ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Быкаў Васіль

Шрифт:

— У ланцуг! У ланцуг, такую вашу… У ланцуг!

Ананьеў падбег да насыпу і, згледзеўшы тут байцоў, што бязладна палеглі на адхоне, амаль з нянавісцю кінуў:

— У ланцуг!

Яго хуценька паслухаліся. Некалькі чалавек падняліся і, прыгінаючыся, адбеглі, каб легчы радзей. Ніколькі не хаваючыся ад куль, якія дзігалі ўгары, Ананьеў гняўлівым позіркам прасачыў за байцамі, затым азірнуўся ў другі бок і вылаяўся.

— Васюкоў!

Здаецца, толькі цяпер ён заўважыў мяне і крыкнуў так дужа прывычна і будзённа, нібы ўчора, заўчора ці калі раней, калі яшчэ не было ні гэтай бяды, ні майго такога недарэчнага цяпер ранення. Я таксама, як рабіў гэта заўжды, без слоў ускочыў з адхона і, сігануўшы цераз лужыну, кінуўся па ўзмежку. Там, за кусцікамі над балацявінкай, дзе быў узвод Піліпенкі, яшчэ прадаўжаўся бязладны рух, некаторыя з байцоў залеглі ля рэчкі, а чалавек з пяць прыстала трухалі ў тыл на пагорак. Кулямёт з вышыні цяпер біў туды.

— Усіх — у ланцуг!

Я не азірнуўся, але я чуў ягоны загад і бег кароткімі перабежкамі, штораз плюхаючыся бокам у гразкі, падталы снег, дзесяць секунд аддыхваўся і ўскокваў зноў. Спярша з вышыні па мне не стралялі, затым, мусіць, усё ж заўважылі адзінокага бегуна, і кулямёт з рассейваннем у глыбіню сыпануў наўкола жменяю куль. Адна з іх порстка шчоўкнула пад рукамі, штосьці святлявае мільганула ў доле. Я з маху ляпнуўся на бок і выцягся на зляжалым, перасыпаным снегам іржэўніку. Падаючы, мусіць, павярэдзіў руку, плячо жудасна забалела; сцяўшы зубы, я хвіліну мычэў, ледзьве адольваючы боль. Тым часам чарада куль падзёўбла зямлю і аддалілася. Трэба было бегчы. Я зручней перахапіў аўтамат, прыклад якога быў расшчэплены.

Працірка і ёршык, выпаўшы з адбітага затыльніка, валяліся на снезе.

Аднак піліпенкаўцы былі ўжо блізка. Яшчэ адзін ускок, і я схаваўся за алешнічкам, які хоць і не бярог ад куль, але ўсё ж прыкрываў ад варожых вачэй з вышыні. Крайнія ў ланцугу аўтаматчыкі, распоўзшыся па ўзмежку, пачалі акопвацца. Я падбег і ўпаў ля аднаго з іх, што нерухома ляжаў, шырока раскінуўшы ногі. Здаецца, ён штосьці жаваў.

— Дзе Піліпенка?

Баец моўчкі кіўнуў кудысь убок і нацягнуў на патыліцу каўнер шыняля. Акопвацца ён чамусьці і не збіраўся.

— У вас што — няма лапаткі? — запытаў я.

Баец моўчкі варухнуў бядром, ля якога тырчаў чаранок пехацінскай лапаткі.

— Дык капайце хутчэй!

Перастаўшы жаваць і павярнуўшы ў мой бок худы з шэрым шчаціннем твар, ён акінуў мяне абыякавым, змораным позіркам.

— А нашто?

— Як нашто? — не зразумеў я. — Каб уцалець!

— Дурны ты, гляджу… — раптам з яўнай пагардай сказаў баец. — Доўга ты думаеш уцалець? Да абеду? Ці нават да вечара?

Я не думаў пра тое. Я перажываў няшчасце, якое звалілася на роту, усё ва мне кіпела ад узрушання, а ён во якую захоўвае цвярозасць погляду. I самае недарэчнае заключалася ў тым, што ўвогуле ён казаў праўду. Адкрыццё гэтае, вядома, не прынесла мне суцяшэння, і, каб задушыць у сабе нечаканую прыкрасць, я падаўся ад яго далей. Прыгнуўшыся за голымі, месцамі густаватымі кусцікамі, я пабег уздоўж ланцуга, і неўзабаве, замест Піліпенкі, у нейкай ямцы-раўку наткнуўся на лейтэнанта Грыневіча. Нампаліт быў паранены і, адхінуўшыся на локаць, з пакутніцкім выглядам ляжаў на баку. Штаны яго былі ссунуты да калень. Незнаёмы баец у целагрэйцы, схіліўшыся над лейтэнантам, таропка і няўмела бінтаваў ягонае сцягно. Рукі байца кепска слухаліся, дрыжалі, бінт скручваўся, і Грыневіч раздражнёна прыкрыкваў:

— Ды тужэй ты!.. Закручвай! Не бойся!

— Зараз, зараз…

Я ўбег у равок і прысеў побач.

— Што — здорава?

Баец не адказаў, лейтэнант коратка з-пад каскі зірнуў на мяне і паморшчыўся. З твару, аднак, ён выглядаў не так кепска, як мне здалося ўпачатку, толькі, як і ўсе, быў брудны і стомлена дыхаў. Я падумаў, што рана ў яго, мабыць, не цяжкая. Сапраўды, замест адказу ён даволі бадзёра спытаў:

— Дзе камандзір роты?

— Там. Ля мастка.

— Сволачы! — зноў паморшчыўся нампаліт, — Што парабілі! Дражнілі з аднаго боку, а ўдарылі з другога…

— Камандзір роты загадаў: усім у ланцуг, — сказаў я.

Грыневіч прыўзняўся на локці.

— Бяжы, перадай Піліпенку, каб ні кроку назад! А то на схіле ўсіх пакладзе.

Я падхапіўся было бегчы далей, але тут жа згледзеў старшыну — голасна лаючыся, той гнаў у ланцуг трох байцоў, якіх вярнуў, мабыць, з самага пагорка.

— Гэць! Гэць вашу маць! Я вам пакажу тікаты!

Нашы ў ланцугу не стралялі, спакваля спынілі агонь і немцы — напэўна, біць не было па кім ці ўжо стала далекавата нават для кулямётаў. Піліпенка зморана прабег яшчэ крыху, пакуль не захінуўся ад немцаў кустоўем, затым па-над узмежкам павярнуў у наш бок.

Я апусціўся на мокрую палу шыняля.

Аднак не паспеў яшчэ старшына дабегчы да нашага раўка-ямкі, як з другога боку таксама запляцкалі ў гразі боты. Усе азірнуліся — рашучай нядобрай хадой сюды кіраваў камандзір роты. Ён па-ранейшаму быў без шапкі, толькі захінуў на пару кручкоў расхрыстаныя полы шыняля, паверх якога целяпалася знаёмая планшэтка Ваніна. Убачыўшы яе, я зразумеў, што Ваніна няма. Старшы лейтэнант неяк раптоўна спыніўся перад раўчуком, нібы нечакана для сябе наткнуўся на нас.

— Ну! — сказаў ён такім тонам, што ва ўсіх нас пахаладзела ўнутры. — Што расселіся? Што расселіся, так вашу растак! Бяжыце далей! Драпайце к… матары!

Гнеўна-бязлітасны позірк свой ён утаропіў у нейкую невядомую для нас кропку ля ног нампаліта і стаяў так, пагрозліва ўзвышаючыся над раўком. Грыневіч, аўтаматчык, які перавязваў нампаліта, і потны Піліпенка, што, на тую бяду, якраз сунуўся сюды, — усе мы маўчалі. Старшына зморана дыхаў і адно ніякавата шморгаў прастуджаным носам, не адважваючыся высмаркацца, мабыць чуючы нейкую сваю віну перад ротным.

— Пачаму драпанулі? Драпанулі чаму? Я ў вас пытаюся, старшына Піліпенка!

— Так цэ ж… Обкружалы! — няўпэўнена пачаў апраўдвацца Піліпенка, але раптам асекся і збянтэжыўся пад пранозлівым позіркам Ананьева. Праз момант, аднак, ён смялей ужо выпаліў: — Хіба тількі моі драпанулы?

— Ах, не толькі твае! — падхапіў Ананьеў. — Апраўдаўся! Выкруціўся, як смоўж! Не яго адны! I Ваніна тожа — гэта ты хацеў сказаць? Але ж Ванін на вышыні астаўся, а ты тут! На якога ж тады хрэна ты тут патрэбны?

Ананьеў здзекаваўся, помсціў за бяду, крычаў і быў страшны ў гэтым сваім, мусіць справядлівым, гневе. Такім я не ведаў яшчэ майго ротнага і адчуваў тут сябе да недарэчнасці боязна. Я то ўскокваў, то садзіўся — карцела прэч ад гэтага здзічэла-разлютаванага позірку, якога я не мог трываць, хоць і ні ў чым не лічыў сябе вінаватым.

Грыневіч таксама ніякавата варушыўся ў доле, нешта памкнуўся сказаць, але Ананьеў нікому не даваў вымавіць слова. Урэшце нампаліт зазначыў:

— Што цяпер мацярыць! Трэба акопвацца.

— Мацярыць! — грозна сказаў Ананьеў. — Вас не мацярыць нада! Нада заставіць вярнуць вышыню! Панялі?

Грыневіч, з непранікнёнай засяроджанасцю на цьмяным, кранутым адзнакамі болю твары, сказаў:

— Наўрад ці вернеш…

Ананьеў, мусіць, і сам сумняваўся ў тым, бо не адказаў і, хвіліну памарудзіўшы, запіхнуў пісталет у кабур. Рота ўжо ўся залегла дзвюма групамі; на гэтым баку рачулкі не відно было ніякага руху, але пазіцыя тут была болей чым няўдалая — усе падходы з тылу відны немцам.

Поделиться с друзьями: