Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хатынская аповесць

АлесьАдамовіч Алесь

Шрифт:

Нешта адбываецца, зразумелае людзям у фуражках, людзям у касках i асабліва брытагаловаму. Ён спакойна, дапытліва глядзіць на тое, што адбываецца, але сам больш заняты малпай, чакае, калі з чужога пляча вернецца да яго, пагладжвае яе, торгае за хвост.

Зноў выкінулі ў дзірку хлопчыка. На гэты раз брытагаловы зморшчыўся, як ад непрыемнасці, зробленай асабіста яму. I адразу абурана завылі людзі з аўчаркамі, да ix падбег афіцэр. Хлопчык вырываўся з салдацкіх рук, якія лавілі яго i не неслі, a перакідвалі назад да акенца-дзіркі. Жанчына, напэўна, яго маці, спяшае вылезці сюды, яна ціснецца ў дзірку, а сама глядзіць на хлопчыка: дзе ён, што з ім? Але яго ўжо прыцягнулі пад другое акенца i пхнуць назад, у свіран. Жанчына хоча таксама назад у свіран вярнуцца, але яе пхнуць адтуль рукі, думаючы, што памагаюць ёй. Упала на дол, а хлопчык ужо знік у чорнай дзірцы. Жанчына ўскочыла на ногі, падбегла да яе, цёмная, вялізная ад жаху i пакуты, яе схапілі i павалаклі, стрэлілі… I шпурнулі пад сцяну на салому.

Брытагаловы з грымасай незадаволення i гідлівасці рушыў да адкрытай легкавой машыны. Зараз я бачыў яго старэчую сутулую спіну, па якой кідаўся, матляўся, як маятнік, тоўсты доўгі хвост…

Гэта быў знак — канчаць. Маладзенькі афіцэр падбег да свірна, немцы, што ляжалі за кулямётамі, падрыхтаваліся, шарэнга карнікаў адступіла ад сцен свірна. Выбухнула ад саломы па сцяне — як крыкнула! — полымя. Яно ўдарыла па вачах, як тады на «востраве». Але я ўсё глядзеў, як з акенцаў выкідваюць дзяцей i яны падаюць проста ў агонь…

Іосіф Іосіфавіч Камінскі (в. Хатынь Лагойскага раёна Мінскай вобласці):

«I мяне павялі ў той хлеў… Дачка, i сын, i жонка — ужо там. I людзей столькі. Я кажу дачцэ: «Чаму вы не адзеліся?» — «Дык сарвалі з нас адзежу, — кажа дачка. — З мяне i даху з плеч сарвалі, раздзелі нас…» Ну, прыгоняць у хлеў i зачыняць, прыгоняць i зачыняць. Столькі людзей нагналі, што i не прадыхнуць ужо, руку не падымеш. Людзі крычаць, дзеці гэтыя; ведама, столькі людзей i строях гэтакі. Сена там было, салома, кармілі яшчэ, трымалі кароў. Зверху i падпалілі. Падпалілі зверху, гарыць страха, агонь на людзей сыплецца, сена, салома загарэліся, душацца гэтыя людзі, так сціснулі, што i дыхаць ужо няма як. Няма як дыхнуць. Я сыну кажу: «Упірайся ў сцяну рукамі i нагамі, yпiрайся…» А тут дзверы расчыніліся. Расчыніліся, а людзі не выходзяць. Што такое? Аж там страляюць, страляюць там, кажуць. Але крык такі, што стрэлу таго, што стуку таго i не чуваць. Ведама ж, гараць людзі, агонь на галовы, ды дзеці — такі крык, што… Я сыну кажу… «Праз галовы, праз галовы трэба!» Падсадзіў яго. А сам па нізе, паўз ногі. А на, мяне бітыя i наваліліся. Наваліліся на мяне бітыя тыя, i прадыхнуць нельга. Але паварушыў плячыма — тады я здаравейшы яшчэ быў,— стаў паўзці. Толькі да парога дапоўз, а страха i абвалілася, агонь на ўсіх… А сын выскачыў таксама, толькі голаў яму трохі абсмаліла, валасы абгарэлі. Адбег метраў пяць — яго i палажылі. На ім людзі пабітыя — з кулямёта ўсіх…

«…Уставай, кажу, яны паехалі, паехалі ўжо!» Стаў яго выцягваць, аж з яго i кішкі ўжо… Спытаў яшчэ толькі, ці мама жывая… Не дай бог нікому, хто на зямлі жыве, каб не бачылі i не чулі гора такога…»

Аўдоцця Іванаўна Грыцэвіч (в. Капачы Салігорскага раёна Мінскай вобласці):

«Схавалася на гарышчы за лежаком, пад кучай сухога лыку. A лесвіца скрып-скрып — паднімаецца нехта. Чую, ён, ужо тут, побач, дыхацельны нехта. Шагі —ідзе да мяне. Адкрыла вочы, а ён на мяне глядзіць, глядзім адзін на аднаго. А там ужо другі ўзлазіць. Дык ён узяў вязку лыку i паклаў мне на твар, закрыў…»

Марьш Фёдараўна Кот (в. Вялікія Прусы Капыльскага раёна Мінскай вобласці):

«Забілі нас, a ўсё чую, як за печкай дабіваюць суседзяў. Мы, як упалі, дык i раскаціліся кожны сваёй сям'ёй. Бачу, як жанчына цалуе руку i не дае адсунуць краваць — там дзеці яе, а ён б'е яе наганам па галаве. Тоўкуць кравацямі тых дзяцей, а яны пішчаць, госпадзі! A другі ўбачыў, што я гляджу, падбег i трах, трах, трах, я як цяпер бачу сіні наган, сіні-сіні, i агнём мяне — па твары, па твары. Адцягнуў мяне за нагу ад маіх дзяцей. А я ўсё жывая… Чую — зноў ходзяць. Думаю, зноў немцы. А гэта сын, мой, Жора, у крыві ўвесь, нічога не бачыць, ідзе да дзвярэй. «Сынок!» А ён: «Я думаў, мама, што вас ужо няма, няхай i мяне заб'юць». — «Лажыся, кажу, сынок, на тое самае месца, можа, яно шчаслівае!»

Не ведаю, ці пачулі там, ці што, але забягае адзін. «Уставай!» Пачакаў, пастаяў. Потым гранату кінуў — пад печ. A ўжо дым, ужо глінабітку паляць, аблілі нечым. Столь над намі гарыць, агонь трашчыць. Нe забілі яны нас, дык яшчэ горш — жывымі згарым. A дзяўчатак забілі, дык яшчэ i спаляць. Ускочыла я, краваць ля акна стаяла, я раму выламала, заву Жору: «Памажы ж мне выцягнуць ix! Дзяўчатак нашых». Усцягнула меншанькую — ёй куля во сюды, проста ў пераноссе папала, — на краваць яе, на падаконнік i неяк на двор. Потым старшанькую, ёй ужо шаснаццаць было. Подняла — дык яно такое маладое, мяккае!..»

Якаў Сяргеевіч Стрынатка (в. Шалаёўка Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці):

«У сорак другім, летам гэта было, партызанаў тут не вельмі яшчэ чуваць было. У Борках паліцыя была. А тут немцы раптам акружылі Боркі. Каго на полі ці ў кустах сустрэнуць, не забіваюць, а гоняць перад сабой — у вёску. А я якраз ехаў у Боркі, ячменю абяцалі прадаць. Чэрці мяне пагналі якраз пад гэта! Хацеў назад каня завярнуць — не дазволілі. Не білі, што праўда, то праўда, толькі паказалі, каб ехаў у Боркі. Я пагнаў каня, каб скарэй ад ix, заехаў у двор, там сястра ў мяне была. Яны таксама бачаць, што немцы з усіх бакоў, а чаму, што здарылася, не ведаюць. Дзед хлопцаў боркаўскіх лае за тое, што ноччу да дзевак бегаюць у суседнія вёскі: немцы, можа, падумалі, што да партызанаў! Мы з пляменнікам з хаты выйшлі, дровы сталі пілаваць: не так страшна, калі што-небудзь робіш. Сястра не вытрымала, хацела да суседкі забегчы, а немцы ўжо не пускаюць: «Нахаўз, матка!» Нікога на вуліцы не чапалі, не забівалі, што праўда, то пpaўда. Толькі — «нахаўз», дамоў каб ішлі. Пляменніцу з сяброўкай, каторыя пa вуліцы пайшлі, загналі ў чужую хату. Стаім каля вокан, глядзім, як немцы пa ўсёй вёсцы i пa агародах. А Боркі вялікія, некалькі пасёлкаў… Пляменнік гаворыць маці: «Ану ix, давай нам снедаць!» — «Паедуць, тады i сядзеце, i выпіць ёсць», — кажа маці. А тут i застукала ў двары. Зайшоў з аўтаматам, адразу адштурхнуў сястру маю ад парога i адразу перасек яе. А я як адскочу ад стала, калi пачуў ix у двары, як сеў на краваць, так i сяджу — толькі цёмна-цёмна ў вачах… Пляменнік з-за стала падняўся — немец i яго! Паспеў я яшчэ ўбачыць, як з другой комнаты старога піхалі. Тут ужо i пa мне разанулі — я адкінуўся на краваць. Калі адкрыў вочы зноў — дзед ужо мёртвы ляжыць каля парога, i нешта чаўкае — гэта свінні зайшлі i кроў гаспадароў хлабышчуць…»

Ганна Мікітаўна Сініца (в. Боркі Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці):

«Зайшлі ў хату і, не гаворачы ні слова, стрэлілі ў маму. Перад гэтым мы чулі: «Пак-пак-пак!» — стралялі ў суседзяў. Мама сказала: «Курэй ловяць». Нават не падумалі, а на вуліцу баяліся выйсці. Хто выйдзе, яны прасілі: «Нахаўз, матка». Як стрэлілі ў маму, яна яшчэ змагла ў нашу комнату забегчы: «Дзеткі!» Я адразу на печ узляцела, i сестры за мной. Я ля сценкі ляжала, таму i асталася. Адзін на краваць стаў, каб вышэй, i страляў з вінтоўкі. Раз! Зарадзіць i зноў — бах! Сястрычкі i суседка з краю i на мне ляжалі: «Ой!», «Мамачка!» — a кроў на мяне. Потым я чула, як немцы гаварылі, смяяліся. Патэфон быў, дык яны завялі, нашы пласцінкі слухаюць. «Полюшко-поле»… Пайгралі i пайшлі. Я спаўзла з печы, а мел красны, i мама на падлозе, а ў акне гарыць школа, i мы гарым… У той школе яны паліцаяў спалілі. Нас дык хоць забілі, а ix жыўём, з сем'ямі. Чаму паліцаяў? A ліха яго ведае, чаму. У нас сяло вялікае, памятнік там бачылі — 1800 чалавек жыло. Калі немцы акружылі Боркі, дык паліцаям сказалі, каб яны сабралі свае сем'і, толькі сваіх узялі каб i прыйшлі, дзе школа. I каб нікога чужога. Мы чулi як сусед прасіў: «Косцік, скажы, што i мы твае!» А яны ідуць міма нас, як на сваё свята, і не глянуць. А ix там накармілі, вінтоўкі забралі i спалілі жыўцом, з усімі. Нас дык хоць пабілі…»

Таццяна Фёдараўна Краўчонак (в. Брыцалавічы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці):

«Сталі яны нас гнаць. З школы ў хлеў калгасны. Спачатку партыямі гналі, а потым сем'ямі. Мяне aпошнюю, я апошняй была. I чацвёра дзетак маіх са мной. Майго старшага дык на самым парозе паклалі. Упала я на ўбітых, i дзеткі са мной. Вось сюды, у шыю мне трапіла. Толькі чула, як немец сеў на мае ногі i страляе з гэтага… аўтамата. Дым такі, чад такі, няможна!.. A калі паднялася, паглядзела на ўсіх, то думаю: «Гэта усе будуць уставаць ці адна я?..»

Юліян Рудовіч (в. Доры Валожынскага раёна Мінскай вобласці):

«Сказалі ўсім ісці ў царкву, памаліцца богу, i нас адпусцяць дамоў. У царкве немец падышоў да мяне: «Аддай кіндэр матцы, а сам — вэк». Узяў за каўнер i выкінуў на двор. I усіх, хто не з дзецьмі,— выходзь! I хто кіне дзіця, у царкве кіне — можа выходзіць. Пушчалі, пушчалі, хто кіне… Але ж не кожная маці так можа здзелаць. Ну, мая не кінула, не кінула… Не знаю… Але нехта павінен у жывых астацца, калі так, праўда ці не? Калі так, нехта павінен жыць астацца! А мая не захацела, асталася з малым. Немцы царкву падпалілі, мы ўсе, каторыя на двары, чуем, як людзі там лётаюць. З кулямётаў усіх перарэзалі — агонь толькі…»

Надзея Аляксандраўна Няглюй з былой вёскі Лявішчы, жыве ў Краснай Старонцы Слуцкага раёна Мінскай вобласці:

«Некалькі разоў яны прыязджалі, але мы, асабліва каторыя партызанскія сем’і, у лесе хаваліся. Тады яны прыехалі i засталіся. Нікога не трогаюць, нічога, сваё ядзяць, а самы іхні галоўны, начальнік іхні з вучыцелькіным сынам у шахматы гуляе. А на плячы ў яго малпа — у штанах, жывая. Ну i сталі некаторыя дадому з лесу прыходзіць. Нe трымаюць i назад адпускаюць, ідзі. А мароз, а адзежа вядома якая да вайны ў людзей была, ну i пацягнуліся дамоў. А яны вечарам палічылі, колькі вакон свеціцца, i — раз! — ужо нікога не выпускаюць з вёскі…»

Поделиться с друзьями: