Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
— Таварыш старшы лейтэнант, вам дзе выкапаць?
— Чакай ты!
Ананьеў нетаропка ўзлез на сваё ранейшае месца і асцярожна выглянуў над дарогай. Наступная чарга з вышыні ўжо не была нечаканасцю, камроты адно толькі ўгнуўся, штось прыгаворваючы самому сабе. I тут, уражаны раптоўнай здагадкай, я кінуўся да камандзіра роты.
Але я здагадаўся позна.
Ад самага фланговага акопчыка сюды ўжо хтось бег над канавай, трывожна пакрыкваючы і паказваючы рукой на пагорак. Ананьеў павярнуўся ў ягоны бок, мабыць, зразумеў таксама, і на руках і каленях падаўся па адхоне да Шапы.
— Ты і Грыцук — бягом! I глядзіце там…
Шапа, як заўжды, сцяміў загад з паўслова, моўчкі падхапіў аўтамат і пабег за адхонам угору. Камандзір роты, выцягшы шыю, з непакоем глядзеў яму ўслед. У канцы ланцуга, дзе насып ра-біўся ўсё ніжай, яны папаўзлі па канаве і хутка зусім схаваліся.
«Чорт, няўжо падстрэлілі?» — падумаў я і адразу апаныў: мне ж таксама трэба было ісці той жа дарогай.
У трывожнай самоце чакання мінула каля гадзіны. Кулямёт, аднак, не страляў, а дождж усё спарнеў, туманная мгла ў хмарным небе слалася нізка, амаль чапляючы за пагорак. Я падумаў, што гэта добра, непагадзь нас прыхавае лепш за ўсё. Іначай з гэтай лагчыны не вырвацца.
На жаль, наша асцярога спраўдзілася. Яшчэ здалёк стала відаць, што аўтаматчыкі кагосьці нясуць — удвох, на палатцы, няспрытна прыгінаючыся за невысокім упачатку насыпам, хістаючыся пад цяжарам ношы. Калі яны падышлі бліжэй, з крайніх акопчыкаў нехта падскочыў да іх і на хаду пераняў з рук аднаго рог палаткі — слізгаючы, утрох яны пайшлі хутчэй. Ананьеў зышоў з адхону і туга сцяў сківіцы: цяпер ужо не было сумнення — нампаліту папала.
Яны апусцілі палатку ля ног камандзіра роты, Шапа зморана ссунуў з потнага лба мокрую шапку, двое ягоных памочнікаў засмучана стаялі насупраць.
— Вось, — сказаў Шапа. — У галаву. I каску ўшчэнт.
— Куляй?
— А чорт яго… Разрыўной, пэўна.
Жаўтлява-белы, неяк дзіўна паспакайнелы твар нампаліта з насунутай на вочы павязкай раптам крануў непакой.
— Ну што, камісар? — з грубаватай спачувальнасцю запытаў камроты.
— Ось, не атрымалася… — стрымліваючы стогн, сказаў нампаліт. — Не прайшоў.
Ананьеў прысеў побач на кукішкі.
— Баліць?
— Муціць, унутры… — выціснуў паранены. — Дрэнь мая справа.
Камандзір роты падняўся.
— Ану, уладкуйце лейтэнанта, каб зручней было…
Шапа збегаў да хлопцаў, прынёс нечую ватоўку, хуценька разаслаў яе на мокрай траве. Пасля ўчатырох мы засцярожліва паклалі на яе Грыневіча і дбайна ўхуталі яго палаткай. Пад голаў загнулі канец рукава.
— Дрэнь справа, — аблізваючы ссінелыя вусны, ціха сказаў Грыневіч. — Ты не крыўдуй, Косця. Сам ведаеш…
— Сволачы! — вылаяўся камандзір роты і крута адвярнуўся.
Ён кінуў погляд на вышыню, якая ўсё болей ахутвалася дажджлівым туманам, зірнуў на пагорак, абстраляны буйнакаліберным. У ажывелых вачах камроты з’явіўся нейкі намер, і я абнадзеена падумаў, што, мабыць, цяпер ён скарыстае магчымасць адвесці роту назад на пагорак. З вышыні, здаецца, нас не заўважаць. Толькі Ананьеў маўчаў, і я не мог гэта падказаць яму — такога роду падказак ад падначаленых ён не прымаў.
— Дай закурыць!
Я не курыў, ён ведаў гэта і ніколі не звяртаўся да мяне па курыва, але цяпер ён, мусіць, проста забыўся, хто ля яго. Праўда, ён тут жа зразумеў сваю памылку і павярнуў голаў да Шапы:
— Ты, нясі закурыць…
— Калі ласка!
Баец увішна падбег да камандзіра роты і, стаўшы на калена, нацярушыў з бушлата трохі махоркі. Затым дастаў і паперы. Ананьеў закурыў, унікаючы нашых стрымана-запытальных позіркаў.
— Пакліч Піліпенку!
Мы абодва памкнуліся бегчы, але старшы лейтэнант жэстам вярнуў мяне на месца.
— Шапа, ты!
Шапа рынуўся з адхону, а камандзір роты яшчэ раз, ужо болей уважліва, паглядзеў на затуманеную вышыню. I раптам ён павярнуўся да ўзвода:
— Падрыхтавацца да атакі!
У мяне ўнутры быццам абарвалася штось, я стаяў, сам не адчуваючы сябе, не зусім верачы таму, што пачуў. Але Ананьеў не жартаваў, гэта было зразумела адразу, камандзір роты быў поўны рашучасці дабіцца выканання свае каманды. А дабіцца ён умеў.
Нехта выскачыў са свайго гразкага сховішча, над акопчыкамі заварушыліся палаткі, кляймёныя трафейныя коўдры, розныя вайсковыя лахманы. Схіл насыпу імгненна ажыў — усе занадта добра разумелі, што для нас азначае гэта кароценькая каманда.
Тым часам па балацявінцы ўжо бег Шапа, за ім, трошкі адстаючы, грузна трухаў Піліпенка з каскай на дзязе. Камандзір роты зацята чакаў на насыпе… Нязграбна пералезшы канаву, старшына з залішняй цяпер афіцыйнасцю адказыраў і спыніўся, неспакойна пацепваючы плячыма і кідаючы страхавітыя позіркі на прыкрытага палаткай Грыневіча.
— Колькі чалавек маеш? — запытаў камроты.
— Я?
— Ты.
Піліпенка на момант збянтэжыўся, пераступіў на квякучым дзірване. Вядома, ён ужо палічыў сябе радавым і, мабыць, патроху звыкаўся з тым, а тут ротны, нібы нічога кепскага між імі і не здарылася, пытаўся пра ўзвод.
— Пятнаццаць, кажысь, — няўпэўнена сказаў старшына.
— Патронаў ёсць трохі?
— Трохі ё.
— Падрыхтавацца да атакі.
— Зараз?
— Зараз!
— Ёсць! — з незразумелай амаль радаснай рашучасцю гыркнуў Піліпенка. I ні здзіўлення, ні якога пытання — ён успрыняў загад так проста, нібы ад яго патрабавалі строіць узвод на вячэру ці ў лазню. Пасля ўжо я зразумеў, што тым самым Піліпенка без лішніх слоў вяртаўся да свае ранейшай пасады, якая, аказваецца, штосьці ўсё ж для яго значыла.
— I давай усіх сюды. У агульны ланцуг.
— Ну, відома, у агульны, — падхапіў Піліпенка. — Так міцніше вдарыты.
Камандзір роты ўважліва паглядзеў на старшыну.
— I ты глядзі мне! Каб не цягнуліся, як на базар. Браском!
— Нэ хвалюйтэсь, побіжаць. Я іх…
Ананьеў, не даслухаўшы, павярнуўся да Шапы.
— Прымай другі ўзвод.
— Я?
— Ты.
— Ёсць! — не адразу сказаў Шапа, і было не зразумець, узрадвала гэта яго ці занепакоіла.
— Што — не ўкамандуеш?
— Паспрабуем.
Камандзір роты крыху падумаў ці, можа, прыслухаўся. Але на вышыні было ціха, навокал ледзь чутна шапацеў золкі надакучлівы дождж. Толькі недзе далёка за пагоркам глуха таўклі зямлю выбухі.
— Пятнаццаць мінут на падрыхтоўку і — упярод!
Ананьеў сказаў гэта і змоўк. Новыя ўзводныя стаялі, не варухнуўшыся — насупраць унізе Піліпенка і з боку ад яго Шапа. Яны чакалі, што ён скажа яшчэ, але ён коратка кінуў: «Усё!», і яны хуценька пабеглі — адзін цераз поле, другі ў той канец насыпу. Камандзір роты ўзбег на адхон. Мяне ён быццам не заўважаў.