ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Быкаў Васіль

Шрифт:

Паляжаўшы так, Ананьеў пасунуўся ніжай, сеўшы, падцягнуў на жываце дзягу. Мусіць, ад выпітай гарэлкі, яго счарнелы зашчацінены твар ажыў, позірк набыў спакойнасць, былое звераватае ўладнасці ў ім заставалася ўсё меней. Аднак напружана-пакутніцкая зморшчына пад пераноссем не знікала — свежае перажыванне ад няўдачы рэзка адбілася на твары камандзіра роты.

Праз хвіліну Ананьеў ускочыў на ногі і імкліва збег па адхоне. Я, як гэта рабіў заўжды, падхапіў свой аўтамат з разбітым прыкладам і памкнуўся следам. Але я трошкі замінаўся аднаруч, — плячо ўсё ж пакутна балела, — і не паспеў збегчы ўніз, як аднекуль здалёку пачуўся крык. Нешта падобнае на працяглае: «Гэ-эй!» даляцела ад вышыні і сціхла.

— Таварыш старшы лейтэнант! — раптам выкрыкнуў аўтаматчык на адхоне: застыўшы з лапаткай у руках, ён выглядваў па-над дарогай, і ў голасе гучалі трывога і здзіўленне.

Камроты спыніўся.

— Што такое?

— Гляньце!

Тое, што заўважыў аўтаматчык, здаецца, ужо было відно ўсім на адхоне. Байцы трывожліва замерлі ў сваіх акопчыках, ніхто не прамовіў ні слова. Ананьеў счакаў з недаверлівай прыкрасцю на твары, затым, нібы сцяміўшы нешта, у некалькі скачкоў адолеў насып. Я таксама хуценька ўзбег па адхоне і апусціўся на бок непадалёк ад ротнага.

Усіх над дарогай скавала недаўменне і цікаўнасць, з вышыні зноў данеслася далёкае, яўна не нашае: «Гэ-эй!», і на схіле ля верхняй мяжы ворыва мы ўбачылі двух. Яны нетаропка ішлі ўніз — другі амаль ушчыльную за першым. Задні пры тым шырока махаў рукамі, пэўна, падаваў знак, каб не стралялі.

— Гэ-эй! Ніхт шыссен! Нікс стгаляй!

Вядома, гэта былі немцы, і мы ўсе змярцвелі ад напружанага, нямога здзіўлення, ледзьве верачы сваім вачам. Але тыя сапраўды ішлі да нас. Толькі нейкія трохі дзіўныя былі гэтыя немцы. Добра ўгледзеўшыся, я перш-наперш адзначыў, што апрануты яны неяк неаднолькава. Задняга нельга было разгледзець, а на пярэднім быў вельмі падобны на наш шэры караткаваты шынэлак без гузікаў і непадпяразаны. Ды і шапка на ім была наша — зімовая з растапыранымі ў бакі вушамі. I тут мяне раптам бы штось штурханула знутры — выразна і ўпэўнена, я зразумеў, што гэта…

— Чумак?!.

Я і сам здзівіўся свайму адкрыццю і, мусіць, здзівіў камандзіра роты, які, аднак, паволі прыўзняўся і стаў на калені. Двое на схіле неяк засцярожліва сышлі ўздоўж ворыва ніжэй і спыніліся. I тады ўжо ўсёй роце стала беспамылкова відаць, што між падталых плям раскіслага снегу, уткнуўшы голаў і вінавата ссутуліўшыся ў сваім пакамячаным шынэлку, стаяў наш Чумак. За ім, акуратна за самай спіной, яўна хаваючыся, падаваў знакі немец з аўтаматам на грудзях, у касцы, з круглай процівагазнай каробкай на баку.

Як толькі яны спыніліся, немец нешта пракрычаў цераз Чумакова плячо, але мы не зразумелі ніводнага слова з гэтага яго крыку. Я няўцямна зірнуў на Ананьева, той, у напружанай позе прыўстаўшы на каленях, зноў зрабіўся счарнела-пагрозлівы і таксама, відаць, не мог сцяміць, што там адбываецца.

— Шнэйдар! — страпянуўся Ананьеў, калі немец крыкнуў яшчэ. — Дзе Шнэйдар? Шнэйдара сюды! Ану!

Гэта ўжо — да мяне. Я ўскочыў на адхоне, але ўспомніў, што Шнэйдар быў ва ўзводзе Піліпенкі, і цяпер мне дужа не хацелася бегчы туды. Аднак піліпенкаўцы таксама ўжо ўбачылі гэтых двух на схіле і, паўставаўшы ў сваіх акопчыках, пазіралі на вышыню.

— Шнэйдар! Шнэйдара сюды!

Там пачулі, нехта паўтарыў каманду, і я зноў, захоплены трывожнай цікаўнасцю, падаўся да камандзіра роты. Ананьеў, зусім забыўшыся на небяспеку, высунуўся з-за насыпу амаль да сярэдзіны і мацюкаўся.

З панылай пакорнасцю ва ўсёй нехлямяжай постаці між намі і немцамі стаяў наш аўтаматчык Чумак. Спярша мы думалі, што ён пачне нешта гаварыць, можа, агітаваць, каб здаваліся ў палон — такое ўжо было аднойчы і цяпер не здзівіла б нас. Але ён маўчаў. Тады здалося, што ён наважыўся чэсна загінуць, каб не саслужыць немцам подлае службы здрадніка, і гэта выклікала спачуванне да небаракі. Але пакуль што абодва яны нерухома стаялі на схіле. Немец так шчыльна ціснуўся да Чумаковай спіны, што стрэліць, каб не трапіць у Чумака, было немагчыма. Аўтаматчыкі ў ланцугу загаманілі, кожны па-свойму разумеючы гэтую падзею.

— Ось гад! Прадажнік, канешне.

— Які там прадажнік! Уліп ён.

— Ды бяжы ты, расцяпа!

— Дзе Шнэйдар? — раўнуў, павярнуўшыся да мяне, Ананьеў.

Але Шнэйдар ужо бег. Толькі гэты доўгі, няўклюдны чалавек проста, відаць, не ўмеў спяшацца. Бег яго хутчэй напамінаў леную хаду з прыскокам — згорбіўшыся, ён то вяла трухаў, то блытана клыпаў па мокрым палетку.

— Бягом!! — крыкнуў з насыпу камандзір роты.

Шнэйдар урэшце перабег адкрытую балацявінку, перасяг лужыну ў канаве і з нейкай няўклюднай развалкай палез на адхон. Ротны, трохі памякчэла, спытаўся:

— Што ён крычыць? Ану, паслухай.

Шнэйдар крыва перасмыкнуў вуснамі.

— Што слухаць? Таго фрыца выменьвае.

Ананьеў пакутна зламаў брыво, расслаблена асеў ніжай, а затым і зусім адвярнуўся ад вышыні. Шнэйдар узлез наверх і, не ведаючы, што рабіць далей, укленчыў на адно калена, адставіўшы ўбок доўгую, у ватных штанах нагу. Халява ягонага кірзача была рвана распората чымсь, мабыць, асколкам.

Наступіла трудная паўза. Хлопцы ў ланцугу зусім прыціхлі. Ніжэй, пад адхонам, напружана застыў палонны, над якім, чагось чакаючы, стаяў сяржант Цвяткоў.

Уздоўж канавы да нас бег Шапа.

Не ведаючы, што і думаць, я зноў перавёў позірк на схіл і адчуў у сабе міжвольнае шкадаванне да гэтага небаракі Чумака. Трэба ж было яму трапіць у такое становішча, якога не дай бог нікому! Ён і сам, мабыць, разумеў гэта і цярпліва стаяў, з выгляду зусім абыякавы да свайго лёсу, напалоханы, збянтэжаны, наўрад ці да канца разумеючы ўвесь драматызм таго, што здарылася.

У ланцугу, перабіваючы адзін аднаго, гаманілі:

— За Чумака — гэткага фрыца? Няма дурных.

— Дык што ж — Чумаку прападаць?

— Уцякаць трэба!

— Глядзі ўцячэш, калі на мушцы трымаюць.

— З кулямёта тады абодвух… Усё адно…

Ананьеў на адхоне зрабіўся як сам не свой — пакутна круціўся сюды і туды, паглядзеў на схіл, напаўголаса вылаяўся. I ўсё ж на нешта трэба было наважыцца. Пасля хвіліннай нерашучасці камроты зноў крутануўся да вышыні.

— Кулямёт сюды!

— Кулямёт — да камандзіра роты! — перадаў па ланцугу Шапа.

I тут жа пад насыпам з’явіўся невялічкі вузкавокі Батурбаеў з зараджаным РПД у руках. Падбегшы, ён узлез на адхон, і Ананьеў з каменным выглядам счакаў, пакуль той устанаўліваў на броўцы перад ім кулямёт. Нарэшце Батурбаеў шчоўкнуў затворам, зірнуў на вышыню, пасунуў хамуцік прыцэла, планка якога крута паднялася ўгору — да цэлі аказалася даволі далёка. Кулямёт быў гатовы, баец адхінуўся, уступаючы месца камандзіру роты. Аўтаматчыкі ў ланцугу нядобра прымоўклі, чакаючы самага, можа быць, драматычнага.

Раптам Ананьеў закрычаў:

— Ты што мне яго суеш? Сам не ўмееш? Батурбаеў збянтэжана перамігнуў вузенькімі шчылінкамі вачэй:

— Умею, таварыш камандзір. Пачаму не ўмею?

— Умееш! — з’едліва перадражніў камроты, выцягваючыся за кулямётам. Ён паляжаў нядоўга, нібыта нават прыцэліўся і зноў падняўся, абапершыся аб адхон. Пальцы на яго шырокай руцэ ледзьве прыкметна ўздрыгвалі. — А ён спраўны?

— А як жа! Спраўны, таварыш камандзір…

— Дзе ён к д’яблу спраўны! — злосна закрычаў Ананьеў. — Ён гразёй забіты!

Поделиться с друзьями: