Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

Аднойчы бусел прыляцеў з лугу, трымаючы ў сваей чырвонай дзюбе нейкую вяроўку. Седзячы ў гняздзе, незнарок упусціў яе. Гэта была не вяроўка, а гадзюка. Мёртвая гадзюка. За гэта мы любілі бусла.

I вось ён ляжыць сам у дарожным пыле, нежывы, акрываўлены. Больш не ўзнімецца пад воблакі, не зробіць развітальнага круга перад вылетам у вырай. Яго забілі немцы.

Мы пахавалі бусла недалёка ад дарогі, замест помніка паклалі на яго магілу вялікі камень.

Думаючы пра бусліную долю, мы падышлі да сель­мага. Дзверы расчынены насцеж, у вокнах ніводнай шыбы. Ткнулі туды насы і ўбачылі Міцьку Малаха. Ён кідаў цэглу на пустыя бутэлькі, якія ляжалі ў куце.

— Мангол, што ты робіш?

— Б'ю бутэлькі,— адгукнуўся Міцька, і вочы яго схаваліся ў хітрыя шчылінкі.

— А навошта?

— Каб немцам не дасталіся. Мы з Санькам хмыкнулі:

— Патрэбны яны немцам...

— Яшчэ як патрэбны! — упэўнена адказаў Міцька, выбіраючы больш важную цагліну каля разбуранай пе-чы.— Яны бензіну ў іх паналіваюць, а потым у нашы тапкі будуць кідаць.

А і сапраўды ж! Як жа пра гэта мы забыліся? Яшчэ калі толькі пачалася вайна, мы самі збіралі бутэлькі з-пад сітра, з-пад газы, з-пад піва,— якія трапляліся,— і здавалі іх на прыёмны пункт. Гаварылі, што гэтыя бутэлькі патрэбны Чырвонай Арміі. Кожная бутэлька — спалены фашысцкі танк. А тут гэтых бутэлек цэлы воз. Добра, што немцы іх не бачылі, а то заграбасталі б.

I мы пачалі дапамагаць Міцьку. Каб было цікавей, выстраілі посуд радамі, быццам гэта фашысты, і цаглінай:

— Агонь!

Утрох мы хутка расправіліся з бутэлькамі і пайшлі далей. Глядзім — праўлення калгаса няма, адно пажарышча. Цагляная грубка разбурана, навокал валяюцца розныя абгарэлыя паперы: ведамасці, квітанцыі, працоўныя кніжкі калгаснікаў.

Міцька знайшоў абгарэлую пішучую машынку. Мы выцягнулі яе на траву, пакруцілі, павярцелі — не працуе. Ну, куды яе? Грымнулі каменем раз-другі, раструшчылі, растаўклі, каб не дасталася ворагу.

Воддаль ад пажарышча валялася железная скрыня, цяжкая-цяжкая, з месца не скранеш. У такіх скрынях хаваюць грошы. Але ніякіх грошай у ёй няма, скрыня паламаная, дзверы, як сказаў Міцька, з мясам выдраны.

— Гэта Няўмыка,— паведаміў ён, пастукаўшы босай нагой па жалезу.

Няўмыка ў турме,— не паверыў Санька.— Можа, хто іншы.

— Быў! — сказаў Міцька і цыркнуў слінай скрозь рэдкія зубы. Цыркаць слінай Міцька мастак. Ні ў каго з нас так не выходзіць, як у яго.

Да вайны Кузьма Няўмыка ў калгасе не працаваў, рэдка жыў дома. Ён гаварыў, што з яго спецыяльнасцю толькі ў горадзе і быць. Што ў яго за спецыяльнасць, у вёсцы ведалі старыя і малыя. Ён краў у паяздах чама­даны, выразаў на базары кішэні, лазіў па кватэрах. Гэ­та я сам часта чуў ад дарослых.

Іншы раз Кузьма з'яўляўся ў вёсцы з перавязанай галавой, з сіняком пад вокам, а то і зусім родзічы прывозілі ледзь жывога. Тады па вуліцы хадзілі чуткі, што Няўмыка дзесьці не на таго нарваўся. Але праходзіў тыдзень-другі, і ён, адляжаўшыся, зноў знікаў.

Бывала і так, што Кузьма вяртаўся з горада ў новых хромавых ботах, дарагім касцюме, з поўнай кішэняй грошай. Тады з яго хаты, якая стаіць якраз супраць новай школы, з раніцы да ночы чуліся п'яныя песні, шум і гвалт. Гэта Няўмыка біў сваю Усцінню — худую, заўсёды перапалоханую жанчыну. Вочы ў яе вялікія і круглыя, нібы пятакі, таму ўсе і завуць Няўмычыху Савой.

Ёсць у Няўмыкі хлопец Коля. Ён пайшоў у школу на год раней нас з Санькам, але мы дагналі яго ў другім класе. Колю нават пасадзілі разам са мной. На першым жа ўроку Няўмыканёнак украў у мяне каляровыя алоўкі, і на перапынку мы пабіліся. Пасля гэтага настаўніца нас рассадзіла.

Коля — хлопец здаровы, як і яго бацька, і такі ж руды, і такі ж злодзей. Толькі ён не ходзіць у горад, а крадзе ў вёсцы. Бывала зойдзе ў сельмаг з доўгім дро­там, на канцы якога вострая дзюбка. Толькі прадавец адвернецца, ён дзёўб — і булка або коржык у руках. Лаві яго потым, даганяй.

Летам, калі людзі ў полі, разведае Няўмыканёнак, у каго хата без нагляду, выставіць шыбу, палазіць у печы па гаршках, павыцягвае з баршча мяса, паздымае з гладышоў вяршкі, а грошы блізка — і грошы забярэ. Яго лавілі, надзіралі вушы, білі лазой і крапівой, вадзілі да бацькі, калі той быў дома. Але нічога не дапамагала. Які дуб, такі клін, які бацька, такі сын.

Перад самай вайной Няўмыка абакраў сельмаг, і яго, мабыць, у пяты раз пасадзілі ў турму.

— А пазаўчора ён цэлы воз дабра з горада прывалок,— расказваў Міцька.— Шафы, люстры, адзенне абярэмкамі насілі.

Тут мы вырашылі, што Няўмыка — гад, што такіх трэба душыць, і пайшлі глядзець, што робіцца ў новай школе.

Па дарозе мы крыху пастаялі каля хаты-чытальні, на якой ужо вісеў партрэт Гітлера. Пад партрэтам надпіс: «Гітлер — вызваліцель». Але мы і без надпісу здагадаліся, хто гэта такі — не раз да прыходу немцаў бачылі малюнкі ў газетах. I тут тая ж касая пасачка валасоў над ілбом, тыя ж вусікі, тыя ж калючыя злосныя вочы. Побач з партрэтам загад на нямецкай і рускай мовах: хто будзе хаваць камісараў і яўрэяў — таму расстрэл.

Я ўспомніў, як немцы зламалі Міронаву яблыню, як ішлі па агародах танкі, як лавілі Пёкліну свінню, успомніў нашага дудара з курашчупам, таго немца, што кідаўся да маці з нажом, і сказаў:

— Добры вызваліцель.

— Гад ён,— падтрымаў мяне Міцька і прапанаваў: — Давай мы яму вочы выдзерам цвіком.

Міцька дастаў з кішэні гарэлы цвік, залез на прызбу, каб можна было дастаць Гітлера. Але ў гэты момант з былога сельсавета выйшлі два немцы, і мы пусціліся наўцёкі. Вочы ў Гітлера засталіся цэлыя.

У чарапічным даху школы, якраз у тым месцы, дзе мы сядзелі з Санькам, калі лазілі глядзець на Старасел­ле, вялізная дзірка. Голыя рэбры крокваў абгрызлі асколкі. Адна кроквіна звісае над сцяной, калышацца ад ветру і рыпіць.

Раптам расчыніліся школьный дзверы, і адтуль высу­нуўся руды, успацелы твар Няўмыкі. Рэдкія, чырвоныя валасы прыліплі да мокрага лба. Ён цягне кніжную шафу. Шафа не пралазіць у праём, і Няўмыка натужна са­пе, крэкча, лаецца на свайго Няўмыканёпка, які без толку блытаецца ў яго пад нагамі.

— А ну, патрымайце дзверы! — закрычаў ён са злосцю на нас.

Ніхто не паварушыўся з месца, а Міцька, дык той нават агрызнуўся:

— Няма дурных!

Няўмыка толькі коса зірнуў і вывалак шафу на ганак без нашай дапамогі. Тут ён узваліў яе на плечы і пацягнуў у свой двор. Коля пакрочыў следам. Калі ён праходзіў міма нас, Санька злаўчыўся і ўбрыкнуў яго босай нагой. Я не вельмі гучна, каб не пачуў сам Няўмыка, сказаў Колю, што ён рудая сучка, а Міцька паказаў кулак.

— А яны б'юцца і дражняцца,— паскардзіўся ён бацьку, а потым, адбегшы на бяспечную адлегласць, запусціў у нас цаглінай. Нам з Міцькам нічога, а Сань­ку цагліна трэснула па назе. Цяпер Санька не даруе гэ­тага праклятаму Рудзьку да магілы.

Поделиться с друзьями: