Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
I тым не менш Гаркавы з лёгкай настойлівасцю пярэчыў:
— Хай ерунда. А на Грыневіча занадта азіраецца. Той не глядзі, што ціхманы. Як каторая жонка: ціхенькая, а мужык у яе пад абцасам…
— Нічога ён не азіраецца, — сказаў я.
— А ты вось прыгледзься — прыгледзься калі… Дзіўны чалавек гэты Гаркавы. Я амаль быў упэўнены, што ён гаворыць няпраўду, што Ананьеў не такі камандзір, каб азірацца на свайго намесніка. Тым не менш сказана гэта было такім пераканаўчым тонам, што і сапраўды ў маёй памяці пачалі ўсплываць некаторыя выпадкі. I як ні дзіўна, а выходзіла, што і сапраўды часам ротны чакаў, што ў тым ці другім разе скажа Грыневіч. Хоць зусім магло быць, што так было трэба, што яны проста раіліся дзеля карысці справы.
Я ўжо амаль з цікавасцю ўзіраўся ў невыразную, шэрую ў прыцемках постаць Гаркавага, з шапкай-растапыркай на галаве, адчуваючы нейкую павагу да немаладога, звычайнага, малапрыкметнага байца, з якім праваяваў у роце паўгода, але амаль ні разу дагэтуль не звярнуў на яго ўвагі. Ва ўсякай справе Гаркавы заставаўся надзіва староннім і ціхім, а, глядзі ты, — пра многае меў сваю адметную і нават нечаканую думку, не палічыцца з якой было не так проста. I разам з тым гэтая яго разумная назіральнасць міжвольна насцярожвала, нават, невядома чаму, настройвала крышку не ў карысць Гаркавага.
Мне стала цікава, і я ўжо наважыўся застацца з гэтымі двума — хоць на сцюжы, а ўсё весялей будзе скаратаць ноч. Але толькі я падумаў аб тым, як з прыцемак паказаўся Ванін. Цяпер чамусьці ён ішоў не адзін і, згледзеўшы мяне, сказаў таму, хто ішоў ззаду:
— Вунь Васюкоў.
Я паціху падняўся з бруствера.
— Тут во цябе Зайцаў шукае.
Я ўраз насцярожыўся, нешта трывожна-радаснае варухнулася ў грудзях і замерла.
— Камандзір роты заве, — сказаў Зайцаў. — Вячэраць.
Хвіліну я вагаўся, адчуваючы, як нешта ва мне дзіўна і ўвачавідкі перайначваецца ў адносінах да камандзіра роты, да Ваніна і нават да гэтага вось Гаркавага. Зноў усіх засланіўшы сваёй вялікай постаццю, вырас у маім уяўленні Ананьеў. Праз хвіліну я ўжо дзівіўся з сябе ранейшага: было чаго крыўдаваць! Нічога кепскага ён мне не зрабіў, проста яго галава, як заўжды, забіта сваім клопатам. Хіба гэта не відаць было адразу! А калі, во, павальнела, адляглі справы — успомніў і спецыяльна паслаў Зайцава шукаць мяне, дурня, уначы па траншэі.
— Давай, — падагнаў Ванін. — А мне некалі. Акапаемся, тады забягу.
8
У бліндажы было людна і накурана, затхла смярдзела мокрымі шынялямі, земляной сырасцю і трацілам.
Звычайна, дзе б Ананьеў ні быў удзень, але ўвечары, вярнуўшыся ў сваю зямлянку-капэ, склікаў камандзіраў узводаў, старшыну, прымаў іх даклады, даваў указанні. Пасля ўсе разам вячэралі. Яда была не бог ведае якая: гуляш з канцэнтратам, сухары, банка свіной тушонкі. Часам да таго дадавалася што-небудзь з трафеяў, калі ў наступленні, ну, і, вядома, — наркомаўскія сто грамаў.
Цяпер наркомаўскіх, мусіць, не прадбачылася, не было старшыны, але на скрынцы, што прыладзілі на сярэдзіне бліндажа, ляжала жоўтая нямецкая банка з адгорнутым вечкам — там быў мармелад. Ананьеў, у расшпіленым шынялі, з цыгаркай у зубах, адвінчваў знаёмую, абшытую сукном пляшку. Тут жа сядзеў змрочны Цвяткоў, стрыманы, заўсёды сур’ёзны Грыневіч. Зайцаў, як толькі ўвайшлі, выняў з-за пазухі паўбохана хлеба, які, мусіць, расстараўся недзе ва ўзводзе, і ўзяўся яго рэзаць. За ім ля сцяны сядзелі двое параненых, і далей у цёмным куце, апанурыўшы светлавалосую галаву, туліўся немец.
— Хто гэта? Васюкоў? А дзе Ванін? — запытаў камандзір роты, узіраючыся ў парог.
— Там, ва ўзводзе, — сказаў Зайцаў.
— Чаму не прыйшоў? Ты сказаў, што я заву вышыню замачыць?
— Не ідзе. Кажа, не п’ю.
— Ну і дурань, — проста абвясціў ротны. — Хай не п’е. Нам болей застанецца.
Ён адкруціў з пляшкі вечка, якое заматлялася на ланцужку, і са скрынкі ўзяў кварту.
— Сядай, Васюкоў. Павячэраем напаследак. Заўтра ўжо будзеш у медсанбаце. Як рука?
— Баліць.
— Правільна, павінна балець, — пагадзіўся Ананьеў. — Мне, калі прадплечча перабіла, паўмесяца, сабака, балела.
Побач скупа ўсміхнуўся Грыневіч.
— Помніцца, казаў — бядро. А цяпер — прадплечча.
Камроты апусціў кварту і амаль гняўліва зірнуў на свайго намесніка.
— Што, бядро? Бядро гэта ўжо ў пяты раз. А то летась зімой. У руку. Не верыш — на, паглядзі.
Ён рашуча саўгануў на правай руцэ манжэт, адкрываючы на белай скуры сіні прадоўжны шрам.
— Ды я жартую, — прымірэнча сказаў Грыневіч. Ананьеў моўчкі пляснуў у кварту.
— Трымай, Васюкоў. Вып’еш — лягчэй будзе. Знаеш, калі мяне ў сцягно пад Нялідавым трэснула, толькі гарэлкай і ратаваўся. А то б здох ад болю ды голаду.
Я ўзяў кварту, там было небагата, і выпіў усё за адзін глыток. Пасля таропка закусіў хлебам з кавалкам студзяністага ружовага мармеладу.
— Цяпер па старшынству, — распараджаўся Ананьеў, зноў наліваючы ў кварту. — П’ю я. Каб ты хутчэй гэта самае… Ды ў роту. А пакуль Зайцаў пабегае. Дык — за папраўку! — кінуў ён у мой бок і ладна глынуў усё, што было ў кварце.
I нават не паморшчыўся, толькі хакнуў і, не закусваючы, наліў зноў.
— Добра. Цяпер чарга камісара. Ці ты не будзеш?
— Не, не буду, — ціха, без шкадавання сказаў Грыневіч.
— Во другі дурань. А, ведаю: ты пажэрці меціш. Толькі не выйдзе. Не п’еш — мармеладу не палучыш. Паняў?
— Што ж, — напаўсур’ёз сказаў Грыневіч. — Пацерпім.
— Во-во — цярпі. Бог цярпеў і нам, дурням, вялеў. Дык ты чаго стаіш, Васюкоў? Ідзі сюды, пасядзім разам.
Ён пасунуўся трохі, я ступіў у змрок між ботаў і здаровым плячом уціснуўся між ім і Цвятковым. Не ведаю, можа, таму, што выпіў, але мне раптам здалося, што Ананьеў нібы перамяніўся да мяне — стаў такі таварыскі, клапатліва-прыветлівы, якім, можа, ні разу не быў за час мае ў яго службы. У маёй ужо захмялелай галаве заварушыліся здагадкі на гэты конт — ці не прычынай таму наша сумесная і такая паспяховая ўвогуле атака? А можа — маё раненне, якое ў адну хвіліну зрабіла мяне ўжо не ягоным падначальным, а амаль роўным, таварышам па мінулых баях, і толькі. Нічога падобнага раней мне не даводзілася адчуваць. Як гэта добра — мець у адносінах гэтую сціплую таварыскую роўнасць, хмельна думаў я, адчуваючы амаль што любасць да свайго камандзіра роты.
— А лоўка мы іх турнулі, га? — запытаў ён, павярнуўшы да мяне грубаваты, з кучаравымі бачкамі на шчоках, цяпер па-добраму ўсмешысты твар. Праз секунду, аднак, гэты твар спахмурнеў. — Шкада Крывашыява, ядрона вош! Харошы салдат быў… Ну, дык што? — цераз голаў Зайцава ён зірнуў на заўжды маўклівага пры начальстве старшыну Піліпенку— Выпіць чарку не забудзь, на тым свеце не дадуць. Давай, старшына! Твая чарга…
Піліпенка моўчкі ўзяў з ягоных рук кварту і адразу ж пацягнуўся да самага вялікага кавалка на скрынцы. Ананьеў трасянуў пляшкай.