Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
– Калiфорнiя. Вось мы i прыехалi ў самую Калiфорнiю!
Уiнфiлд надламаў чарацiнку, пакруцiўшы, адарваў яе i, узяўшы ў рот, пачаў жаваць белую мякаць сцябла. Яны ўвайшлi ў ваду па лыткi.
– Далей паедзем па пустынi, - сказала Руцi.
– А якая яна, пустыня?
– Сама не ведаю. Толькi на малюнку раз бачыла. Паўсюль косцi валяюцца.
– Чалавечыя?
– Можа, i чалавечыя, але больш каровiныя.
– А мы iх убачым?
– Можа, i ўбачым, хто ведае. Мы паедзем па ёй ноччу. Так Том сказаў. Том кажа, згарыш к чорту, калi днём паедзеш.
– Тут так прыемна, такi халадок, - сказаў Уiнфiлд i грабянуў нагой пясок на дне.
Здалёку пачуўся голас мацi:
– Руцi! Уiнфiлд! Вяртайцеся!
Дзецi павярнулiся i, прабiраючыся праз чарот i вербалоз, паволi пайшлi назад.
У лагеры было цiха, нiдзе нiкога. Толькi калi машыны пад'ехалi, з некалькiх палатак на момант высунулiся галовы. Зрабiўшы сабе прыстанiшча, мужчыны абедзвюх сем'яў сабралiся разам.
Том сказаў:
– Пайду пакупаюся. Асвяжуся - i спаць. Цяпер бабка пад навесам. Што з ёй?
– Не ведаю, - адказаў бацька.
– Усё спiць, так i не прачнулася.
– Ён павярнуў галаву ў бок брызенту. З-пад яго данеслася жаласнае мармытанне. Мацi паспяшалася туды.
– Прачнулася нарэшце, - сказаў Ной.
– На грузавiку ўсю ноч трызнiла. Пэўна, з розуму кранулася.
Том сказаў:
– Дзiва што. Зусiм замучылася. Калi не даць ёй паляжаць спакойна, яна нядоўга працягне. Здарожылася. Ну, хто са мной? Пакупаюся i залягу ў цянi... дзень цэлы спаць буду.
Ён пакiраваў да берага, астатнiя мужчыны пайшлi следам. Усе раздзелiся ў кустах вербалозу, зайшлi ў рэчку i селi на дно. Яны доўга сядзелi так, упiраючыся пяткамi ў пясок, толькi галовы тырчалi над вадой.
– Вось гэта па мне!
– сказаў Эл. Ён зачарпнуў жменю пяску з дна i стаў нацiраць цела.
Яны сядзелi ў рацэ i пазiралi на горныя пiкi - "Iголкi", як iх называлi, Нiдлс, i на белыя скалiстыя горы Арызоны.
– Мы прабралiся праз iх, - сказаў, сам яшчэ не верачы сабе, бацька.
Дзядзька Джон акунуў галаву ў ваду.
– Нарэшце мы тут. Вось яна, Калiфорнiя. Але нешта раскошы я нiякай не бачу.
– Яшчэ пустыня наперадзе, - сказаў Том.
– Паганая, кажуць, штука.
Ной пацiкавiўся:
– Сёння ў ноч паедзем?
– Што скажаш, та?
– запытаўся Том.
– Не ведаю. Няблага было б адпачыць, асаблiва бабцы. А з другога боку, было б добра хутчэй перабрацца праз гэту пустыню i на працу ўладкавацца. Усяго сорак даляраў засталося грошай. Мне спакайней будзе, калi мы пачнём працаваць i зарабляць хоць трохi.
Яны сядзелi ў рацэ, адчуваючы напор плынi. Прапаведнiк паклаў выцягнутыя рукi на паверхню iмклiвай вады. Целы ва ўсiх былi белыя да шыi i да запясцяў, твары, трохвугольнiк грудзiны i кiсцi рук - карычневыя ад загару. Усе старанна нацiралiся пяском.
Ной лянiва прамовiў:
– Застацца б тут назусiм. Ляжаць вось так вечна i не ведаць нi голаду, нi бяды нiякай. Увесь свой век так праляжаць i песцiцца, як свiння ў гразi.
А Том, пазiраючы на зубчастыя вяршынi за ракой i на вострыя пiкi ў тым баку, куды яна цякла, сказаў:
– Такiх стромых гор я зроду не бачыў. Гiблы край. Усё роўна як косцi шкiлета. Цi даедзем мы калi-небудзь туды, дзе можна жыць, не ваюючы з каменнем i скаламi? На малюнках мясцовасць роўная, зялёная, куды нi глянь домiкi, як ма кажа, беленькiя. Ма спiць i бачыць такi беленькi домiк. А я ўжо i не веру, што ёсць такi край. Хiба толькi на малюнках.
Бацька сказаў:
– Пачакай, вось прыедзем у Калiфорнiю, тады i ўбачыш прыгажосць.
– Ты што, та? Мы ж ужо ў Калiфорнii!
З вербняку выйшлi двое ў джынсах i сiнiх прапацелых кашулях i спынiлiся, пазiраючы на голых людзей у вадзе.
Старэйшы запытаўся:
– Паплаваць тут можна?
– Хто яго ведае, - адказаў Том.
– Мы яшчэ не спрабавалi. А пасядзець у вадзе прыемна.
– I нам дазволiце?
– Рэчка не наша. Але так i быць, мы ўступiм вам кавалачак.
Прышлыя знялi штаны, сцягнулi з плячэй кашулi i ўвайшлi ў ваду. Ногi ў iх да калень былi ў пыле, ступнi бледныя, размоклыя ад поту. Яны вяла апусцiлiся ў ваду, ленавата апалоскваючы сабе жменямi бакi. Гэта былi бацька i сын, моцна прасмаленыя сонцам. Яны фыркалi i стагналi, плёскаючыся ў вадзе.
Бацька Джоўд далiкатна пацiкавiўся:
– На Захад кiруеце?
– Не. Вяртаемся адтуль. Дадому едзем. Там немагчыма на хлеб зарабiць.
– А дом ваш дзе?
– запытаўся Том.
– Пэнхендл у Тэхаскiм выступе, непадалёк ад Пампы.
Запытаўся бацька:
– А дома што, пражыць можна?
– Дзе там! Толькi калi ўжо з голаду памiраць, дык хоць сярод сваiх. А галадаць i адчуваць нянавiсць да сябе мы не хочам.
Бацька сказаў:
– Ад другога ўжо чалавека такое чую. За што яны нас там так ненавiдзяць?
– Хто iх ведае, - адказаў чалавек, зачарпнуў далонямi ваду i пачаў мыць галаву i твар, крэхчучы i пырхаючы. З валасоў палiлася на шыю брудная вада.
– А ўсё ж цiкава было б паслухаць, - сказаў бацька.
– Нам таксама, - далучыўся Том.
– Чаму яны там, на Захадзе, такую нянавiсць адчуваюць да нас?
Мужчына пiльна паглядзеў на Тома.
– Вы на Захад едзеце?
– Туды.
– Нiколi яшчэ ў Калiфорнii не былi?
– Не, не даводзiлася.
– Дык што ж вам маё слова. Едзьце i самi ўбачыце.
– То так, - сказаў Том, - але ўсё ж такi хацелася б ведаць, на што едзем.
– Добра, раз вы абавязкова хочаце ведаць, я раскажу - я i сам распытваў людзей i нямала разважаў. Краiна цудоўная. Толькi яе даўно ўжо ўсю раскралi. Праедзеце пустыню, а там Бейкерсфiлд, i вакол яго такая мясцовасць прыгожая вачэй не адарвеш: фруктовыя сады, вiнаграднiкi. Прыгажэйшага краю на свеце няма. Далей - мясцiны роўныя, прыгожыя, вада не глыбейшая, як трыццаць футаў i ўся зямля ляжыць неўзараная. Але ты нi кавалачка яе не атрымаеш. Яна цалкам належыць Зямельна-жывёлагадоўчай кампанii. Не захочуць яе апрацоўваць, так i застанецца ўся няўробленая. А паспрабуй засей якi ўчастачак кукурузай - у турму запратораць!
– Зямля добрая, кажаш? I нiчога на ёй не сеюць?
– Так, сэр! Добрая зямля, а не сеюць! Ну, цябе, вядома, злосць адразу бярэ, але зямля пустая стаiць. Людзi глядзяць там такiмi вачамi - зiрнуць на цябе, а ў самiх на тварах нiбы напiсана: "Бачыць цябе не магу, сукiн ты сын!" А тут яшчэ шэрыфавы памагатыя - яны паганяюць цябе з месца на месца! Зробiш прывал пры дарозе, а яны гоняць далей. Там у кожнага па твары вiдаць, як ён цябе ненавiдзiць. I вось што я вам скажу: нянавiсць у iх ад страху. Бо ведаюць: калi ў галоднага няма чаго есцi, ён i на зладзейства пайсцi можа. Яны ведаюць, што грэх трымаць зямлю пустой - каму-небудзь захочацца яе сабе прыбраць. Чорт ведае што! Вас нiхто яшчэ не абзываў "Окi"?