягаюцца, толькi вам з таго нiчога не перападзе. Вось, напрыклад, цэлы гай стаiць апельсiнавых дрэў з жоўтымi пладамi, а там чалавек расхаджвае са стрэльбай, i, як толькi дакранешся да апельсiна, ён цябе прыстрэлiць - такое яму дадзена права. А на ўзбярэжжы ёсць адзiн гаспадар, газетчык нейкi, дык у яго зямлi гэтай мiльён акраў...

Кейсi стрэльнуў у яго вачамi:

– Цэлы мiльён? Што ж ён робiць з мiльёнам акраў?

– Хто яго ведае. Валодае iмi, i ўсё. Трымае трохi жывёлы. Паўсюль у яго вартаўнiкi, нiкога не пускаюць. Раз'язджае ў куленепрабiвальнай машыне. Я бачыў яго партрэты. Тлусты такi, друзлы, вочкi маленькiя, злосныя, а рот, як паддувала. Баiцца, каб не забiлi. У самога мiльён акраў зямлi, а ён смерцi баiцца.

Кейсi зноў запытаўся:

– На чорта яму мiльён акраў? Што ён з iмi рабiць будзе?

Мужчына развёў рукамi з пабялелымi, зморшчанымi ад вады далонямi, прыкусiў нiжнюю губу i нахiлiў набок галаву.

– А я ведаю?
– адказаў ён.
– Вiдаць, з розуму крануўся. Пэўна, вар'ят. I на партрэце такi. З выгляду вар'ят. Вар'ят i зласлiвец.

– Смерцi, кажаш, баiцца?
– сказаў Кейсi.

– Так ад людзей чуў.

– Баiцца, што да яго бог дабярэцца?

– Хто ведае. Баiцца, i ўсё.

– Што ж ён сабе думае?
– сказаў бацька.
– Не можа ж ён усё жыццё так пражыць - без нiякiх радасцей.

– А вось дзед наш нiкога не баяўся, - сказаў Том.
– Яму самая радасць была, калi яго вось-вось маглi ўкакошыць. Раз уначы ўдваiх з прыяцелем яны пайшлi на iндзейцаў навахаў. Цудам жывымi засталiся, затое пацешылiся ўволю.

Кейсi сказаў:

– Так, вiдаць, заўсёды бывае. Калi чалавеку радасць, пляваць яму на ўсё, а вось зласлiўцы, адзiнокiя, старыя i расчараваныя баяцца смерцi.

Бацька запытаўся:

– Чаго гэта ён раптам расчараваўся, калi зямлi ў яго мiльён акраў?

Прапаведнiк усмiхнуўся, але ў вачах у яго мiльганула нерашучасць. Ён пляснуў далонню па вадзе, адганяючы вадзянога жука.

– Калi чалавеку патрэбен мiльён акраў, каб адчуць сваё багацце, значыць, душа яго ўбогая, а з такой душой нiякiя мiльёны не дапамогуць. Пэўна, таму ён i расчараваўся - адчувае, што няма ў яго багацця... таго багацця, што было ў мiсiс Уiлсан, калi яна дала сваю палатку, як памiраў дзед. Я вам не пропаведзь чытаю, але калi чалавек цягне ўсякае дабро ў сваю нару, як лугавы сабачка, дык, урэшце, ён ва ўсiм расчаруецца.
– Кейсi шырока ўсмiхнуўся: - Мiмаволi, здаецца, як пропаведзь атрымалася.

Сонца палiла ўжо немiласэрна.

Бацька сказаў:

– Лепей зусiм схавацца пад вадой. Так прыпякае - згарыш.
– I ён адкiнуўся назад, i лёгкая плынь абняла яго шыю.
– А калi цяжкай працы не баiшся, можна яе знайсцi?
– запытаўся ён.

Чалавек прыўзняўся ў вадзе i павярнуўся да яго тварам:

– Бачыце, мiстэр, я не ўсё ведаю. Магчыма, прыедзеце туды i адразу знойдзеце сталую работу, i тады я акажуся брахуном. А магчыма, нiякай не знойдзеце i скажаце: ён нас папярэдзiў. Адно толькi ведаю: народ там большай часткай жыве ў бядоце.
– Ён зноў апусцiўся ў ваду.
– А ўсяго ведаць нельга.

Бацька павярнуў галаву i глянуў на дзядзьку Джона. Сказаў:

– Ты ў нас гаваркi нiколi не быў, а як паехалi з дому, я ад цябе i двух слоў не пачуў. Ну, што ты думаеш пра ўсё гэта?

Дзядзька Джон насупiўся:

– Анiчога не думаю. Мы едзем туды, так? I нiякiмi расказамi нас назад не павернеш. Прыедзем - пабачым. Знойдзем работу, будзем працаваць, а не, дык хвост падцiснем. Ад размоў гэтых толку мала.

Том адкiнуўся назад, набраў у рот вады, выпусцiў яе фантанам i засмяяўся:

– Дзядзька Джон гаворыць рэдка ды метка. Далiбог, разумна гаворыць. Ноччу далей паедзем, та?

– Што ж, можна. Хоць бы ўжо пустыню пераехаць.

– Тады я пайду ў кусты i трохi пасплю.
– Том падняўся i пайшоў па вадзе да пясчанага берага. Там накiнуў на мокрае цела кашулю, надзеў штаны, паморшчыўся ад дотыку прапаленай сонцам адзежы. Астатнiя пабрылi за iм.

Бацька i сын, застаўшыся ў вадзе, пазiралi ўслед Джоўдам, пакуль усе яны i прапаведнiк не знiклi ў вербалоззi. Хлопчык сказаў:

– Хацеў бы я паглядзець на iх праз якiя шэсць месяцаў. Ох, госпадзi!

Яго бацька працёр куткi вачэй указальным пальцам.

– Дарэмна я iм усё гэта нагаварыў, - сказаў ён.
– Вось жа хочацца чалавеку паказаць, якi ён разумны, другiх вучыць.

– Ну што ты, та! Яны ж самi прасiлi.

– Яно так. Але ж ён сказаў, што ўсё роўна паедуць. Ад маiх слоў нiчога не перамянiлася, а iм ад iх толькi лiшняе засмучэнне паперад часу.

Том увайшоў у зараснiк вербалозу i лёг у густы цень пад кустом. Ной палез за iм.

– Тут i пасплю, - сказаў Том.

– Том!

– Што табе?

– Я далей, Том, не паеду.

Том прыўзняўся i сеў.

– Што ты надумаў?

– Я каля гэтай рэчкi застануся, Том. Пайду па беразе ўнiз па цячэннi.

– Ты звар'яцеў!

– Завяду сабе вуду. Лавiць буду рыбу. Каля такой рэчкi з голаду не памрэш.

Том сказаў:

– А сям'я? А мама?

– Што зробiш. Не магу я расстацца з такой цудоўнай ракой.
– Шырока расстаўленыя вочы Ноя былi прыплюшчаныя.
– Ты ж сам ведаеш, Том. Ты ведаеш, да мяне ўсе добра ставяцца, але iм усё роўна, што я ёсць, што мяне няма.

Поделиться с друзьями: