Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
Батурбаеў вінавата скалупнуў з прыклада прысохлы камячок гразі.
— Убірай к чортавай матары свой драндулет! — пракрычаў камандзір роты і, сеўшы, адвярнуўся.
Батурбаеў з гатоўнасцю падхапіў кулямёт і збег уніз да канавы.
Дзякуй Богу, пранеслася ў галаве, хоць няспраўнасць кулямёта наўрад ці мяняла што ў становішчы Чумака, які па-ранейшаму заставаўся на краі пагібелі, хіба што цяпер не ад сваёй кулі. Там, на схіле, відаць, счакаўшы зададзены час і не атрымаўшы адказу, немец-канваір пачаў адступаць назад, як і раней прыкрываючыся Чумаком. Яшчэ хвіліна, і яны аддаляцца так, што, мабыць, будуць недасягальныя для нашага агню.
Ананьеў пакутліва штосьці рашыў і ўскочыў на ногі.
— Цвяткоў, давай фрыца!
Цвяткоў паслухмяна падштурхнуў фельдфебеля, той, аб чымсьці здагадваючыся, нясмела яшчэ падняўся і з гатоўнасцю заскакаў аднанож, падаючы рукой на адхон. Камроты крутануўся да перакладчыка.
— Шнэндар, адвесці! Размяняць і — з Чумаком назад!
Штосьці падобнае на ўздых палёгкі пранеслася над дарогай і, хоць многае было яшчэ не зразумела і нявырашана, тым не менш з’явілася адчуванне, што галоўнае ў гэтай справе набывала лепшы кірунак.
Але Шнэйдар адрэагаваў на загад зусім нечакана. Не варухнуўшыся з месца, ён раптам пабялеў з твару, аднак не ад страху — ад страху бялеюць зусім інакш. Мусіць, гэта было асіленае ў сабе абурэнне, бясслоўны пратэст: у чорных вачах аўтаматчыка нешта ўзгарэлася і атухла. Ён ссунуўся ніжай і ціха, але выразна сказаў:
— Я не пайду.
— Што?
— Не пайду. Што хочаце — не пайду.
Ананьеў таксама пабялеў:
— Гэта чаму?
— Ён мяне абразіў. Я не магу.
— Ах, не магу!. Растакую вашу, беларучкі праклятыя! А я — магу?.. Камроты пагрозна пасунуўся да аўтаматчыка, здалося — ударыць, але не ўдарыў — у апошняе імгненне крута павярнуўся ад яго ўбок. — Шапа!
— Я.
— Адвесці немца! — з суровай няўхільнасцю, якая ўжо адным сваім тонам выключала нязгоду, загадаў Ананьеў.
Шапа з гатоўнасцю тузануў затвор аўтамата і скочыў да немца.
— Марш!
— Ды не марш! Бяры пад руку і валяй! I не трусь — прыкрыем. Кулямёт сюды!
Батурбаеў узбег на адхон, зноў устанавіў кулямёт, за які, рашуча адхінуўшы кулямётчыка, зноў лёг камроты.
Шапа падхапіў немца пад руку і ўзвадок яго на насып дарогі.
14
Аднак кулямёт не спатрэбіўся, ніякага ашуканства не было. Як ні дзіўна, а праз дваццаць хвілін, жывы і нават павесялелы, Шапа прывёў Чумака, які, сышоўшы з насыпу, стаў ля канавы, ні разу ні на каго не глянуўшы. Затое на яго цяпер глядзела ўся рота. Хлопцы забыліся на свае недакапаныя акопчыкі, на макрэдзь, нават страцілі цікавасць да рэчмяшка з сухарамі, што яшчэ непадзеленыя ляжалі на адхоне — усе, як на дзіва, з недаўменнем глядзелі на недарэку-аўтаматчыка.
Ананьеў, набычыўшы ўскудлачаны голаў, зверавата прасачыў з-пад ілба за яго няўпэўненай, хісткай хадой. Калі аўтаматчык спыніўся, ротны марудліва падняўся на адхоне.
— Ну! — сказаў камандзір роты, і ўсе ўраз сціхлі. — Ну, палоннічак! Чаму не застрэліўся?
Чумак тады ўпершыню падняў ад долу дарэшты разгублены, атупелы позірк і неяк скоса, боязна і жалліва паглядзеў на камандзіра роты.
— Чаму не ўбёг? Чаму врагу здаўся? Так тваю растак! Адказвай, я пытаюся! Праспаў?
— Праспаў, — прастадушна пацвердзіў Чумак і ўздыхнуў.
— Ах, праспаў? — з’едліва ўсумніўся Ананьеў. — А аўтамат дзе?
Чумак, не пераступаючы, тулавам павярнуўся да вышыні сваім кароткім непадпяразаным, без хлясціка шынэлку і ткнуў туды пракураным заскарузлым пальцам.
— Там.
Гэтая наіўнасць дарослага чалавека, здольная ў іншых абставінах рассмяшыць, цяпер яшчэ болей абурыла ротнага.
— Там? Глядзі ты — помніць! Цябе ж расстраляць, дурня, трэба! Ты ж — здраднік! Ты ворагу здаўся. I зброю здаў. Ну!
Чумак толькі трудна, вінавата ўздыхнуў.
— Ах ты, размазня! Страляць трэба было! Абараняцца! Аўтаматам! Лапаткай, зубамі грызці ім глоткі! А ты?!
Аўтамат, вядома, у яго адабралі. Каб адбівацца лапаткай, трэба трохі болей спрыту, чым яго была ў Чумака. I тут раптам я прыпомніў гранату, якую даваў яму ўначы.
— А граната?
Чумак, бы глухі, няўцямна паміргаў вачыма, нібы не разумеючы сэнсу майго пытання.
— Граната! Граната. Помніш, я даваў табе?
Успомніўшы, ён хуценька сунуў руку ў кішэню і асцярожна выцяг адтуль маю зараджаную, з запалам і некранутай чакой «Ф-1».
Ананьеў плюнуў і закавырыста, па-мацернаму вылаяўся.
— Дурня кавалак! Ну і чорт з табой! Не навучыў я — штрафная навучыць. Загрыміш у штрафную… Паняў?
Чумак апусціў галаву яшчэ ніжэй. Шапа падышоў да яго і спакойна ўзяў з рукі гранату. Ананьеў раздражнёна адкінуў назад планшэтку, якая замінала ля ног, зрабіў два крокі на адхон і спыніўся.
— Ваніна не бачыў?
— Не. Мяне ж скруцілі ды — у бліндаж… У бліндажы сядзеў.
— У бліндажы! Растакую тваю матары!..
Але злосць ротнага, як заўсёды, хутка міналася, ён патаптаўся крыху і стомлена сеў на адхон. Мы ўсе — я, Шапа, Шнэйдар, некалькі байцоў — стаялі навокал, не ведаючы, радавацца ці абурацца.
Ананьеў палой шыняля выцер брудныя рукі і падняў злосны позірк на Шнэйдара.
— Ты! Забірай гэтага чмура! Каб я яго тут не бачыў!
Счакаўшы трохі, Шнэйдар моўчкі кіўнуў Чумаку, пералез канаву і ўсё так жа нязграбна патрусіў цераз балота. Ужо на бягу ён паглядзеў у бок вышыні. Чумак, плюхаючы па лужынах ботамі, кіраваў следам. Гэты нікуды не пазіраў, ён нібы ў сне, хістка і слепа трухаў за Шнэйдарам. У мяне неяк павальнела на душы: можа, яшчэ абыдзецца? Ананьеў строгі, крыклівы, але не зласлівы. Калі адправіў ва ўзвод, дык, мабыць, пакуль што не пашле пад арышт. А там ці мала як ўсё можа перайначыцца… Мы праводзілі небараку трохі павесялелымі позіркамі, і, калі абодва дабеглі да кусцікаў, дзе ўжо было схоўна, Ананьеў закрычаў на байцоў:
— Што разявіліся? Ану, капаць! А то і адсюль драпанеце! Заечая парода!
— Не драпанём, — бяскрыўдна сказаў хтосьці ў ланцугу.
Камандзір роты паглядзеў у бок кусцікаў.
— Яго шчасце, што гэты фельдфебель папаўся. Хаця… — ён пашукаў вачмі Шапу. — Данясенне ўручыў?
— Уручыў, таварыш старшы лейтэнант. Самому камандзіру палка.
— Што ён сказаў?
— Сказаў: маладзец Ананьеў. Камроты зморшчыўся, нібы ад болю.
— Лепш бы ты яго згубіў. Заблудзіў, камандзіра палка не знайшоў. На якога хрэна ты яго ўручыў?
Шапа паціснуў плячыма і сеў. Ананьеў даволі паныла ўздыхнуў.
— Вось так заўжды. Толькі настараешся дзе, тут цябе як шарахне! На нагах не ўстоіш. Ды яшчэ гэты чмур…
— Таварыш старшы лейтэнант, — зацікаўлена пад’ехаў Шапа, — гэта сапраўды яго ў штрафную?
— А ты што ж думаў? У бірулькі тут вам гуляць? Вайна — не хаханькі.
— Калхознік ён… — зазначыў Шапа, нібы гэта само сабой усё вытлумачвала. — Чацвёра дзяцей…
Ананьеў няпэўна паёрзаў на адхоне.
— Чацвёра, чацвёра…