Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
Не ведаю, як бы зрабіў я на месцы Ананьева ў падобных абставінах, але цяпер зрабіць як іначай я проста не бачыў магчымасці. Мусіць, і Ванін у такім разе не аддаў бы свайго байца на пагібель — нават, безумоўна, Ванін зрабіў бы ўсё, каб уратаваць яго. Піліпенка, можа, зрабіў бы інакш: гэты ў адносінах да другіх быў яўны законнік. Але Піліпенку можна было зразумець: у пачатку вайны ён ненадоўга трапіў у палон да немцаў і паспытаў там гора, таму старшыну важней за лёс Чумака было не ўпусціць палоннага. Але ж Грыневіч, здаецца, не меў асабістых рахункаў да немцаў, у палоне і акружэнні не быў, а да Чумака, як і да ўсіх іншых байцоў у роце, меў тыя ж самыя дачыненні, што і Ананьеў. Чаму ж тады ён непакоіўся болей за камандзіра роты?
— Чорт бы яго ўзяў! — з пакутніцкім выразам на твары прагаварыў нампаліт. — Адкуль яго прыгнала на нашы галовы, гэтага Чумака… Ды і фрыца! Хто яго хоць у палон узяў?
— Ванін узяў, — сказаў Ананьеў.
— Во, яшчэ і Ванін! — успомніў Грыневіч. — Яшчэ адна гісторыя! Што пра гэта напісаць?
— А што пісаць? Загінуў. Так і напісаць, — спакойна зазначыў камандзір роты.
— Ну да! А раптам у палоне?
— Не дуры, камісар! — стараючыся як мага спакайней, сказаў Ананьеў і пацягнуўся за пляшкай. — Не шчыруй у пекле болей за чорта. Такія, як Ванін, у палон не здаюцца.
— Усё можа быць… — уздыхнуў Грыневіч.
— Ні чарта не можа. Я Ваніна ведаю.
Камандзір роты адвінціў пляшку і наводмаш працягнуў яе нампаліту.
— Будзеш?
Грыневіч момант павагаўся.
— А давай! З гора…
Ён трохі выпіў, паморшчыўся. Пасля добра хлебануў Ананьеў.
— Нарабіў ты, нечага сказаць, — ужо болей міралюбіва зазначыў нампаліт. — Як цяпер выкруціцца?
Ананьеў ямчэй уладкаваўся на адхоне і ціха сказаў:
— Няма чаго выкручвацца. Маўчы. Нас тут ніхто не бачыў.
Са спазнелай засцярогай камандзір роты зірнуў на мяне, на Шапу, але тут жа зрабіў выгляд, што ад нас і не тоіцца. Грыневіч пакутна выдыхнуў, затым устаў і паглядзеў на вышыню.
— Ну што ж, трэба ісці. Сюды фрыцы пусцілі. А адсюль…
— А вы трошкі вышэй, — паказаў Шапа. — Во, пад насыпам. А там павернеце. Так схоўней. За пагорачкам.
Грыневіч моўчкі паслухаўся і пакульгікаў уздоўж ланцуга над канавай.
«Можа, як абыдзецца», — падумаў я.
15
Але — не абышлося. Не адышоўшы яшчэ і на дваццаць крокаў, Грыневіч раптам спыніўся.
— А Цвяткоў дзе?
— Параненых павёў, — сказаў нехта ў ланцугу.
— Даўно?
— Ды толькі што! Як вы з камандзірам гаварылі.
Нампаліт трывожна настырчыўся, крута павярнуўся і ледзьве не бягом, дужа кульгаючы, зноў скіраваў да Ананьева.
— Чуў?
— Што? — запытаў Ананьеў, і тут ужо было зразумела, што ён не прыкідваўся, а і сапраўды не разумеў, што ўстрывожыла намесніка.
— Цвяткоў змыўся!
— Параненых павёў. Я загадаў. А што?
Грыневіч спыніўся пад насыпам.
— Наіўны чалавек! Каму ты загадаў?
— Санінструктару. А каму ж яшчэ!
— Санінструктару!
Ананьеў на адхоне зверавата нахмурыўся, агідна вылаяўся і вобзем ударыў, мабыць, ужо апусцелую пляшку. Падскочыўшы, тая плоска ляпнулася ў гразь, за канавай.
— Пайшлі яны ўсе к чортавай матары! Паняў? — крыкнуў ён, устаў і зноў сеў.
Грыневіч на гэты раз змоўчаў. На ягоным твары з’явілася нешта новае, нешта чужавата-абыякавае, халодны позірк намесніка скіраваўся ўдалячынь.
— Знаеш, Ананьеў, — пасля хвіліны маўчання сказаў ён неяк нядобра паспакайнелым голасам. — Знаеш, Ананьеў! Расхлёбвайся ты сам. Сам заварыў, сам і хлябай. Я табе не памочнік.
Ананьеў узняў голаў.
— Што — змываешся?
— Не змываюся, а на законных падставах адпраўляюся ў тыл. Я таксама паранены.
— Давай, дуй! — проста сказаў Ананьеў.
— I я табе не зайздрошчу. Усё ж перш чым што выкінуць — трэба падумаць.
— Што я выкінуў?! — зноў вызверыўся Ананьеў. — Чумака выслабаніў? Ну і выслабаніў! У цябе не спытаўся. Сам зрабіў, сам і адказваць буду. Паняў?
— Няма чаго панімаць, — ужо зусім бясстрасна сказаў Грыневіч. — Усё і так ясна.
— А мне напляваць! Я камандзір роты. А вунь немцы. Бачыў?
Грыневіч уздыхнуў.
— Знаеш, мала храбрасці ў атаку хадзіць. Трэба яшчэ што-колечы і разумець.
— Што разумець? Трэба чалавекам быць.
— Да? Ну-ну! Давай! Толькі ці доўга пабудзеш…
Гэта быў ужо скандал. Яны яўна і, відаць, назусім размяжоўваліся ў сваім канфлікце, толькі я, прызнацца, перастаў разумець, у чым справа. Было абсалютна невядома, чаму нампаліта так занепакоіў Цвяткоў, чаму яго нельга было адпраўляць у тыл? Нешта недагаворанае пагрозлівай прысутнічала між імі, аб чым, мяркуючы па ўсім, заўжды памятаў Грыневіч і што толькі зараз пачаў разумець Ананьеў. Я дужа добра ведаў абодвух, і цяпер, можа, не столькі разгневаны выгляд ротнага, колькі безнадзейна прыціхлы нампаліт сведчыў, што праўда, мабыць, за Грыневічам. Я не мог перасіліць у сабе панылай скрухі, якая ўсё большала, і з-пад ілба раз-пораз пазіраў на ротнага.
— Словам, я пайшоў, — сказаў Грыневіч. — Жадаю поспеху. Хоць які там поспех, — дадаў ён. — Прапашчая рота.
Ён коратка махнуў рукой і, налягаючы на здаровую нагу, пайшоў уздоўж насыпу ў тыл за пагорак.
Ананьеў застаўся на насыпу ўсё ў той жа позе: шырока расставіўшы ногі ў дашчэнту выпацканых ботах, нізка апусціўшы ўскудлачаную бялявую галаву. Здавалася, ён нешта разглядвае ў мокрай траве, часам перабіраючы на халяве бруднымі пальцамі. Але ён не разглядваў, наогул наўрад ці ён заўважаў, што наўкола, — ён думаў. Тая грубаватая самаўпэўненасць, якая часам усплывала ў ягоных вачах, калі ён сварыўся з Грыневічам, цяпер канчаткова мінулася, саступіўшы месца труднай, нязвыклай для яго засяроджанасці. Я мала што разумеў у ягоных перажываннях, хіба здагадваўся пра што-колечы, але я кожным сваім нервам адчуваў ягоную бяду, і мне самому было пакутна.
З нізкага, хмарнага неба зноў замжыла сцюдзёным дажджом, хлопцы на раскапаным адхоне пачалі нацягваць над акопчыкамі свае нявысахлыя яшчэ палаткі. У мяне ж палаткі не было, камсастаўская накідка Ананьева таксама недзе прапала, мы патроху моклі, але камроты на гэта не звяртаў увагі. Я падумаў, што, напэўна, трэба ісці, ён жа мяне на світанні ўжо выпраўляў з роты, але цяпер я проста не мог наважыцца сказаць яму аб гэтым, зноў жа мне не хацелася ісці ў тыл з Грыневічам. Пасля ўсяго, што здарылася, мая непрыязь да намесніка, якая ўзгарэлася ў траншэі, калі ён застрэліў Пульку, стала амаль пастаяннай, цяпер яе не магло пахіснуць і ўсведамленне таго, што ў гэтай сутычцы з Ананьевым праўда была, напэўна, за нампалітам. Але гэта, здаецца, была тая праўда, якая не надта лепей за вінаватасць.
Я счакаў яшчэ крыху і ўстаў, каб напомніць камроты аб сваім лёсе: колькі ж можна было сядзець тут параненаму?
I тут вышыня, якая некалькі гадзін запар насцярожліва маўчала, раптам загаманіла басіста-нетаропкай буйнакалібернаю чаргой.
— Даседзеліся! — павяртаючыся да вышыні, буркнуў I камроты і вылаяўся. — Хутка з мінамётаў лупіць пачне.
Але з мінамётаў пакуль не лупілі, а кулямёт таксама замоўк, хоць, вядома, яго паяўленне на вышыні не абяцала роце дабра. Шапа, акопчык якога быў праз дзесятак крокаў у насыпе, вылез на стаптаны адхон з лапаткай.