ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Бабка кiдалася галавой па падушцы i нешта ледзь чутна мармытала.

Жанчына пагардлiва выйшла з-пад брызенту. Мацi не зводзiла вачэй са старэчага твару.

Ружа Сарона махала кавалкам кардону, гонячы гарачае паветра хвалямi. Сказала:

– Ма!

– Што?

– Чаму ты не дазволiла iм тут памалiцца?

– Сама не ведаю. Наогул iегавiсты - людзi добрыя. Але, молячыся, завываюць i скачуць. Не ведаю. Нешта найшло на мяне. Я гэтага цяпер не стрывала б. Сiл маiх не хапiла б.

Аднекуль зблiзку данеслiся гукi малення - манатонныя распевы пропаведзi. Слоў было не разабраць, чуўся толькi матыў. Голас то сцiхаў, то набiраў сiлу, i кожны распеў пачынаўся на больш высокай ноце. Вось у паўзе прапаведнiку адказалi iншыя галасы, i яго голас набыў урачыстасць i ўладнасць. Тон усё павышаўся, i ў паўзах гукi падхопу паступова перайшлi ў лямант. Мала-памалу фразы пропаведзi рабiлiся ўсё карацейшымi, адрывiстымi, як каманды, i ў галасах, што на iх адгукалiся, загучалi жалобныя ноткi. Рытм малення ўсё разганяўся. Мужчынскiя i жаночыя галасы гучалi суладна, але раптам, пасярод падхопу, адзiн жаночы голас вырваўся, узляцеў увысь i вылiўся ў роспачны крык, дзiкi i шалёны, як звярыны; яму пачалi ўторыць больш нiзкi жаночы голас, перарывiсты, як брэх, i мужчынскi, якi паступова танчэў, як воўчае выццё. Словы малiтвы абарвалiся, i з палаткi чулiся толькi жалобнае завыванне i тупат ног па зямлi. Мацi кiнула ў дрыжыкi. Ружа Сарона дыхала цяжка i перарывiста, а дзiкi лямант не змаўкаў, i здавалася, вось-вось у людзей разарвуцца лёгкiя.

Мацi сказала:

– Нервы не вытрымлiваюць. Нешта са мною сталася.

Раптам высокi голас перайшоў у iстэрычны вiск, як завыванне гiены; тупат зрабiўся гучнейшы. Галасы ламалiся i зрывалiся, i нарэшце ўвесь хор загучаў роўна, i чулiся толькi рыданнi i хрыплыя стогны, гукi ўдараў па целе i прытупванне па зямлi; потым рыданне перайшло ў цiхае скуголенне, накшталт скавытання шчанюкоў каля мiскi з ежай.

Знерваваная Ружа Сарона цiха плакала. Бабка раптам збiла занавеску з ног, падобных на дзве шэрыя вузлаватыя палкi, i таксама заскуголiла пад такiя ж гукi, што даносiлiся з палаткi iегавiстаў. Мацi зноў прыкрыла ёй ногi занавескай. I тут бабка глыбока ўздыхнула, дыханне яе стала роўнае i свабоднае, прыплюшчаныя павекi перасталi пацепвацца. Старая заснула моцным сном i, крыху адкрыўшы рот, пахрапвала. Жаласнае скуголенне ў палатцы iегавiстаў рабiлася ўсё цiшэйшым i нарэшце зусiм сцiхла.

Ружа Сарона зiрнула на мацi поўнымi слёз вачамi.

– Дапамагло, - сказала яна.
– Бабцы дапамагло. Яна заснула.

Мацi сядзела прысаромленая, апусцiўшы галаву.

– Я, можа, дарэмна пакрыўдзiла добрых людзей, - сказала яна.
– Бабка спiць.

– Можа, табе схадзiць пакаяцца прапаведнiку нашаму?

– Пайду... Толькi ён нейкi дзiўны. Магчыма, гэта я праз яго не дазволiла тым людзям памалiцца тут. Прапаведнiк наш думае: што людзi нi зробяць, усё добра.
– Мацi паглядзела на свае рукi.
– А цяпер спаць, Разашарна. Калi паедзем ноччу, дык трэба выспацца.
– Яна выцягнулася на траве каля матраца.

Ружа Сарона запыталася:

– А бабку не трэба абмахваць?

– Яна спiць. Кладзiся, дачушка.

– Куды гэта Конi дзеўся?
– незадаволена сказала Ружа Сарона.
– Ужо колькi часу яго не бачыла.

Мацi сказала:

– Ш-ш... Паспi.

– Ма, Конi будзе вучыцца вечарамi i ў людзi выйдзе.

– Ага, ты мне ўжо казала. Кладзiся спаць.

Ружа Сарона прымасцiлася з краю бабчынага матраца.

– Конi ўжо новае задумаў. Ён увесь час думае. Вось вывучыць пра электрычнасць i майстэрню сваю завядзе, а тады ведаеш, што ў нас будзе?

– Што?

– Лёд... колькi душа пажадае. Купiм ледзяную шафу. Напакуем яе даверху. Нiчога псавацца не будзе.

– Конi ўвесь час думае, - усмiхнулася мацi.
– Вось i добра, а цяпер спаць.

Ружа Сарона заплюшчыла вочы. Мацi павярнулася на спiну i падклала рукi пад галаву. Яна прыслухоўвалася да дыхання бабкi i дачкi. Махнула рукой, каб прагнаць муху з iлба. Лагер зацiх пад пякучым сонцам, i гукi, якiя даносiлiся з нагрэтай травы, - строкат конiкаў, гудзенне мух - толькi падкрэслiвалi цiшыню. Мацi глыбока перавяла дыханне, пазяхнула i заплюшчыла вочы. Праз дрымоту пачула чыесьцi крокi, але прачнулася не ад iх, а ад моцнага мужчынскага голасу.

– Тут хто ёсць?

Мацi хуценька адарвала спiну ад зямлi, села. Нейкi мужчына з моцна загарэлым тварам нахiлiўся i зазiрнуў пад брызент. На iм былi высокiя шнураваныя чаравiкi, штаны колеру хакi i такога ж колеру форменная кашуля. На шырокай скураной партупеi вiсела рэвальверная кабура, а злева на грудзях да кашулi была прышпiлена вялiкая сярэбраная зорка. Фуражка з мяккiм верхам была ссунута на патылiцу. Ён паляпаў далонню па туга нацягнутым брызенце, i той загуў, як барабан.

– Тут ёсць хто-небудзь?
– настойлiва паўтарыў ён.

Мацi запыталася:

– Што вам трэба, мiстэр?

– А як вы думаеце, што мне трэба? Хачу ведаць, хто тут ёсць.

– Тут нас трое: я, бабка i дачка мая.

– А мужчыны дзе?

– Пайшлi пакупацца. Мы ўсю ноч ехалi.

– Адкуль вы?

– З-пад самага Салiса ў Аклахоме.

– Тут вам заставацца нельга.

– Мы сёння позна вечарам паедзем далей, мiстэр, праз пустыню.

– I добра зробiце. Калi заўтра ў гэты час будзеце тут, я пасаджу вас. Мы такiм не дазваляем тут надоўга спыняцца.

Твар у мацi пацямнеў ад гневу. Яна памалу паднялася на ногi, падышла да скрынi з кухонным начыннем i выцягнула за доўгую ручку чыгунную патэльню.

– Мiстэр, - сказала яна, - у вас бляшаная цэшка i рэвальвер. Там, адкуль я прыехала, такiя, як вы, голасу не павышаюць.
– Яна пачала наступаць на яго з патэльняй у руцэ. Ён расшпiлiў кабуру.
– Страляй, - сказала мацi.
– Жанчын запалохваеш? Добра, што мужчын нашых тут няма. Яны б цябе на шматкi разадралi. У нашых краях такiя, як ты, не вельмi плешчуць языком.

Чалавек адступiў назад на два крокi.

– Краi вашы засталiся далёка. Цяпер вы ў Калiфорнii, i ўсякiм Окi мы не дазволiм тут затрымлiвацца.

– Окi?
– цiха перапытала мацi.
– Окi?

– Ага, Окi! I калi я заўтра вас тут застану, не мiнуць вам турмы. Чалавек крута павярнуўся, падышоў да суседняй палаткi i паляпаў далонню па брызенце:

– Ёсць тут хто-небудзь?

Мацi не спяшаючыся вярнулася пад брызент. Паклала патэльню назад у скрыню. Потым паволi апусцiлася на зямлю, села. Ружа Сарона ўпотайкi сачыла за ёю. Убачыўшы, што мацi стараецца стрымаць слёзы, яна заплюшчыла вочы i прытварылася, што спiць.

Сонца ўжо добра схiлiлася на захад, а спёка не спадала. Том прачнуўся пад вярбой. У роце ў яго засмягла, цела змакрэла ад поту, галава была цяжкая пасля сну. Ён вяла падняўся на ногi i пайшоў да берага. Скiнуў з сябе адзежу, палез у рэчку. Ледзь толькi вада абняла яго, смага знiкла. Ён лёг на мелкiм месцы, упёршыся локцямi ў пясчанае дно, i цела яго плавала ў вадзе. I так ён ляжаў, пазiраючы на пальцы ног, якiя пагойдвалiся над паверхняй.

Бледны хударлявы хлопчык выпаўз, як звярок, з чароту i хуценька раздзеўся. Ён шмыгнуў у ваду, як хахуля, i, як хахуля, паплыў, пакiнуўшы толькi вочы на паверхнi. Раптам ён убачыў над вадой галаву Тома, заўважыў, што за iм сочаць. Хлопчык кiнуў сваю гульню i сеў на дно.

Поделиться с друзьями: