ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Ты звар'яцеў.

– Не, Том. Я ўсё разумею. Я разумею, што iм будзе шкада мяне. Але... Не, не паеду з вамi. Ты маме скажы, Том.

– Ной, ну паслухай ты...
– пачаў Том.

– Не. Ты мяне не адгаворыш. Я пабыў у гэтай рацэ i цяпер ужо яе не пакiну. Пайду берагам унiз па ёй, Том. Рыбай буду кармiцца цi яшчэ чым, а раку гэту не пакiну. Не магу.
– Ной паўзком выбраўся з-пад цянiстых кустоў.
– Ты маме скажы, Том.
– Ён пакрочыў да рэчкi.

Том правёў яго да берага.

– Слухай, пудзiла ты гарохавае...

– Дарэмна ўсё, - сказаў Ной.
– Мне самому горка, але нiчога з сабой зрабiць не магу. Я мушу iсцi.

Ной крута павярнуўся i пайшоў уздоўж берага ўнiз па рацэ. Том пайшоў за iм, але раптам спынiўся. Ён бачыў, як Ной знiк у кустоўi, потым зноў паказаўся, iдучы краем ракi. Том глядзеў яму ўслед, а Ной рабiўся ўсё меншы i меншы i нарэшце зусiм знiк з вачэй за вербалозамi. Том зняў з галавы кепку i пачухаў патылiцу. Тады вярнуўся ў сваё сховiшча ў кустах i лёг спаць.

На матрацы пад перакiнутым цераз вяроўку брызентам ляжала бабка, а побач з ёю сядзела мацi. Там было душна, горача, назойлiва гулi мухi, хаваючыся ў цянi навеса. Бабка ляжала голая, прыкрытая доўгай ружовай занавескай. Старая неспакойна паводзiла галавой, нешта мармытала i цяжка дыхала. Мацi сядзела проста на зямлi, адганяючы ад бабкi мух кавалкам кардону, авявала гарачым паветрам старэчы маршчынiсты твар. Ружа Сарона сядзела насупраць i пазiрала на мацi.

Раптам бабка ўладна закрычала:

– Уiл! Уiл! Хадзi сюды, Уiл.
– Вочы яе расплюшчылiся i злосна зiрнулi па баках.
– Скажыце, хай сюды iдзе, - гаварыла яна.
– Я да яго дабяруся. Усе валасы павыдзiраю.
– Яна заплюшчыла вочы i, кiваючы галавой, хрыпла замармытала. Мацi абмахвала яе кардонам.

Ружа Сарона разгублена глянула на старую i цiха сказала:

– Зусiм расхварэлася.

Мацi ўзняла на дачку вочы. Позiрк у яе быў спакойны, але лоб збаразнiлi маршчыны стомы. Яна махала i махала кардонам, змагаючыся з мухамi.

– У маладосцi, Разашарна, усё, што з табой нi здарыцца, здаецца нечым адлучаным ад усяго. Быццам асобна стаiць. Я гэта ведаю, Разашарна, я добра памятаю.
Губы яе любоўна вымаўлялi даччыно iмя.
– Прыйдзе час табе радзiць, Разашарна, i здасца табе, што ты зусiм адна, далёка ад дому, ад усяго свету. I ты адчуеш боль, i боль твой будзе толькi тваiм, ты адчуеш сябе адзiнокай, як вось гэтая палатка, што стаiць асобна ад усяго свету.
– Мацi энергiчна памахвала кардонкай, каб прагнаць мясную муху, якая моцна гула, i вялiкая блiскучая сiняя муха двойчы пакружыла пад брызентам i вылецела на сляпучае сонечнае святло. Мацi зноў загаварыла: - Але з часам усё мяняецца, i тады смерць аднаго чалавека ўспрымаецца ў сувязi з усiмi iншымi смерцямi i нараджэнне дзiцяцi - з нараджэннем усiх iншых дзяцей. А нараджэнне i смерць гэта як паловы адной рэчы. I тады табе ўжо не здаецца, што беды твае i радасцi стаяць асобна адно ад аднаго. Тады, Разашарна, не так ужо i цяжка трываць боль, бо балiць не толькi табе. Мне так хацелася пра ўсё гэта табе расказаць, але ж вось не ўмею.
– Апошнiя словы прагучалi так мякка, i было ў яе голасе столькi любовi, што да вачэй Ружы Сарона падкралiся слёзы, залiлi iх i асляпiлi яе.
– Вазьмi памахай над бабкаю, - сказала мацi i падала дачцэ кардон.
– Ёй лягчэй ад гэтага. Шкада, што не магла табе ўсё растлумачыць.

Бабка ссунула бровы над заплюшчанымi вачамi i завiшчала:

Уiл! Зноў увесь выпацкаўся! Нiколi чысты не ходзiш.
– Яе маленькая, скурчаная, маршчынiстая рука паднялася i пацерла шчаку. Рыжая мурашка перабегла з занавескi на азызлую шыю, папаўзла па згiбах скуры. Мацi зрэагавала iмгненна, зняла насякомае, раздушыла пальцамi i выцерла iх аб сукенку.

Ружа Сарона замахала кардонiнай. Падняла вочы на мацi:

– Яна?..
– Астатнiя словы нiбы спяклiся ў горле.

– Ногi вытры, Уiлi... брудная свiння!
– закрычала бабка.

Мацi сказала:

– Не ведаю. Можа, калi б давезлi яе туды, дзе не так горача... хто ведае. Ты не хвалюйся, Разашарна. Дыхай свабодна - удых, выдых, не стойвай дыхання.

Да iх пад брызентавы навес зазiрнула мажная жанчына ў чорнай парванай сукенцы. Позiрк у яе быў мутны, туманны, друзлыя шчокi абвiслi складкамi абапал падбародка. Губы былi рыхлыя, нястуленыя: верхняя, як занавескай, закрывала зубы, а з-пад адвiслай нiжняй вiднелiся дзясны.

– Добрай вам ранiцы, мэм, - сказала яна.
– Добрай ранiцы i хвала госпаду богу.

Мацi азiрнулася.

– Добрай ранiцы, - адказала яна.

Жанчына, сутулячыся, пралезла пад брызент i нахiлiла галаву над бабкай.

– Мы чулi, што ў вас ёсць душа, гатовая ўзнесцiся да госпада. Хай славiцца iмя яго!

Твар у мацi стаў жорсткi, вочы - калючыя.

– Яна стамiлася, толькi i ўсяго, - сказала яна.
– Ад дарогi i спёкi. Яна проста змучылася. Крыху адпачне i ачуняе.

Жанчына нахiлiлася да самага твару бабкi - здалося, панюхала яго. Тады павярнулася да мацi i хутка пакруцiла галавой, шчокi яе затрэслiся i захiсталiся губы.

– Добрая душа iмкнецца да госпада, - сказала яна.

Мацi закрычала:

– Няпраўда!

Жанчына зноў пакруцiла галавой, цяпер ужо не так хутка, i паклала азызлую руку на лоб бабцы.

– Гэта праўда, сястра, - сказала яна.
– У нас у палатцы шасцёра вернiкаў. Зараз я iх паклiчу сюды, i мы наладзiм малiтоўны сход - памолiмся i звернемся да мiласцi боскай. Усе iегавiсты. Са мной шэсць. Пайду прывяду iх.

Мацi ўся напялася.

– Не, не!
– сказала яна.
– Не трэба. Бабка змучылася, малiтвы не вытрывае.

Жанчына сказала:

– Не вытрывае малiтвы? Не вытрывае салодкага дыхання госпада нашага? Што ты гаворыш, сястра?

Мацi сказала:

– Не. Тут нельга. Яна змучылася.

Жанчына з дакорам паглядзела на мацi.

– Вы няверуючая, мэм?

– Не, мы людзi набожныя, але бабка вельмi змучылася. Мы ўсю ноч былi ў дарозе. Нам не хочацца турбаваць вас.

– Якiя ж гэта турботы? А калi нават i так, мы ўсё зробiм для душы, што iмкнецца далучыцца да бязгрэшнага ягняцi.

Мацi прыўзнялася з зямлi i стала на каленi.

– Дзякуй вам, - сказала яна холадна.
– Мы не хочам, каб у нашай палатцы быў малiтоўны сход.

Жанчына доўга пазiрала на яе.

– Што ж, але мы не адпусцiм сястру нашу без малiтвы. Маленне будзе ў нашай палатцы, мэм. I няхай даруецца вам такая душэўная жорсткасць.

Мацi зноў апусцiлася на зямлю i павярнулася да бабкi тварам, з якога не сыходзiлi цвёрдасць i суровасць.

– Яна змучылася, - паўтарыла яна зноў.
– Проста змучылася.

Поделиться с друзьями: