Хатынская аповесць
Шрифт:
Яўхіма Баланцэвіч (в. Боркі Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці):
«Ужо ж пайшла мая сястра замужняя i дзяўчынка, i маці адыходзіць, яшчэ дзяўчына была, чатырнаццаць год, зноў браціха з двума хлопчыкамі, аднаму — чатыры, другому — два… Ужо i пагнаў ix, параздзяваў ix. Я гляджу так во, як яны раздзяваюцца. I параздзяваліся i пайшлі туды. Вось так туды, за могілкі. Бо па гэты бок могілак раздзяваў, а той біў людзей, дык не было відно тых рвоў… Бо то могілкі абгароджаны такія былі.
Немцы ў адных сарочках крамных i без шапкі. З пісталетамі. А гарэлку пілі, знаеце, а гарэлку пілі! Па чыкушцы бярэ, з кармана вымае, чыкушку раскалыхае i глытком — адразу… Ен, мусіць, затым, каб смеласць тая была…»
«22.9.42. Рота атрымала заданне знішчыць вёску Боркі, размешчаную ў 7 км ад Макран{1}
…Аперацыя праходзіла планамерна, за выключэннем зрухаў пэўных яе этапаў у часе. Асноўная ix прычына была наступная: на карце населены пункт Боркі паказаны як кампактна размешчанае сяло. У сапраўднасці аказалася, што гэта паселішча расцягваецца на 6–7 кіламетраў у даўжыню i шырыню.
Калі на світанні гэта было мною ўстаноўлена, я расшырыў ачапленне з усходняга боку i арганізаваў ахват сяла ў форме клешчаў пры адначасным павелічэнні дыстанцыі паміж пастамі. У выніку мне ўдалося захапіць i даставіць да месца збору ўсіх жыхароў сяла без выключэння. Спрыяльным аказалася тое, што мэта, для якой зганялася насельніцтва, да апошняга моманту была яму невядома. Каманда магільшчыкаў атрымала рыдлёўкі толькі на месцы. расстрэлу, дзякуючы чаму насельніцтва аставалася ў няведанні таго, што будзе. Непрыкметна ўстаноўленыя лёгкія кулямёты задушылі ў самым пачатку ўзнятую паніку, калі прагучалі першыя стрэлы з месца экзекуцыі, якое ляжала ў 700 метрах ад сяла. Двое мужчын спрабавалі ўцякаць, але праз некалькі крокаў упалі, скошаныя кулямётным агнём. Расстрэл пачаўся ў 9 гадз. 00 мін. i закончыўся ў 18 гадз. 00 мін. Ен праходзіў без ніякіх ускладненняў, падрыхтаваныя мерапрыемствы аказаліся надзвычай мэтазгоднымі.
Прыводжу колькасны вынік расстрэлу. Расстраляны 705 чалавек, з ix мужчын — 203, жанчын — 372, дзяцей — 130.
…Пры правядзенні аперацыі ў Борках выдаткавана: вінтовачных патронаў — 786 шт., патронаў для аўтаматаў — 2496 шт.
Страт у роце не было. Адзін вахмістр з падазрэннем на жаўтуху адпраўлены ў шпіталь у Брэст».
Мюлер
Падпісана: обер-лейтэнант, выконваючы абавязкі камандзіра роты.
«Рота атрымала заданне знішчыць размешчаную на паўночны ўсход ад Макран вёску Забалоцце i расстраляць насельніцтва. Да роты былі прыкамандзіраваны: узвод Фрона з 9-й роты i 10 чал. бронеаўтамабільнага падраздзялення 10 палка. 22 верасня 1942 г. каля 18 гадз. 00 мін. 1, 2 i 3 узводы на сваіх машынах былі каля заходняга выхаду з Макран i злучыліся там з падраздзяленнямі, прысланымі для падмацавання. Пасля кароткага растлумачэння абстаноўкі i размеркавання сіл у 23 гадз. 00 мін. рота выступіла ў напрамку Забалоцця… 23 верасня 1942 г. каля 02 гадз. 00 мін. рота падышла да першых, паасобных двароў Забалоцця. У той час як галоўныя сілы рушылі далей у глыб вёскі да тэрыторыі ачаплення, асобныя двары былі акружаны выдзеленай для гэтага камандай i жыхары выведзены з дамоў. Такім чынам, яшчэ да ўступлення ў вёску было затрымана каля 25 мужчын i жанчын. Старасту, які жыў на хутары, загадана было ў 5 гадз. 30 мін. быць у камандзіра роты, які знаходзіўся каля ўвахода ў вёску. К гэтаму часу ўсё знешняе ачапленне было праведзена без асаблівых здарэнняў.
Усё насельніцтва пад кіраўніцтвам старасты было сагнана ў школу, а адна каманда адразу ж адправілася на выселкі за 7 км ад вёскі, каб забраць жыхароў… Усе жыхары былі падзелены на 3 групы i расстраляны на месцы пакарання…
Вынікі аперацыі наступныя: расстраляна 289 чалавек, спалены 151 двор, узята 700 галоў рагатай жывёлы, 400 свіней, 400 авечак i 70 коней…»
Капітан Пельс.
«На світанні стараста ў Барысаўцы{2} сабраў усё насельніцтва. Пасля праверкі насельніцтва пры садзеянні паліцыі бяспекі з Дзівіна 5 сямей былі пераселены ў Дзівін. Астатнія былі расстраляны асоба выдзеленай камандай i пахаваны за 500 м на паўночны ўсход ад Барысаўкі. Усяго было расстраляна 169 чал., з ix: 49 мужчын, 97 жанчын i 23 дзіцяці… Усяго было знішчана: у самім населеным пункце — 12 вясковых двароў i 8 гумнаў, па-за вёскай — 67 хутароў.
Прысуды аб расстрэле былі выкананы толькі апоўдні к 1 гадзіне дня, з-за падрыхтоўкі (капанне магіл).
…Пакаранне было праведзена планамерна i без асаблівых здарэнняў, калі не лічыць адной спробы ўцёкаў. Большасць жыхароў вёскі захоўвала прысутнасць духу, ішла насустрач лёсу, які поўнасцю заслужыла i які па прычыне ix нячыстага сумлення не з'яўляўся для ix нечаканасцю».
Капітан Каспер.
…Нас штурхаюць, адціскаюць кудысьці да калодзежа, а ззаду, каля палаючага свірна, гулка б'юць кулямёты, але нават яны не заглушаюць чалавечага крыку.
Нешта са мной робіцца, я ўсё цягнуся, незразумела i шалёна, да адкрытай машыны, дзе нерухомая старэчая спіна i гладкая, голеная галава майго ворага i дзе ўсё кідаецца, гойсаецца, грымаснічаючы i дражнячы, белавокая малпа з пацучыным i тоўстым хвастом. Паліцай мяне штурхае, але ён i сам быццам загіпнатызаваны. Я ўжо амаль дабраўся да машыны, калі яна раптам сарвалася з месца i памчала. Што я хацеў рабіць i што я мог, не ведаю. Магчыма, цягнула мяне да яго нясцерпная патрэба глянуць i помсліва запомніць. I ўбачыць, што закрывае сваім хвастатым задам, хаваючы i клічучы паглядзець, ашалелая малпа.
Не ведаю чаму, але гэта ў маёй памяці наслойвасцца на тое, як у Луўры, у зале сярэдневяковых надмагільных помнікаў я заглядваў у твары каменных бабуль-манашак, што нясуць мёртвага рыцара. (Я ўсё ездзіў, усё глядзеў, назапашваў нешта, як бы ведаючы, што хутка застануся сам-насам з цемрай.) Рыцар каменна выцягнуўся ўздоўж доўгага мяча з дзяржаннем-крыжам, падэшвамі ног ён кранаецца льва, пакорліва маленькага, а чорныя манашкі па-жывому сагнуты пад цяжарам мёртвага цела, i твары іхнія схаваны ў глыбокіх раструбах капюшонаў.
Нясцерпна цягне нахіліцца i глянуць пад чорныя капюшоны, усё здаецца, што там нямыя задаволеныя грымасы смеху.
Я не ведаю, што закрывала, хавала сутулая спіна майго ворага, пакорліва схіленая пад неспакойнай малпай, i якая грымаса была на яго твары, калі легкавушка скранулася, паехала. Усё тое ж: жорсткая, халодная цікаўнасць? Унэўненасць чарговага пераможцы, што так i назаўжды застанецца: «яны» — пад намі, «мы» — над імі? I самая кароценькая, але i жывучая наркатычная ідэя, што сiла — гэта i ёсць права, мэта, справядлівасць. I абавязкова — грымаса людаедскай пагарды да «некультурнасці» ахвяры, аблічча якой скажона нечалавечай пакутай!
Думаю толькі, што ён ад'язджаў ад ахопленай полымем i жудасным галашэннем будыніны без думкі, што ўжо сёння ўсё пераменіцца. I сонца яшчэ не схаваецца, як усё яму здасца другім i будзе другім.
…— Фларыян Пятровіч, я вось слухаю вас заўсёды… A нядаўна Іосіфа Камінскага ў кіно бачыў, ён расказваў, як нішчылі ix вёску, Хатынь. I вось думаю, як людзі паклёпнічаюць на жывёл! «Жывёльныя інстынкты», тое ды сёе… Добра ж, каб якраз жывёльныя! Я ў гэтым годзе амаль месяц пражыў у Белавежскай пушчы. Як проста, я сказаў бы, маральнымі сродкамі зубр i нават дзік сцвярджаюць першынство над сваімі. Нават самы крыважэрны звер рэдка, хіба што выпадкова, заб'е суродзіча. Ва ўсякім разе барацьба з прадстаўнікамі аднаго віду ў ix не набывае знішчальнага характару. Гэта i ёсць інстынкт самы жывёльны — захаванне віду! Вось пішуць, i не надакучыць ім пра адно i тое ж! (Бокій пастукаў далонню па ліпкай скуры партфеля.) Маўляў, прырода вінаватая, што чалавек агрэсіўны, што жорсткі да людзей. Калі i ёсць віна маці-прыроды, дык толькі тая, што занадта далёка адпусціла яго ад сябе. I чалавек занадта вызваліўся ад яе — амаль страціў асноўны інстынкт, так, той самы жывёльны інстынкт захавання віду!