Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
I, падхапіўшыся, амаль вызверыўся на Шапу:
— Што ты мне дудзіш: чацвёра! Хоць сто! Шапа болей не дудзеў, наставіў ад ветру каўнер і бокам прылёг на адхон.
— Вунь камісар бяжыць, — сказаў ён спакойна.
Дзіўна, Ананьеў нібы чакаў таго, хуценька азірнуўся, і заклапочаны твар яго спахмурнеў яшчэ болей. Але гэта толькі на секунду. Тут жа ён строга самкнуў над пераноссем бровы і павярнуўся да нас з Шапам:
— А вы чаго? Чаго ляжыцё? Ану, марш акопвацца! Ядрона вош! Я вам пакажу, разумнікі!
Што ж, капаць — справа няхітрая. Шапа адшпіліў ад дзягі трафейную нямецкую лапатку і, адышоўшыся на пяць крокаў, ёмка падрэзаў ёю дзірван. Мне ж капаць не было як і нечым, таму я ціха сядзеў на адхоне, прытрымліваючы пад шынялём параненую руку.
Аднак Шапа перабольшваў, сказаўшы, што Грыневіч бяжыць — нампаліт ледзьве клыпаў, здорава кульгаючы на левую нагу і штораз пазіраючы то на вышыню, то на нас ля дарогі. Ён яўна спяшаўся ці то па нейкай справе, ці, можа, баючыся немцаў, якія пакуль што абыходзілі нас сваёй увагай і сваім агнём. Зрэшты, яны атрымалі свайго фельдфебеля і цяпер, мусіць, радаваліся з тае прычыны: усё ж не часта гэтак здараецца на вайне. А нам вось, мяркуючы па ўсім, радасці было нямнога.
Я гэта зразумеў яшчэ да таго, як нампаліт прыклыпаў да адхона. Яшчэ зводдаль на яго твары можна было прачытаць крайнюю меру клопату, нават абурэння, зусім відавочна — ён быў узрушаны, што ўвогуле з ім было рэдка. Дужа кульгаючы, Грыневіч з-пад каскі раз-пораз кідаў на нас гняўлівыя позіркі. I чым ён падыходзіў бліжай, тым усё болей хмурыўся Ананьеў. Урэшце нампаліт, яшчэ не пераскочыўшы канавы, зводдаль загаманіў тонам. які не пакідаў ніякага сумнення ў тым, што сталася няшчасце.
— Ты здурнеў? Ці напіўся? Што ты нарабіў?
— А што? — сказаў Ананьеў знарок абыякава, але ўсім стала зразумела, што ён і сам выдатна ведае што.
— Як — што? Ён яшчэ пытаецца! Абмен устроіў! Ты ведаеш, чым гэта пахне?
— Чым?
Грыневіч спыніўся ўнізе і шырока развёў рукамі.
— Я проста не знаю! Ён яшчэ пытаецца чым? — ледзьве не з роспаччу, аж трасучыся, гаварыў нампаліт. На адхон ён не палез, а таптаўся на мокрым травяністым дзірване пад насыпам. Камандзір роты вяла махнуў рукой, з фальшывай бесклапотнасцю адкінуўся на локаць, але зараз жа сеў зноў.
— Саўсім здурнець трэба. Ты загад ведаеш?
— Пайшоў ты са сваім загадам! — не дужа рашуча крыкнуў Ананьеў. — У мяне рота. Бачыш? А вунь — немцы!
Грыневіч уважліва, знізу ўгору, паглядзеў на камроты, той раптам адвярнуўся і высунуў з-за насыпу голаў. У ланцугу зноў прыкметна насцярожыліся, некаторыя аўтаматчыкі, пакінуўшы капаць, пачалі прыслухоўвацца да сваркі. Я першы раз бачыў, як Ананьеў дазваляў намесніку так абыходзіцца з сабой, — гэта зусім было на яго не падобна. Падобна было, што ён і сам адчуваў, што дзесьці даў маху, парушыў нейкі строгі загад, цяпер перажываў, і толькі характар не дазваляў яму пагадзіцца з намеснікам або прамаўчаць.
З намаганнем адолеўшы круцізну, Грыневіч узлез на насып і спыніўся непадалёк ад ротнага.
— Ну якога чорта! — сказаў ён цішэй. — Было б каго, а то — Чумака! З-за Чумака такога гада адпусціў…Увайшоў у кантакт з праціўнікам! Трэба ж надумацца!
Ананьеў на чвэрць абароту павярнуў да яго свой твар.
— А што, Чумак — не чалавек, па-твойму?
— Не пра тое размова. Чалавек. Ды які?
— Савецкі, — сказаў Ананьеў. — Калхознік! Ды што ж яго — на расцярзанне врагам!
Грыневіч паморшчыўся.
— Давай без агульных слоў. Давай канкрэтна.
— Твае ж словы. Ты ж імі байцам мараль талкаеш.
— Што я талкаю! — павысіў голас нампаліт. — Я палітработу вяду. А ты за адзін раз ўсё насмарку.
Ананьеў зверавата нахмурыўся, шэрыя вочы яго пыхнулі глыбінным агнём.
— А ваяваць з кім? — крыкнуў ён, зусім ужо зрываючыся. — З кім мне ваяваць — ты падумаў?!
Ён спружыніста ўскочыў на калені і рукою шырока ўзмахнуў над насыпам.
— Во бачыў: узводы, — па дванаццаць чалавек! А вунь вышыня, бачыў? Раз не ўдалася, думаеш усё? Гэ, памыляешся! Прыедзе Сырамятнікаў, загадае ўзяць. Кім браць? Га?
Ён у запале адным духам пракрычаў гэта і сціх. Аўтаматчыкі ў ланцугу, пакінуўшы працу, з цікавасцю і трывогай пазіралі сюды. У мяне балюча сцялася сэрца — не хапала яшчэ тае сваркі.
— Гэта не апраўданне, — незгаворліва сказаў нампаліт. — Гэтага Чумака цяпер на кіламетр нельга падпускаць да роты. А ты яго ва ўзвод накіраваў…
Памалу спакайнеючы пасля нервовага выбуху, Ананьеў сеў на адхон. Невідушчы позірк яго спыніўся на вышыні.
— I хай будзе.
— Як гэта — хай будзе! — ляпнуў сябе па калене Грыневіч. Цяпер ускіпеў ён. — Ты што — малы? Ты ведаеш, чым гэта скончыцца?
— Чым бы ні скончылася.
Цяпер ён ужо быў ранейшы, добра знаёмы ўсім нам Ананьеў, які не ўступаў, хоць і памыляўся і зрабіў дзе не так. Шляху назад ён не прызнаваў — як бы там ні было, ён ішоў напралом. Праўда, не заўжды гэта канчалася дабром, часцей наадварот. Але тут ужо ўлады над ім у нас не было.
Настала няпэўная, пакутная паўза. Камандзір роты двума ўдарамі бота выбіў на дзірване ямку, каб ямчэй было ўпірацца, бокам лёг на зваляную мокрую палу шыняля і пачаў засцяроджана глядзець на вышыню. Ушчэнт апанураны Грыневіч нерухома сядзеў побач, і ў выразе ягонага твару з запалымі шчокамі была нічым не суцешная, вялікая самота. Я не мог заглушыць у сабе вострае прыкрасці ад адчування яшчэ большай бяды, якая няўхільна насоўвалася і з якой, мяркуючы па ўсім, справіцца не было магчымасці.
Мусіць, гэта разумеў і Ананьеў, інакш бы ён проста прагнаў лейтэнанта, калі б той наважыўся дакараць яго, ды яшчэ б добра аблаяў. Але цяпер і сам камандзір роты пакутна, амаль вінавата, маўчаў.
Зводдаль на адхоне падняў галаву Шапа.
— Таварыш лейтэнант, нашто так? Шкада ж Чумака…
— А табе сябе не шкада? — са стрыманай злосцю падхапіў Грыневіч. — Ты да немцаў хадзіў?
— Ну — я… Дак і мяне не цугундзер? Калі ласка!
— Ану, маўчы! — строга папікнуў яго Ананьеў. — Не твая цялячая справа.
Грыневіч неспакойна круціўся па адхоне сюды-туды, крэкаў, як ад зубнога болю, нешта думаў і, мабыць, нічога суцяшальнага надумаць не мог. Ананьеў жа пасля свайго грознага выпаду стаў нейкі надзіва спакойны, нават абыякавы. I толькі моцна сцятыя крутыя пашчэнкі сведчылі, з якім намаганнем яму давалася гэта абыякавасць.
З самага пачатку свары было відавочна, што камроты ўступаў дасведчанай логіцы Грыневіча, бо, мабыць, сам таго не жадаючы, нешта зрабіў не так — на авось, не падумаўшы. I ўсё ж я не мог сцяміць, як тут было зрабіць іначай? Няўжо лепш пакінуць Чумака ў паломе, абы толькі не выпусціць іхняга обер-фельдфебеля? Хіба што на гэты конт былі адпаведныя загады, і тады ўжо, вядома, нічога не скажаш: загады ў арміі не абмяркоўваюцца. Тады выходзіла, што ротны зрабіў памылку. Але не лішне было зразумець і самога ротнага, якому недарэка Чумак пры ўсёй ягонай нязладнасці быў усё ж свой, падначалены баец, цалкам залежны ад волі і ўлады камандзіра роты. Тады як было адправіць яго на яўную пагібель, хоць і ўзяўшы ў палон такога, відаць па ўсім, заядлага фашыста, як гэты фельдфебель.