ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Быкаў Васіль

Шрифт:

З усіх камандзіраў, якія перабылі за паўгода ў роце, ён быў не найгоршы і ўжо, напэўна, такога жорсткага лёсу нічым не заслугоўваў.

— Ну дзе ж яны? — зноў пачаў ён напружвацца пад плашч-палаткай.

Пакінуўшы сваю наседжаную, больш-менш сухую мясціну на адхоне, я ў каторы ўжо раз збег уніз.

— Зараз, зараз. Хутка прыйдуць, — абяцаў я, сам ужо губляючы ўпэўненасць у тым, што казаў.

Сапраўды, як бы там ні было на вышыні, пара б ужо ўспомніць і пра нас, пакінутых у гэтай гразі.

— Можа, збегаць туды? — прапанаваў я.

— Не! — сказаў ён праз стогн. — Ні ў якім разе.

Я пасядзеў на кукішках ля яго ног і падняўся; гэтае праклятае чаканне ўжо цяжка было трываць. Ды і мая параненая рука балела, хоць і не так востра, як уначы, але, мусіць, недзе стаў прысыхаць бінт, рукой балюча было крануць, трэба б змяніць павязку.

— Нудзіць! — выдыхнуў Грыневіч, скалануўся і, нібы спяшаючыся кудысь, з таропкай рашучасцю сказаў: — Васюкоў, ідзі ў тыл.

— А вы?

— Я ўжо. Адваяваўся. Паглядзі, не ідуць?

Не, ні на схілах, ні на дарозе нікога не было, сыпаў дождж, абмяжоўваючы і без таго сціснутае непагаддзю наваколле.

Зноў з’явілася і пачало мацнець нядобрае прадчуванне бяды.

Прыкметны непакой прамільгнуў і на збялелым, завостраным твары Грыневіча, калі я зноў спусціўся да яго. Моўчкі хвіліну я ўзіраўся ў гэты ягоны твар, не хочучы турбаваць параненага сваёй тут прысутнасцю, але ён, пэўна, пачуў мяне і з ціхай настойлівасцю выдыхнуў.

— Ты тут? Не трэба. I… гэтае самае… мы ж землякі.

— Як? — сарвалася ў мяне. — Вы хіба з Беларусі?

— Іменна. З Барысава.

Бог мой — як жа так здарылася? Чатыры месяцы мы праваявалі разам, кожны дзень побач — і спалі, і елі, і нават калі-нікалі ён пакрыкваў на мяне, а я і не падумаў нават, што ён — мой зямляк. Чаму ж ён не намякнуў мне аб тым раней — беларусаў жа ў роце, апроч нас, здаецца, не было нікога.

— Чаму ж вы не сказалі? — папракнуў я з прыкрасцю, апускаючыся ля яго на калені.

— А нашто? Нашто аддзяляцца?

Ды не аддзяляцца — пры чым тут аддзяляцца, — проста я зусім другімі б вачыма глядзеў на яго ўсю зіму, можа б, я зрабіў для яго што добрае — столькі было выпадкаў, калі я праносіў міма яго свой клопат і сваю ўвагу, без якіх, зрэшты, нампаліт надзіва ўмеў абыходзіцца. Ён не меў ардынарца, і ніколі яму нічога не было патрэбна.

На мяне хлынула амаль пяшчота да нампаліта, страх за яго жыццё ахапіў мяне з новаю сілай. Трэба было нешта рабіць, неяк ратаваць лейтэнанта, але я не ведаў, куды цяпер можна падацца.

Раптам ён надта напружыўся, крута адкінуў голаў і, выгнуўшыся, павярнуўся на бок. Шапка ўпала з яго галавы, нязграбная тоўстая павязка з бруднымі слядамі ад пальцаў на марлі ссунулася на вуха. Я ўхапіў яго за плячо, каб не даць яму і зусім скаціцца з ватоўкі, і адчуў пад пальцамі неймаверна гарачае на холадзе яго цела. Грыневіч заторгаў нагамі, нібы спрабуючы скінуць з сябе палатку.

— Што з вамі? Што вам? — спалохана загаманіў я, але ён ужо не адказаў.

Я пачаў прытрымліваць яго на ватоўцы — ён жа ўсё кідаўся ў бакі, адной рукой справіцца мне з ім было цяжка. Да таго ж, здаецца, ён перастаў пазнаваць мяне і не дужа выразна, у нос, як ніколі не гаварыў раней, выкрыкваў:

— Гарохаў, Гарохаў! Эх ты! Бяжы скарэй! Стой! Паклічце Гарохава!..

Ён неўпрыцям скалануўся, абаперся на рукі і прыўзняўся, зблізку і недаўменна зірнуў мне ў твар шырока раскрытымі вачмі, якія наўрад ці што бачылі. I, нібы падкошаны, упаў дагары на ватоўку.

— Здаецца, я ўсе…

— Што вы? Таварыш лейтэнант…

— Ладна. Ты ідзі, — раптам памяркоўна і выразна сказаў ён. — Я буду паміраць.

— Ды што вы?!

Па яго тоне і па ўсім яго выглядзе я зразумеў, што ён не памыляецца, і не на жарты спалохаўся. Трэба было неадкладна нешта рабіць, але ў мяне нават не было вады — пусты кацялок ляжаў на зямлі, і дождж далікатна барабаніў па ягоным баку.

Не раздумваючы болей, я схапіў кацялок і ля канавы пад насыпам пабег да рэчкі.

Гучна квякаючы абцасамі ў набрынялым вільгаццю дзірване, я падбег да берага. Вада тут была глыбакавата. Каб дацягнуцца да яе, трэба было ўкленчыць, і я, выцягшы руку, таропка ўзмахнуў кацялком. Аднак лёгкі кацялок няслушна віхляў на драцяной дужцы, не хочучы набіраць вады. Я схіліўся ніжэй, але ў тое ж імгненне ад спалоху рэзка ўскінуў галаву і застыў у секунднай разгубленасці.

Насупраць за рэчкай з туманнай дажджлівай імглы ля дарогі вынырнула цьмяная постаць у касцы, побач паявілася яшчэ двое, я павёў позіркам далей і ўбачыў увесь іх ланцуг, які насцярожана і хутка крочыў па стаптаным схіле ўніз.

Упусціўшы кацялок, я адхіснуўся ад вады, здушана крыкнуў:

— Немцы!!

Але было позна. Я паспеў толькі ўскочыць, як блізкая аўтаматная чарга, хлёстка шчоўкнуўшы пад нагамі, распластала мяне на траве галавой да ракі. Захлынуўшыся крыўдай, я апошнім звышнамаганнем пераваліў сваё цела на бок, але ўстаць ужо не мог. Позірк слізгануў па мутнай, усеянай дажджавой рабізной вадзе, у якой ля самага берага ціха пагойдваўся мой круглы скасабочаны кацялок…

Сотнікаў

1

Яны ішлі праз лес глухой, замеценай снегам дарогай, на якой не было ні чалавечага следу, ні каляіны, ні нават знаку ад капыта ці полаза. Тут, мусіць, і ўлетку не часта ездзілі, а цяпер, пасля доўгіх лютаўскіх мяцеліц, дык і ўсё зараўняла снегам, і каб не лес — елкі ўперамежку з хмызам, — які няроўна расступаўся па абодва бакі, пакідаючы ўсярэдзіне вузкую белую крывуліну, дык было б і не здагадацца, што тут дарога. І ўсё ж яны не памыліліся. Углядаючыся праз голы, затуманены прыцемкамі хмызняк, Рыбак усё больш пазнаваў гэтую пуцявіну, якую ён памятаў яшчэ з восені, калі пад нагамі плюхалі лужыны, а ў лесе густа церушыў лістапад і восеньскі вецер імжыў наўкола нудным сцюдзёным дажджом. Тады іх чалавек пяць з групы Смалякова неяк пад вечар таксама прабіралася па гэтай дарозе на хутар, і таксама каб раздабыць харчу, ну і яшчэ адпачыць і пасушыцца ў цяпле. Вунь якраз і знаёмы равок, які доўгім крутабокім языком выцягнуўся да самай дарогі, і тая, ухінаючыся ад яго, брала ўлева, у хмыззё, і неўзабаве знікала ў алешніку, праглынутая змрокам. Тут яны сядзелі тады ўтрох і курылі, чакаючы, пакуль двое, што пайшлі на хутар, не пададуць сігнал ісці следам. Цяпер, аднак, у равок было не ўлезці — з берага звісала намурованая мяцеліцай снегавая застрэха, голыя дрэўцы на схіле з суччам патанулі ў снезе.

Над вяршаллем хвой угары лёгка слізгаў вышчарблены маладзічок месяца, які амаль не свяціў, толькі ледзь бліскаў у імглістым ззянні, аздабляючы змрочнае без зор неба. Але з ім было неяк весялей, нібы хтось жывы рупна праводзіў іх у гэтай дарозе. У лесе ж наўдаль было змрачнавата, няпэўна ад цьмянае мешаніны ельніку, нейкіх плямаў, галля, аднак паблізу, на чыстай белі снегу, няблага ўгадвалася дарога. Тое, што яна аказалася зусім без следу, па цаліку, хоць і давала працы нагам, але засцерагала ад нечаканасцяў: наўрад ці хто будзе пільнаваць іх тут, у гэтай глушэчы марознай начы. Тым не менш Рыбак усё ж асцярожнічаў, асабліва пасля няўдалага заходу ў Гліняны, дзе яны, пэўна, трапілі б у рукі немцаў, калі б не адзін дзядзька, сустрэты імі з дровамі. Дзядзька, дзякуй яму, папярэдзіў, што пад вечар у вёску наехала немцаў, і яны павярнулі ў лес, да гэтага хутара.

Поделиться с друзьями: