ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ванін прыпыніўся, ступіў да камандзіра роты.

— Патрымайце пакуль. А то…

— Нэ вэртайсь! — крыкнуў Піліпенка.

Скінуўшы цераз голаў планшэтку, малодшы лейтэнант аддаў яе Ананьеву і таропка збег з бруствера.

— Вэрнувся! От дурэнь… — бурчаў Піліпенка.

Нехта няўцямна спытаў:

— А што, як вярнуўся?

— Шчо, шчо! Нэ знаеш шчо?

Пулька жалліва заскуголіла, забегала ўнізе, імкнучыся выскачыць з траншэі. Піліпенка злосна пхнуў яе ботам:

— Халера, тэбэ шчэ не хапала!

Баец у бушлаце спрабаваў злавіць сабачанё, але тое, выскачыўшы, прашмыгнула між ног, усё скачучы на бруствер. Грыневіч раздражнёна прыкрыкнуў злым шэптам:

— Што за сабачнік яшчэ? Качамасаў!

— Я.

— Прыстрэльце сабаку.

— Ну што вы, таварыш лейтэнант! — здзівіўся баец. — Як можна!

Грыневіч азірнуўся.

— Сідарэц!

— Так сліпота ў мэне куріна. У траншэі нэ бачу нычога.

Нампаліт моўчкі выняў пісталет і, штурхнуўшы кагось у траншэі, прашчаміўся ў той бок, дзе мітусілася Пулька.

У мяне непрыемна сціснулася ўнутры: няўжо ён прыстрэліць яе! Я зірнуў на камандзіра роты, але той стаяў, здавалася, нічога не бачачы і не чуючы навакол: уся яго ўвага цяпер была ў полі, куды пайшоў Ванін. У траншэі нягучна хлопнуў пісталетны стрэл. Пулька віскнула, пасля хлопнула яшчэ раз, і ўсё змоўкла… Ніхто ні словам не азваўся на смерць сабачкі, усе як і раней нерухома стаялі наўкола камандзіра роты, і штось востра непрыязнае да нампаліта коратка ўспыхнула і згасла ў маім пачуцці… Зрэшты, які «б» блізкі для нас ні быў лёс Пулькі — свой уласны турбаваў куды больш. Усе ў траншэі ўзіраліся наперад, куды ішоў Ванін. Малодшы лейтэнант не аглядваўся і не падганяў Пласкунова, які трохі адстаў. Спакваля яны ўсё болей цямнелі, расплываліся ў шэрым сутонні. Неўзабаве ўжо трэба было дужа ўглядацца, каб згледзець іх. А затым яны і зусім зніклі.

Мы яшчэ пастаялі, слыхам чакаючы стрэлаў ці крыкаў, толькі нічога нідзе не было. Напружанне памалу пачало спадаць, людзі ў траншэі заварушыліся. Нехта прысеў закурыць. Піліпенка запытаў пра час. Даўжэй за ўсіх у начную прыцьмеласць углядаўся Ананьеў, але і ён, нарэшце, адступіў ад кулямёта і прыхінуўся да тыльнага боку траншэі.

— Так! Васюкоў! — клікнуў мяне камандзір роты. — Забірай немца, параненых і марш у санроту! За рэчку Цвяткоў правядзе.

«Ну вось, значыць, ужо будзем развітвацца», — падумаў я.

Увогуле, мусіць, гэта звычайна на фронце, але цяпер чамусьці мне стала самотна. Я збянтэжана пастаяў у траншэі, не ведаючы, што сказаць. Напэўна, адчуваючы маю нерашучасць, Ананьеў павярнуўся ад кулямёта.

— Давай, давай! Пакуль ціха, — сказаў ён амаль спакойна.

I ўсё ж я добра ведаў камроты, каб не адчуць у яго тоне старанна прыхаваныя ноткі трывогі. Зрэшты, і ў выглядзе яго нешта сведчыла аб непакоі. Я проста не памятаў яго такім рэзкім у рухах і словах. Нечакана для самога сябе мабыць, упершыню я зразумеў, што зусім ён не такі самаўпэўнены і ўладарны, якім заўжды мне здаваўся. Гэтае адкрыццё жаллівай паныласцю кранула мае пачуцці, але, знешне не выдаючы таго, я сказаў:

— Ну што ж… Тады — да пабачэння…

— Давай лячыся…

Ён коратка і амаль абыякава паціснуў маю руку і зноў павярнуўся да змрочнай далечы. Моўчкі, не выходзячы з-пад улады звычайнай напускной незадаволенасці, падаў мне шырокую далонь Піліпенка, стрымана кіўнуў галавой Грыневіч. Затым я таропка паціснуў сцюдзёныя рукі байцоў, якія маўкліва праводзілі мяне занадта ўважлівымі позіркамі.

Ідучы назад па траншэі, я ўсё ўслухоўваўся, але трывогі пакуль не было, аўтаматчыкі па-ранейшаму сцішана пераседжвалі ноч: тупалі, курылі, а некаторыя, не гледзячы ні на што, спалі, скурчыўшыся ў сваіх ячэйках. Цяпер, аднак, усе яны — знаёмыя і незнаёмыя — адсоўваліся ад мяне ў мінулае, у маё былое і сваё будучае, але без мяне, бо праз гадзіну я, мабыць, буду адсюль далёка.

З новым клопатам я рвануў з увахода палатку і ўлез у бліндаж.

11

Параненыя хутка паўставалі, разабралі зброю. Мы расштурхалі немца і павылязалі ў траншэю. Оберфельдфебель трохі праспаўся і, мабыць, пацверазеў, бо хоць і не адразу, але ўсё ж выконваў нашы каманды. Праўда, ісці яму было цяжка, ён амаль не прыступаў на параненую нагу і скакаў на адной, перабіраючы па сценах рукамі.

Тым часам займаўся світанак.

Неба паяснела, на ўсходзе стаў бачны край лесу над пагоркам, дзе была дарога: з шэрага змроку нясмела яшчэ выплываў аснежаны прыцьмелы прастор. Было ветрана, сцюдзёна, снег, аднак, не ішоў. Можа, нават падмарожвала, але толькі ледзь-ледзь.

Мы трохі прайшлі па траншэі, далей трэба было вылазіць наверх. Цвяткоў першы ўскочыў на бруствер і падаў мне руку. Затым выбраўся аўтаматчык з абвязанай бінтамі галавой. Удвох яны вывалаклі другога аўтаматчыка і працяглі рукі немцу.

Обер-фельдфебель нерашуча паглядзеў знізу ўгору — наўрад ці ён разумеў, куды яго вялі, мабыць, думаў, расстрэльваць, і толькі цяпер пачынаў аб чымсьці здагадвацца.

— Ну, што лыпалы выкаціў? Давай руку.

Ён даў руку, утрох мы неяк узвалаклі яго на бруствер. Але тут аказалася, што ён зусім не можа прыступіць на нагу і адразу апусціўся долу. У дадатак да ўсяго, ноччу нехта сцягнуў ягоны шынэлак, немец прыкметна дрыжаў ад сцюжы ў сваім кароткім мундзірчыку. Цвяткоў вылаяўся.

— Як жа яго весці? Падвода трэба.

— Мо пашукаць лапату? — сказаў я. — Замест кастыля.

Аднак мяне не падтрымалі — пэўне ж, вяртацца назад у траншэю нікому не хацелася, світанак прымушаў спяшацца. Поле на захадзе, здаецца, болей, чым уначы, злавесна чарнела ад навіслай над ім цемрадзі, у якой таілася нейкая нязнаная, загадкавая і таму асабліва страшная небяспека.

— А што, хіба Ананьеў не да санроты мяне выпраўляў? — раптам з насцярогай у голасе запытаў Цвяткоў, стоячы на заснежаным брустверы.

— Толькі да рэчкі.

— А ад рэчкі вы як? Во з гэтым?

— Як-небудзь.

Цвяткоў падумаў і з яўнай незадаволенасцю тузануў за рукаў немца.

— Ану, устаць!

Немец устаў, і санінструктар узяў яго пад руку, што мяне ўвогуле здзівіла: то не хацеў перавязваць, а тут бярэ пад руку, хоць гэта мог бы зрабіць той жа паранены ў голаў аўтаматчык, які, не зважаючы на рану, трымаўся ўвогуле ўпэўнена.

Мы зышлі з бруствера і па слізкім ад снегу травяністым схіле пайшлі да мастка ўніз.

Цвяткоў даволі бесцырымонна валок немца, той, часта падаючы на вольную руку, ледзьве спраўляўся з ім. Мы ўтрох абмінулі іх, коўзаючы па снежнай траве, сышлі да рэчкі і ўсё па тых жа бэльках былога мастка перайшлі на другі яе бок. Далей, мусіць, трэба было пачакаць Цвяткова, каб пераняць у яго обер-фельдфебеля, і я прытрымаў хлопцаў, якія з прыкметнай паспешнасцю імкнуліся ў тыл.

Аднак правесці аднаногага чалавека па бервяну было не проста, ва ўсякім разе, Цвяткоў не наважыўся на тое. Падышоўшы да мастка, ён нерашуча спыніўся і паглядзеў на мутны вадзяны паток, які хутка вірыў між мокрых, аснежаных берагоў.

Поделиться с друзьями: