Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
— Ну, што? — спытаў я.
— Не прайсці. Якая тут глыбіня?
Чорт яе ведаў, якая тут была глыбіня, але я ўспомніў, што Ўночы некаторыя з аўтаматчыкаў пераходзілі недзе ўброд.
— Давай, не патонеш…
— Што — давай? Ідзі памажы…
Лезці ў ваду не хацелася, у ботах маіх і без таго ўжо было мокра, і ўсё ж аднаруч я падабраў полы шыняля і пайшоў у раку. На шчасце, глыбіня тут была не дужа вялікая, я хуценька перабег на той бок, і ўдвох мы ўзялі немца. Оберфельдфебель згодна павіснуў на нашых руках. Мы з намаганнем прыўзнялі яго даволі цяжкаватае цела. Ён разы два скокнуў здаровай нагой у вадзе і ўрэшце апынуўся на другім беразе.
— Гадская работа… — сказаў Цвяткоў. — Поўныя боты вады…
У ботах, вядома, здорава чвякала, ногі пачалі стыць, трэба было хутчэй ісці, каб сагрэць іх, але Цвяткоў не пусціў ад сябе немца.
— Удвох павядзем.
— А ў роту не вернешся? — спытаў я.
Стала віднець. Я бачыў шараваты ад бессані твар Цвяткова, які трошкі паморшчыўся і, мабыць болей для заспакаення самога сябе, вытлумачыў:
— Санінструктару палагаецца суправаджаць параненых да санроты. Так што…
Ён не даказаў фразы, аднак сэнс ягонага «так што» быў без таго вядомы, і мы моўчкі пайшлі па дарозе, якая тут пралягала па даволі высокім насыпе. Увогуле, гэта было парушэннем загаду камандзіра роты, але не мая справа паказваць на тое сяржанту: я перадаў яму ўсё, што мне сказаў Ананьеў, а там хай рашае сам. Зрэшты, можа, гэта нават і лепей, што ён з намі: увесь час валачы немца — справа нялёгкая, а так, мусіць, мы б неяк мяняліся. Усё ж у нашым становішчы здаровы чалавек варты некалькіх параненых.
Немец пры кожным скачку здорава шлэпаў падэшваю бота. Мне трохі нязручна было трымаць яго аднаруч, ды яшчэ замінаў аўтамат на правым плячы. Я ўжо хацеў паклікаць на змену аўтаматчыка з забінтаванай галавой. У той час, занятыя сваімі справамі, мы трохі забыліся пра тыя трывожныя абставіны, што ўсё яшчэ віснулі над ротай і намі. Перайшоўшы ручай, мы адчулі ў сабе палёгку, быццам нядаўняя небяспека засталася далёка ззаду. I менавіта ў гэты час ззаду штось здарылася.
Я нават не паспеў сцяміць, што данеслася да нас у першае імгненне — толькі, мабыць, не стрэл і не выбух, здаецца, гэта быў і не крык. Тым не менш нешта грымотна-нечаканае ўдарыла па адчуваннях так пагрозліва, што я аж спатыкнуўся. Я адчуў яшчэ, як страпянуўся ў маёй руцэ немец — вёртка крутануўшыся, ён азірнуўся, і я злавіў на яго твары кароценькі водбліск радасці. Але ў гэты момант порстка затрашчаў аўтамат, пачуліся крыкі, некалькі адначасных гранатных выбухаў прагналі прэч ноч. Золак раптоўна абудзіўся стрэламі і апрыклым да паныласці дзіганнем куль.
Па звыклай франтавой завядзёнцы, мы борздзенька сунуліся з насыпу і хто як стаіліся на касабокім мокрым адхоне. Ніжай была канава і гразь, але высокі насып някепска прыкрываў нас, кулі з вышыні сюды не даляталі.
Тады ў галаву шыбануў страх — не за сябе (па нас, здаецца, яшчэ і не стралялі) — страх быў за роту: што там? Я хуценька вытыркнуўся з-за насыпу — на схілах, аднак, нікога не было, але на самай макаўцы вышыні ў прыцемку ўжо ўгадваўся рух, пыл, бляск стрэлаў. Калі я зноў вытыркнуў голаў, аказалася, што ля мяне застаўся адзін толькі немец. Іншыя, у тым ліку і Цвяткоў, прыгнуўшыся, перабягалі за насыпам далей, па-над дарогай угору.
Спярша я не зразумеў, куды яны, але хутка ўсё стала надта выразна, і я, сам таго не чакаючы, закрычаў ва ўсё горла:
— Стой! Назад!
Цвяткоў прыпыніўся, угнуўшы голаў, няўцямна азірнуўся, я бачыў яго здзічэлыя вочы на пабялелым, спалоханым твары. Сяржант яўна чагось не разумеў, і я з лютасцю паўтарыў:
— Назад!
Я зусім не думаў у той час, які сэнс вяртаць гэтых людзей да рэчкі, але я ўсім сваім нутром адчуваў, што ў роце бяда і што менавіта таму мы не павінны ўцякаць. Аднак чым мы маглі памагчы ёй — таго я не ведаў.
Двое параненых зразумелі маю каманду па-свойму і ляглі за насып, а Цвяткоў пасля нядоўгага вагання, падбег да немца.
— Устаць!
Ён тузануў палоннага за рукаў, аднак той адкінуўся долу, нешта загергетаў, замахаў рукамі і не ўстаў. Цвяткоў ткнуў яго ботам і схапіўся за аўтамат.
— Устаць, падла! Фашысцкая морда!
Незразумела, нашто было ўставаць — хіба каб уцякаць адсюль, толькі гэтага я ўжо ім не дазволіў бы. Ды і немец, адчуўшы нешта, раптам перамяніўся, выраз яго ўпартага твару стаў жорсткім і непаслухмяным, ён яўна не хацеў падпарадкавацца сяржанту.
— Кінь! — крыкнуў я санінструктару. — Ідзі сюды.
Цвяткоў паныла паглядзеў у той бок, дзе ляжалі астатнія двое, і нерашуча палез на адхон. Ён яшчэ не паспеў апусціцца, як аб дарогу ўдарылі кулі — за каўнер мне пляснула гразёй, абое мы тыцнуліся галовамі ў макрэдзь. У той жа час на вышыні сталася нешта і горшае. Яшчэ без дай прычыны я адчуў гэта сваёй абвострана чуйнай цяпер падсвядомасцю і зноў выглянуў з-за насыпу. Мусіць, тады я ўскрыкнуў, бо Цвяткоў таксама спалохана зірнуў з-за дарогі — збоч ад вышыні па схіле ўніз навыперадкі і бязладна беглі аўтаматчыкі.
Гэта было неверагодна, але я мусіў верыць сваім вачам і не мог памыліцца. Спярша ўзвод Піліпенкі, а затым і ўся рота выскачыла з траншэі і ўрассыпную памчалася да ракі. Некалькі чалавек ужо ўпала, хтось ззаду спрабаваў падняцца, пагрэбаўся ды і заціх на снезе. Некаторыя, коратка прыпадаючы на калена, таропка адстрэльваліся чаргой-другою. Іншыя тым часам беглі ўніз, ды так, што дай толькі бог ногі. Рота рассыпалася па ўсім схіле. Над вышынёй выла, трашчала, дзігала; гахалі выбухі гранат.
Хвіліну я не ў стане быў сцяміць, што сталася: немцаў, здаецца, пакуль не быле відаць, але, мяркуючы па ўсім, ударылі яны куды як здорава. Проста пад дых ударылі, сволачы.
Пярэднія з уцекачоў ужо набліжаліся да мастка, іншыя кіравалі збоч ад яго, у кустоўе на балацявіне. Некалькі чалавек з ходу, не затрымліваючыся, сунуліся ў ваду, і тады ззаду, у дадатак да ўсяго, імпэтна затрашчаў кулямёт. Трасіруючыя агнянымі пісягамі сцебанулі наўкось па схіле, рыкашэтам матлянулі ад зямлі ў неба. Ля мастка нехта ўпаў, нехта, мусіць паранены, голасна, з роспаччу залямантаваў, але тут жа гэты яго лямант і згас у стогалосым грымоцці бою.
I тады між дзігання куль і траскоцця чэрг, прыглушаны, як з невядома якой далечы, данёсся з-за рачулкі знаёмы, здушаны голас. Я адразу пазнаў яго і страпянуўся: ён даў хоць колькі надзеі, ён ратаваў. Падхапіўшыся з насыпу, я кінуўся да мастка.
— Стой! Стой!.. Стой, такую тваю!..
Хутка я ўбачыў яго: без шапкі, у расшпіленым шынялі, з пісталетам у руках Ананьеў кідаўся між байцоў па схіле, імкнучыся затрымаць уцекачоў і адначасна дагнаць пярэдніх, каб за імі спыніць усю роту.
— Стой! Стой!..
— Стой! — не сваім ад лютасці голасам закрычаў я, выскокваючы да мастка. Па бёрнах яго на мяне ўжо ляцела двое байцоў, позіркі іх неслі недаўменне і страх, потныя твары — разгубленасць. Аднак я ўжо ведаў, чаго ад іх патрабаваць, і ведаў, як перамагчы гэты іх страх. Страшным голасам вылаяўшыся, я затрос аднаруч аўтаматам, і ўцекачы, здаецца, зразумелі штось. Хіснуўшыся ад блізкіх удараў куль, яны хуценька шаснулі за насып. Туды ж бягом скіравалі яшчэ некалькі, што вылезлі з рэчкі. З іх мокрых шынялёў цурком лілася вада.
Два кулямёты на вышыні захліпаліся ў агнянай гарачцы. Чэргі, кожная трэцяя куля з якіх была трасіруючая, джгалі зямлю, снег, ваду ў рацэ, пырскалі снегам і гразёю з-пад ног тых, што беглі, і між тых, што ляжалі на схіле.
12
Ананьеў выскачыў з рачулкі ледзьве не апошнім, — брудны, мокры, з пісталетам у руцэ, затвор якога заела ў заднім становішчы, пакінуўшы высунутым наперад тонкі варанёны ствол. Кулямётная чарга абдала ротнага пырскамі снегу, але ён не адхінуўся ад яе — адным махам узбег на ўзмежак, і я падаўся яму насустрач. Камандзір роты, аднак, нават не зірнуў на мяне, бы не пазнаў. Зрэшты, з першага позірку я таксама ледзьве пазнаў ягоны такі мной ніколі не бачаны, счарнелы, перакрыўлены ад лютасці, твар, з якога ліў пот. Грудзі і жывот старшага лейтэнанта былі вываляны ў мокрай гразі, шынель на баку раздзёрты. Кідаючы наўкола разгарачаныя позіркі, ён люта камандаваў: