Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
Што ж, атака — дужа звычайная на вайне справа, хоць, ведама, зусім прывыкнуць да яе нельга. Колькі б разоў ты ні паднімаўся ў атаку і ні асільваў у сабе свой страх, але кожны наступны будзе гэткі ж страхавіта-знобкі, як і ўсе ранейшыя. Ой, як не хочацца вылазіць са свайго выратавальнага акопчыка ў вялікі грымотны свет, скрозь пранізаны кулямі ды асколкамі, самага маленькага з якіх зусім дастаткова, каб скончыць тваё адзінае і такое неабходнае табе жыццё! Боязна ўставаць, але трэба. Кожную атаку вызначае загад вышэйшага камандзіра, план бою. Часам таго вымагае вораг, які, калі не знішчыць яго, знішчыць цябе.
Тут жа атакі не вымагаў ніхто.
Я перажываў і не ведаў, як падысці да чужога, рэзкага, проста злога і зацятага камандзіра роты, каб сказаць яму аб гэтым.
— Таварыш старшы лейтэнант!
Лежачы бокам на растаптаным адхоне, ён назіраў за праціўнікам і не павярнуў нават галавы. Але ён чуў мой зварот, нешта западозрыў у ім і насцярожыўся. I я, стоячы ніжай, у трох кроках ад яго, ціха сказаў, каб учуў толькі ён і ніхто болей:
— Дарма вы.
— Што?
— Дарма, кажу.
Ананьеў марудна, бы ўпершыню мяне тут заўважыўшы, павярнуўся на локці.
— Што? — перапытаў ён такім тонам, што я аж сцяўся, і ён змераў мяне працяглым, варожым позіркам. — А ты якога д’ябла тут акалачваешся? Я табе што загадаў? Ану, марш у тыл! Бягом!!
Ён крычаў на мяне ўпершыню. Ніколі раней я не чуў ад яго злога слова, бо з усяе сілы стараўся не заслужыць нават заўвагі, і ён тое ведаў. А тут крык! I амаль непрыкрытая непрыязнасць у позірку… Спярша мяне гэта здорава такі збянтэжыла, і я моўчкі стаяў з такім уражаннем, нібы пад нагамі загойдаўся і ціха паварочваецца кудысь і адхон, і дарога, і ўвесь белы свет. Але вельмі хутка стала зразумела, што не я быў прычынай нястрыманасці камандзіра роты, а хутчэй яго ліха, ягоная безвыходнасць і, мабыць, бездапаможнасць, а я толькі падвярнуўся яму не ў час. I мне не стала ні крыўдна, ні злосна, было толькі надта ўжо прыкра.
Між тым сюды ўжо бег першы ўзвод. Паўтара дзесятка аўтаматчыкаў гуськом трухалі па ўзмежку. Піліпенка, матляючы поламі даўгаватага шыняля, ужо збягаў у балацявінку. Я засцярожліва зірнуў на вышыню — на шчасце, вяршыня яе ўсё хуталася ў волкім тумане, інакш не шмат іх дабегла б да насыпу.
Ананьеў сеў на адхоне і саўгануў кабур «вальтэра» бліжэй да спражкі.
— Дай каску! — раптам сказаў ён, ужо без нядаўняй варожасці, нібы тым даючы зразумець, што больш на мяне не злуецца.
Не ведаючы, як рэагаваць на тое, я здзёр цераз падбародак мокры брызентавы раменьчык каскі і аддаў яе камроты.
— Толькі там донца няроўна падвязана, — папярэдзіў я.
— Што?
— Донца, кажу, крыва падвязана.
— Чорт з ім! Донца!..
Ён прывычна сунуў голаў у каску, але мокры раменьчык не налязаў на яго касцістую шырокую сківіцу, і тады ротны закінуў раменьчык на беражок каскі.
— Смажанаму карасю кот не страшны, — са значэннем сказаў ён. — Паняў?
Не, я ўсё яшчэ мала што разумеў у прычынах яго намераў і з жалем і прыкрасцю пакорна стаяў насупраць. Ззаду ўздоўж насыпу ўжо разбягаліся аўтаматчыкі першага ўзвода. Піліпенка, чутна было, са звыклай грубаватасцю пакрыкваў:
— Нэ высовуйся. Нэ лізь попэрэд бацька в пэкло. Чого не бачыв?!
— Ось так! — сказаў Ананьеў, нібы гаварыць нам ужо не было пра што, і гукнуў: — Чумак, ка мне!
Чумак падхапіўся з ланцуга і, нязграбна валюхаючы, пабег да камандзіра роты.
— Ану, бліжай! Не бойся: не ўкушу. Будзеш за ардынарца, паняў? Я цябе вывучу на героя, ядрона вош!
Чумак моўчкі стаяў, мабыць, не ведаючы, як успрымаць гэтыя словы: жартам або ўсур’ёз. Шынэлак яго ўжо быў падпяразаны нейкаю, мабыць ад штаноў, папружкай, на галаву паверх шапкі натыркнута нечая абшкрэбаная каска. I тут я міжвольна зірнуў на яго ўсё тыя ж даволі-такі ладныя боты і амаль жахнуўся ад выразнае і зусім недарэчнае цяпер думкі: няўжо і сапраўды яны сёння дастануцца мне?
— Васюкоў, аддай аўтамат! — дзелавіта загадаў ротны. — Паглядзіш нампаліта.
Нампаліта — няхай, але аўтамат мне аддаваць не хацелася, хоць Чумаку, вядома, нельга было без зброі. Пашкадаваўшы трохі ў душы, я зняў з пляча свой ППШ, і Чумак узяў яго з паспешнай гатоўнасцю чалавека, які баіцца, каб той, хто дае, не перадумаў. Праўда, разбіты канец прыклада яму, здаецца, не спадабаўся, але ён тут жа ўздзеў аўтамат на плячо.
Ананьеў зірнуў управа, улева — усе на адхоне глядзелі на яго, чакаючы каманды, і камандзір роты тузануў язычок кабуры.
— Да, — спахапіўся ён у апошні момант і перакінуў цераз голаў тоненькі раменьчык планшэткі. — Трымай!
Я на ляту аднаруч ухапіў ванінскую планшэтку, а ён ускочыў на броўку дарогі і азірнуўся.
— Упярод!
16
Аўтаматчыкі хутка паўскоквалі і ўздоўж канавы падаліся да рэчкі. Некалькі чалавек з другога ўзвода пабеглі па насыпе. Перад маімі вачыма замільгалі іх раскіслыя боты, чаравікі, брудныя полы шынялёў са зблытанымі махрамі ўнізе, і я праводзіў кожнага жаласным позіркам, нібы развітваўся з ім. Штось кепскае, недарэчна-няўхільнае авало дала ротай, я ўсё выразней адчуваў гэта. Але што я мог зрабіць? Я быў толькі радавы аўтаматчык, вельмі маленькі на вайне чалавек, каб мець нейкую ўладу над гэтай жалезнай няўмольнасцю падзей. Я мог толькі адчуваць яе несправядлівасць, і гэта адчуванне кідала мяне ў роспач.
Здаецца, упершыню я апынаўся ў становішчы назіральніка з тылу, упершыню рота пайшла без мяне, упершыню Ананьеў павёў яе ў атаку не са мной — з другім. Ведама, яго словы наконт Чумака-ардынарца я не надта прымаў усур’ёз (які там з Чумака ардынарац!) і ўсё ж не спускаў з іх вачэй, гледзячы, як яны беглі па дарозе да рэчкі, разам пераходзілі яе па бэльках. I тут мне з невясёлай усмешкай падумалася, што гэты Чумак надта ўжо дбайна ўзяўся за выкананне сваіх абавязкаў — падобна, і на самой справе паверыў, што камроты зробіць з яго героя.
Аўтаматчыкі палезлі ў рачулку, ля дарогі ўжо не засталося нікога, наўкола зрабілася нязвыкла ціха і пуста. Грыневіч, нібыта нежывы, роўна ляжаў пад насыпам, невідушча падставіўшы дажджу бледны з цёмнаю шчэццю твар. Здаецца, папала яму здорава. Цяпер у маю трывогу за роту ўплятаўся яшчэ і непакой за лейтэнанта — хоць бы ён пратрымаўся да адпраўкі ў тыл. Збегшы ўніз з адхону, я ціха спытаў:
— Ну, як вы?
— Васюкоў, да? Кепска, брат, — прастагнаў нампаліт.
— Даць вады?
— Дай трохі.
Вады ў круглым кацялку, пакінутым ля параненага, было нямнога, ды і той я палову разліў, пакуль няўмела, адною рукою, паіў небараку. Пакутна глытнуўшы разы два, ён ледзьве не задыхнуўся, чым амаль напалохаў мяне.
— Ну, як?
— Усё добра, — выраўняўшы дыханне, сказаў лейтэнант, — рота пайшла?
— Пайшла. На тым баку ўжо.
Асцярожна я паправіў на яго галаве шапку, якая прыкрывала ад дажджу пухлую няўмелую павязку, вышай нацягнуў палатку. Выгляд нампаліта мне надта не падабаўся — але што можна было зрабіць?