Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
— Не трэба было вам ісці, — сказаў я з папрокам за яго нядаўнюю спрэчку з Ананьевым.
— Не трэба. Пагарачыўся. Але гэты Ананьеў… Не думае, што робіць.
— Што ён такога зрабіў?
— Не разумееш? Зразумееш калі-небудзь.
Магчыма, я чагосьці не ведаў або не разумеў чагось, што было добра вядома ім, больш вопытным на вайне і ў жыцці. Але мне ўсё здавалася, што як Грыневіч у сваёй нядаўняй гарачнасці, так і Ананьеў у апошнім рашэнні на атаку — абое памыляюцца. Апроч таго, усё гэта так заблытвала наша становішча, што яно ўжо вельмі нават проста магло абярнуцца бядой.
Аднак з параненым мне не сядзелася. Надта ўжо журботна было глядзець на яго абяскроўлены, пакутна-нерухомы твар, зноў жа адсюль не было відаць роты. Пакінуўшы лейтэнанта, я ўзбег на адхон і прысеў, высунуўшы з-пад дарогі голаў.
Дожджык усё імжэў, усё шырэй расплываўся туман у лагчыне, снегу на тым баку рэчкі заставалася няшмат — абталыя шызыя плямы на мокрым, гразкім схіле, па якім у трэці раз беглі аўтаматчыкі. З усё большай і большай тугой у душы я глядзеў, як катастрафічна хутка змяншаецца ў імглістай прасторы кароценькі іх ланцужок. Даўняя звыклая сувязь між намі ўвачавідкі рвалася, штосьці няўхільна-пагрозлівае ўпарта раз’ядноўвала нас, я невыразна адчуваў гэта, але працівіцца яму не мог, бо гэта невыразнае, неканкрэтнае нешта было мацней за мяне, за іх і за ўсю нашу роту. Ананьеў то бег, то хутка ішоў, наўкось па схіле, аднойчы нагнуўся, таропка перавярнуў на спіну цела забітага, узяў яго аўтамат. Пасля ён хвіліну бег, займаючы сваё месца ў ланцугу, а хтось, што ішоў ззаду — можа, Чумак, — нядоўга затрымаўся над трупам — здаецца, знімаў сумку з дыскамі або гранатамі.
Рота дасягала сярэдзіны схілу. Ужо не лёгка было і згледзець яе за імглістай заслонай дажджу, якая, на шчасце, хавала аўтаматчыкаў і ад немцаў. Толькі ці надоўга? З вышыні іх вось-вось павінны былі ўбачыць, і тады…
Тым не менш немцы маўчалі. Цяжка было паверыць, што яны і ў другі раз так зазяваліся, што не заўважаюць атакі. Кепска было відаць, але мне здавалася, што верх вышыні ўжо зусім блізка. Яшчэ адзін, самы апошні рывок і можна будзе кінуць гранату, выскачыць з-за абрыву і, калі пашанцуе, з ходу заняць канец траншэі. Эх, каб хоць адным аддзяленнем удалося ўварвацца ў траншэю!..
Унізе ў засяроджанай адзіноце маўчаў Грыневіч, я не адразу зразумеў, што і ён чакае вестак з вышыні, і, мабыць, не дачакаўшыся таго, што хацеў, аклікнуў:
— Васюкоў! Дзе рота?
— Пайшла, пайшла.
— А чаму не страляюць?
Гэтага я не ведаў. Не стралялі ні нашы, ні немцы. Тым часам ужо ўся рота схавалася ў імгле. Толькі пільна ўзіраючыся, можна было разгледзець дзе-нідзе пад самай вяршыняй нешта падобнае на рух. I па-ранейшаму не чуваць было ні стрэлу, ні крыку, ні голасу, — вышыня замерла, заціхла, затаілася. Надта падобна было, што аўтаматчыкі і на самай справе дасяглі траншэі.
А можа быць, немцы адышлі?
Было ж такое, і нават не адзін раз, калі нямецкія пазіцыі, за якія мы біліся дзень, два і некалькі дзён, раптам аказваліся непрыкметна пакінутымі, і мы займалі іх без усякага бою. Сапраўды, мы ж не адны тут, нашы часці недзе ўсё ж б’юць фашыстаў, вунь як грыміць убаку, дзе бальшак.
Хада маіх думак раптам набыла іншы кірунак, падумалася: які ж я размазня, калі столькі перадрыжаў задарма. Сапраўды, там жа Ананьеў, ён знае, умее прадбачыць, як зрабіць, каб найлепш. У чым-небудзь іншым ён, можа, і не майстар, у нечым ён, вядома, уступіць Грыневічу, Ваніну, нават Цвяткову, але ў такой справе, як бой, ён выдатна навучаны. Тут ён прафесар, генерал, калі не сам маршал.
Я ўжо адчуў у сабе нешта зусім інакшае, чым хвіліну назад, у свядомасці загарэўся жаданы агеньчык надзеі, каторы, аднак, шукаў сабе пацвярджэння. Так хацелася знайсці і яшчэ хоць бы адну прыкмету таго, што ўсё добра, што і на гэты раз роту ашчаслівіла ўдача.
I тут грымнула.
Спярша здалося, што гэта выбух, але зараз жа імглістае неба над лагчынай туга прарэзалі пранозлівыя струмені куль, наўкола зашчоўкала, задзігала, завыла — дажджлівы прастор у адно імгненне напоўніўся грымліва-скуголістай ліхаманкаю бою. У першыя секунды было такое ўражанне, што вышыня не вытрымае вогненнага грукату, разваліцца на кавалкі, але агнявы напор і яшчэ мацнеў. Адзін раз пачуўся крык, магчыма, каманда або лаянка, праўда, не зразумець было, на якой мове. Баючыся міргнуць, я да рэзі ў вачах углядаўся туды, спрабуючы хоць што-небудзь разгледзець у вірліва-траскотнай імгле, але імгла па-ранейшаму не давала нічога ўбачыць.
У нейкім гняўлівым шаленстве вышыня з паўгадзіны абрушвала ў наваколле стогалосы гром, у якім і на слых ні чарта немагчыма было разабраць. Чэргі згрувашчваліся ў суцэльны працяглы грукат, з якога разы два, нібы незнарок, выбіўся дальні басовы стук буйнакалібернага, але затым амаль залпам загахалі гранатныя выбухі, яны заглушылі сабой усё. Некалькі выпадковых куль з тугім пошчакам ляснула непадалёк аб насып дарогі, я апусціўся на адхоне ніжэй, уціснуў галаву ў плечы. Агонь быў шалёны, і здавалася надта сумніцельным, каб на такі былі здольны нашы якія-небудзь тры дзесяткі аўтаматчыкаў. Што ж, тады, значыць, немцы? Аднак у такім выпадку рота абавязкова павінна адкаціцца — гэта я ўжо ведаў з уласнага вопыту.
I тым не менш ішоў час, а на схіле не было відаць ніводнага руху адтуль.
Але вось траскотны агнявы напор стаў патроху слабець, тым азначаючы, пэўна, пералом у баі, я зноў пільна ўгледзеўся ў прыцьмелыя схілы, ды ўсё марна. Значыцца, не адступаюць, усе там. Але тады — выходзіць, уварваліся?
Зноў даляцеў як бы нейкі голас, і зноў немагчыма было здагадацца, чый гэта быў голас — нашых ці немцаў. Аўтаматы бязладна патрэсквалі ў розных мясцінах, нібы хтосьці нябачны на вышыні рыўкамі рваў дужа крэпкі сувой зрэбніны. Кулі, аднак, над дарогай не лёталі, і я падумаў, што страляюць, напэўна, у той бок. Але гэта ўжо значыла, што агонь вядуць нашы.
Усё ж поўнай упэўненасці ў тым у мяне яшчэ не было, і я ўсё ўзіраўся праз імглу на раскіслыя плямы снегу за рэчкай — ужо б я заўважыў, калі б там хто бег. Ды з вышыні ніхто не паказваўся.
Яшчэ праз чвэртку гадзіны разрознены трэск аўтаматаў спыніўся, і неяк нясмела ўсё навакол заціхла.
17
Я чакаў цярпліва і трывожна: калі рота адбіла вышыню, значыць, Ананьеў павінен быў кагосьці прыслаць за намі. Яшчэ не верачы, што ўсё абышлося, я ўжо выглядваў яго, заўжды жаданага пасланца з бою, які б канчаткова супакоіў нас весткай, што вышыня ўзята. Але ён чагось бавіўся, што, зрэшты, можна было зразумець толькі скончыўся бой і там таксама, вядома, не абышлося без страт.
Паранены нампаліт унізе, які ўвесь час ляжаў, нібы нежывы, раптам пачаў варушыцца.
Я ўскочыў, паслізнуўся, загарнуўшы полы шыняля, споўз да канавы.
— Што, дрэнна вам?
Да скрыпу сцяўшы сківіцы, ён канвульсіўна напружыўся на зямлі, нібы спрабаваў разарваць на сабе нябачныя путы, галава яго закінулася, забінтаваная патыліца ўціснулася ў гразь. Хвіліну паранены змагаўся з болем або нейкаю нядобрай, адолеўшай яго, сілай, затым адразу абмяк і спытаў:
— Дзе рота?
— Там рота. Здаецца, узялі.
— Дай піць.
Я паднёс да яго сцятых зубоў беражок кацялка, зноў разліў ваду, але, здаецца, хоць крыху, выпіў і ён. Потым нібыта супакоіўся, памаўчаў, праз сілу ўздыхнуў і з перапынкамі не адразу выдыхнуў:
— Не ідуць?
— Хто?
— Па нас не ідуць?
— Не, па нас яшчэ не ішлі, прынамсі, адсюль не відаць было, — і я ўхапіўся за гэта ягонае пытанне, каб зноў узлезці на насып.
— Няма нікога. Але прыйдуць, не забудуць! — знарок бадзёра пракрычаў я зверху.
Навакол было ціха, мокра і абсалютна пуста. У гэтай цішы болей чутныя зрабіліся гукі далёкіх і блізкіх баёў; дзесь за пагоркам часам пагрукоча ды сціхне кулямёт, здаецца, наш «максім», з поўдня, аслаблены адлегласцю, глуха даносіўся магутны крэкат гармат — быццам хтосьці нябачны і агромністы качаў па зямлі вялізныя каменні: гого-го, гу-гу, гах-гах-гах! Я сеў бокам на адхон, раз-пораз паглядваючы то на туманістыя схілы вышыні, то на майго нампаліта ўнізе. Былой непрыязнасці да яго ў мяне не засталося, я ўжо шкадаваў бедалагу — усё ж параніла яго куды як сур’ёзна. Не ў прыклад камандзіру роты Грыневіча ў нас не баяліся, хоць не так ужо і любілі: ні благога, ні надта добрага ён, здаецца, нікому не зрабіў, паводзіў сябе, праўда, трохі сухавата, па-вайсковаму афіцыйна.